Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





МОВА І МАЎЛЕННЕ. ПРАВІЛЬНАСЦЬ МАЎЛЕННЯ І МОЎНЫЯ НОРМЫ. ПРАФЕСІЙНА АРЫЕНТАВАНАЕ МАЎЛЕННЕ.



МОВА І МАЎЛЕННЕ. ПРАВІЛЬНАСЦЬ МАЎЛЕННЯ І МОЎНЫЯ НОРМЫ. ПРАФЕСІЙНА АРЫЕНТАВАНАЕ МАЎЛЕННЕ.

ПЛАН:

1. Мова і маўленне.

2. Правільнасць маўлення.

. 3Дакладнасць маўлення.

4. Лагічнасць маўлення

5. Дарэчнасць маўлення

6. Чысціня маўлення

7. Багацце і выразнасць маўлення

8. Маўленчыя памылкі

 

1. Мова і маўленне.

 

Культура нашага маўлення грунтуецца на веданні сістэмы мовы: марфалогіі, сінтаксісу, словаўтварэння, фанетыкі і інш. Мы выкарыстоўваем моўныя сродкі адпаведна ўмовам зносін і ўзроставым асаблівасцям, тэме і стылю, задачам і зместу. Толькі грунтоўна ведаючы мову можна адрозніць факты літаратурнай і дыялектнай, унармаванай і стылістычна зніжанай формы.

Тэрміны “мова” і “маўленне” звычайна выкарыстоўваюцца як вельмі блізкія, хаця паміж імі існуе пэўнае адрозненне: мова — гэта цэласная сістэма гукаў, марфем, слоў, словазлучэнняў і сказаў, якія абазначаюць рэчаіснасць; маўленне — гэта працэс моўных зносін паміж людзьмі, перадача думак з дапамогай моўных сродкаў, г. зн. праз мову. Мова — з’ява сацыяльная, калектыўная, а маўленне можа быць індывідуальным, асабістым, яно забяспечвае моўны працэс.

Наша жыццё ідзе наперад, змяняючыся даволі хутка і дынамічна. Усе штодзённыя змены адлюстроўваюцца, фіксуюцца, тлумачацца, набываюць назвы ў мове. Але мова мае свае ўнутраныя законы, патрабаванні, якім павінна падпарадкоўвацца. Вядома, што ў адрозненне ад дыялектнай мовы, літаратурная з’яўляецца ўнармаванай, стабільнай, апрацаванай.

Асноўнымі кампанентамі культуры маўлення лічацца камунікатыўныя якасці: правільнасць, дакладнасць, лагічнасць, дарэчнасць, чысціня (чыстата), выразнасць, багацце (разнастайнасць).

2. Правільнасць маўлення.

Цэнтральная камунікатыўная якасць маўлення — гэта правільнасць. Яна патрабуе падпарадкавання адзінак мовы правілам або нормам. Правільным або беспамылковым лічыцца маўленне, якое не дапускае парушэння абавязковых норм літаратурнай мовы: арфаэпічных, арфаграфічных, акцэнталагічных, пунктуацыйных, лексічных, словаўтваральных, марфалагічных, сінтаксічных, стылістычных, фразеалагічных.

Арфаэпічныя нормы — гэта правільнасць вымаўлення гукаў, спалучэнняў, а таксама правільнасць інтанацыі. Дадзеныя нормы рэгулююць вымаўленне як асобных гукаў, так і спалучэнняў у межах слоў. Напрыклад, беларусам уласцівы такі цвёрды гук, як ч ( у рускай мове вымаўляецца мякка): чорны, інфрачырвоны, чарназём. Гук р у беларускай мове толькі цвёрды: рэквізіт, рэклама, рамонт, рыбны (у рускай мове вымаўляецца і цвёрда, і мякка).

У нацыянальнай літаратурнай мове напісанне можа супадаць з вымаўленнем або не супадаць. Напрыклад: снег, цяжкі, зарад. Для некаторых формаў існуюць варыянты: калодзеж і калодзезь, канешне і канечне. У складанай сітуацыі двухмоўя (білінгвізму) нярэдка парушаюцца арфаэпічныя нормы: беларусам характэрна вымаўленне зацвярдзелых зычных, своеасаблівае вымаўленне гука г, асімілятыўная або суседняя мяккасць і інш. Такія фанетычныя рысы вельмі ўстойлівыя і могуць захоўвацца ўсё жыццё.

