Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Успаміны Яна Цадроўскага, запісаныя яго ўласнаю рукой у XVII ст.



Я, Ян Цадроўскі, нарадзіўся 3 сакавіка 1617 г. у адным часу разам з маім братам панам Стэфанам Цадроўскім ад бацькі пана Яна Цадроўскага і маці пані Софіі Цёлкаўны Камароўскай у Пагосце[1], якое ляжыць за Слуцкам у трох мілях[2].

У 1631 г. бацька наш дабрадзей паслаў нас абодвух у Крулявец[3] вывучаць там у акадэміі нямецкую мову і навукі, дзе я адразу ж па прыездзе туды паламаў сабе мармуровым сталом галёнку правай нагі і праляжаў там на самавылячэнні паўгода.

У 1635 г. для прадаўжэння навукі паслаў нас абодвух дабрадзей бацька наш у Кракаўскую акадэмію.

У 1637 г. дабрадзей бацька мой аддаў мяне на службу да князя ягамосці пана Багуслава Радзівіла, які ў той час быў вялікім харунжым Вялікага княства Літоўскага. З ім я пабываў у чужых землях, куды мы спачатку ехалі з Гданьска да Штэціна[4] па Паморскай зямлі і праехалі праз усю Гальштынію ў напрамку на Любек[5] і Гамбург[6], якія ляжаць за Зундам[7], аж да Зунда[8] (дасяглі. — А. К. ), горада дацкага караля; там мы бачылі дацкага караля Хрысціяна IV[9]. Адтуль ехалі сушаю да Амстэрдама, а ўсе грузы плылі морам.

Ягамосць князь затрымаўся ў Фрызіі, г. зн. у Гронідзе і ў Франікеры, а потым у Утрэхцкай акадэміі, да якой 7 гадзін язды ад Амстэрдама. Выехаўшы з Утрэхта, мы ехалі сушаю да Мідэльбурга, а потым морам да французскай крэпасці Кале, адтуль па сушы да Парыжа, галоўнага горада Францыі. У Францыі ў той час быў каралём Людовік XIII[10], бацька цяперашняга караля Людовіка XIV[11], які сваімі бязбожнымі ўчынкамі губіць нашу айчыну, змовіўшыся з туркам.

У Парыжы князь ягамосць пражыў месяцаў 7, потым падарожнічаў па ўсёй французскай зямлі аж да граніц Італіі. У гэтым падарожжы і я быў разам з ягамосцю князем, а другая частка моладзі заставалася ў Парыжы.

Пасля таго, як ягамосць князь вярнуўся з падарожжа па Францыі і пабыў у французскага караля, якому даваў сваё паручыцельства за Яна Казіміра[12] (на той час польскага каралевіча, што знаходзіўся ў французскай турме), ён паехаў сушаю ў размешчаны на беразе мора французскі горад-крэпасць Кале. А адтуль цераз праліў накіраваўся ў англійскі порт Дуўр, дзе ўся моладзь і чэлядзь заставалася сядзець на месцы, а я ездзіў з князем ягамосцю аж у Лондан, галоўны горад Англіі.

Там жа княжа ягамосць быў у англійскага караля Карла[13], таго самага, якому потым яго ўласныя падданыя ўчынілі суд і адсеклі галаву.

З Англіі князь зноў вярнуўся ў Галандыю і знаходзіўся ў Утрэхце. Потым князь ягамосць адправіў частку моладзі з Галандыі ў Літву, разам з якою паслаў і мяне для нагляду за ёю.

З Галандыі ў Гданьск мы прыплылі па моры, а потым на ботах накіраваліся ў Крулявец. Там перад самым замкам (на месцы, сапраўды фатальным для мяне) я быў цяжка паранены ў галаву ад ахмялеўшай моладзі князя ягамосці, а дакладней ад пана Самуіла Стаброўскага, сына пана Адама Стаброўскага. Вылечаны ад той раны незнаёмым мне чалавекам, які служыў у замку пісарам, я прыехаў да дабрадзеяў бацькоў маіх і застаў бацьку дабрадзея майго ўжо хворага; ён потым памёр 20 верасня 1640 г. у Айнаровічах.

