Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





мужчын. жанчын. Назва населенага пункта. нацыянальнасць. На верх старонкі



 

У гады Вялікай Айчыннай Дзевятнаццаць дзён вайны... У гісторыі супадзенні адбываюцца значна часцей, чым нам гэта здаецца. Вось і адзіная дата — 10 ліпеня — з розніцай у 3 гады акрэслена для жыхароў Лунінеччыны адначасова чорнай і чырвонай датамі. 10. 07. 1941 — дзень акупацыі горада нямецка-фашысцкімі захопнікамі. 10. 07. 1944 — дзень вызвалення раёна войскамі Чырвонай Арміі і партызанамі. Вайна... Яна па-рознаму ўварвалася ў жыццё кожнага чалавека. Ужо сцякала крывёю Брэсцкая крэпасць, а на Лунінеччыне яшчэ працягвалася мірная ноч, і толькі раніца прымусіла ўздрыгнуць ад чорнай весткі. З успамінаў Марыі Іванаўны Шэўчык, жыхаркі в. Любань: — 22 чэрвеня, як заўсёды, прачнулася рана — трэба было гнаць на пашу кароў. Чую бацькаў ціхі голас да маці: " Збяры гэтыя паперкі і спалі, каб дзеці не бачылі". Я нават не зразумела, аб чым гаворка. Толькі калі выгнала жывёлу на луг, здагадалася: уся трава была накрыта белымі лістоўкамі. Падняла адну, чытаю прыкладна наступнае: Брэст і Мінск знішчаны, Чырвоная Армія разбіта, салдатам прапаноўваюць здацца ў палон і абяцаюць райскае жыццё, а насельніцтву — выдаваць савецкіх актывістаў. Колькі бачыла гэтых папер — пазбірала. Потым з іх касцёр распаліла зварыла сбе яйкі на снеданне. А калі дамоў вярнулася, то ўсе вяскоўцы ўжо ад радыё не адыходзілі: слухалі паведамленне Масквы. З успамінаў Ганны Кірылаўны Аляшкевіч, жыхаркі г. Лунінец: — У тую ноч я з дачкой начавала ў бацькаўскай хаце, таму што маці ляжала ў бальніцы. У пачатку пятага прячнулася: нейкі незвычайны самалётны гул доўга не даваў заснуць, быццам толькі над нашай хатай кружыўся. Раніцай пайшла наведаць маці, а ўсіх хворых выпісваюць з бальніцы. Урачы аб'яўляюць: " На нас напалі немцы. Баі ў Брэсце. Трэба вызваляць бальніцу для параненых, тут будзе шпіталь". Што вайна пачалася — даведалася, але не асэнсавала да канца. Толькі глянула на жахлівыя твары медыкаў — сярод іх шмат яўрэяў было, якія збеглі з Варшавы ў пачатку другой сусветнай вайны. Яны ўжо сутыкаліся з фашыстамі і толькі паўтаралі: " I тут нам не будзе жыцця". Паступова да мяне пачало даходзіць, чым можа абярнуцца вайна. Праз пару дзён у горадзе загаварылі пра той самалёт, што пужаў у першую ваенную ноч. Чулі, што пілотам на ім была немка. Збілі яе над Жабінкай... Магчыма, не самыя красамоўныя сведчанні старажылаў аб пачатку вайны. Але да сустрэчы з ёю, як кажуць, твар у твар было яшчэ 18 дзён. Адносная ж арганізаванасць у нашых мясцінах эвакуацыі, якая ў заходніх абласцях была практычна немагчымай з-за хуткага наступлення немцаў, адзначаецца ў дакладной запісцы ЦК КП (б) Беларусі і СНК БССР сакратару ЦК ВКП (б) і старшыні СНК СССР Сталіну ад 22 ліпеня 1941 г. з грыфам " Сакрэтна": " З Пінскай вобласці эвакуіраваны 2 каштоўныя прэсы і ўся дэльтадраўніна з Мікашэвіцкага фанернага завода". (Известия ЦК КПСС. № 8. 1990). Наступленне немцаў на поўдні Беларусі адбывалася вельмі павольна. Нямецкія генералы баяліся прыпяцкіх балот з іх бездарожжам, дзе магла не прайсці цяжкая тэхніка. Таму ў сваіх планах яны выключылі пойму Прыпяці з ліку напрамкаў актыўнага наступлення. Гэта добра бачна з нямецкіх ваенных карт — галоўныя ўдары накіраваны на поўнач і поўдзень ад так званай " Прыпяцкай вобласці". У свой час і Напалеон не адважыўся рухацца праз Палессе. Аб тым, што прыпяцкія балоты прыносілі шмат клопатаў і непрыемнасцей нямецкаму камандаванню, сведчаць заўвагі начальніка генеральнага штаба сухапутных войск праціўніка генерал-палкоўніка Ф. Гальдэра. Так, 5 снежня 1940 г. ён запісаў: " Праціўнік павінен быць рассечаны ўдарамі моцных флангавых груповак на поўнач і на поўдзень ад прыпяцкіх балот... " Запіс у лютым 1941 г.: " Прыпяць! ", у сакавіку: " Праблемы, што звязаны з прыпяцкімі балотамі... " (Ваенны дзённік. т. 2. М.: Ваенвыдат. 1969). Як бачым, гэты раён непакоіў немцаў. План нападу на СССР пад кодавай назвай " Дырэктыва № 21. План " Барбароса" быў зацверджаны Гітлерам у снежні 1940 г. Групы армій " Поўнач", " Цэнтр" і " Поўдзень" павінны былі моцнымі танкавымі ўдарамі рассекчы галоўныя сілы Чырвонай Арміі і знішчыць іх у заходніх абласцях. Група армій " Цэнтр" пад камандаваннем фельдмаршала Ф. фон Бока наносіла галоўны ўдар уздоўж шашы Брэст — Мінск, група армій " Поўдзень" — уздоўж шашы Роўна — Кіеў. З'яднаць свае намаганні яны павінны былі на ўсход поймы Прыпяці. Аб шырыні " палескага калідора" паміж дзвюма групамі ў нашай ваеннай літаратуры звестак не знойдзена. Англійскі гісторык Б. Ліддзел Гарт у кнізе " Другая сусветная вайна" зазначае што шырыня гэтай паласы была каля 100 кіламетраў, і " гэты раён застаўся ўбаку ад асноўных напрамкаў нямецкіх войск". Таму і населеныя пункты ў ім былі акупіраваны адносна позна. Непасрэдна на Брэсцкім напрамку нямецкае камандаванне ўвяло ў дзеянне 4-ую палявую армію фельдмаршала Г. фон Клюге, якой супрацьстаяла 4-ая армія (камандарм генерал-маёр А. А. Карабкоў, начальнік штаба палкоўнік Л. М. Сандалаў), створаная ў жніўні 1939 г. з Бабруйскай армейскай групы. Арміі Клюге была прыдана 2-ая танкавая група генерал-палкоўніка Г. Гудэрыяна. У склад групоўкі ўваходзілі 12 пяхотных, адна кавалерыйская дывізія і тры механізаваныя корпусы — немцы ўтрая пераўзыходзілі нашу 4-ую армію. У мемуарах генерал-палкоўніка Л. М. Сандалава " Перажытае" (М.: Ваенвыдат, 1961) і " Баявыя дзеянні войск 4-ай арміі Заходняга фронту ў пачатковы перыяд Вялікай Айчыннай вайны" (М.: Ваенвыдат, 1961) падрабязна апісаны першыя дні вайны, гераічныя і трагічныя падзеі чэрвеня 1941 г. У пачатку вайны армія складалася са стралковага корпуса, што стаяў ля Брэста, механізаванага корпуса ля Кобрына і асобных часцей і злучэнняў. 