Арфаграфічныя нормы — гэта правільнасць перадачы гукаў і іх спалучэнняў на пісьме. Нормы арфаграфіі ўключаюць правапіс галосных (прыстаўных галосных, і, ы пасля прыставак, аканне, яканне і інш. ), зычных (д — дз’, т — ц’, й і ў, глухіх і звонкіх, свісцячых і шыпячых і інш. ), апострафа і мяккага знака, правілы пераносу слоў, напісання разам, асобна і праз дэфіс і г. д. Напрыклад: маса (бел. ) — масса (рус. ), энергія (бел. ) — энергия (рус. ), каэфіцыент (бел. ) — коэффициент (рус. ), медзь (бел. ) — медь (рус. ).

Акцэнталагічныя нормы — правільнасць пастаноўкі націску ў словах. Пры дапамозе націску адрозніваюцца розныя словы і іх формы ў мове: пры́ клад — прыкла́ д, рассы́ паць — рассыпа́ ць, ва́ раны — вараны́ .

Няправільная пастаноўка націску сведчыць пра нізкую культуру маўлення асобы: правільна вымаўляць кіламе́ тр, дакуме́ нт, чатырна́ ццаць, дагаво́ р, а няправільна — кіло́ метр, даку́ мент, чаты́ рнаццаць, до́ гавар. Асобнае месца адводзіцца лагічнаму націску, які інтанацыйна выдзяляе важнае слова ці спалучэнне з мэтай сканцэнтраваць на ім увагу.

Пунктуацыйныя нормы — гэта правільная пастаноўка знакаў прыпынку на пісьме. Ва ўсіх славянскіх мовах правілы сучаснай пунктуацыі аднолькавыя, яны даюць магчымасць раздзяліць пісьмовае маўленне на асобныя сэнсава-граматычныя часткі для іх правільнага ўспрыняцця.

Лексічныя нормы рэгулююць адэкватны выбар слоў у канкрэтнай моўнай сітуацыі. Яны замацаваны ў тлумачальных слоўніках, падручніках і даведніках. Для правільнага выкарыстання лексічных адзінак неабходна ведаць іх значэнне, улічваць мнагазначнасць, сінанімічнасць. Напрыклад: вільгаць ці вільготнасць, напружанне ці напружанасць, сяліба ці сядзіба.

Словаўтваральныя нормы — гэта правільнасць утварэння слоў асноўнымі спосабамі, правільнасць падзелу слоў на значымыя часткі. Уменне правільна падзяліць слова на састаўныя часткі дапамагае пазбегнуць памылак, звязаных з напісаннем, выкарыстаннем, разуменнем значэння. Напрыклад:  тэрміновы — датэрміновы, поле — палявы, запісаць — запіс, рабочы чалавек — рабочы.

Марфалагічныя нормы — правільнасць формаўтварэння і словазмянення самастойных часцін мовы: назоўнікаў, прыметнікаў, дзеясловаў, лічэбнікаў, прыслоўяў, займеннікаў. Напрыклад, неабходна адрозніваць род назоўнікаў у беларускай і рускай мовах: насып (бел. ) — насыпь (рус. ), няправільны дроб (бел. ) — неправильная дробь (рус. ), пыл (бел. ) — пыль (рус. ), подпіс (бел. ) — подпись (рус. ). Марфалагічныя нормы з’яўляюцца даволі стабільнымі, але могуць парушацца людзьмі з нізкай моўнай культурай, а таксама пад уплывам дыялектнай або рускай мовы.

Сінтаксічныя нормы — правільнасць будовы словазлучэнняў і сказаў. Сінтаксічныя нормы рэгулююць правільнае спалучэнне моўных адзінак у словазлучэннях ці сказах. Напрыклад, у словазлучэннях выяўляюцца нацыянальныя спецыфічныя рысы: прабачце мне (бел. ) — извините меня (рус. ), больш за дзесяць гадоў (бел. ) — более десяти лет (рус. ), будынак на пяць паверхаў (бел. ) — здание в пять этажей (рус. ).