У 1641 г. ягамосць пан рэчыцкі стараста Урандоўскі, які на той час быў аканомам усіх маёнткаў князя ягамосці пана харунжага Вялікага княства Літоўскага, паслаў мяне з грашыма ў Галандыю да князя ягамосці. Накіроўваючыся туды, я прыехаў у Гданьск, адкуль пусціўся морам у Зунд на новым караблі якогасьці Пятра Петэрсона, які і сам знаходзіўся на гэтым караблі.

Калі мы з Зунда паплылі ў Галандыю і ўжо мінулі гару Кольно, у тым флоце на той час было 80 галандскіх купецкіх караблёў, не лічачы двух канвойных. I калі на моры пачаўся шторм і ўзніклі вялікія хвалі, гэты карабель, на якім я быў з часткаю нашых людзей (а сярод іх знаходзіўся і той пан Пшыпкоўскі, што потым служыў оберлейтэнантам пры каралю ягамосці Казіміры-Адрачэнцы[14] і пазней загінуў ад рускай кулі пад Коўнам), відаць, будучы перагружаным збожжам, пачаў небяспечна нахіляцца на адзін бок. Тады матросы адкрылі палубу карабля і сталі высыпаць збожжа ў мора. Тым часам вал вады так моцна ўдарыў у борт карабля, што ледзь не патапіў яго.

Матросы зноў закрылі палубу і, не маючы ўжо магчымасці плысці далей з іншымі караблямі, павесілі на нашым караблі знак тапельцаў, г. зн. чорную харугву, якая патрабавала паратунку, але ў такі вялікі шторм кожны-дбаў пра сябе.

Тым часам усе караблі пайшлі цугам разам з канвойнымі ў напрамку Амстэрдама, а наш карабель пагнала ветрам назад да Зунда. I калі мы ўжо набліжаліся да той самай гары Кольно, перад намі паказалася некалькі караблёў піратаў, г. зн. марскіх разбойнікаў з г. Дзюнкерка. Убачыўшы іх у падзорную трубу, нашы матросы пачалі сумнявацца за сябе, яны зноў адвярнуліся ад іх і паплылі туды, куды нас гнаў вецер, а піраты гналіся за намі, ад якіх мы ўцякалі два дні і дзве ночы, але не маглі пазбавіцца ад іх. Нарэшце на трэці дзень убачылі нашы ў ладзорную трубу бераг сушы, да якога нас нёс сам вецер. Потым ён занёс нас паміж скал, аб якія пачаў біць наш карабль. Тады мы кінуліся ў бот, што быў на караблі. Усе, хто быў на караблі, выйшлі жывымі на бераг Ютландыі, які належыў дацкай дзяржаве, а карабль разбіўся ў шматкі. Піраты здалёк абмінулі нас. Мы потым пешшу ішлі па беразе мора амаль што да самай Гальштыніі, а пасля наймалі для сябе фурманаў у Гамбург[15] і Амстэрдам.

Грошы, якія я вёз князю ягамосці, былі ў залатой валюце і таму я іх вынес на сабе, а на іншыя быў вексель, выдадзены ў Гданьску. Другія рэчы, якія я суправаджаў для князя ягамосці, а іменна: турэцкі шацёр і венгерскае віно, за якое нас ледзь не пазабівалі ютландчыкі, калі мора выкінула бочку на бераг, усе патанулі.

У 1642 г. князь ягамосць паслаў мяне зноў з Галандыі ў Літву.

У 1643 г. даў мне князь ягамосць кіраўніцтва ў Старой вёсцы[16] на Падляшшы, міль 12 ад Варшавы.

