Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Выданні твораў Максіма Багдановіча



 

М аксім Багдановіч - класік беларускай літаратуры, адзін са стваральнікаў беларускай літаратуры і літаратурнай мовы новага часу, паэт, празаік, публіцыст, літаратуразнавец, перакладчык.

Нарадзіўся 9 снежня 1891 г. (паводле новага стылю) у Мінску ў сям'і настаўнікаў. Бацька - Адам Ягоравіч Багдановіч(1862-1940) паходзіў з сям'і беззямельнага селяніна, былога прыгоннага. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю, працаваў выкладчыкам і кіраўніком гарадскога пачатковага вучылішча ў Мінску, ацэншчыкам і землеўпарадчыкам у Сялянскім зямельным банку ў Гродне, Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі. Вядомы як вучоны-фалькларыст, этнограф, гісторык. Быў блізкім сябрам славутага рускага пісьменніка Максіма Горкага. Маці - Марыя Апанасаўна Мякота (1869-1896) - скончыла настаўніцкія курсы ў Пецярбургу, займалася педагагічнай практыкай. У шлюбе Адама Ягоравіча з Марыяй Апанасаўнай было чацвёра дзяцей (сыны Вадзім, Максім, Леў, дачка Ніна).

У 1892 г., амаль адразу пасля нараджэння Максіма, сям'я пераехала ў Гродна, а ў 1896 г., пасля смерці ад туберкулёзу Марыі Апанасаўны, Багдановічы змянілі месца жыхарства на Ніжні Ноўгарад. Праз некалькі гадоў Адам Ягоравіч узяў шлюб з Аляксандрай Паўлаўнай Волжынай (роднай сястрой жонкі Максіма Горкага), аднак яна памерла пры родах, а іх маленькі сын Аляксандр гадаваўся у сям'і Горкага (у двухгадовым узросце хлопчык цяжка захварэў і памёр). Пазней А. Я. Багдановіч звязаў сваё жыццё з сястрой сваёй першай жонкі - Аляксандрай Апанасаўнай Мякотай, і ў іх нарадзілася пяцёра сыноў (Павел, Мікалай, Аляксей, Вячаслаў і Раман).

Трэба адзначыць, што ў сям'і Багдановічаў размаўлялі па-руску, але лад жыцця, звычкі, густы, настрой думак у сваёй аснове былі беларускія. Тут дзеці чулі беларускія казкі, песні, прымаўкі. Бацька ўдзяляў шмат увагі сваім сынам, ён прышчапіў ім любоў да літаратуры. У адным з лістоў да сябра Максім адзначаў: " Мяне выхоўваў бацька. Неяк я паказваў вам яго бібліятэку. У ёй усё ёсць істотнае, што з'явілася калі б там ні было ў літаратуры ўсяго свету. Мы з дзяцінства праходзілі гэтую сусветную школу... Зразумела, галоўная ўвага звярталася на славянскія літаратуры... ". І, відавочна, гэтыя абставіны паспрыялі таму, што ўжо ў дзесяцігадовым узросце Максім пачаў спрабаваць пісаць мастацкія творы па-беларуску.

З 1902 па 1907 г. Максім Багдановіч вучыўся ў Ніжагародскай мужчынскай гімназіі. Юнак знаходзіўся ў атмасферы радыкальных палітычных настрояў. У доме Багдановічаў збіралася дэмакратычная інтэлігенцыя. Максім актыўна наведваў розныя мітынгі і маніфестацыі, у выніку чаго атрымаў у атэстаце адзнаку " нядобранадзейнага вучня". У гэты ж час ён вывучае беларускую мову і літаратуру, знаёміцца з матэрыяламі беларускіх газет " Наша доля", " Наша ніва", якія істотна паўплывалі на фарміраванне яго светапогляду. І ў далейшым, у сваёй творчай дзейнасці, Максім Багдановіч аддаваў перавагу беларускай мове. Асабліва гэта датычыць яго мастацкай творчасці.