Стылістычныя нормы — гэта правілы ўжывання моўных сродкаў адпаведна стылю. Выконваць стылістычныя нормы — гэта значыць умець правільна ўжываць сродкі з эмацыянальна-экспрэсіўнай і функцыянальна-стылістычнай афарбоўкай, умець адбіраць моўныя адзінкі адпаведна зместу, стылю, жанру. Напрыклад, толькі афіцыйна-справавому стылю ўласціва вялікая колькасць канцылярызмаў: прыцягнуць да адказнасці, узяць на кантроль, давесці да ведама, якія не павінны актыўна выкарыстоўвацца іншымі стылямі, асабліва вуснымі.

Фразеалагічныя нормы — гэта правільнасць ужывання такіх устойлівых адзінак, як фразеалагізмы. Гэта адпаведнасць выбару фразеалагізмаў, веданне іх значэння. Нормы знаходзяць праяўленне пераважна ў мастацкім і гутарковым стылях. Напрыклад, частотнымі з’яўляюцца такія фразеалагізмы, як балючае месца, тут як тут, душа ў душу, на свае вочы і інш.

Правільнасць маўлення — асноўная рыса пісьмовай мовы, якая ўласціва найперш такім стылям, як навуковы, афіцыйна-справавы і публіцыстычны. Парушэнне нормаў правільнасці недапушчальна ў гэтых стылях, таму што мова навукі, справаводства, сродкаў масавай інфармацыі — узорная мова, якая не дапускае недакладнасці, бязграматнасці, некампетэнтнасці, недасведчанасці.

. 3Дакладнасць маўлення

Дакладнасць маўлення — гэта адна з асноўных камунікатыўных якасцей, якая патрабуе сэнсавай адпаведнасці слоў, паняццяў знешнім сітуацыям, рэаліям. Дакладнасць — гэта выкарыстанне адзінак мовы ў тых значэннях, якія замацаваны моўнай практыкай грамадства, напрыклад, у слоўніках, граматыках.

Дадзеная камунікатыўная якасць цесна пераплятаецца з правільнасцю маўлення, асабліва з такімі яе нормамі, як лексічныя і сінтаксічныя. Маўленне любога стылю лічыцца дакладным, калі яго адзінкі (словы, паняцці, тэрміны, фразеалагізмы) ужыты з уласцівым ім значэннем. Тэкст павінен быць выкладзены такім чынам, каб чытач або слухач успрыняў правільную, канкрэтную, нескажоную інфармацыю, таму што недакладнае выкарыстанне аднаго з паняццяў цягне за сабой няправільнае ўспрыняцце ўсяго выказвання.

Дакладнасць маўлення як камунікатыўная якасць у першую чаргу ўласціва навуковаму і афіцыйна-справавому стылям, таму што тут пераважаюць адназначныя словы і выразы, устойлівыя звароты, стандартныя сродкі. Такія кніжныя стылі, як навуковы і афіцыйна-справавы, не дапускаюць парушэння стандартнай структуры ва ўжыванні сінтаксічных канструкцый, азначэнняў, правілаў і т. п. Напрыклад, асцярожнасць трэба праяўляць, ужываючы мнагазначныя паняцці тыпу гліняны і гліністы, балотны і балоцісты, дзелавы і дзелавіты, канструктыўны і канструкцыйны. Дакладнасць патрабуе рэзка размяжоўваць сінанімічныя паняцці, сачыць за іх спалучэннем з іншымі часцінамі мовы: якасці ці ўласцівасці, рухомасць ці рух, выкарыстоўваць ці прымяняць.

Дакладнасць навуковага (навукова-тэхнічнага, навукова-інфармацыйнага) тэксту дасягаецца не толькі за кошт канкрэтнага словаўжывання, але і за кошт такіх рыс, як дакладнасць разлікаў (у матэматыцы, фізіцы), формул, параметраў, навуковых фактаў і г. д. Парушаючы дакладнасць, нельга беспамылкова выканаць чарцёж, рашыць ураўненне, перадаць гістарычныя ці філасофскія факты. Дакладнасць маўлення — одно з цэнтральных паняццяў навуковага маўлення, якому ўласціва строгасць і лексічная дасканаласць.

Нельга абыходзіцца без дакладнасці і ў публіцыстычным стылі, таму што тут у цэнтры ўвагі знаходзяцца факты, навіны паўсядзённага жыцця, паведамленні, адкрыцці, здарэнні, а скажэнне падобнай інфармацыі вядзе да змянення дадзеных, недаверу грамадскасці да тых ці іншых сродкаў масавай камунікацыі.

