Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Акакій і Паўсекакій супраць гіганцкіх качак-фашыстаў



Акакій і Паўсекакій супраць гіганцкіх качак-фашыстаў

фантастычная аповесць

 

I.

— Эй, ты!

Капрашэўскі зацкавана торгнуўся, няпэўна абярнуўся, павольна павярнуўся ўвесь.

— Вовововось ддададакумемеме... — палез умомант схаладнелымі пальцамі да кішэняў і заблытаўся ў тканіне, пачаў вымаць не тое.

Двое іранічна чакалі. Потым спыталіся:

— Месцапражыванне.

— Вувувувувуліца Алібебебебе...

— Не бебекай, — спыніў яго левы. — Картку мінчаніна мне, і з рэгістрацыяй.

Капрашэўскі вялікімі намаганнямі знайшоў картку і рэгістрацыю, працягнуў ім, выпусціў на брукаванку, кінуўся падымаць.

Двое ўважліва прачыталі дакументы.

— Гасцявое пасведчанне.

— У мяне няма, я дадодадода...

— Дадададододо, — перадражніў правы, і Капрашэўскі змоўк.

— Сямнаццаць дваццаць пяць, — заўважыў левы.

— Не паспее, — пагадзіўся правы.

— Я таксоўку вазьму! — выгукнуў Капрашэўскі, але ж тут правы паказаў яму некуды ўбок. Капрашэўскі рэзка і гучна заплакаў. Яны накіраваліся да вясёленькай зялёнай кабінкі накшталт біяпрыбіральні. Туды зайшлі абсалютова белы Капрашэўскі і спакойны левы, а выйшаў ужо толькі адзін левы.

Стаяў вельмі добры летні дзень.

 

— Праз колькі гэта будзе? — спытала Пракудыя, адхінуўшыся ад акуляра візабулятара.

Яны сядзелі ў цудоўнай мінскай кавярні і — вось жа ж супадзенне! — чакалі, пакуль прынясуць качку. Стаяў вельмі добры летні дзень, дужа падобны, па шчырасці, да дня, намаляванага візабулятарам. Зусім блізка — прахіні руку — разнастаілі мінакі, іх пераганялі раварысты, крыху далей плылі машыны, прапаўзла «сотка».

«Крыўдна будзе, калі ўсё гэта пазнікае», — падумала яна.

— Праз два гады, — адказаў акадэмік Цэнапгоўскі.

— Як прадухіліць?

Акадэмік пабегаў пальцамі і вочкамі, адказаў:

— Ну, гэта залежыць ад пэўных фактараў, сярод якіх можна вылучыць прымарныя і мноства другарадных, але якія часам таксама нясуць свой уплыў.

І змоўк.

Пракудыя неадрыўна і моўчкі на яго паглядзела. Акадэмік заміргаў і заялозіў.

— Ну? — спытала яна.

— Ёсць адзін спосаб, — сказаў нарэшце Цэнапгоўскі. — Але ён дужа небяспечны. Трэба, каб нехта сам залез у будучыню праз візабулятар і ўсё там паправіў.

Тут Пракудыя дастала пацёрты металічны тэлефон і набрала нечый нумар.

— Прывіт, Акакій, — мовіла яна самым сваім звонкім галаском. — Хочаш рэстараннай качкі з чырвоным віном? Вельмі цудоўна, гоў да мяне ў былыя «Печкі-лавачкі». Паўсекакія ж вазьмі!

І афіцыянту:

— Яшчэ дзве порцыі, калі ласка.

 

 

II.

Непасрэдна ўслед за гэтым нехта патэліў самой Пракудыі. Гэта апынуўся генерал Забуруеў.

— Дзе ты там ашываешся? — спытаў ён замест прывітання.

— Я вячэраю ў рэстаране, — мовіла Пракудыя. — Чаго і вам зычу.

Генерал набраў паветра і палічыў да дзесяці. Падзеіла слаба.

— Усё кідаеш і бягом да мяне, — сказаў ён стомлена і кінуў слухаўку.