22 чэрвеня вораг нанёс па арміі масіраваныя артылерыйскія і авіяцыйныя ўдары. Ужо ў першы дзень ён захапіў Брэст (акрамя крэпасці і вакзала). Супраць чатырох нашых дывізій першага эшалона немцы кінулі дзесяць. 23 чэрвеня вораг захапіў Кобрын, дзе да вайны знаходзіўся штаб арміі. Контрудар нашых войскаў на Брэст быў няўдалы, 25 чэрвеня немцы ўвайшлі ў Драгічын, 26 — у Ляхавічы, 27 — ў Баранавічы і Слуцк, а 30 — захапілі Ганцавічы. У Пінску ў пачатку вайны сухапутных часцей было няшмат, тут стаялі Пінская ваенная флатытія і авіядывізія. Немцы ўжо ў першыя дні знішчылі большую частку самалётаў дывізіі. У горад адыходзілі асобныя групы байцоў з разбітых злучэнняў... 5 ліпеня вораг захапіў Пінск. Цяпер спынімся на дзеяннях часцей, што змагаліся на тэрыторыі Пінскай вобласці і маюць дачыненне да Лунінца. 75-ая стралковая дывізія пад камандаваннем генерал-маёра С. І. Нядзвігіна яшчэ ў 1940 г. была пераведзена з Мазыра ў раён Маларыты (у тым жа годзе адна з часцей дывізіі размяшчалася ў Лунінцы). На поўдзень ад Брэста дывізія ўступіла ў бой з 255-ай і 267-ай пяхотнымі і 1-ай кавалерыйскай дывізіямі 53-га нямецкага армейскага корпуса. У баявым данясенні 4-ай арміі Заходняй асобай ваеннай акругі № 05 ад 22. 06. 1941 (11. 45) сказана, што да 10 гадзін дывізія выйшла ў раён абароны і стрымлівае немцаў на поўдні ад Брэста. Пасля вайны з нямецкіх дакументаў стала вядома, што дывізія не толькі стрымлівала немцаў каля Маларыты, але і неаднаразова контратакавала. Сам Гудэрыян (Успаміны салдата. М.: Ваенвыдат, 1961) прызнаецца ў мемуарах, што немцы не маглі тут рухацца наперад. Вечарам 25 чэрвеня байцы 75-ай і 6-ай стралковых дывізій пры падтрымцы невялікай колькасці артылерыі зноў пачалі контратаку, але з-за няроўнасці сіл поспеху не мелі. У баявым данясенні ад 23 чэрвеня гаворыцца, што " 75 с. д. адыходзіла, прыкрываючы Пінскі напрамак". Існуе баявы загад камандуючага арміяй дывізіі, у якім на яе ўскладаецца забеспячэнне Пінскага напрамку і ўказваецца крайні рубеж адыходу — раён Драгічына. Але ўтрымацца на ім гэтая дывізія не здолела. Амаль поўнасцю былі выкарыстаны боепрыпасы, паліва, многія часці трапілі ў акружэнне. Знясіленыя бясконцымі баямі, яны не маглі ўжо біць ворага, як раней. Адчуўшы гэта, немцы да 2 ліпеня перакінулі амаль усе свае войскі з гэтага напрамку на лінію Кобрын — Баранавічы. У гэты ж час у штабе Нядзвігіна стала вядома, што войскі нашага Паўднёва-Заходняга фронту адышлі за раку Стыр. Такім чынам, стык паміж франтамі перамясціўся да Пінска. Таму генерал Нядзвігін адвёў дывізію па лясных дарогах да горада. У Пінску ён убачыў поўнасцю знясіленыя часці 6-ай стралковай дывізіі пад камандаваннем палкоўніка Папсуй-Шапко і розныя паспешліва створаныя з адыходзячых асобных байцоў і груп атрады. У горадзе панавала паніка. Штаб 10-ай змешанай авіядывізіі з рэшткамі сваіх палкоў па чыгунцы ад'ехалі ў Гомель. Заўчасна былі ўзарваны нафтасховішчы, склады боепрыпасаў, абкам пераехаў у Лунінец. У такой абстаноўцы знясіленыя і не маючыя адзінага камандавання вайсковыя часці толькі нейкім цудам утрымлівалі горад, адбіваючыся ад 53-га армейскага корпуса немцаў. З падыходам нядзвігінскай дывізіі супраціўленне ўзмацнілася, але не на доўгі час. Праз тры дні генерал Нядзвігін данёс камандуючаму: " 3 ліпеня аб'яднаў пад сваім камандаваннем усе часці, якія былі ў раёне Пінска, але з-за адсутнасці боепрыпасаў быў вымушаны 5 ліпеня пакінуць горад. Пінская рачная флатылія дайшла да Мазыра". 75-ая дывізія адыходзіла да Лунінца. Туды ж на некалькі дзён выйшла з-пад Бярозы знясіленая і згубіўшая шмат тэхнікі 205-ая матарызаваная дывізія палкоўніка Ф. Ф. Кудзюрава (загінуў у снежні 1941 г. ). З баямі адыходзілі да нашага горада і рэшткі 22-ой танкавай дывізіі палкоўніка І. В. Конанава (у канцы вайны — генерал-лейтэнант), які ўзначаліў дывізію пасля гераічнай гібелі яе камандзіра генерал-маёра В. В. Пуганава (23 чэрвеня ля вёскі Імянін, што на паўночны ўсход ад Антопаля, генерал на танку тараніў варожую машыну). Свой баявы шлях танкісты пачалі 22 чэрвеня з ваеннага гарадка на поўнач ад брэсцкага артпалігона. У першыя тыдні вайны дывізія вяла жорсткія баі ля Жабінкі, Ружан, Кобрына, Слоніма. У 2 кіламетрах ад Ружан, ля шашы на Ваўкавыск, зараз стаіць побач з Курганом Славы танк — тут пахавана 127 чырвонаармейцаў 22-ой і 25-ай танкавых дывізій. Панёсшыя вялікія страты, танкісты ў самым пачатку ліпеня апынуліся побач з Лунінцом. У яго наваколлі давялося кінуць некалькі танкаў. Да Лунінца адышлі атрад генерал-маёра Дзмітрыева, зводная група намесніка камандзіра 6-ай стралковай дывізіі палкоўніка Ф. А. Асташэнкі (пасля вайны — генерал-лейтэнант Герой Савецкага Саюза), якая абаранялася на ўчастку Кобрын — Пінск стрымліваючы націск кавалерыйскай дывізіі і часцей 12-га армейскага корпуса праціўніка. Да горада выйшла некалькі неарганізаваных груп байцоў з боку Пінска і