1907 г. лічыцца пачаткам літаратурнай дзейнасці Максіма Багдановіча. Яго першым значным мастацкім творам было беларускамоўнае празаічнае апавяданне " Музыка", якое адразу ж надрукавала " Наша ніва". У апавяданні расказваецца легенда пра музыку, які " многа хадзіў па зямлі ды ўсё граў на скрыпцы". Незвычайныя былі і яго скрыпка, і музыка. Калі плакала скрыпка ў руках музыкі, то кожны " усё плакаў бы па сваёй долі", калі грозна гудзелі струны, " людзі падымалі апушчаныя голавы, і гневам вялікім блішчалі іх вочы". За яго творчасць " злыя і сільныя людзі" кінулі музыку ў турму, дзе той і загінуў. Але не загінула памяць аб ім. У гэтым алегарычным творы малады аўтар расказваў аб шматпакутным лёсе Беларусі на працягу стагоддзяў і выказваў надзею на хуткія перамены да лепшага.

З 1908 г. Багдановічы жылі ў Яраслаўлі, тут Максім працягваў навучанне ў гімназіі. У гэты перыяд юнак сутыкнуўся з цяжкімі выпрабаваннямі. У 1908 г. ад туберкулёзу лёгкіх памёр старэйшы брат Максіма - Вадзім. А вясной 1909 г. захварэў на туберкулёз і Максім. Бацька адвёз яго ў Крым на лячэнне, што добра паўплывала на стан яго здароў'я, ён захапіўся паўднёвым краем, з'явілася новае кола знаёмых, закаханасць.

У 1908 г. Максім Багдановіч напісаў першыя лірычныя вершы: " Над магілай", " Прыйдзе вясна", " На чужыне", якія былі апублікаваны ў " Нашай ніве". Шмат іншых вершаў маладога паэта члены рэдкалегіі газеты ў той час лічылі " дэкадэнцкімі" і не друкавалі. У 1909 г. з яго творамі азнаёміўся беларускі паэт, публіцыст, крытык, супрацоўнік газеты " Наша ніва" С. Палуян, які адыграў значную ролю ў творчым лёсе маладога паэта, настаяўшы на публікацыі яго вершаў. І пачынаючы з 1909 г. творы Максіма Багдановіча не сыходзілі са старонак гэтай газеты. Сярод іх верш " Краю мой родны! Як выкляты богам... ", уякім выразна прагучала тэма сацыяльнага прыгнёту і нацыянальнага адраджэння беларусаў. Багдановіч заявіў аб сабе як аб песняры нядолі роднага краю і, разам з тым, шчырай веры ў лепшую будучыню. Па некаторых ацэнках, гэты твор паставіў яго поруч з Янкам Купалам і Якубам Коласам. Апрача таго, у " Нашай ніве" былі надрукаваны такія творы, як кароткае вершаванае лірычнае апавяданне " З песняў беларускага мужыка" - рэалістычная імпрэсія, поўная веры ў творчыя сілы народа, вершы " Цемень", " Пугач", " Разрытая магіла", а таксама пераклады з Гейне, Шылера.

1911 г. з'явіўся ў значнай меры пераломным у жыцці Максіма Багдановіча. Пасля заканчэння вучобы ў гімназіі ён наведаў Вільню, дзе пазнаёміўся са славутымі дзеячамі беларускага нацыянальна-вызваленчага руху братамі І. і А. Луцкевічамі, беларускім пісьменнікам, гісторыкам, філолагам, літаратуразнаўцам В. Ластоўскім, выдаўцом, мовазнаўцам і літаратуразнаўцам Б. Эпімахам-Шыпілам. Па запрашэнні Луцкевічаў Максім Багдановіч амаль усё лета жыў у фальварку Ракуцёўшчына каля Маладзечна. Да гэтага часу ён меў толькі кніжнае ўяўленне аб Беларусі, але тут, у 20-гадовым узросце змог зблізку ўбачыць беларускую прыроду, жыццё і побыт беларусаў.

Будучы ў Вільні малады паэт азнаёміўся ў прыватным беларускім музеі братоў Луцкевічаў з калекцыямі старажытных рарытэтаў, і пад іх уражаннем напісаў верш " Слуцкія ткачыхі". У гэтым творы аўтар расказвае сумную гісторыю прыгонных ткачых, апісвае хараство роднай зямлі, паэтызуе ўмельства майстрых ткаць залатыя паясы, дзе " заміж персідскага ўзора цвяток радзімы васілька".