— Ідзе ён лесам, — сказала Пракудыя, выпіла ўвесь келіх і загадала паднавіць.

Праз тры хвіліны званок паўтарыўся.

— Хутка там?

— Вы мне скажаце толкам, што адбылося, ці не? — спытала Пракудыя.

— Крадзёж медыкаментаў. У асабліва буйных памерах.

— Буйных — гэта колькі?

— Дзесяць цыстэрн пратэінавых кактэйляў, фура гарманальных прэпаратаў...

— Аднак, — вымавіла Пракудыя.

— От табе і аднак.

— Буду праз 4 хвіліны, — сказала яна і знікла.

Не паспеў акадэмік Цэнапгоўскі як след абдумаць гэтую навіну, як у кавярню ўваліліся двое ідэальна апранутых, у дарагіх чорных акулярах. Гэта былі нашыя знаёмцы — Акакій і Паўсекакій.

— Оў, гля-ка, візабулятарчык! — падзівіўся Акакій. — А можна пазырыць?

І прыхінуўся да акуляра.

— О, крута, качкі, — мовіў ён. — Паўсекакій, паглядзі-ка!

Паўсекакій у сваю чаргу прынік да акуляра.

— А можна ўнутр залезці? — папрасіў Акакій, і дужа здзіўлены акадэмік не паспеў нічога адказаць, як два ёлупы адзін перад адным палезлі ў ягоны візабулятар.

— Эй, вы куды?! — выгукнуў ён і схапіўся за тры нагі, што весела тырчалі з візабулятара і торгаліся па-над столікам.

— Вам дапамагчы? — спакойна папытала чарнявая афіцыянтка, дапамагла цягнуць і выцягла Паўсекакія. Акакій праваліўся ўнутр.

Стаўшы на трывалую глебу, герой перш-наперш усміхнуўся бліскучай усмешкай і запытальна спытаў, запраўляючы беласнежную кашулю назад у штаны:

— А ці падабаюцца вам сакрэтныя суперагенты, мадмуазэль?

— Падабаюцца, — адказала мадмуазэль з грацыёзнай усмешкай і знікла на кухню. Паўсекакій доўга глядзеў услед на яе бледныя ногі.

— Вашая качка, — прамовіў плячысты афіцыянт з цікаваю фрызурай, паставіў дзве талеркі перад Паўсекакіем і дзве — перад акадэмікам. Паўсекакій адразу пачаў жэрці, а Цэнапгоўскі ў задуменнай прастрацыі калупаў птушку відэльцам.

— Дзе гэты?

Пракудыя вярнулася бясшумна, прысвоіла адну талерку ў акадэміка і закінула нагу за нагу амаль як Шэран Стоўн.

— А ён ужо там, — адказаў Паўсекакій з набітым ротам і паказаў на візабулятар відэльцам.

— Якога хрэна? — спыталася Пракудыя, не мяняючы тону.

Паўсекакій не адказаў.

— Проста так узяў і палез? У візабулятар?

— Ну мы то бок абодва палезлі, але мяне выцягла такая дзяўчынка, я табе скажу!..

— Паўсекакій, — амаль ласкава мовіла Пракудыя. — У гэтай кавярні надта тупыя нажы — амаль як твая башка. Гэтымі нажамі надта нязручна рэзаць глоткі — пацыенту балюча, пацыент вырываецца, смерць наступае павольна і ўсё такое. Дык вось я табе абяцаю, што калі ты яшчэ раз вычварыш нешта падобнае, я табе гэтым самым тупым нажом зраблю аперацыю без наркозу. Андэстуд?

Паўсекакій ашалела кіўнуў, радуючыся, што афіцыянтачка гэтага не бачыла.

— Бактэрыяльную апрацоўку, я так разумею, рабіць ужо няма сэнсу? — спыталася яна ў акадэміка.

— Рабіце што хочаце, — махнуў ён рукой.