Баранавіч. Нямецкія танкавыя злучэнні, што рухаліся на Сіняўку, збілі з рубяжа Шчары 55-ую стралковую дывізію, але атака немцаў захлынулася ля чыгункі Баранавічы — Лунінец. Праўда, часці 55-ай с. д., налічваючы ўсяго каля 2 дзесяткаў танкаў і не маючы боепрыпасаў, не змаглі доўга ўтрымліваць гэты рубеж. Частка дывізіі адышла да Лунінца. Атрымалася, што паміж Лунінцом і Баранавічамі не засталося нашых войск, аб чым было паведамлена ў Маскву: " Положение на Пинском направлении Сообщение секретаря Лунинецкого райкома партии Пинской области В. И. Анисимова Не позднее 30 июня 1941 г. Лунинец. Брест-Литовской (железной дороги). У аппарата секретарь райкома партии, член правительства БССР Анисимов. Докладываю некоторые данные о положении у нас для доклада правительству Союза о положении дел на Пинском направлении. Сейчас от Дрогнчнна до Лунинца и далее на восток до Житковичей сопротивление противнику оказывают отдельные части, а не какая-то организованная армия. Штаб 4-й армии после бомбардировки его в Кобрине до сих пор не собран, и отдельные части штаба ищут друг друга. Место пребывания командующего армией генерал-майора Коробкова до сих пор неизвестно, никто не руководит расстановкой сил, в результате чего на участке железной дорога Барановичн — Лунинец наших войск нет, Лунинец с севера не прикрыт, и немцы сейчас, проходящие по шоссе от Барановичей на Слуцк, могут беспрепятственно пройти в Лунинец, что может создать мешок для всего Пинского направления. В самом Лунинце гарнизона почти нет. Проведенная в нашем районе мобилизация людей и коней эффекта не дала. Люди скитаются без цели, нет вооружения и снарядов (очевидно, нарядов) на отправку людей. В городе полно командиров и красноармейцев из Бреста, Кобрина, не знающих что им делать, беспрерывно продвигающихся на машинах на восток без всякой команды, так как никакого старшего войскового командира, который мог бы координировать действия войск, нет. Прибывший вчера в Лунинец генерал-майор артиллерии Дмитриев, находившийся до этого в отпуске, сам, видимо, не зная обстановки и не зная о существовании штаба армии, никаких указаий не дал. Сегодня отправился в Пинск в поисках штаба. В Пинске сами в панике подорвали артсклады и нефтебазы и объявили, что их бомбами (очевидно, подорвали), а начальник гарнизона и обком партии сбежали к нам в Лунинец, а потом, разобравшись, что это была просто паника, вернулись в Пинск, но боеприпасы, горючее пропали, — и дискредитировали себя в глазах населения. Шлют самолеты в разобранном виде, а собрать их негде. Их будем возвращать обратно. Эти факты подрывают доверие населения. Нам показывают какую-то необъяснимую расхлябанность. Все требуют немедленных мер, назначения командующего, создания штаба, значительного усиления вооруженных сил, усиления истребительной авиации, т. к. сейчас бомбардировщики немцев чувствуют себя безнаказанно. Обращаюсь к вам, потому что и я, и Пинский обком партии с ЦК КПБ... (Известия ЦК КПСС. № 6. 1990. ) Тут запіс абрываецца. Далей, відаць, былі словы: " связи не имеем". На дакуменце маецца наступная рэзалюцыя: " Т. Маленкову. Прошу срочно ознакомиться с этой передачей по железнодорожному прямому проводу. Л. Каганович". Пад Лунінцом апынуўся і 33-і інжынерны полк, які яшчэ 24 чэрвеня штаб Заходняга фронту падначаліў 4-ай арміі, дадаўшы, што " месцазнаходжанне палка невядома". Полк адшукаўся толькі 6 ліпеня. Л. М. Сандалаў зазначае, што войскі захавалі баявы дух. Але іншыя звесткі ў запісцы сакратара Брэсцкага абкама М. Н. Тупіцынаў ЦК ВКП (6) і ЦК КП (б)Б ад 25. 06. 1941 г. : "... з першых дзён баявых дзеянняў у часцях 4-ай арміі пачалася паніка. Захопленыя раптоўна камандзіры разгубіліся. Можна было бачыць, як тысячы камандзіраў (ад маёраў і палкоўнікаў да малодшых камандзіраў) і байцоў ратаваліся уцёкамі. Небяспечна тое, што гэта паніка і дэзерцірства не скончыліся да апошняй хвіліны, ваеннае кіраўніцтва не прымае рашучых мер. Работнікі абкама партыі разам з групай пагранічнікаў спрабавалі затрымаць уцекачоў з фронту. На шашы каля Івацэвічаў мы часова спынілі ганебныя ўцёкі... Такім чынам, шмат якія камандзіры і палітработнікі замест арганізацыі эвакуацыі ў паніцы беглі з горада, у першую чаргу ратуючы свае сем'і, а чырвонаармейскія часці таксама ўцякалі". (Известия ЦК КПСС. № 6. 1990) У 2-ім томе мемуараў Маршала Савецкага Саюза Г. К. Жукава " Успаміны і разважанні... " (М.: в-ва АПН, 1975) адзначаецца, што ў першыя дні вайны камандаванне Заходняга фронту, не кажучы ўжо аб Стаўцы Галоўнага Камандавання ў Маскве, мела няшмат звестак пра падзеі ў прыгранічных раёнах. Тым не менш яно ўвесь час імкнулася навесці парадак у кіраванні вайсковымі злучэннямі, аб'яднаць іх. 26 чэрвеня 1941 г. немцы падышлі да Мінска і пачалі баі за горад. 