Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Асаблівасці развіцця беларускага шкла XIV – XVII ст., дробныя гуты і буйныя мануфактуры: тэхналогіі, асартымент. Прыёмы аздаблення шкляных вырабаў, асартымент



Багацейшыя дэкаратыўныя ўласцівасці шкла здаўна вядомы на беларускай зямлі. Яшчэ да нашай эры сюды завозілі антычнае шкло. Пра пачатак мясцовай шкловытворчасці даюць уяўленне архелагічныя знаходкі ў паселішчы Абідня (Магілёўская вобласць), сярод якіх акрамя бронзавых лунніц з украпваннем чырвонай эмалі знойдзена вялікая колькасць тыгляў з застылай шкламасай таго ж саставу, а таксама формы і літнікі, якія прымяняліся ў бронзаліцейнай і шкляной справе. (У сувязі з тым, што ў эпоху бронзы не маглі атрымліваць высокіх тэмператур, шкло некалькі тысячагоддзяў існавала ў выглядзе непразрыстай палівы на кераміцы, у якасці разнастайных упрыгожванняў – “паставых” пацерак, эмалей, а таксама рознага посуду (бальзамарыяў, алабастромаў), вырабленага шляхам накручвання масы гарачага шкла на пясчана-гліністую балванку. )      Асабліва бурна развіваецца шкловытворчасць на тэрыторыі Беларусі ў перыяд росквіту Кіеўскай дзяржавы. Будаўніцтва княжацкіх палацаў і цэркваў патрабавала велізарнай колькасці дэкаратыўных і аддзелачных матэрыялаў, у ліку якіх важнае месца займае шкло.

У трох буйных цэнтрах Кіеўскай дзяржавы – Гродна, Полацку і Навагрудку – разгортваецца вытворчасць смальты, маёлікавых плітак і аконнага шкла, палацавага, культавага і аптэчнага посуду, шматлікіх упрыгожванняў з каляровага, празрыстага і глушанага шкла. У XI ст. з’яўляюцца новыя віды ювелірных вырабаў, перанятыя з Захаду і Усходу – бранзалеты і пярсцёнкі, якія таксама вырабляюцца са шкла самых розных колераў і адценняў (у Полацку былі знойдзены фрагменты посуду і бранзалетаў светла-жоўтага адцення, інтэнсіўна-зялёнага, сіняга, чорнага колераў; фрагменты посуду глушонага малочна-блакітавага шкла з карычневым і сінім роспісам, і інш. ). Іх знаходзяць у многіх сярэдневековых гарадах Беларусі: Мінску, Лагойску, Заслаў’і, Друцку, Лукомлі, Віцебску і іншых, дзе яны вырабляліся ў вялікай колькасці. У гэты ж час атрымліваюць распаўсюджванне крыштальныя граненыя ўстаўкі ў металічныя ўпрыгожванні. У другой палове XIII ст. назіраецца змяншэнне колькасці шкляных упрыгожванняў і поўнае іх знікненне да канца наступнага стагоддзя ( гэта звязана з пераменай сацыяльна-палітычных умоў, у гэты час на некаторых тэрыторыях сучаснай Беларусі яшчэ ішоў пашырэння хрысціянства).

Татарскае нашэсце (1240 г. ), якое нанесла непапраўны ўрон культуры Кіеўскай дзяржавы, прывяло да ўпадку і шкляную справу. Цэнтры яго перамяшчаюцца ў новыя рэгіёны, у прыватнасці ў беларускае Панямонне. На працягу некалькіх стагоддзяў, ратуючыся ад заваёўнікаў з Усходу і Захаду, сюды сцякаюцца рамеснікі з суседніх княстваў. У гэты час у багатых лясамі феадальных вотчынах узнікаюць невялікія шкляныя гуты. Паступова яны перарастаюць у прыгонныя мануфактуры.

Мастацкае шкларобства Беларусі ў ХVI – XVII стст. развівалася на мясцовых традыцыях гутнага распіснога шкла. Збярогчы дасягненні старажытнарускага шкларобства, беларускае шкло непарыўна развівалася ў наступныя стагоддзі.

Рамеснае шкларобства з’явілася базай на якой выраслі першыя шкляныя вотчынныя мануфактуры ў Вільні, Гродне (заснавальнік Ярош Валовіч) і Шыдлаўцы (заснавальнікі радзівілы) і ў м. Рыбанькі ( 1547 г., заснавальнік віленскі дваранін Марцін Палецкі) ў ХVI ст. у гэты час развівалася вытворчасць гутнага мастацкага шкла, якое аздаблялася гутнымі тэхнікамі дэкаравання і роспісам эмалямі або алейнымі фарбамі. Мастацкі вобраз шкла ствараўся за кошт выразнасці формы вырабаў, сярод якіх пераважалі цыліндрычныя, канічныя і эліпсападобныя. Гутнікі Беларусі ў XVII ст. унеслі ўклад у развіццё шкларобства Маскоўскай дзяржавы і паўночна-ўсходняй Украіны, што пацвярджаецца архіўнымі і друкаванымі матэрыяламі. Архіўныя крыніцы сведчаць, што ў гэты час шкляная вытворчасць мелася не толькі ў вялікіх гарадах, але і ў дробных мястэчках. Захаваліся асобныя прозвішчы шкларобаў таго часу: Мікалай Ровбов з м. Ганушышкі (1534г. ), Якубелі Сташковіч у Аршанскім замку, “Стась шклар” і Іван Буднік з Брэста (1566 г. ).