16 лютага 1648 г. я ажаніўся з паненкай Марыянай Швейкоўскай, дачкою навагрудскага харунжага Самуіла Швейкоўскага і Ядвігі Самсонаўны Падбярэскай-Швейкоўскай. Вяселле было ў Мінску. А праз некалькі дзён пасля мае жаніцьбы выйшла замуж і маці дабрадзейка мая за ягамосць пана Філона Тышкевіча, які быў мінскім земскім суддзёй. Але не доўга, толькі некалькі тыдняў пражыў з маёй маці ягамосць пан суддзя, бо ў хуткім часе паехаў з Айнаровіч у свой маёнтак у Лагойск, там яго напаткала якаясьці меланхолія, з прычыны яе ён параніў сябе шабляю, хоць і не небяспечна для здароўя, аднак памёр ад той раны. Усе людзі думалі, што прычынаю смерці ягамосці былі чары пэўных белых галоў[17]. Няхай сам пан бог будзе яму ў тым суддзёю.

5 мая 1649 г. у Старай Вёсцы на Падляшшы памёрла бяздзетнаю мая жонка Марыяна Швейкоўская. Пахавана яна ў Венграўскім саборы на Падляшшы, у горадзе князя ягамосці пана Багуслава Радзівіла, канюшага Вялікага княства Літоўскага, 2 верасня 1649 г.

30 кастрычніка 1650 г. я ажаніўся з паненкай Ганнай Мірскай, дачкою стражніка Вялікага княства Літоўскага і Кацярыны Капчэўскай, дачкі мінскага стольніка. Вяселле было ў Капылі, горадзе і сядзібе князя ягамосці пана канюшага Вялікага княства Літоўскага.

12 верасня 1651 г. а першай гадзіне пасля паўдня ў Атрубку нарадзіўся мой першы сын, хрысціў яго ксёндз Якуб Хелхоўскі, прапаведнік мінскага сабора. Далі яму імя дзеда, ягамосці пана стражніка Вялікага княства Літоўскага Грыгорыя. Сведкамі хрышчэння былі брат мой пан Стэфан Цадроўскі са сваім старшым сынам, а кумою яемосць паня Алена Воўкаўна, жонка Станіслава Залескага...

24 кастрычніка 1653 г. а сёмай гадзіне пасля паўдня нарадзілася мне дачка ў Айнаровічах. Хрысціў яе ксёндз Якуб Хелхоўскі, прапаведнік мінскага сабора. 30 кастрычніка на святым хрышчэнні далі ёй імя Кацярына. Сведкамі былі мой брат пан Тамаш Цадроўскі, а кумою маці дабрадзейка мая з паняй жонкай брата майго Стэфана Цадроўскага.

29 ліпеня 1655 г. у Прамезе, маёнтку яемосці пані Раіны Тэафіліі Мірскай Пакашовай, сястры мае жонкі, калі мы там знаходзіліся ў бежанцах ад маскоўскага войска, нарадзіла мне мая жонка дачку паміж 10-й і 11-й гадзінамі перад поўднем, якую неадкладна ж назаўтра ахрысціў ксёндз Якуб Хелхоўскі, прапаведнік у той час промезскага сабора. Далі ёй імя на святым хрышчэнні Тэафіля. Сведкамі былі мой брат пан Тамаш Цадроўскі з яемосцю паняй Пакашовай і яемосцю паняй Софіяй Мірскай, дачкою стражніка Вялікага княства Літоўскага.

8 жніўня 1655 г. войска маскоўскага цара Аляксея Міхайлавіча авалодала Вільнам, нам тады прышлося ўцякаць у Жмудзь[18], дзе мы ў той час спадзяваліся на заступніцтва ягамосці швецкага караля[19].

30 лістапада 1655 г. у Шаўлях, дзе мы знаходзіліся ў бежанцах ад маскоўскага войска, памёрла мая любімая дачка Кацярына ад воспы. Пахавана яна 9 снежня на могілках краснаголінскага сабора ў 4-х мілях ад Шавель, дзе прапаведнікам у той час быў ксёндз Станіслаў Мінкевіч. Пахавальнае казанне рабіў ксёндз Давыд Рэдэр. Тэкст быў з Прытчаў Саламонавых з раздзела 12 верша 5: «Адыходзе чалавек да дому вечнага»...

У красавіку 1656 г. Жмудзь пачала бунтаваць супраць шведаў, а таму я з жонкай і сваімі дзеткамі выехаў са Жмудзі дадому, куды прыехаў 28 мая. I ледзь толькі прыехаў дамой, як пачаў араць пад яравыя і агароды. У тым годзе я не пасеяў нічога, толькі кварт[20] 9 гароху, якога купіў у Мінску. Намалаціў яго больш за паўтары бочкі.