Атрымаўшы атэстат сталасці, Максім Багдановіч меў намер паступіць у Пецярбургскі універсітэт на філалагічны факультэт, але з-за адсутнасці сродкаў, а таксама з-за таго, што сыры клімат сталіцы не падыходзіў для чалавека са слабым здароўем, не здолеў здзейсніць свой намер і, вярнуўшыся з Беларусі ў Яраслаўль, паступіў у Дзямідаўскі юрыдычны ліцэй. Пры гэтым Максім вельмі настойліва займаўся самаадукацыяй. Ужо к таму часу яго веды ў галіне гісторыі, літаратуры, культуры народаў славянскага свету мелі энцыклапедычны характар. Ён таксама шмат увагі аддаваў замежным мовам: вывучаў грэчаскую, лацінскую, італьянскую, польскую, французскую і нямецкую.

У той перыяд былі напісаны вершаваныя лірычныя апавяданні " У вёсцы" і " Вераніка". Абодва - даніна захапленню паэта жанчынай. Паэтычнае апісанне глыбокіх пачуццяў жанчыны да дзіцяці, уласцівых нават маленькай дзяўчынцы - ідэйная задумка твора " У вёсцы". Фабула " Веранікі" - успамін аб дзяўчынцы, якая непрыкметна для аўтара, " ў красе свае вясны" вырасла, абудзіўшы ў душы паэта першае каханне, а з ім - цягу да ідэальнага, прыгожага, да паэзіі. Музай для Максіма Багдановіча паслужыла Ганна Какуева, сястра яго аднакласніка, таленавітая піяністка. Вобразам гэтай жанчыны навеяны і такія паэтычныя творы, як " Учора шчасце толькі глянула нясмела", " Больш за ўсё на свеце жадаю я", некаторыя іншыя. Другі знакаміты твор лірыкі любоўных перажыванняў - верш Максіма Багдановіча " Раманс" (*** Зорка Венера ўзышла над зямлёю" ), які пазней стаў шырокавядомай песняй, канкрэтнага адрасата не мае.

Тады ж былі створаны вершы, якія потым склалі цыклы " Старая Беларусь", " Места", " Згукі Бацькаўшчыны", " Старая спадчына". Асноўным зместам твораў была барацьба за гуманістычныя ідэалы, на першы план выходзіла тэма паднявольнага жыцця беларускага народа, моцна гучалі ідэі нацыянальна-вызваленчай барацьбы супраць царскай імперыі.

У 1909-1913 гг. Максім Багдановіч напісаў таксама больш дзесяці вершаў на рускай мове, зрабіў шэраг пераклаў на беларускую мову Авідзія, Гарацыя, П. Верлена.

Апрача таго, у гэты перыяд Максім Багдановіч займаўся распрацоўкай канцэпцыі развіцця беларускай літаратуры ад старажытнасці да пачатку ХХ ст. Гэта знайшло адлюстраванне ў артыкуле па гісторыі беларускага пісьменства " Глыбы і слаі" (надрукаваны ў " Нашай ніве" ), а таксама ў працах " Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да ХVІ сталецця", " За сто лет. Нарыс гісторыі беларускай пісьменнасці" і " Новый период в истории белорусской литературы".

У 1912 г. газета " Наша ніва" надрукавала шэраг вершаў паэта, прысвечаных гісторыі Беларусі. А ў Вільні, у друкарні Марціна Кухты, выдадзены адзіны прыжыццёвы зборнік твораў Максіма Багдановіча " Вянок" (на тытуле пазначаны 1913 г. ) з прысвячэннем: " Вянок на магілу С. А. Палуяну (памёр 8 красавіка 1910 г. )". У зборніку каля 100 вершаў, якія аб'яднаны па цыклах: " У зачарованым царстве", " Згукі Бацькаўшчыны", " Старая Беларусь", " Места"; " Думы", " Вольныя думы", " Старая спадчына", " Мадонны". Акрамя таго, Максім Багдановіч стварыў рукапісны зборнік паэзіі " Зеленя", куды ён уключыў тры вершы на рускай мове (" Смех и говор", " Прочтите с участьем правдивую эту", " Сонет" ) і 19 перакладаў сваіх жа беларускіх вершаў на рускую мову.