27 чэрвеня раніцай начальнік Генеральнага штаба Г. К. Жукаў звязаўся з начальнікам штаба Заходняга фронту В. Е. Клімоўскіх і прадыктаваў яму загад Стаўкі. Трэба было тэрмінова наладзіць сувязь з усімі часцямі і злучэннямі, паставіць перад імі дакладныя баявыя задачы. Войскам фронту даручалася з баямі адыходзіць на Полацк і Бабруйск. Адзін з пунктаў загада быў такі: " Конніцу адвесці ў пінскія лясы, абапіраючыся на Пінск і Лунінец, пачаць самыя смелыя і шырокія нападзенні на тылы часцей і самі часці ворага. Асобныя невялікія групы конніцы пад камандаваннем адданых і мужных камандзіраў пастаўце на ўсіх дарогах". Такім чынам, наша камандаванне разлічвала з Прыпяцкага Палесся нанесці ўдары ў фланг немцаў, якія наступалі паўночней. Як гэта магло быць магчыма? Перад вайной у Беларусі ў складзе 10-ай арміі знаходзіўся 6-ы кавалерыйскі корпус. Месцам яго дыслакацыі была Беласточчына. У самыя першыя дні вайны кавалерысты разам з танкавымі злучэннямі вялі цяжкія баі ў раёне Гродна і панеслі вялікія страты. Загінуў і камандзір корпуса генерал-маёр І. С. Нікіцін. Падзеі склаліся так, што стварыць абарону на Палессі нашы часці не здолелі. Фактычна гэты пункт загада быў нерэальным, што само па сабе дакладна характаразуе складаную і жорсткую абстаноўку, якая ўтварылася у раёне. Адыходзячы ад Лунінца, байцы мелі асабістую зброю, кулямёты, але не мелі боепрыпасаў. З-за адсутнасці паліва ўздоўж дарог было пакінута шмат тэхнікі: гарматаў, трактароў, браневікоў. Харчаваліся байцы за кошт насельніцтва, харчовых запасаў розных прадуктовых баз, часткова ўжо разрабаваных або спаленых. У Лунінцы ў кастрычніку 1939 г. былі створаны аптовая база Белкаапсаюза і некалькі складоў з соллю, газай, запалкамі, тытунём і харчовымі таварамі. База знаходзілася побач з чыгункай каля Баханова. Прыкладна 26 — 28 чэрвеня гэтая вялізная драўляная пабудова барачнага тыпу на сваях была падпалена. Амаль усе прадукты былі знішчаны, толькі нязначная частка іх трапіла да насельніцтва і байцоў. Уласна ж армейскіх складоў у Лунінцы не было. Л. М. Сандалаў піша: " Заданне штаба фронту па тылу аб падачы для 4-ай арміі паліва, боепрыпасаў і прадуктаў харчавання на станцыі Лунінец засталося невыкананым. Калі б нават фронт і выканаў яго, забеспячэнне арміі не палепшылася б, таму што армія не здолела падвезці гэтыя матэрыялы войскам: аўтатранспарту не было ні ў стралковых дывізіях, ні ў армейскіх тылах, а машыны, якія былі перад вайной, спаліла нямецкая авіяцыя. Параненых трэба было эвакуіраваць праз звычайныя бальніцы ці пакідаць пад наглядам мясцовых жыхароў". Адзінае, чаго хапала ў адыходзячых часцях, — гэта жывой сілы. Часці папаўняліся за кошт далучэння невялікіх груп і асобных байцоў. Дывізія Кудзюрава на падыходзе да Лунінца налічвала звыш 5000 чалавек, зводны атрад Конанава меў каля 1000 чалавек, а атрады Асташэнкі і Дзмітрыева — па 700 — 800. Колькасць жа байцоў у асобных групах ніхто не падлічваў. Да гэтага часу ў самім горадзе сабралася шмат вайскоўцаў, што адсталі, не даехалі да сваіх часцей, збеглі з фронту і т. д., аб чым і паведамляў у Маскву сакратар райкама партыі. Камандуючы артылерыяй 4-ай арміі генерал-маёр Дзмітрыеў трапіў у Лунінец у пошуках штаба арміі. Вось што аб гэтым піша Сандалаў: " У Бабруйску да нас далучыўся (гэта адбылося пасля 27 чэрвеня, таму што камандны пункт арміі размясціўся ў гэтым горадзе ў другой палове дня) камандуючы артылерыяй генерал-маёр М. П. Дзмітрыеў. Вайна сустрэла яго ў Маскве. Ен выехаў адтуль у ноч на 23 чэрвеня і ўвесь гэты час блукаў у пошуках кіраўніцтва арміі, пераязджаючы з аднаго месца ў другое то па чыгунцы, то на аўтамашынах, то на вазах. Дзмітрыеў адразу ж уключыўся ў работы па арганізацыі абароны. Вялікую яго ролю і ў падрыхтоўцы артылерыйскіх пазіцый і забеспячэнні войскаў боепрыпасамі цяжка перабольшыць". Такім чынам, Сандалаў і Анісімаў па-рознаму ацэньваюць дзеянні Дзмітрыева. Відавочна, генерал, трапіўшы з адпачынку ў сумятню першых дзён вайны, наўрад ці мог даць нейкія загады лунінецкім партыйным уладам. Дарэчы, Міхаіл Пятровіч Дзмітрыеў (1898 — 1984) пачаў службу яшчэ ў царскай арміі, дзе атрымаў чын унтэр-афіцэра і Георгіеўскі крыж. У пяці войнах удзельнічаў ён і пяць ран атрымаў. У Вялікую Айчынную камандаваў артылерыяй шэрага франтоў, стаў генерал-палкоўнікам... Адыходзячыя з Лунінца войскі вялікімі і малымі групамі рухаліся па лахвенскай дарозе на Мікашэвічы і далей на ўсход. У сярэдзіне ліпеня яны ўжо прымалі ўдзел у баях пад Рагачовам, Прапойскам (сучасны Слаўгарад), Мсціславам. Дывізія Нядзвігіна перамясцілася да Мазыра, дзе стаяла да 1940 г. У пачатку ліпеня Заходні фронт узначаліў маршал С. К. Цімашэнка. Ён загадаў генералу Карабкову перадаць частку злучэнняў у склад 21-ай арміі. Камандуючы 4-ай арміяй генерал-маёр Аляксандр Андрэевіч Карабкоў (1897 — 1941) 9 ліпеня 1941 г. быў арыштаваны (як і камандуючы Заходнім фронтам Паўлаў і іншыя генералы) і неўзабаве расстраляны. У 1957 г. рэабілітаваны. У пачатку ліпеня 41-га Лунінец быў апошняй буйной чыгуначнай станцыяй, куды яшчэ даходзілі цягнікі з Гомеля, апошнім буйным населеным пунктам на шляху адыходзячых з Пінска і Баранавіч часцей, апошняй надзеяй для параненых быць адпраўленымі па чыгунцы ў тыл, для бежанцаў, што сабраліся на станцыі, для асобных байцоў і камандзіраў, што імкнуліся па розных прычынах хутчэй паехаць далей ад надыходзячага фронту. Няма дакладных звестак, колькі эшалонаў дайшло да Лунінца ў тыя неспакойныя дні, вывозячы параненых, эвакуіраваных, вайсковую тэхніку. Няма звестак, ці ўсе эшалоны здолелі дасягнуць канчатковага пункта ў тыле. ... Першыя бамбардзіроўкі і першыя забітыя, паніка, няўпэўненасць, пажары, доўгія чэргі і натоўпы ля магазінаў, эвакуацыя (уцёкі) гарадскіх улад з сем'ямі, рух праз горад адыходзячых, эшалоны з тэхнікай і параненымі, што ішлі на ўсход, разгубленасць, няведанне таго, што будзе заўтра, плёткі (адна за другую