21 сакавіка 1656 г. напусціў пан бог у розных месцах Мінскага ваяводства і ў маім доме страшэнную веліч палявых мышэй, якія спачатку на полі, а потым у пунях, свіранах і на азяродах страшэнна псавалі збожжа, з прычыны чаго зараз жа пасля такога нашэсця мышэй наступіў вялікі голад, які працягваўся аж да жніва ў 1657 г. Галодныя людзі елі катоў, сабак і ўсякую здыхляціну, а пад канец рэзалі людзей і елі іх целы, не давалі нават чалавечым трупам адляжацца ў грабах. Усяго гэтага я сам, нязначны чалавек, нагледзеўся ўласнымі вачыма[21].

У 1656 г., не памятаю якога дня, насуперак майму ўласнаму жаданню паслала мяне ўсё Мінскае ваяводства з чалабітнаю да маскоўскага цара. Чалабітная гэта заключала ў сабе 2 патрабаванні:

1) каб нас мінскі ваявода, — а ім тады быў Фёдар Юр'евіч Арсеньеў, — не судзіў за пячаткамі, якія мелі такое значэнне, што, калі хто абвіняў шляхціца перад ваяводаю, то ваявода выціскаў на воску пячатку і пасылаў яе праз маскаля да шляхціца, а калі той зараз жа не з'яўляўся сам да ваяводы, дык яго вязалі і прыводзілі;
2) каб ваявода не прымушаў нас, шляхту, на пабудову замка і насыпу вала ў Мінску.

Ягамосць цара маскоўскага я застаў тады ў Друі[22] над р. Дзвіна, ён ішоў з вялікім войскам пад Рыгу, бо ўжо ўступіў у канфлікт са шведам; і там я з многімі пасламі ад розных ваяводстваў і паветаў княства Літоўскага цалаваў руку цара ягамосці, які сядзеў ужо ў карэце. Слухаў мяне цар ягамосць мовячага, а потым загадаў свайму думнаму дзяку Забароўскаму прыняць чалабітную. Адпушчаны назад быў пад старай Рыгай досыць ласкава, бо цар ягамосць дазволіў нам судзіцца па-ранейшаму, г. зн. нашым правам і вызваліў усю шляхту ад судоў ваяводы, а таксама ад пабудовы замка і насыпу вала ў Мінску. На ўсё гэта я прывёз граматы ад цара ягамосці да ваяводы. Не дало мне тады ваяводства нічога за маю працу апрача 60 злотых. Зборшчыкам той вызначанай мне платы быў брат мой пан Аляксандр Цадроўскі. Аб тым, што я перацярпеў і патраціў за гэту дарогу, вядома толькі самаму богу і ад яго аднаго чакаю сабе ўзнагароды.

14 сакавіка 1657 г. Неймаверныя рабункі і наезды цярпелі мы ад сваіх уласных сялян, палкоўнікам якіх быў гультай[23] Дзяніс Мурашка, які звіў сабе гняздо ў Камяню. Гэты бязбожны чалавек і яго галота падбухторвалі не толькі сялян і нашых падданых, але і чэлядзь, а некаторых з іх нават запісвалі ў свой рэестр. Яны і былі важнейшай прычынай цяжкага голаду і таго, што ўсе сяляне разыйшліся. Потым, аднак, утаймаваліся, калі іх разграмілі ў Прусовачах, дзе было забіта некалькі і маіх падданых, якія пагультаіліся.