Сярод значных падзей асабістага жыцця Максіма Багдановіча з 1914 і амаль да канца 1916 г. былі паездка ў Крым для паўторнага курса лячэння і новае каханне, якое прынесла яму шмат перажыванняў. Трэба таксама адзначыць і прафесійнае прызнанне маладога літаратара з боку калег: Максіма Багдановіча прынялі ў члены " Усерасійскага таварыства дзеячаў перыядычнага друку і літаратуры".

У гэты перыяд паэт напісаў цыкл вершаў " На ціхім Дунаі. Вершы беларускага складу", паэму " Максім і Магдалена", іншыя творы. У вершах, аб'яднаных у цыкле " На ціхім Дунаі... ", выразна гучаць фальклорныя матывы, адным з найбольш вядомых твораў гэтага збору з'яўляецца " Лявоніха". Тэма паэмы " Максім і Магдалена" - каханне вясковага хлопца да дачкі ваяводы, які жорстка распраўляецца з юнаком, і той гіне як герой. Пісаў Максім Багдановіч вершы і на рускай мове, прычым частка з іх не маюць аўтарскага беларускага тэксту (такія лірычныя творы, як " Зачем грустна она была", " Я вспоминаю Вас такой прекрасной, стройной", " Зеленая любовь", " Осенью" ). Да гэтага часу адносятся і пераклады на беларускую мову твораў А. Пушкіна, Э. Верхарна.

Акрамя таго, у расійскім і ўкраінскім друку з'яўляюцца публіцыстычныя артыкулы Максіма Багдановіча на рускай мове, прысвечаныя пытанням гісторыі літаратуры, нацыянальным і грамадска-палітычным праблемам (" Новая интеллигенция", " О гуманизме и неосмотрительности", " Белорусы", " Украинское казачество", " Образы Галиции в художественной литературе" ), выходзяць гісторыка-краязнаўча-этнаграфічныя брашуры (" Червонная Русь", " Угорская Русь", " Братья-чехи" ), а таксама літаратуразнаўчыя рэцэнзіі, фельетоны.

Восенню 1916 г. , скончыўшы ў Яраслаўлі юрыдычны ліцэй, Максім Багдановіч пераехаў у Мінск. Тут ён працаваў сакратаром харчовага камітэта мінскай губернскай управы, адначасова займаўся справамі бежанцаў у Беларускім таварыстве дапамогі пацярпелым ад вайны, удзельнічаў у рабоце гурткоў моладзі. Багдановіч пасяліўся на адной кватэры з літаратарам Змітраком Бядулем, які пазней пакінуў шмат ўспамінаў пра паэта.

У гэты час Максім Багдановіч напісаў такія знакамітыя творы, як " Страцім-лебедзь" і " Пагоня". " Страцім-лебедзь" - гэта паэтызацыя біблейскага міфа пра лебедзя, паводле якой адзін толькі Страцім-лебедзь адмовіўся ад Ноева каўчэга, сам уступіў у адзінаборства са стыхіяй патопу, аднак трагічна загінуў, бо не ў сіле аказаўся ўтрымаць птахаў, што абселі яго, ратуючыся ад патопу. Хоць сам Страцім-лебедзь гінуў, але даваў жыццё іншым птахам. У міфе асуджалася непакорнасць, Багдановіч яе ўслаўляў. У вершы " Пагоня" аўтар звяртаецца да гераічных старонак беларускай мінуўшчыны, заклікае бараніць сваю Маці-Краіну. Гэты твор многімі ўспрымаўся як гімн беларусаў.