— Значыцца, так, — прамовіла тады Пракудыя. — Лезеш туды (ды пачакай ты, дзяцел! ), знаходзіш Акакія і перадаеш яму тое, што я зараз распавяду, с л о в а ў с л о в а.

І распавяла.

 

 

III.

— У далёкай галактыцы MG-262, — так пачала Пракудыя, — жыло племя разумных качак. Яны былі высакаразвітай цывілізацыяй, і нішто ў свеце не магло іх спыніць. Але з цягам вякоў яны заняпалі і вырадзіліся. Апошнія два жыхары галактыкі MG-262, якіх звалі Ху Пу і Лу Му, селі ў гравітацыйны зоркалёт і паляцелі ў нашу галактыку шукаць мясцовых качак. У пачатку красавіка гэтага года яны прызямліліся на Зямлю.

— Што было далей? — спытаў Паўсекакій, якога надзвычай зацікавіла гэтая гісторыя.

— Пабачыўшы зямных качак, — мовіла Пракудыя, — Ху Пу і Лу Му абурыліся, іба зямныя качкі былі дробных памераў і нядужага інтэлекту. Ху Пу і Лу Му вырашылі перамагчы людзей, якія парабацілі качак. Нашыя апошнія дадзеныя сведчаць, што праз два гады ў іх гэта атрымаецца.

— Жах які, — здрыгануўся Паўсекакій.

— Пры той, аднак, умове, што мы гэта дапусцім, — давяршыла Пракудыя. — Такім чынам, вашая задача — прабрацца ў будучыню і знішчыць Качыны Рэйх. Пытанні ё?

Пытанняў не было, а таму Паўсекакій даеў качку, запіў віном і палез у візабулятар.

— Дзякуй вам, Ленгард Гернардавіч, — сказала Пракудыя і зноў знікла. Акадэмік Цэнапгоўскі зразумеў, што ён застаўся тут за галоўнага.

— Вас палічыць? — драпежна спытаў афіцыянт.

 

Паўсекакій выпаў праз ніжні раструб візабулятара на вышыні 4 кіламетры 600 метраў над узроўнем Мінску. Тое, што ён пабачыў, моцна яго здзівіла.

Плошча Незалежнасці была заліта вадой і ператворана ў басейн. У гэтым басейне купаліся процьмы качараў, качых і качанятак. Усе яны былі аграмадных памераў — самыя маленькія даставалі даросламу мужчыну вышэй пояса, а ў агульнай масе сягалі за два метры. Людзей, як можна было заўважыць у дваццаціразовы бінокль, не было ні ў басейне, ні наагул у цэнтры горада. А ўжо што стаяла на месцы Палаца Рэспублікі...

— Сёмы, сёмы, я восьмы, — прамовіў Паўсекакій у выцягнутую рацыю. — На месцы будынка на Кастрычніцкай плошчы знаходзіцца вадаплаўная птушка з жоўтага металу даўжынёй не менш як 800 метраў, як зразумеў?

— Восьмы, я сёмы. Гэта не птушка, а статуя Залатой Качкі, даўжынёй паўтара кіламетра, вочы мыць трэба. Яна на Палацы Рэспублікі стаіць адной лапкай на дыбачках, таму што іначай не ўмяшчаецца, канец сувязі.

Пасля гэтай размовы Паўсекакій вырашыў, пакуль яшчэ ёсць паліва ў ракетным заплечніку, паглядзець, што ў такім выпадку робіцца на ўскраінах. Але ж неяк так здарылася, што не паспеў ён даляцець і да «нацыяналкі», як рухавік зачхаў і заглох. Тады Паўсекакій, якога ў свой час выдатна навучылі ўпадаць з вялікіх вышынь, адмыслова растапырыў рукі і ногі, крыху сагнуў іх пад пэўнымі вугламі, і яго пачало закручваць у гарызантальнай плоскасці. У рэшце рэшт суперагент 008 плюхнуўся жыватом на аглядную пляцоўку, забляваў яе ўсю і страціў прытомнасць. Усё гэта было звычайным вынікам пасадкі на аўтаратацыі і ніяк не пагражала суперагенцкаму жыццю. Зато яму пагражалі сямнаццаць вартавых качак з крыабластарамі, якія дзяжурылі па перыметры.