змрачнейшыя і неверагоднейшыя! ), праўда і хлусня аб становішчы на фронце... Адыходзілі апошнія цягнікі, праязджалі праз Лунінец апошнія аўтамашыны. I настаў дзень, калі ўвесь рух спыніўся, калі горад апусцеў, зніклі ваенныя і грамадзянскія ўлады і настала безуладдзе. Людзі не выходзілі з дамоў, але знайшліся і тыя, хто праявіў значную актыўнасць — пачаліся рабаванні магазінаў і складоў. Часам з боку Вулькі-1 на Чырвоную вуліцу прыходзілі групы па 4 — 6 байцоў, сярод іх былі і параненыя. Аблепленыя пылам, стомленыя доўгім шляхам пад спякотным сонцам, яны прасілі піць і есці. Потым ішлі да сваіх, на ўсход. Не заўсёды гэтыя групы мелі зброю. А потым настаў дзень — 10 ліпеня, калі ў горад заехала група немцаў у трусах на веласіпедах. Не зрабіўшы ніводнага выстралу, яны размясціліся на траўцы каля калодзежа на перакрыжаванні вуліц Чырвонай, 17 Верасня і Старасельскай, накіраваўшы на Старасельскую кулямёт. Натоўп хлапчукоў назіраў за рагочучымі немцамі, якія абліваліся халоднаю вадою. I толькі на наступны дзень раніцаю з боку Пінска на Чырвоную вуліцу шэрай пыльнай стужкай запаўзла калона танкаў, машын, матацыклаў, пешых і конных салдат, фурманак. Частка яе, абцякаючы горад, рушыла на Лахву, частка ўвайшла ў Лунінец па сучаснай вуліцы Гагарына. З адчыненых танкавых люкаў выглядалі танкісты без шлемаў. Афіцэры ехалі ў адкрытых лімузінах і невялікіх ваенных машынах, накрытых сцяГамі са свастыкай (апазнавальны знак для сваей авіяцыі). Паклаўшы рукі на аўтаматы, з закасанымі рукавамі крочылі па лунінецкаму бруку салдаты вермахта. Калі калона спынілася, салдаты пабеглі па дварах у пошуках здабычы. Некалькі дзён рухаліся немцы праз горад пад позіркамі жыхароў з вокнаў і з-за варотаў. ... Ішоў дзевятнаццаты дзень вайны, якую назвалі Вялікай Айчыннай. I хаця ў канцы ліпеня, як сведчыць Я. С. Паўлаў у кнізе " У суровым сорак першым" (Мн.: Беларусь, 1985), " у Мікашэвічах савецкі самалёт у час бамбардзіроўкі скапленняў варожых войскаў адначасова скінуў і лістоўкі" якія пачалі падбіраць насельніцтва і нават нямецкія салдаты, нягледзячы на катэгарычную забарону афіцэраў, гэта не магло паўплываць на развіццё падзей. Людзей чакалі тры жудасныя гады — 1095 дзён акуііацыі. Вадзім Жылко, Леў Коласаў На верх старонкі АКУПАЦЫЯ
Згодна з ваенна-адміністрацыйным дзяленнем акупіраваных нямецкімі войскамі тэрыторый, Пінская вобласць, у склад якой уваходзіў Лунінец, была рэарганізавана ў Пінскую акругу і ўключана ў склад генеральнай акругі Валынь — Падолія — часткі рэйхскамісарыята " Украіна". Па звестках Дзяржаўнага архіва Брэсцкай вобласці (ДАБВ), асновай эканомікі Лунінеччыны перыяду акупацыі была сельская гаспадарка. Гітлераўцы імкнуліся атрымаць для сябе як мага болей харчу шляхам канфіскацый і кантрыбуцый. Канфіскоўвалі ўсё, што толькі маглі: збожжа, жывёлу, садавіну і гародніну, хатнюю птушку і г. д. Існаваў яшчэ і такі спосаб " нарыхтоўкі" харчу, як закупка яго ў насельніцтва. I гэта было на карысць акупантам, таму што яны плацілі за харч бескаштоўнымі папяровымі грашамі. За перыяд з ліпеня 1941 па ліпень 1944 фашысцкімі захопнікамі было канфіскавана 40574 цэнтнеры прадуктаў земляробства і 35793 галавы сельскагаспадарчай жывёлы. Гітлераўцы таксама кантралявалі ўсе млыны і ваўначоскі ў Лунінцы, Луніне, Вульцы 2, Вічыне, Язвінках, Новым Двары і Дварцы. Тут працавалі 76 рабочых, прычым у ваўначосках гэта былі выключна асобы арыйскага паходжання, бо воўна лічылася стратэгічнаю сыравінаю(з яе вырабляліся цёплыя рэчы для нямецкіх салдат). Важнае значэнне акупанты надавалі Лунінцу як чыгуначнаму вузлу, дзе перакрыжаваліся шляхі з Расіі, Украіны і Польшчы. Значнае месца ў эканамічным жыцці Лунінеччыны займала і лясная гаспадарка. I акупанты пастараліся выцягнуць з гэтага найбольшую для сябе карысць. Пры Лунінецкай валасной управе быў створаны аддзел лясной гаспадаркі. Потым яго рэарганізавалі ў лясное ўпраўленне з трох аддзелаў. У падначаленні прамысловага аддзела знаходзіліся лесапільні, смалакурні і рамеснікі, якія займаліся работамі па дрэву (цесляры, сталяры і г. д. ). Гаспадарка таксама налічвала 5 буйных лесапільняў у Лунінцы, Дзятлавічах, Бастыні і Мікашэвічах. У абавязкі аддзела лясной гаспадаркі ўваходзіў кантроль за лугавой гаспадаркай, за аднаўленнем лесапасадак і догляд за імі. Без уліку чыноўнікаў упраўленчага персаналу, гэты аддзел налічваў 438 чалавек (у асноўным леснікі і аб'ездчыкі). Трэці аддзел — эксплуатацыйны — займаўся рэалізацыяй прадукцыі лесапільняў і смалакурняў. Асабістыя патрэбы прымусілі нямецкія ўлады выкарыстоўваць не толькі дзеючыя прадпрыемствы, але і тыя, якія прастойвалі. Так, напрыклад, патрэба ў будаўнічых матэрыялах, а дакладней у цэгле, прымусіла іх увесці ў дзеянне цагляны завод у в. Мелясніца. Электраэнергіяй акружныя ўлады дазволілі карыстацца толькі воінскім часцям і нямецкім чыноўнікам. Грамадзянскаму насельніцтву гэта было забаронена. За парушэнне загаду нямецкіх улад прадугледжвалася прыцягненне да крымінальнай адказнасці, як за крадзеж па савецкіх законах. Што датычыць рабочых для прадпрыемстваў, то недахопу ў іх акупанты не адчувалі. Каб ніхто не ўхіляўся ад працы на карысць ІІІ рэйху, раённымі ўладамі быў праведзены перапіс працаздольнага дарослага насельніцтва (гл. табліцы). Даныя аб колькасці насельніцтва па г. Лунінец на 20. 01. 1942 г.
нацыянальнасць