Дакладнасць можна выявіць і ў мастацкім стылі. Хаця тут і пераважае аўтарскі вымысел, але ў аснову мноства мастацкіх твораў пакладзены дакладныя гістарычныя факты, літаратурнымі героямі могуць быць канкрэтныя гістарычныя асобы.

У гутарковым стылі такая камунікатыўная якасць, як дакладнасць, таксама не перашкаджае, а наадварот уносіць у гутарку канкрэтнасць, канструктыўнасць, сцісласць. Для перадачы паўсядзённых навін, пачуццяў, звестак лепш карыстацца дасканалай і лаканічнай мовай.

Дакладнасць тэксту ў любым стылі заключаецца ў тым, каб моўны матэрыял быў выказаны і правільна, і канкрэтна, і лаканічна. Парушаючы дакладнасць, мы можам парушыць і іншыя камунікатыўныя якасці.

4. Лагічнасць маўлення

Лагічнасць маўлення — камунікатыўная якасць, якая ўстанаўлівае паслядоўныя, несупярэчлівыя сэнсавыя сувязі паміж часткамі тэксту. Выказванне будзе лагічным у тым выпадку, калі ў ім існуе цесная сувязь асобных кампанентаў: слоў, сказаў, абзацаў. Лагічнае маўленне падпарадкуецца законам логікі, г. зн. законам мыслення грамадства.

Лагічныя сувязі кантэксту наладжваюцца ў галіне сінтаксісу, у сінтаксічных канструкцыях, дзе значнае месца адводзіцца складаным злучнікам: таму, што; для таго, каб; калі, то і інш. Адно недакладна ўжытае слова можа парушыць цэласнасць сінтаксічнай або лексічнай сістэмы. Уявім сабе мазаічны малюнак, складзены з мноства асобных частачак. Кожны элемент з’яўляецца часткай ад цэлага, таму каб атрымаць цэласную карцінку, мы павінны кожны асобны кавалачак паставіць на сваё месца. Падобна да таго, як мы ўзнаўляем гэтую мазаіку, так будуем і сваё выказванне, падбіраючы і ставячы на адпаведныя месцы словы, спалучэнні, сказы, часткі.

Лагічнасць як камунікатыўная якасць маўлення ўласціва ў пэўнай ступені ўсім стылям. Яна прымяняецца ў выказваннях, выступленнях, прамовах, артыкулах, падпарадкоўваючыся агульнапрынятаму плану: уступ (уводзіны), асноўная (кульмінацыйная) частка, падагульненне (заключэнне, вывад). Паміж асобнымі часткамі такой устойлівай кампазіцыі існуе найцяснейшая сувязь. Такая схема абавязковая для навуковага тэксту, дзе не могуць парушацца ўзаемасувязі ў ланцужку навуковага доказу, тлумачэння, разважання. Новы матэрыял навуковага стылю абавязкова абапіраецца на ўжо вядомы, вывучаны, засвоены. Па законах логікі размяшчаюцца асобныя раздзелы, параграфы, тэмы і іншыя структурныя адзінкі ў падручніках.

Лагічнасць — абавязковая якасць афіцыйна-справавога стылю. Напрыклад, дакументы, заканадаўчыя тэксты прытрымліваюцца паслядоўнасці ў выкладзе матэрыялу. Асобныя рэквізіты ў фармуляры дакумента размяшчаюцца ў строгім парадку.

Публіцыстычны стыль аб’ядноўвае асобныя навіны ў цэласныя блокі, тэмы, напрамкі. Дзякуючы такой паслядоўнасці можна лёгка выбраць неабходны матэрыял у СМІ: паведамленні паўсядзённага жыцця, палітычныя звесткі, культурныя навіны і т. п.

Мастацкі стыль вельмі своеасаблівы ў разгортванні падзей, раскрыцці зместу, але і тут можна прасачыць пэўную паслядоўнасць: аўтар можа разбіваць тэкст на часткі, аб’ядноўваць у зборы твораў, тамы, трылогіі і г. д. Выклад аўтарскага бачання ў мастацкім творы, фільме, песні падпарадкаваны яго задуме, ідэі, мэце.

Незакончаныя фразы, недаказаная да лагічнага завяршэння думка, адсутнасць паслядоўнасці ў вусным выказванні — гэта толькі некаторыя недахопы гутарковай мовы. Зразумела, што ў вусным маўленні даволі проста паправіць сказанае, дапоўніць, змяніць, але такое маўленне ўжо нельга назваць лагічным.