Качкі абступілі Паўсекакія з усіх бакоў. Самы галоўны асцярожна тыцнуў яго крыабластарам.

Паўсекакій заенчыў і прыўзняўся, але рукі раз'ехаліся...

Тым часам Акакій вырашыў набраць калегу і выведаць, дзе ён ашываецца. Спярша ніхто не адказваў і чулася адно булькатанне ды плюханне. Пасля незнаёмы голас прагундосіў:

— Обер-качкамаёр Го Жо ў апарата.

«Гэта гамон», — зразумеў Акакій і кінуўся на дапамогу.

 

 

IV.

Пракудыя на максімальнай хуткасці імчала на паўднёвы ўсход, абганяючы ўсіх як стаячых, а самых матраснікаў нават як сустрэчных. Прасвістала паміж хлопцам і дзяўчынай, што ехалі побач на Пракатных Аранжавых. Адчапіла нейкага пафаснага, з лежаком і голенымі нагамі (круты паварот з замахам, рэзкі спурт у горку). Без намаганняў уцякла ад ментавоза, што хацеў штрафануць за язду па праежцы, і ўвалілася да пісьменніка Лупасіна.

— Слухай, тут такое пытанне, — мовіла яна. — У цябе недзе быў прасрачаны нямецкі пурген, прыдатны да дзевяноста пятага года. Дай яго мне.

— Худнееш? — спытаў Лупасін. — Не трэба, у цябе ідэальная фігура.

— Не я, — сказала Пракудыя. — Я табе потым распавяду.

Яны знайшлі маракасы, лавец сноў, гумовы малаток, пюпітр для самаграйкі, паламаны глобус, казу (не тую, што каза), часопісы «За рулём» і «Тэхніка — моладзі» і ўрэшце жаданую бляшанку канарэечна-жоўтага колеру.

— Дзякуй за падарунак, — мовіла Пракудыя і сунула бляшанку ў няшны блакітны заплечнік. — Пакатаем праз гадзінку?

— Пакатаем праз дзве, мне яшчэ інтэрв’ю расшыфроўваць.

— 21: 59 каля дамбы, буду ехаць насустрач, пазнаю. Усё, цалую.

І, не пацалаваўшы, рванула да Жоўтага Дома.

 

Паўсекакій ачуняў у цёмным вільготным памяшканні. Яму было надзвычай лёгка, цела бы нічога не важыла. Стаяла цішыня, якую парушалі глухія рытмічныя ўдары і больш рэдкія звонкія.

Ён боўтнуў рукой. Пачуў звонкі гулкі ўсплёск, ад якога нават прымружыўся, быццам хто хрустальным келіхам даў па вушах. Праз секунду вакол твару прабегла хваля.

«Вада, — здагадаўся агент 008. — Падобна, што камера сэнсарнай дэпрывацыі, але ж нейкая недаробленая, мы ў свой час практыкаваліся ў куды больш сур’ёзнай. Але ж цікава, навошта я ім! »

Пытанне было дарэчнае. Калі б хацелі забіць, забілі б адразу: з людзьмі гэтыя хлопцы, па ўсім, не цырымоняцца. Тады што? (Думкі ў галаве круціліся яшчэ пакуль млява, бы тлустыя цюлені). Калі хочуць дапытваць, то крок цалкам лагічны — спачатку дэпрывацыя, потым лямпу ў вочы, свісток у вушы, махорку ў нос. Ці не? Думай, думай, галава! (Паўсекакій калтыхнуўся ў ванне, ледзь не захлынуўся і ледзь не аглых). Калі яны маюць датчыкі руху — а яны іх безумоўна маюць, — то віцізёраў выпадае чакаць надта хутка і адлік пайшоў на хвіліны. Ці нават на секунды...

Паўсекакій кульнуўся вонкі, як вучылі, прыгожым перакатам, усталяваў раўнавагу на коўзкай кафлі і плаўна, хадою «лыжнай гарылы» сунуўся шукаць выхаду.