на 1. 09. 1939 г.

на 20. 01. 1942 г.

  муж. жан. дзяц. усяго муж. жан. дзяц. усяго
германцаў
украінцаў
беларусаў
рускіх
палякаў
яўрэяў
інш. нацыян.
усяго

ДАБВ, ф. 2136, воп. 1. с. 7, л. 1.

Даныя аб колькасці насельніцтва па Лунінецкай воласці 1939 — 1942 гг.

Месца насельніцтва

мужчын

жанчын

    без яўрэяў на 1. 09. 1939 1. 01. 1942 1. 09. 1939 1. 01. 1942
1. Лобча
2. Дварэц
3. Лунін
4. Вулька 1
5. Добрая Воля
6. Замошша
7. Язвінкі
8. Яжаўкі
9. Мелясніца
Дубаўка
Белае Возера
Ракітна
Вічын
Любажэрдзе
Сасноўка
Купаўцы
Бастынь
Дзятлавічы
Бараўцы
Бродніца
Вулька 2
Усяго*  

* (без уліку дзвюх вёсак, якія цяпер не ўваходзяць у Лунінецкі раён)

ДАБВ, ф. 2149, воп. 1, С. Сьл. 22.

Нацыянальны склад насельніцтва па г. Лунінец (на 6. 11. 1942 г. ) і некаторых вёсак Лунінецкай воласці (на 1. 06. 1944 г. )

Назва населенага пункта

нацыянальнасць

    немцаў белар. рускіх украін. палякаў інш. яўрэяў усяго
1. Лунінец
2. Бастынь      
3. Бараўцы        
4. Белае Возера            
5. Вулька 1          
6. Вічын        
7. Дзятлавічы    
8. Дварэц            
9. Лунін          
10. Лобча            
11. Любажэрдзе          
12. Ракітна            
13. Язвінкі            
14. Яжаўкі            

ДАБВ. ф. 2136, воп. 1, с. 7, п. 5.

Улічваючы тое, што прадпрыемствы (лесапільні, смалакурні, цагляныя заводы і г. д. ) былі невялікімі і патрабавалі не болей 20 чалавек, гэтай колькасці працаздольных было больш чым дастаткова. Акрамя таго, былі перапісаны ўсе спецыялісты, якія прадстаўлялі 13 розных прафесій. Статыстычны перагляд рабочых ад 20. 04. 1943 г. сведчыць, што ў Лунінецкай воласці сярод 17474 сельскага насельніцтва 8184 мужчыны і 9290 жанчын, з якіх рабочых ва ўзросце ад 15 да 55 гадоў 9265 (адпаведна 4170 і 5095), а малалетніх рабочых ад 12 да 15 гадоў — 1634 (736 і 898). Асобна выдзяляліся спецыялісты (усіх 323): 145 цесляроў, 25 печнікоў, 16 шаўцоў, 15 слесараў, 5 качагараў, 6 вадзіцеляў, 21 кравец, 46 сталяроў, 2 гарбары, 1 рымар, 32 кавалі, 7 механікаў, 1 фельчар ветэрынарны і 1 — медыцынскі.

Акупацыйныя ўлады праводзілі падатковую палітыку, накіраваную на выцягванне грашовых сродкаў у мясцовага насельніцтва. Згодна з даведкай-патрабаваннем, немцы збіралі наступныя падаткі: з абароту капіталу, падаходны, падатак з будынкаў і арандную плату за знятае ў наём памяшканне. У горадзе за своечасовае ўнясенне падатку адказнасць нёс бурГамістр (гарадскі старшыня), а ў сельскай мясцовасці — вясковы стараста. За пратэрміноўку з падатку спашуквалася пеня ў памеры 0, 2 працэнта ад сумы падатку за кожны пратэрмінаваны дзень, а таксама грошы на выдаткі па яго прымусоваму ўтрыманню. Нярэдка гэтыя " расходы по принудительному взыскиванию налога" перавышалі яго памер у некалькі разоў. З прыбыткаў жыхара любога населенага пункта ўтрымлівалася 5 працэнтаў іх памеру " на нужды здравоохранения". У залежнасці ад якасці зямлі жыхары сельскай мясцовасці плацілі за яе ад 10 да 100 рублеў за 1 га.

