|
|||
Занятак па азнаямленню дзяцей з навакольным светам,Занятак па азнаямленню дзяцей з навакольным светам, развіццю беларускага маўлення “Гуканне Вясны” (сярэдняя група) Выхавацель, Юхневіч В. Л.
Праграмны змест: 1. Узбагачаць мову дашкольнікаў творамі беларускага фальклёру. 2. Заахвочваць маўленне дзяцей на беларускай мове ў працэсе запамінання заклічак, беларускіх народных гульняў. 3. Выхоўваць павагу да гісторыі і культуры роднага края праз знаёмства з беларускім народным святам “Гуканне вясны”. 4. Выклікаць у дзяцей вясёлы настрой, спрыяць развіццю творчайа собы дзіцяці. Абсталяванне: малюнкі народных свят, выявы птушак на мультымедыа, цацка птушачка, кветка пралесачка, ільдзінка з паперы, сняжынка з паперы, кветкі пралесачкі
Ход занятка Выхавацель: Мае маленькіе сябры! Сёння мы з вамі сабраліся, каб пазнаць нешта новае, цікавае, разам пагуляць. З пакалення ў пакаленне, ад бацькоў да ўнукаў перадаваліся песні, гульні, казкі. На цэлы год у нашых продкаў быў каляндар, па якім чалавек ведаў, калі есці бліны з маслам, а калі каўбасы, калі распачынаць вячоркі, калі прасці кудзелю, што рабіць перад Сёмухай, а што – перад Калядамі. А ці добра вы ведаеце, што на якое свята робяць? -Вось, напрыклад, адкажыце, на якое свята гатавалі куццю? (На каляды) -А на якое свята пякуць бліны? (На Масленіцу) -А на якое свята пяклі фігуркі птушачак? (На саракі) Сёня мы з вамі пагаворым пра веснавое свята “Гуканне вясны”. Пасля доўгай і халоднай зімы людзі з нецярплівасцю чакалі вясну, імкнуліся паскорыць яе прыход рознымі спосабамі: прызыўнымі песнямі, карагодамі, гульнямі. Меркавалася, што радасна сустрэтая, ветліва прынятая народам вясна ў падзяку прынясе свае дарункі – багаты ўраджай, прыплод скаціне, поспех у гаспадарчых справах. Таму, гукалі вясну, пакуль земляробы не выходзілі ў поле падрыхтоўваць зямлю да вясенніх пасеваў. -Як называецца гэта свята? Адкажыце мне калі ласка! (Гучыць музыка (спеў птушак), прылятае птушачка, шчабеча) Выхавацель: - Што, што здарылася? Раскажы! Птушачка: – Зіма вясну не пускае. А так хочацца каб хутчэй выглянула цёплае ласкавае сонейка. Вось у мяне пісьмо ад яе: Зіма вам надакучыла? Хочаце вясны? Уступлю я месца ёй, Калі пазмагаецеся са мной. Вам неабходна выканаць мае заданні, адшукаць кветкі пралескі. Тады я адпушчу Вясну.
Выхавацель: Ну што ж, трэба адпраўляцца ў дарогу каб адшукаць пралескі. (Дзеці ідуць адзін за адным пад музыку) Выхавацель: Вось і першая палянка, а на ёй расце пралеска, але каб яна распусцілася неабходна назваць веснавыя прыкметы. (Дзеці становяцца ў круг, выхавацель дае дзіцяці кветку, той называе прыкмету) - Вясной цёплае сонейка. - Прылятаюць птушкі з цёплых краін. - Дзянёчкі становяцца даўжэйшымі. - Распускаюцца зялёныя лісточкі. - З’яўляюцца першыя кветачкі. - Птушкі весялей спяваюць. - Прырода прачынаецца ад зімовага сну. - Людзі ў поле пачынаюць працаваць. - Снег тае, бягуць вясёлыя ручайкі. Выхавацель: Малайцы! Выканалі першае заданне. Ну што ж, адпраўляемся далей. (Дзеці ідуць адзін за адным пад музыку) Выхавацель: Вось і наступная палянка. Але тут яшчэ ёсць ільдінка з загадкамі. Калі адгадаеце загадкі, ільдзінка растае: З выраю першы вяртаецца. З песняй да свету звяртаецца. Поля і неба сябрук, Гэта, вядома … (Жаўрук). Ледзь вясна яшчэ наступае- Ён канцэрты пачынае. Гучна льецца песня-свіст… Як завецца той артыст? (Шпак). Даўганосы, даўганогі