Лагічнасць маўлення — гэта ўменне паслядоўна выражаць думкі пры дапамозе сродкаў мовы. Гэтая камунікатыўная якасць дасягаецца праз дакладнае ўжыванне слоў, правільны парадак моўных адзінак, умелы выбар дасканалай сінтаксічнай канструкцыі.

5. Дарэчнасць маўлення

Маўленне з’яўляецца дарэчным, калі яго моўныя сродкі адпавядаюць тэме паведамлення, зместу, мэтам і ўмовам зносін, а таксама з’яўляюцца даступнымі для аўдыторыі. Дарэчнасць маўлення абавязкова павінна пераплятацца з лагічнасцю і дакладнасцю, таму што яе сутнасць заключаецца ў падборы сродкаў у залежнасці ад тэмы гутаркі, стылю, часу, кантэксту, сітуацыі, узроўню падрыхтаванасці слухачоў ці чытачоў. Дарэчная інфармацыя будзе адпавядаць узросту, інтэлектуальнаму ўзроўню, прафесіі, нават настрою.

Кантэкстуальная дарэчнасць забяспечвае сэнсавае адзінства слоў і словазлучэнняў у кантэксце, не дапускае нематываванае змешванне адзінак. Не змешваюцца ў адным кантэксце словы з жывой, народнай мовы і тэрміналагічная лексіка.

Стылявая дарэчнасць размяжоўвае адзінкі розных функцыянальных стыляў. Напрыклад, нельга ўжываць эмацыянальна-экспрэсіўную лексіку ў навуковым або афіцыйна-справавым стылі. І наадварот, нельга беспадстаўна выкарыстаць канцылярызмы ў мастацкім ці гутарковым стылі.

Сітуацыйная дарэчнасць прадугледжвае выбар моўных элементаў адпаведна канкрэтнай сітуацыі маўлення. У дадзеным выпадку неабходна кіравацца створанымі абставінамі, напрыклад, нечаканым далучэннем новага субяседніка, апанента.

Асабіста-псіхалагічная дарэчнасць папярэджвае ад неасцярожнага выказвання, так як недарэчнае слова можа раніць чалавека. Неабходна прадумваць асаблівасці размовы з тым ці іншым субяседнікам, таму што адны і тыя ж словы або звесткі могуць успрымацца людзьмі абсалютна па-рознаму.

Навуковаму і афіцыйна-справавому тэкстам найбольш характэрны кантэкстуальная і стылявая дарэчнасць, якія гарантуюць адзінства стылю. Абодва стылі вылучаюцца спецыфічнымі моўнымі сродкамі, характэрнымі толькі для іх.

У публіцыстычным стылі недарэчнымі могуць з’яўляцца прастамоўныя словы з аднаго боку, і захапленне спецыяльнай тэрміналогіяй — з другога.

Мастацкі тэкст пераважна кіруецца сітуацыйнай дарэчнасцю, паколькі падбор моўнага матэрыялу павінен дакладна перадаць аўтарскі настрой, стварыць неабходную сітуацыю, закрануць душу таго, хто будзе ўспрымаць мастацкі твор.

У гутарковым стылі неабходна ўлічваць асабіста-псіхалагічныя рысы, настрой субяседніка, яго характар, узрост, тэмперамент. У сяброўскую размову недарэчна ўключаць кніжныя, канцылярскія выразы.

Вельмі часта трапнае і неабходнае ў адным стылі можа стаць памылковым і недарэчным у другім, таму адно з важнейшых патрабаванняў стылістыкі — трымацца адзінства стылю.

6. Чысціня маўлення

Чысціня маўлення — гэта непрымальнасць адзінак мовы, якія супярэчаць нормам правільнасці. Чысціня (чыстата) маўлення забяспечваецца адсутнасцю ў ім нелітаратурных сродкаў:

● дыялектызмаў або мясцовых слоў (голка, спарыш, бярэць, гавора);

● прастамоўных слоў і выразаў (скапыціцца, балбатаць, апруцянець, угу, тудою);

● таўталогіі або слоў-паразітаў (ну, гэта самае, карацей, так сказаць);

● жаргоннай лексікі (прыкід, крута, здаць хвасты);

● канцылярызмаў і ўстойлівых выразаў (вялікае значэнне, мець на ўвазе, прыняць рашэнне);

● індывідуальна-аўтарскіх запазычанняў ці наватвораў (чао, о-кей, капут, задзіночанне);

● русізмаў (дзярэўня, цірэ, вучыцель) і інш.