Своеасаблівай была тады і плата за жыллё. Улічваліся ўсе жыллёвыя ўмовы: наяўнасць водаправода ці вокнаў у памяшканні і г. д. Плата складала ад 80 кап. да 1 руб. 10 кап. за кв. метр. Дадаткова халастыя плацілі па 2 рублі з чалавека.

Зарплата нават з улікам інфляцыі была малая. У залежнасці ад узросту кваліфікаваныя рабочыя атрымлівалі ад 90 кап. да 1 руб. 20 кап. у гадзіну, некваліфікаваныя — ад 70 кап. да 1 руб. Рамеснікам за працу плацілі ад 1 руб. 40 кап. да 1 руб. 70 кап. у гадзіну, а майстрам — 2 руб. 50 кап. Асобы нямецкага паходжання займалі прывілеяванае становішча: яны атрымлівалі дадаткова яшчэ 50 працэнтаў ад сумы вышэй пералічаных ставак. Але каб чалавек мог нармальна жыць — наколькі было магчыма ў той час — есці (тры разы ў дзень), трэба было траціць не меней 6 рублёў у дзень, а значыцца, каля 200 рублёў у месяц.

Служачыя былі ў некалькі лепшым становішчы. Яны атрымлівалі фіксаваную, гарантаваную заработную плату ў суме ад 52 руб. 80 кап. да 123 руб. 50 кап. Пасля вылічэння ўсіх выплат ім на рукі выдавалася ад 36 руб. 86 кап. да 83 руб. 44 кап.

Паралельна з адміністрацыйнымі выканаўчымі структурамі, якія складаліся з прадстаўнікоў мясцовага насельніцтва, дзейнічалі нямецкія ваенныя ўстановы і падпарадкаваныя ім паліцэйскія фарміраванні. Па сутнасці, менавіта ў іх руках была рэальная ўлада, сканцэнтраваная ў асобе ортскаменданта Лунінецкай ортскамендатуры. Па вуліцы Рамкавай (цяпер Клубная), насупраць каталіцкага касцёла размяшчаліся ўстановы СС і СД. У завулку Вузкім размяшчалася паліцыя колькасцю 50 — 60 чалавек. У былых польскіх казармах (цяпер казармы Лунінецкага гарнізона) знаходзілася шутц-паліцыя колькасцю 20 — 25 чалавек, у распараджэнні якой мелася 70 аўтамабіляў.

Кантроль над акупіраванымі тэрыторыямі забяспечвала сістэма нямецкіх гарнізонаў і паліцэйскіх участкаў.

Да 1942 г. найбольш буйным з іх быў гарнізон у г. Лунінец. Не ўлічваючы колькасць паліцыі і шутц-паліцыі, колькасць нямецкіх ваеннаслужачых, якія былі раскватараваны ў горадзе і наваколлі, складала не менш 750 чалавек. Гэта натуральна, таму што чыгуначны вузел меў важнае значэнне, а каля горада размяшчаўся ваенны аэрадром.

Другім па колькасці быў гарнізон у Мікашэвічах — 250 чалавек. Па астатніх населеных пунктах гарнізоны складаліся з наступнай колькасці: Дрэбск і Кажан-Гарадок — да 100 немцаў і паліцэйскіх, Бастынь і Сітніца — да 35 немцаў у кожнай з вёсак, Вялікія Чучавічы — 30 паліцэйскіх, Лахва — да 80 немцаў, Сінкевічы — 50 немцаў, 40 паліцэйскіх, каманда Тотда з 8 немцаў і 21 паляка. У астатніх вёсках раёна паліцэйскія ўчасткі былі меншымі па колькасці.

Абапіраючыся на сістэму жандарска-паліцэйскіх і ваенных гарнізонаў, акупанты кантралявалі новыя тэрыторыі. У наступным усе акцыі, звязаныя з адабраннем у насельніцтва жывёлы, зерня і т. д., а таксама з адпраўкай людзей на работы ў Германію, не праходзілі без удзелу якога небудзь з буйных гарнізонаў.

Маючы перавагу ў ваеннай сіле і абапіраючыся на мясцовых добраахвотнікаў, акупацыйныя ўлады праводзілі палітыку генацыду і " выпаленай зямлі". Ужо праз некалькі дзён пасля іх прыходу ў Лунінец жыхары адчулі " новы нямецкі парадак". Перш за ўсё акупанты сталі выяўляць і расстрэльваць камуністаў і камсамольцаў. Потым нямецкія ўлады сталі арганізоўваць канцэнтрацыйныя лагеры і гета для яўрэяў.

У самім горадзе і паблізу яго знаходзілася некалькі лагераў ваеннапалонных. Адзін з іх размяшчаўся на тэрыторыі ліквідаванага восенню 1942 г. яўрэйскага гета па вуліцы Акруговай. Другі — на тэрыторыі цяперашняга парку. У першым стаяў толькі адзін дом, абнесены калючым дротам, у ім утрымлівалася каля 50 — 60 савецкіх палонных, а ў другім, у пабудаваных круглых фанерных бараках, утрымліваліся савецкія і італьянскія ваеннапалонныя. Вялікі лагер італьянскіх ваеннапалонных знаходзіўся ў 6 км. на паўночны захад ад Лунінца — каля вёскі Багданаўка.

Узаемаадносіны паміж ваеннай і цывільнай уладамі характарызуе адзін эпізод. У адзін са снежаньскіх дзён 1941 г. у магазіне вёскі Занась Мікашэвіцкай воласці сялянам прадаваліся соль і газа. У гэты момант зайшла чыгуначная нямецкая варта і патрабавала вызваліць памяшканне, што было адразу ж выканана. Магазін быў зачынены, а мясцовым жыхарам аб'явілі, што, згодна з нямецкімі законамі, усё, што належыць якой-небудзь установе, у першую чаргу належыць ім, салдатам. I бурГамістр Мікашэвіч ніяк не адрэагаваў на гэты выпадак, разумеючы, што салдат вермахта мае большую ўладу.

Захапіўшы вялікія тэрыторыі, нямецкія ўлады пачалі ажыццяўляць планы іх выкарыстання. Але паспяховае іх правядзенне ў жыццё не магло быць забяспечана толькі з дапамогай ваенна-паліцэйскага тэрору. Гітлераўцы пачалі шукаць падтрымку ў мясцовага насельніцтва. Вылілася гэта ў арганізацыю мясцовых органаў кіравання. Узнікла неабходнасць у мала-мальскі адукаваных людзях, акрамя гэтага, для больш эфектыўнай работы рамёслаў, сельскай гаспадаркі і прамысловасці некаторым асобам неабходна была і мінімальная спецыяльная адукацыя.