 

Тым часам начальнік Дэпартаменту па эксперыментах над людзьмі доктар Мэ Жэ сядзеў у аграмадным кабінеце на апошнім паверсе і слухаў даклад знаёмага чытачу Го Жо.

Даведаўшыся пра тое, што Паўсекакій прызямліўся на аўтаратацыі, доктар Мэ Жэ, які быў надта разумны, вырашыў:

«Аге, гэта нейкая памежная пераходная форма паміж чалавекам і качкай. Трэба замяніць яму полавыя органы на галаўны мозг».

Памянёная аперацыя была кароннай фішкаю доктара. Менавіта полавыя органы на галаўны мозг ён мяняў у 1249 з 1251 эксперымента, падрабязна запратаколенага цягам бягучага месяцу (двух засталых людзей доктар Мэ Жэ сшыў паміж сабой). На жаль, 100 % пацыентаў сканалі, не дачакаўшыся вынікаў эксперыменту.

Го Жо пайшоў, аддаўшы гонар. Мэ Жэ цяжкавата падняўся і пры дапамозе дзвюх медсястрычак-сяголетак стаў уздзяваць стэрыльную белую халату. Узяў у правае крыло скальпель, паспрабаваў дзюбаю вастрыё. У левае крыло яму далі тонкі чарпак для мазгавога рэчыва. Адна з сястрычак, якая была патаемна закаханая ў доктара, павязала яму чапец. Пасля гэтага працэсія сунулася з кабінета даўжэзным калідорам, потым другім і трэцім.

Трэба сказаць, што архітэктар Пу Пу, які кіраваў перабудовай Нацыянальнай бібліятэкі ў клініку доктара Мэ Жэ, меў даволі нетрадыцыйныя погляды на клінікабудаванне, а казалі часам, што і ўвогуле быў моцна накурыўшыся. А таму ад кабінета доктара да басэйнаў вяло не адзін, не два і не тры, а шаснаццаць калідораў і пятнаццаць лесвічных пралётаў. Ну а ад басэйнаў да аперацыйнай вяло таксама пятнаццаць пралётаў і шаснаццаць калідораў, так што чарговы аб’ект эксперыментаў меў дастаткова часу, каб намаляваць ва ўяўленні процьму жывых карцінак.

 

Паўсекакій торгнуўся, прыклаў вуха да кафлі. Так, гэта былі безумоўна яны — цяжкія, яшчэ пакуль далёкія крокі трох параў качыных лап.

 

 

V.

Акакій кінуўся ратаваць сябра. Думкі яго блыталіся: Паўсекакій... ён быў заўсёды такі безабаронны, такі летуценны... З таго дня, як яны пазнаёміліся, прайшло так мала часу, але Акакій адчуваў, што за гэты час яны зрабіліся лепшымі сябрамі. Але дзе яго шукаць у гэтым новым, незнаёмым Мінску? Ён не ведаў, і ніхто не ведаў, акрамя злосных качак.

О качкі! Вы, менавіта вы адабралі ў мяне сябра! Калі з ім нешта здарыцца, помста мая будзе жорсткай! Я зраблю з вас качак з яблыкамі! Качак па-пекінску!

Акакій узгадаў верш, які яму і толькі яму паказаў пад вялікім сакрэтам Паўсекакій:

 

    О мілая мілэдзі з цёмнымі валасамі,

    Ты прыходзіш да мяне каляровымі снамі,

    Калі я думаю пра цябе, то табой маё сэрца

    Незвычайна б’ецца, як птушка ў клетцы.

 

    Дзе яшчэ мне сустрэцца з табой назаўжды,

    Каб каханне сваё правесці праз гады?

    Але зноў не бачу цябе у сукенцы,

    І зноў самотна б’ецца маё сэрца...