У Максіма Багдановіча было шмат творчых планаў, ён хацеў выдаць шэраг паэтычных зборнікаў (" Маладзік", " Пярсцёнак", " Шыпшына", " Полынь-трава" ). Але здзейсніць гэтыя намеры не змог. У канцы лютага 1917 г. з-за абвастрэння хваробы пакінуў Мінск і зноў накіраваўся ў Крым. Аднак лячэнне не дапамагло, і 25 мая 1917 г. у двадцаціпяцігадовым ўзросце Максім Багдановіч памёр. Пахаваны ў Ялце на гарадскіх могілках.


* * *

Максім Багдановіч пражыў вельмі кароткае, але надзвычай плённае ў творчых адносінах жыццё. Ён дасягнуў шырокага прызнання сучаснікаў і нашчадкаў. Імя Максіма Багдановіча стаіць побач з такімі класікамі беларускай і сусветнай літаратуры, як Янка Купала і Якуб Колас. Яго творчая спадчына - істотная частка духоўнай культуры беларускага народа. Паводле ацэнкі беларускага літаратуразнаўца, паэта А. Лойкі: " Максім Багдановіч як творца, мысліцель, гісторык... унікальная, фенаменальная з'ява, якая не ўкладваецца ні ў рамкі свайго часу, ні ў рамкі цэлых літаратурных эпох. "

Адным з першых паэт ўзбагачаў нацыянальную літаратуру новымі для яе вершаванымі формамі і тэматычнымі накірункамі, перакладаў на беларускую мову творы класікаў сусветнай літаратуры. Апавяданні Максіма Багдановіча, як сцвярджае літаратуразнавец Т. Кароткая, " ляжаць ля вытокаў нацыянальнай прозы, а яго крытычныя даследаванні шмат у чым прадвызначылі развіццё літаратурнай крытыкі, сталі фундаментальнай асновай у вывучэнні гісторыі літаратуры".

Максім Багдановіч быў сярод тых піянераў беларускага нацыянальнага адраджэння, хто спрабаваў паказаць месца і ролю беларускага народа ў гісторыі і часе, сфармуляваць нацыянальную ідэю беларусаў, асэнсаваць шляхі далейшага развіцця беларускай нацыі.

Як лічыць А. Лойка: " Усё яскравей бачыцца постаць Багдановіча ў кантэксце сусветнай літаратуры". На думку перакладчыка твораў паэта на англійскую мову В. Рыч з Вялікабрытаніі, Максім Багдановіч " уваходзіць у пантэон вялікіх паэтаў свету, як роўны сярод роўных".


* * *

Роля і значэнне Максіма Багдановіча ў развіцці беларускага прыгожага пісьменства, у нацыянальным і духоўным адраджэнні беларусаў высока ацэнена нашчадкамі.

Творчую спадчыну Максіма Багдановіча вывучае адна з галін беларускай літаратурнай навукі - багдановічазнаўства.

Збор твораў паэта ў двух тамах выходзіў у Мінску ў 1927-1928 гг. і ў 1968 г. Поўны збор твораў у трох тамах выдадзены ў Мінску ў 1992-1995 гг. Апрача таго, у 1981 г. у Мінску выйшла факсімільнае выданне зборніка " Вянок".

Яго паэзія, працы па гісторыі і тэорыі літаратуры вывучаюцца ў сярэдняй школе і на філалагічных факультэтах вышэйшых навучальных устаноў.

У Мінску, у Траецкім прадмесці, знаходзіцца Літаратурны музей Максіма Багдановіча. Акрамя таго, у Мінску захаваўся дом, уякім жыў Максім Багдановіч (вуліца Рабкораўская, 19), дзе размешчаны філіял яго музея - " Беларуская хатка" (па назве літаратурнага гуртка, ў якім удзельнічаў паэт). Другі філіял музея - " Фальварак Ракуцёўшчына", дзе гасцяваў паэт і напісаў два цыклы вершаў, знаходзіцца ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці. Музей класіка беларускай літаратуры працуе ў Гродне, а таксама ў Яраслаўлі.

Помнікі Максіму Багдановічу ёсць у Мінску, а таксама ў Расіі (у Яраслаўлі і ў Маскве) і на Украіне (на магіле паэта ў Ялце і ў Місхоры). Мемарыяльныя дошкі ў яго гонар усталяваны ў Мінску, Гродне, Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі, Ялце, вёсках Вяззе Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці і Ракуцёўшчына Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці.