 Навуковы і афіцыйна-справавы стылі не дапускаюць ужывання нелітаратурных сродкаў, акрамя тых выпадкаў, калі такія лексічныя адзінкі становяцца прадметам моўнага даследавання. Але моўныя штампы або канцылярызмы складаюць значную частку мовы дакументаў, напрыклад: індывідуальны графік, у асобе, на падставе. Часткова ёсць устойлівыя звароты і ў навуковым стылі: разам з тым, у тым ліку, у сувязі з тым. У кніжных стылях назіраюцца паўторы тэрміналагічных паняццяў, таму што большасць тэрмінаў не маюць сінонімаў.

Публіцыстычныя тэксты могуць уключаць асобныя элементы дыялектнай лексікі, напрыклад, рэпартаж з сельскай мясцовасці. Мова журналіста павінна быць непаўторнай, яркай і кожны раз прыцягваць увагу людзей.   

Мастацкі і гутарковы стылі ў цяперашні час наадварот характарызуюцца актыўным выкарыстаннем жаргоннай лексікі, дыялектных адзінак. У жывым маўленні патрэбна пазбаўляцца ад моўных штампаў, жарганізмаў, грубых і непрыстойных слоў. Чыстае маўленне сведчыць пра чысціню душы чалавека і чысціню яго думак.

7. Багацце і выразнасць маўлення

Багацце (разнастайнасць) маўлення — камунікатыўная якасць маўлення, якая выражае максімальнае насычэнне тэксту разнастайнымі моўнымі сродкамі без іх нематываванага паўтарэння. Выкарыстанне актыўнага слоўнікавага запасу ў вусным і пісьмовым маўленні сведчыць пра высокі інтэлектуальны ўзровень асобы, яе дастатковы моўны патэнцыял і багацце думак.

Багаццем маўлення, безумоўна, валодае мастацкі стыль мовы, якому ўласціва і лексічнае, і сінтаксічнае, і інтанацыйнае багацце. Тут умела спалучаюцца рознабаковыя вобразныя сродкі мовы, непрымальнымі з’яўляюцца паўторы. Па разнастайнасці і насычанасці да мастацкага набліжаюцца публіцыстычны і гутарковы стылі. Навуковы вядомы як аднастайны лексічна, сінтаксічна і інтанацыйна, хоць у параўнанні з афіцыйна-справавым ён і імкнецца да разнастайнасці.

Стыль дакументаў, справаводства, заканадаўчых і юрыдычных тэкстаў — устойлівы, лаканічны, з абмежаваным наборам лексічных сродкаў. Выкарыстанне моўных штампаў вядзе да поўнай стандартызацыі дакументаў, да ўжывання трафарэтных выразаў і аднатыпных сінтаксічных канструкцый.

Выразнасць маўлення — камунікатыўная якасць, якая выклікае цікавасць, увагу, інтарэс, прыцягвае чытача ці слухача сваімі ўласцівасцямі, вербальнымі і невербальнымі элементамі. У выразным кантэксце ўдала размеркаваны структурныя часткі, прадуманы сінтаксічныя канструкцыі, падабрана інтанацыйнае афармленне.

Выразнасць павінна праяўляцца не толькі ў мастацкім ці публіцыстычным стылях, але і ў іншых стылях, паколькі гэтая камунікатыўная якасць сінанімічная такім паняццям, як даступнасць, яснасць, зразумеласць, успрымальнасць. Выразнасць забяспечваецца выбарам моўных сродкаў, інтанацыйнай арганізаванасцю вуснага ці пісьмовага матэрыялу.

Навуковы і афіцыйна-справавы стылі не патрабуюць эмацыянальна-экспрэсіўнай афарбоўкі, таму выразнасць іх маўлення ствараецца за кошт дакладнага слова- і тэрмінаўжывання, правільнай будовы сказаў, адпаведнай структуры тэксту. У гутарковым, мастацкім і публіцыстычным значную выразнасць надаюць вобразныя сродкі мовы (эпітэты, параўнанні, метафары), а таксама дапаможныя элементы (міміка, жэсты, інтанацыя).