Ажыўленне будаўніцтва спрыяла развіццю шкларобства. Колькасць рамеснікаў, якія ўстаўлялі шкло ў вокны ( іх называлі “бланажамі” ці “аканішнікамі”), асабліва павялічылася ў XVI ст. са з’яўленнем на беларускіх землях стыляў рэнесанс і барока.

У XVII cт. пачалі развівацца цэнтры мастацкай апрацоўкі шкла, якое закуплялася на дробных шкляных гутах. Такім цэнтрам быў Любчанскі замак Радзівілаў, дзе з 1633 г. аздаблялі шкло гравіроўкай дыяментам, разьбой, роспісам золатам і фарбамі, а таксама арміравалі шкло чарнёным і залачоным серабром. Асабліва масавае развіццё шкляных гут наглядаецца ў гэты перыяд на Гомельшчыне і Магілёўшчыне (вотчынныя мануфактуры ў Рагачове, Беліце, Крычаве і шматлікія дробныя гуты ў інш. ), дзе к таму часу былі знойдзены запасы соды і мела, якія ў спалучэнні з багатымі лясамі, мноствам рэчак, запасаў пяску і глін стваралі спрыяльныя ўмовы для развіцця шкларобства. Уладары такіх мануфактур і гут запрашалі на працу лепшых заходнееўрапейскіх спецыялістаў; выкарыстоўвалі вопыт саксонскай, патсдамскай і англійскай школ шкларобства.

Асартымент. Шыдлавецкая мануфактура ў 1609 г. выпускала чары, кубкі, шкляную скульптуру, аконнае шкло. У Полацку і ў Любчы выраблялі шклянкі з надпісамі, шкляніцы вялікія і малыя, стопы, лабараторны і аптэчны посуд. У мануфактуры М. Палецкага – шкляніцы розных памераў, аконнае шкло. Магілёўскія гуты выраблялі люстэркі, аконнае шкло і разнастайны посуд. У Шклове выраблялі аконнае шкло. У Любчанскай шклярскай майстэрні крышталёвы посуд аздаблялі граненнем, гравіроўкай і залочаным чаканеным і чарнёным серабром.

Формы ўсяго посуду быліпадкрэслена простыя і вызначаліся самой прыродай адвольнага выдзімання шкла. Форма шкляной кроплі, якая ўзнікае пры выдзіманні, з’яўляецца зыходнай і ёю вызначаецца формаўтварэнне ў гутным шкле XVI - XVII cт.

Такім чынам, станаўленне беларускага мастацкага шкла асноўвалася на спалучэнні двух узаемапранікаючых вытокаў – гутнага народнага шкларобства ў формаўтварэнні і запазычаных у Заходняй Еўропе новых тэхнік дэкаравання, што прывяло да нараджэння зусім новых з’яў у беларускім дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, як урэцка-налібоцкае і гродзенскае шкло. Сувязь прафесійнага шклянога мастацтва мануфактур з народным гутным шклом наглядаецца ў агульнасці матываў аздоб і форм, у сродках і прыёмах мастацкай выразнасці, яскравасці і насычанасці колераў шкла, адвольным выдзіманні ўсіх элементаў посуду, наіўнай трактоўцы тэматыкі большасці біблейскіх і жанрава-бытавых гравіраваных кампазіцый, цалкам прафесійных па выкананню, улюбленасці ў пэўныя раслінна-кветкавыя кампазіцыі, паэтызацыі і лірычнасці ў трактоўцы штодзённых з’яў жыцця. Народнае гутнае шкларобства ўзбагаціла мастацкае шкло беларускіх мануфактур некалькімі самабытнымі формамі, якія бытавалі ў Беларусі ў ХVI – XVII стст. ( дубельтовымі бакаламі, шкляніцамі, квартамі, “куляўкамі”). Такім чынам можна сцвярджаць, што мануфактурнае мастацкае шкларобства развівалася на багатых традыцыях старажытнага народнага гутнага шкла.

 

Літаратура

1. Алег Сурскі

Беларускае мастацкае шкло (альбом). – Мн.: Беларусь, 1978.

2. Яніцкая М. М.

 Беларускае мастацкае шкло (XVI – XVIII стст. ) / М. М. Яніцкая. – Мн.: Навука і тэхніка, 1977.

3. Яніцкая М. М.

Вытокі шкларобства Беларусі / М. М. Яніцкая. – Мн.: Навука і тэхніка, 1980.

 

 



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.