 

Гэты верш быў прысвечаны незнаёмцы з Інстытута журналістыкі, якую Паўсекакій напаткаў падчас аперацыі «Хамячок»[1]. Паўсекакій закахаўся ў яе і кожную ноч думаў пра яе. Думаў доўга, маляваў ва ўяўленні розныя карціны, круціўся ў ложку, будзіў Акакія, які спаў побач (на суседнім ложку). Калі ён урэшце засынаў, то сніў ейную сяброўку Алісу, якую прасіў перадаць, што ён яе ка... о не, Паўсекакію пераймала дых вымавіць гэтае слова, і ён ува сне падаў непрытомны, і тады Аліса з незнаёмкаю пужаліся і наперарыў рабілі яму рот-у-рот...

Акакій зразумеў, што трэба ратаваць Паўсекакія. Але ж як?

І тут раптам геніяльная ідэя прыйшла яму да галавы. Цяпер ён ведаў, як.

Пабачыўшы здаравеннага качара ў пагонах качкафельдпалкоўніка, што сунуўся насустрач, абдымаючы за задніцы дзвюх паненак зразумела якога гатунку, Акакій кінуўся да яго. Аддаў гонар і спытаў:

— Дазвольце звярнуцца, херр качкафельдпалкоўнік, на якім участку дзяжурыць обер-качкамаёр Го Жо?

— Увесь час прама, — палкоўнік паказаў крылом, — а тады пабачыш.

Акакій таропка падзячыў і пабёг. Потым ляснуў сабе па лбе, абазваў ёлупам, дастаў з рукава раскладны электрасамакат, развіў дзікую хуткасць і праз 5 хвілін быў каля Нацыяналкі.

Заставалася самае цяжкое — прабрацца ўнутр.

Акакій асцярожна павярнуў самакатную падножку ў дыяганальнай плоскасці. Дзве рабочыя паверхні самаката ператварыліся ў чатыры лопасці. Акакій выцяг з матора шлейку, прыладзіў былы самакат на спіне, зашпіліў замок і націснуў чырвоную кнопку на жываце. Прапелер круціўся з моцным дысбалансам, закручваў суперагента ў другі бок, але трываць было мажліва.

Акакій узняўся над ніжнімі паверхамі і пачаў аблёт будынка па спіралі.

 

Тым часам пісьменнік Лупасін нарэшце дакончыў сваё інтэрв’ю і ламануўся на начную пакатушку.

— Не спазніўся, малайчынка, — сказала Пракудыя. — Куды паедзем, на Дразды, на Цнянку або на мора?

— Для пачатку на Дразды, — вырашыў Лупасін. — Задавай тэмп.

Пракудыя куляй стрэліла ў вячэрні паўзмрок, даляцела да бліжэйшай лаўкі і зрабіла там эфектнае стопі. Змылены Лупасін пад’ехаў, калі яна сядзела ножка за ножку і заканчвала абрываць рамонак.

— Ну што, сядай побач, — мовіла яна, — папі вадзічкі. А калі аддыхаешся крыху, сам задавай тэмп і сядай мне на кола, каб раптам не стаміцца.

 

 

VI.

Пакуль Пракудыя троліла пісьменніка Лупасіна, Акакій не губляў часу дарэмна, а шукаў Паўсекакія. Два разы вакно бібліятэкі падавалася яму падазроным, але, выбіўшы шыбу, сакрэтны агент разумеў, што гэта ўсяго толькі просты кабінет звычайнага качкачыноўніка ад качкамедыцыны.

Трэцяе вакно прыцягнула яго ўвагу нейкай сваёй ненатуральнасцю, якую ён доўгі час не разумеў. Але хутка ён зразумеў, у чым тут штука, а зразумеўшы, высадзіў шыбу і ўваліўся ўнутр.

Штука была ў тым, што Акакій заўважыў: увесь інтэр’ер гэтага пакоя не мяняў ракурсу пры змене вугла погляду. Гэта сведчыла пра тое, што... ён быў папросту намаляваны! Намаляваны на шыбе. А значыць, за гэтым шклом нешта хаваюць!