1658 год. Увосень, ужо па замаразках, калі Даўгарукі[24] захапіў пад Вільняй ягамосць пана Гансеўскага[25], палявога гетмана Вялікага княства Літоўскага, мы сталі цэлым Мінскім ваяводствам у Мінску пры палкоўніку нашым ягамосці пане юнашы Карле Падоскім, які хацеў было зрабіць паслугу Рэчы Паспалітай і хітрасцю абвесці масквіцян, якія ўмацаваліся ва ўніяцкай царкве, але яны гэта заўважылі. Мы ж, ратуючы нашых жанок і дзяцей ад салдатаў, разбегліся па сваіх дварах. Сабраўшыся каля 20 чалавек шляхты і столькі ж плесканескіх сялян, мы знішчылі больш 30 чалавек адборнай маскоўскай пяхоты ў Камяні Харэцкім[26], якая адлучылася ад войска Даўгарукага для рабунку і корму ў наш край. А сам Даўгарукі ішоў у Лагойск і ўводзіў з сабою ягамосць пана Гансеўскага.

Пасля разгрому і знішчэння маскоўскай пяхоты ў Камяні я ўжо не мог больш сядзець дома з-за пагрозы з Барысава, адкуль пастаянна нападалі і пагражалі мне салдаты. Тады я пакінуў дом і выехаў з жонкаю і дзяцьмі ў Слуцк да іх мосцяў паноў бацькоў мае жонкі.

1658 год. Ледзь толькі ў студзені супакоілась пошасць, якая пачалася ў кастрычніку 1653 г.; за гэты час звер уволю напасвіўся людскімі трупамі...

31 сакавіка ў сераду пасля вялікадня ў Слуцку за мае цяжкія грахі ўзяў пан бог маю мілую жонку, калі я жыў у выгнанні ў доме дабрадзеяў бацькоў свае жонкі. Будучы здаровай, яна прахварэла толькі паўтара дня і ў цяжкім параксізме хваробы свае скінула дачку яшчэ жывую. Пахавана жонка мая ў слуцкім саборы.

20 сакавіка 1661 г. дасяг канца свайго жыцця ў Слуцку ягамосць пан Грыгорый на Касплі Мірскі, стражнік Вялікага княства Літоўскага, бацька мае жонкі, пасля 9 гадзін у ноч. Да апошняга скону ён з вялікай набажнасцю вымаўляў: «Хрысце божа, прыйдзі і вазьмі маю душу ў свае найсвяцейшыя рукі! »

6 чэрвеня 1667 г. я ажаніўся з паненкай Софіяй Рымвідоўнай, дачкою ягамосці пана Іллі Рымвіда і Ганны Кенстэртоўны. Вяселле было ў Вільні, бо я ў той час знаходзіўся там, будучы дэпутатам ад Мінскага ваяводства на крымінальныя суды ў трыбунале.

16 чэрвеня 1670 г. памёрла ў Айнаровічах маці дабрадзейка мая паня Софія Цёлкаўна Камароўская, жонка Тышкевіча, суддзі мінскага. Пахавана яна ў айнароўскай капліцы.

25 лютага 1672 г. аддаў я замуж сваю дачку Тэафілію Цадроўскую за ягамосць пана Крыштофа Мацкевіча. Вяселле спраўляла маёй дачцы дабрадзейка яемосць паня Мірская, жонка стражніка Вялікага княства Літоўскага, у сваім двары ў Слуцку.

13 снежня 1672 г. дачка мая паня Мацкевічава нарадзіла сына Яна.

Для таго, каб мае дзеці ведалі, як я служыў майму ваяводству і мілай айчыне, пакідаю ім гэта на памяць.

Два разы я быў дэпутатам ад Мінскага ваяводства на крымінальныя суды ў трыбунале Вялікага княства Літоўскага.

Раз быў таксама дэпутатам ад Мінскага ваяводства ў скарбавы трыбунал.

Дзевяць разоў быў паслом ад свайго ваяводства на сеймах. Дзесяты раз ездзіў на элекцыю[27] караля ягамосці Міхала Карыбута Вішнявецкага[28].