Прыляцеў з далёкай дарогі. (Бусел). З кветкамі заўжды прыходзіць- Радасць, песні нам прыносіць. Па лугах ідзе, лясамі… Хто яна? Пазнайце самі? (Вясна). Яно па небе плавае, Іскрыстае, рухавае. Жыццё дае палеткам, І збажыне, і кветкам. (Сонца). Будзіць жаўранак ад сну Поле, пералескі. Сустракаць бягуць вясну Сінія … (Пралескі). Выхавацель: Малайцы! Выканалі другое заданне. Ну што ж, адпраўляемся далей. (Дзеці ідуць адзін за адным пад музыку) Выхавацель: Вось і наступная палянка. А на ёй сняжынка. Трэба растапіць яе з дапамогай прыказак і прымавак. -Ранняя вясна—многа вады. -У красавіку дождж прыходзіць, сонца грэе. -Вясной грак прыляцеў—праз месяц снег сыдзе. -Красавік з вадою, май з травою. -Ластаўка прыляцела—сонца зямлю прыгрэла. -Была б красавіцкая вадзіца—а зялёная траўка нарадзіцца. (Дзеці адказваюць і пераварочваюць пялёсткі—атрымліваецца пралеска). (Дзеці чытаюць вершы) На сонечным узлеску Апошні снег растаў. Вясёлыя пралескі Зірнулі з-пад куста. Празрыста ззяюць вочы, Нібы блакіт нябёс. Халоднай весняй ноччу Іх не кране мароз. Пралескі на пагорку Пад леташняй травой Зіхочуць быццам зоркі Агністай сінявой. Выхавацель: - Малайцы! Мы знайшлі тры пралесачкі, выканалі ўсе заданні зімы. Ты ляці, птушачка, раскажы зіме, што мы ўсе заданні выканалі, няхай яна ўступае Вясне дарогу. Птушачка: - Вялікае дзякуй вам, дзеткі, за дапамогу. Я абвяшчу ўвесь лес аб надыходзе вясны. Дапабачэння! Выхавацель.: — А каб Вясна хутчэй да нас прыйшла, мы з вамі падзьмём на хмарку: выгляне цёплае сонейка і нас ўсіх абагрэе. (Дзмуць на хмарку). Дз.: — Сонейка напрыпячак скацілася, І зямліца ўсміхнулася. --Вазьмі, сонейка, у Бога дазволу І спусцісь да долу. Усе: Мы табе спяваем, мы цябе ўсхваляем, Прыходзь, вясна, мы цябе чакаем! Выхавацель: - Хутчэй, народ, станавіся ў карагод! З зімой развітаемся, з вясной прывітаемся. Карагод. Прыйдзі, прыйдзі, вясна, гу! Прыйдзі, прыйдзі, красна, гу! Прынясі нам красак Кветачкі пакрасіць, гу! Будзем вяночкі звіваць, Табе песні спяваць, гу! (Заходзіць Вясна, вітаецца. ) Дз.: -- Гэй, вясна, ды гэй, красна! Што ты нам прынясла? Вясна: - Я прынясла лета ціхае, кветачкі прыгожыя, Цёплую вадзіцу і з зямліцы травіцу. А яшчэ гульню для вас, але вы павінны назваць птушак, якія прылятаюць вясной, якія прыносяць першую вестку аб надыходзе вясны. (Гракі, шпакі, гусі, жаўрукі, ластаўкі, жураўлі). Бел. нар. гульня “Журавель”. Сякі-такі Журавель, Не еш маіх канапель. Бо я табе, Жураўлю, Задам дыхту, як злаўлю! (Дзеці трымаюць у руках вяроўку(“сілкі”), ходзяць па кругу і спяваюць. Журавель лётае пад вяроўкай. На апошніх словах дзеці апускаюць “сілкі”). Вясна: -За тое, што вы такія разумныя і спрытныя, я вам прынесла першыя пралескі. Выхавацель: -Давайце падзякуем Вясне. Дзеці: па чарзе: -Дзякуй, вясна, дзякуй, красна! За ясныя дзянёчкі, частыя дажджочкі, Зялёныя травы, кветачкі, лісточкі нам на вяночкі. Вясна наша вясёлая, гу! Развесяліла ўсю зямлю, гу! Вясна: -Мне ўжо пара з вамі развітвацца. Не ведайце стомы На працы і дома. Нясіце бадзёры настрой! Каб дзеці смяяліся, Каб ўсе мы ядналіся, На радасць, на шчасце, Дабро і любоў! Да пабачэння! Выхавацель: - Падыдзіце да мяне. Адкажыце: -Пра што вы даведаліся сёння? -Каму мы дапамаглі? -Які ў вас застаўся настрой? А давайце, каб у нашых гасцей застаўся добры настрой, мы падарым ім пралесачкі. І развітаемся: да пабачэння!
|
|||
|