Вобраз паэта ўвасоблены і ў шматлікіх мастацкіх творах - карцінах, скульптурах, графіцы. Выпушчаны паштоўкі, значкі з яго выявай.

Памяць Максіма Багдановіча ўшанавана ў назве буйной вуліцы Мінска. Вуліцы яго імя ёсць таксама ў Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі, Ялце і іншых населеных пунктах. Яго імя нададзена школам і бібліятэкам у многіх гарадах Беларусі.

Аб жыцці і творчасці Максіма Багдановіча зняты тры кінафільмы і адзін відэафільм. Яго лёсу прысвечаны поп-опера Ігара Паліводы (лібрэта складзена Леанідам Пранчаком) " Максім" і аперэта Юрыя Семянякі на лібрэта Алеся Бачылы " Зорка Венера".

На вершы Максіма Багдановіча запісваліся музычныя творы. Некаторыя з іх сталі народнымі песнямі (" Лявоніха", " Зорка Венера", " Слуцкія ткачыхі" ).

Знакаміты вакальна-інструментальны ансабль " Песняры" неаднойчы звяртаўся да творчасці паэта. Асобна трэба адзначыць праграму " Вянок", поўнасцю складзеную з песень на вершы Максіма Багдановіча, музыку да яе напісалі Уладзімір Мулявін і Ігар Лучанок.

Творы беларускага паэта перакладзены на два дзесяткі моў свету (сярод іх такія распаўсюджаныя, як англійская, іспанская, нямецкая, польская, руская, украінская, французская), публікаваліся ў Вялікабрытаніі, Германіі, Польшчы, Расіі, Францыі, Югаславіі і іншых краінах. Яшчэ ў 1950-я гг. у Маскве быў выдадзены вялікі зборнік яго выбраных твораў на рускай мове ў перакладзе лепшых савецкіх паэтаў.

100-годдзе з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча было адзначана ў каляндарным спісе ЮНЕСКА " Гадавіны выдатных асоб і падзей" на 1991 г.

* * *

На сайце " Архівы Беларусі", акрамя агляднай даведкі аб жыцці і творчасці Максіма Багдановіча (распрацоўка навуковых супрацоўнікаў Беларускага навукова-даследчага цэнтра электроннай дакументацыі (БелНДЦЭД) В. Адамчыка, Д. Глазоўскай, А. Саламевіча), размешчана інфармацыя аб зборы матэрыялаў сям'і Максіма Багдановіча (фонд № 153), які знаходзіцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва (БДАМЛМ). Гэта даведка аб гісторыі фарміравання збору (аўтар дырэктар БДАМЛМ Г. Запартыка) і пералік найбольш інфарматыўных архіўных дакументаў з дадзенымі пра іх віды, даты распрацоўкі і інш., а таксама з нумарамі архіўных указальнікаў (зыходны матэрыял падрыхтаваны вядучым навуковым супрацоўнікам архіва Н. Сакалоўскай). У кампетенцыі супрацоўнікаў БелНДЦЭД таксама ўваходзілі каардынацыя работ і метадычныя пытанні інфармацыйнага напаўнення раздзелу аб Максіме Багдановічы (Д. Глазоўская) і тэхнічнае забеспячэнне праекта (Г. Каханава, Г. Дашкевич).

Выданні твораў Максіма Багдановіча

1. Багдановіч М. Вянок. Кніжка выбраных вершоў. Вільня, 1913.
2. Багдановіч М. Творы. Т. 1-2. Мінск, 1927-1928.
3. Багдановіч М. Выбраныя творы. Miнск, 1946.
4. Богданович М. Избранные произведения. М., 1953.
5. Багдановіч М. Творы. Miнск, 1957.
6. Багдановіч М. Збор твораў. Т. 1-2. Мінск, 1968.
7. Багдановіч М. Вянок. Кніжка выбраных вершоў. Факсімільнае выданне. Мінск, 1981.
8. Багдановіч М. Поўны збор твораў. У 3 т. Мінск, 1992-1995.

 



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.