За шклом хавалася густая цемра, змрок і цішыня. Акакій уключыў ліхтар, умайстраваны ў пярсцёнак, і ўбачыў... Паўсекакія! Але ж у якім выглядзе быў суперагент 008 — голы, мокры, у паставе лыжнай гарылы і з замружанымі ад зыркага святла вачмі!

Суперагенты ступілі па ледзь асветленай кафлі адзін да аднаго і моцна, па-мужчынску абняліся.

І акурат у гэтую рамантычную хвілю цяжкія дзверы злавесна загрукаталі і раз’ехаліся. На парозе стаяў доктар Мэ Жэ са скальпелем і чарпаком у кампаніі дзвюх сястрычак.

— Рукі ўгору! — скамандавалі Акакій і Паўсекакій і навялі на доктара парасон з умайстраваным кулямётам.

Качкі ўзнялі свае крылы, але раптам Мэ Жэ кінуўся на суперагентаў са скальпелем. Акакій націснуў гашэтку, кулі стрыганулі па дзвярным касяку, грызянулі кафлю, але не прычынілі качару ніякай шкоды. Суперагенты адскочылі ад доктара Мэ Жэ. Ён рэзка павярнуўся ў іхны бок. Адстрэльвацца больш не было чым.

«Становішча сур’ёзнае», — падумаў Паўсекакій.

 

— Не стаміўся? — спыталася Пракудыя. — Тут акадэмік Цэнапгоўскі жыве, можам да яго пад’ехаць.

Лупасін пагадзіўся. Яны вырулілі з набярэжнай да пафаснага сталінскага дома і зазірнулі ўнутр.

— Ленгарда Гернардавіча няма, — сказала сціплая дзяўчына з загадкавым поглядам. — Калі хочаце, можна яго пачакаць. Заварыць вам гарбаты?

— Мы трохі аддыхаемся і далей паедзем, — мовіў Лупасін. — Скажыце, а што во гэта за штука на стале стаіць?

— Візабулятар, — адказала замест Ксюшы Пракудыя. — Дарэчы, дай-ка я адну рэч пагляджу...

Крутнула ручкі, прылажылася да візабулятара. Прысвіснула.

— Албібэк, чакайце пяць сэк, — мовіла і рыбкай скочыла ўнутр. Лупасін і Ксюша паглядзелі адно на аднаго.

Ксюша была сярэдняга росту, бледнаскурая, тонкай косткі, з вузкім абліччам, вялікімі вачыма і загадкава-хітраватай напаўусмешкай. Апранута яна была ў лёгкую маечку і ў простую ружаватую спаднічку крыху вышэй сярэдзіны сцягна. Ну і яшчэ ў пушыстыя пантофлі.

— Не глядзіце на мяне так, — пачырванела яна.

— Чаму? — спытаў Лупасін і паглядзеў на яе яшчэ ўважлівей.

— Вашая дзяўчына зараўнуе, — загадкава пасміхнулася Ксюша.

— Па-першае, Пракудыя не мая дзяўчына, — упэўнена пасміхнуўся Лупасін, — па-другое, я люблю пільна глядзець на суразмоўцаў, а па-трэцяе, давай пяройдзем на «ты».

— Давай, а як? — спыталася Ксюша, апусціла вочы долу і крышачку задумалася.

— Напрыклад, вып’ем на брудэршафт і пацалуемся ў губкі.

— Давайце, — хуценька кіўнула яна, збегала да бара і хутка прыбегла на канапу з лікёрам «Бэйліс» і дзвюма чаркамі.

... Калі Пракудыя нарэшце вярнулася з будучыні, то, вылезшы з візабулятара і аглядзеўшыся, ціхенька прабралася да выхаду і прычыніла за сабой дзверы. Заварыла зялёнай гарбаты, таму што чорнай не было, і стала цярпліва чакаць, пакуль Лупасін выйдзе.

 

ПРАЦЯГ БУДЗЕ


[1] Падрабязней пра гэта чытай у маёй аповесці «Акакій і Паўсекакій ратуюць хамячка».



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.