Ступень выразнасці маўлення залежыць ад індывідуальнасці асобы, яго моўнага патэнцыялу, інтэлектуальнага багацця, зацікаўленасці самой тэмай.

8. Маўленчыя памылкі

У вусным ці пісьмовым маўленні мы часта дапускаем памылкі. Чаму гэта здараецца? Беларускія моваведы вылучаюць некалькі асноўных прычын:

● няведанне або слабое засваенне нормаў правільнасці маўлення;

● уплыў дыялектнай мовы на літаратурную;

● уплыў рускай (суседняй, блізкай) мовы на беларускую;

● уздзеянне арфаэпічных нормаў на арфаграфічныя і інш.  

Сапраўды, калі мы дасканала і цвёрда не ведаем правілы той або іншай мовы, то не адрозніваем моўныя факты: род і лік назоўнікаў у беларускай і рускай мовах, вымаўленне гукаў і спалучэнняў, спецыфіку будовы словазлучэнняў і г. д. Дыялектная форма нацыянальнай мовы ўплывае на літаратурную, асабліва на яе вусны варыянт. У сучасных умовах білінгвізму (двухмоўя) складана пазбегнуць і ўздзеяння рускай мовы, дзякуючы гістарычнай блізкасці і падабенству гэтых усходнеславянскіх моў. Адна з прычын памылак — уплыў арфаэпіі на арфаграфію і наадварот. Часам вымаўляюць словы так, як пішуць: вітаешся замест вітае[`с’а], насенне замест насе[`н’э]. Або на пісьме з’яўляюцца памылкі пад уплывам вымаўлення: дзьве, сямнаццаць. Асабістымі прычынамі бязграматнасці могуць быць і няўважлівасць, і абыякавасць, і недастатковы моўны стаж.

Маўленне падзяляецца на наступныя тыпы: гаварэнне, пісьмо, чытанне і ўспрыняцце (разуменне, слуханне). Вуснае маўленне — гаварэнне — найчасцей насычаецца памылкамі, меней кантралюецца асобай. Але і на пісьме, і нават пры чытанні гатовага матэрыялу лёгка дапусціць памылкі, калі не сачыць за якасцю ўласнай мовы, не падвяргаць сваё асабістае маўленне жорсткай крытыцы.

Адрасуючы маўленне слухачам або чытачам, неабходна дэталёва прадумаць наступнае: ці будзе цікавым ваш выклад, наколькі неабходны ён аўдыторыі, ці адпавядае ён узроўню падрыхтаванасці суразмоўцаў, іх настрою і т. п. Будаваць маўленне патрэбна для канкрэтнага кантынгенту слухачоў, лексічны склад павінен уключаць знаёмыя словы і тэрміны. Як пры выкладзе звестак, так і пры іх успрыняцці важна ўяўляць структуру тэксту: уступную, асноўную і падагульняльную часткі.

Пісьмо як тып маўленчай дзейнасці набліжаецца да гаварэння, таму што інфармацыя выдаецца праз слова ў адным і ў другім выпадку. Адрозненне заключаецца ў канчатковым моўным афармленні: вусная мова пераважна больш простая, а пісьмовая ўскладнена рознымі элементамі. Пры выкладзе думак на пісьме ў нас ёсць час для абдумвання кожнага слова, тэрміна, словазлучэння, знака прыпынку, сказа.   

Чытанне як тып маўленчай дзейнасці падобна да слухання: завучыць тэкст на памяць лягчэй, чытаючы яго ўслых, так як матэрыял успрымаецца і зрокава, і на слых. Выкарыстоўваць можна па-свойму разнастайныя віды чытання: хуткае, беглае, выбарачнае, запаволенае, удумлівае і інш. Выбар аднаго з відаў залежыць ад неабходнасці інфармацыі чытачу, яе цікавасці, важнасці, а таксама і іншых прычын, напрыклад, вольнага часу, ступені авалодання зместам. Чытанне — крапатлівы працэс над зместам: абдумванне, запамінанне, параўноўванне, абагульненне і г. д. Чытанне — гэта працэс пазнання новых звестак, лексічных адзінак.

Маўленне чалавека — рухомая і аб’ёмная з’ява, якая звязана не толькі з уменнем правільна і прыгожа гаварыць, але і з агульнай культурай асобы, яе паводзінамі, здольнасцю карыстацца багатымі маўленчымі сродкамі ў розных напрамках грамадскай дзейнасці.

 



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.