Пасля выгнання Хаванскага[29] і перамогі, атрыманай у 1660 г. над маскоўскім войскам пад Палонкай і Ляхавічамі, калі я жыў у выгнанні ў Слуцку, напярэдадні св. Пятра і Паўла я выехаў з слуцкай крэпасці з людзьмі, якіх сабраў плоцкі стольнік ягамосць пан Клоцкі для перахопу ўцякаючых масквіцян. І калі мы з'ехаліся над Нёманам у Свержані з ягамосцю панам Чарнёцкім, ваяводам рускім, я па парадзе ягамосці пана стольніка плоцкага застаўся пры ягамосці ваяводзе для таго, каб даведацца ў яго аб сваіх кандыцыях, і праводзіў войска ягамосці пана Чарнецкага аж да р. Берэзіны. Потым я вярнуўся дамой, у якім мяне, маючы на руках універсалы ягамосці пана гетмана Вялікага княства Літоўскага, г. зн. ягамосці пана Паўла Сапегі і ягамосці пана Чарнецкага, ваяводы рускага, абрабавалі гультаі Русецкага і самаго ледзь не забіў Свяцкі, сын пана Хрызастома.

У хуткім часе пасля гэтага выпадку сабралася наша ваяводства і абрала мяне з ягамосцю панам Станіславам Залескім паслом да ягамосці пана вялікага гетмана Вялікага княства Літоўскага (г. зн. да Паўла Сапегі. — А. К. ), якога мы дагналі аж за Шкловам, і да ягамосці пана Чарнецкага, ваяводы рускага, якога мы засталі пад Барысавам, просячы звярнуць увагу на ваяводства, якое ў часы панавання тут масквіцян мела сваё войска і надзвычай варожа дзейнічала супраць іх.

I зноў, калі кароль Ян Казімір ішоў у Літву пасля разгрому маскоўскага войска пад Ляхавічамі і выдаў свае ўніверсалы, каб складалі для войска правіянт, ваяводства накіравала мяне да караля ягамосці вітаць караля ягамосць і растлумачыць яму, які ад нас можа быць правіянт. Караля ягамосць я застаў у трох мілях за Гроднам у Новым Двары.

Пасля разгрому мурашкінскіх гультаёў у Прусовічах у 1658 г. ваяводства накіравала мяне з ягамосцю панам Прычэўскім да князя Шарамецьева, рэзідэнцыя якога не малы час знаходзілася ў Барысаве, растлумачыць, што мы грамілі людзей не цара ягамосці, а наезнікаў і разбойнікаў, і каб нам за гэта не было ні ў чым няміласці ад цара ягамосці. Князя Шарамецьева мы ўжо не засталі ў Барысаве, бо ён выехаў у Маскву. Гналіся за ім аж да Шклова, але дагнаць не змаглі, інструкцыю нашу з подпісамі ўсёй шляхты аддалі барысаўскаму ваяводзе.

27 жніўня 1652 г. у Вільні памёрла любімая намі наша дабрадзейка сястра паня Ганна Цадроўская, жонка віленскага стольніка Яна Сасноўскага. Пахавана там жа ў Вільні ў капліцы пры віленскім саборы за горадам.

У тым жа годзе 26 лістапада яснавяльможны пан Сасноўскі ажаніўся з паняй Маклаковай, народжанай Кахлеўскай, зараз пасля пахавання, г. зн. 7 снежня, хутка адшкадаваўшы былую жонку і не звяртаючы ўвагі нават на пост.

12 жніўня 1654 г., калі было страшнае зацменне сонца, у генеральнай бітве з маскоўскім войскам быў забіты пад Шкловам пан Іеранім Мірскі, адзіны сын ягамосці пана Грыгорыя Мірскага, стражніка Вялікага княства Літоўскага. Прастрэлілі яго калчаном і ад гэтага прастрэла ён не пражыў і паўгадзіны.

31 снежня 1655 г. у Тыкаціне памёр князь ягамосць пан Януш Радзівіл, ваявода віленскі і гетман Вялікага княства Літоўскага; падазравалі, што яго атруцілі.

24 сакавіка 1667 г. у Круляўцы памёрла княгіня яемосць Ганна Радзівілаўна, дачка Януша Радзівіла, ваяводы віленскага і гетмана Вялікага княства Літоўскага, жонка Багуслава Радзівіла, канюшага Вялікага княства Літоўскага. Памёрла ад родаў на 27 годзе свайго жыцця, пакінуўшы дочку Луізу Шарлоту.

18 красавіка 1669 г. у вялікі чацвер у Заслаўі за Мінскам памёр апошні Глябовіч Юрый Карл, ваявода, не пакінуўшы ніводнага сына.

31 снежня 1669 г. у Круляўцы памёр князь ягамосць Багуслаў Радзівіл, канюшы Вялікага княства Літоўскага. Там жа ў Круляўцы 6 мая 1670 г. ён быў пахаваны побач са сваёй жонкай. Гэтаму князю ягамосці дабрадзею майму я служыў 32 гады. Гэта быў апошні Радзівіл з роду Радзівіла Чорнага.

У апошні дзень жніўня 1675 г. пад Дзядзілавічамі быў забіты падданымі ягамосці пана Фёдара Валатковіча, мінскага земскага пісара, мой прыстойны пляменнік пан Пётр Цадроўскі.

29 студзеня 1676 г. памёрла мілая нявестка мая, былая жонка брата пана Аляксандра Цадроўскага, якая потым была замужам за панам Аземблоўскім. Пасля сябе яна пакінула трох сыноў і дзве дачкі.

5 лютага 1676 г. прыгнечаны моцным жалем пасля забойства яго сына памёр у Далькавічах мой мілы брат блізнец пан Стэфан Цадроўскі, чашнік мсціслаўскі.

15 кастрычніка 1676 г. памёрла нявестка мая, жонка пана Стэфана Цадроўскага, чашніка мсціслаўскага, паня Крыстына Кахлеўская з Фулькаўчан, дачка брэсцкага земскага суддзі.

15 верасня 1680 г. памёрла ў Слуцку дабрадзейка бабуля маіх дзетак яемосць паня Кацярына Капашчэўская, дачка мінскага стольніка, жонка першага стражніка Вялікага княства Літоўскага Грыгорыя на Касплі Мірскага. Пахавана 21 студзеня 1681 г. у слуцкім саборы.

3 красавіка 1682 г. у пятніцу па намове лайолітаў, або айцоў езуітаў, і па іх парадзе ягамосць пан Пац, ваявода віленскі, вялікі гетман Вялікага княства Літоўскага, дазволіў зняць крыж з евангеліцкага сабора, размешчанага ў прадмесці за Трокскаю брамаю. Услед за зняццем крыжа пад кіраўніцтвам езуітаў студэнты разам з натоўпам мяшчан гвалтоўна напалі на сабор, разбурылі і раскідалі яго і дамы, у якіх жылі евангеліцкія ксяндзы. Кнігі папалілі, а ксяндзоў, якія ад страху пахаваліся пад грабы памёршых людзей, павыцягвалі і здзекваліся над імі. Нявіннае дзіцё, якое яшчэ было ў пялёнках, яны кінулі ў агонь. Яго ледзь жывога выхапілі з агню, але яно потым памёрла. Саборнае срэбра і званы забралі, захапілі і саборныя запасы, якіх было нямала, яны ўсё ўзялі. Ні шпіталю ні паважаным шпітальным жанчынам не было ад іх ніякай літасці, усё, што знаходзілі, рабавалі, а шпіталь і ўсю цагляную сцяну, абнесеную вакол магільніка, разбурылі і зруйнавалі. Трупы памёршых людзей выцягвалі з грабоў і бяссорамна здзекваліся над імі, палілі, мёртвых мужчын клалі на мёртвых жанчын, кажучы: «злучайцеся і размнажайцеся». Ад тых трупаў, што палілі на магільніку, быў страшэнны смурод па ўсяму гораду. Язычнікі ніколі так не здзекваліся над целамі хрысціян, як яны здзекваліся там. Разам з імі быў якійсьці езуіт, інкогніта з закрытым тварам, каб яго не пазналі. Але, відаць, пан бог не затрымаўся аддаць належнае за такія страшэнныя здзекі аўтарам гэтай нечуванай злосці. Назаўтра пасля разбурэння сабора ягамосць пан Пац, ваявода віленскі, гетман Вялікага княства Літоўскага, па якім сумуе кароль ягамосць і ўся Рэч Паспалітая, засмуткаваў і амаль што раптоўна памёр[30].

 



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.