Зыходзячы з вышэйпералічанага, цэнтральныя ўлады рэйхскамісарыята " Украіна" (куды ўваходзіў Лунінецкі раён) разаслалі ў акругі ўказанні аб адкрыцці замест скасаваных савецкіх пачатковых і сярэдніх школ пачатковых народных. Аб гэтым было паведамлена ў " Правительственном вестнике Пинского окружного комиссариата" за 1942 г., дзе прапанавалася (а не загадвалася) адкрыць іх да 1 сакавіка 1942 г. У гэтых школах меркавалася выкладаць чытанне, пісьмо і асновы арыфметыкі.

Планавалася таксама адкрыць спецыяльныя школы (гандлёвыя і рамесныя), майстэрні для рамесных вучняў і сельскагаспадарчыя школы для падрыхтоўкі неабходнай у інтарэсах акупантаў колькасці аграномаў і шэрага іншых сельскагаспадарчых спецыялістаў.

Не былі пазбаўлены магчымасці атрымаць адукацыю і жанчыны. Для іх меркавалася арганізаваць школы хатняй гаспадаркі. Нямецкія ваенна-адміністрацыйныя ўстановы мелі патрэбу ў сакратарах-машыністках і перакладчыках. Нярэдка на гэтыя пасады бралі жанчын з асяроддзя мясцовай інтэлігенцыі. У сувязі з гэтай патрэбай узнікла неабходнасць у спецыяльных класах, дзе б рыхтаваліся такія спецыялісты. Там выкладалі стэнаграфію, машынапіс і нямецкую мову. На практыцы сакратары-машыністкі часта выконвалі абавязкі і перакладчыка.

Для кантролю за дзейнасцю школ у акружных і раённых камісарыятах уводзілася пасада школьнага інспектара, у абавязкі якога ўваходзіла і вырашэнне ўсіх узнікаючых дробязных праблем. Інспектары таксама распараджаліся настаўніцкімі кадрамі на месцах.

Штат школы ў гэты перыяд заставаўся нешматлікім і складаўся з загадчыка школы, настаўніка і яго памочніка. Правы загадчыка былі абмежаваны, і ён знаходзіўся ў моцнай залежнасці ад раённага школьнага інспектара.

Трывожнае становішча, хваляванні людзей за свой лёс і лёс сваіх дзяцей прывялі да таго, што ўжо да пачатку красавіка 1942 г. колькасць вучняў у пачатковых школах рэзка знізілася. З 1 красавіка 1942 г. у Бастынскай, Язвінкаўскай і Дварэцкай школах былі звольнены пяць настаўнікаў, а з 1 чэрвеня — загадчыкі гэтых школ і школ у Бараўцах і Любані. I гэта рабілася ў той час, калі настаўнікаў і так не хапала! Згодна са справаздачай Лунінецкага раённага інспектара Пінскаму акруговаму школьнаму інспектару ад 20. 08. 1942 г., толькі па Лунінецкай воласці не хапала 8 настаўнікаў і 6 памочнікаў. Недахоп настаўнікаў, у многім з-за нежадання настаўнікаў працаваць у арганізаваных акупантамі школах, прымусіў Пінскі акружны камісарыят арганізаваць у пачатку верасня 1942 г. у Пінску гадавыя курсы па падрыхтоўцы настаўнікаў. Гэтыя курсы былі абавязковымі для тых слухачоў, якім прыходзілі павесткі.

У Лунінцы працягваў функцыяніраваць кінатэатр. Два дні ў тыдзень паказвалі кіно для ўсіх за плату (збор даходзіў да 3 тысяч рублёў за тыдзень), а астатнія дні кінатэатр наведвалі толькі немцы бясплатна.

Вуліца Садовая (цяпер Савецкая) была выселена, а ў дамах сталі жыць нямецкія салдаты. У 1943 г. акупанты адкрылі ў Лунінцы ваенны шпіталь.

Ужо праз некалькі месяцаў пасля акупацыі немцы заняліся рэканструяваннем абодвух воінскіх могілак у Лунінцы. На могілках у Баханова былі выкапаны астанкі нямецкіх і аўстрыйскіх салдат і афіцэраў і разам з надмагільнымі помнікамі перавезены на могілкі па вуліцы Чырвонай, туды былі перазахаваны астанкі воінаў рускай, польскай і бальшавіцкай армій (так сцвярджаюць адны, а іншыя кажуць, што неарыйскія астанкі былі проста вывезены і недзе выкінуты). Астатнія асобныя магілы таксама раскапалі, і ўсе астанкі перазахавалі ў некалькіх доўгіх брацкіх магілах, на якіх устанавілі крыжы. Астанкі немцаў і аўстрыйцаў былі захаваны ў асобнай магіле. Могілкі агарадзілі, узвялі прыгожую браму з датамі " 1914 — 1941" і адлюстраваннем нямецкага ваеннага ўзнагароднага крыжа. I на саміх могілках, на брацкіх магілах былі зроблены агароджы з тоўстых дубовых суччаў-галін, з іх жа вырабілі лаўкі. Перазахаванне суправаджалася воінскай цырымоніяй з аркестрам і залпам з аўтаматаў.

Такім чынам, немцы выдзелілі " сваіх" і вызвалілі месца для будучых пахаванняў тых, хто загіне ў наступныя дні вайны. Пазней на некаторых з надмагільных помнікаў з'явіліся вянкі са штучных кветак, дасланыя сваякамі загінуўшых з Германіі. Памятаюць лунінчане і аб выпадках прыезду нямецкіх сваякоў да старых магіл. I ўсе ваенныя гады на могілках падтрымліваўся належны парадак. Гэту работу выконвалі па загаду нямецкай управы жыхары горада — жанчыны і падлеткі.

Яўрэйскія могілкі былі за горадам, у раёне старога аэрадрома, які знаходзіўся ў канцы цяперашняй вуліцы Чапаева. У 1941 г. савецкія войскі, адступаючы, узарвалі ўзлётную паласу і поле. Немцы ўсё аднавілі і расшырылі, але адначасова знеслі цалкам яўрэйскія могілкі.

Яшчэ з лета 1942 г. немцы пачалі ўмацоўваць горад. На некаторых перакрыжаваннях вуліц каля будынкаў, дзе рашмяшчаліся ваенныя і акупацыйныя грамадзянскія ўстановы, з'явіліся драўляныя земляныя агнявыя кропкі(дзоты). Адзін з такіх дзотаў быў пабудаваны на вуглу цяперашніх Савецкай і Паркавай вуліц. Бетонныя доты (жалезабетонныя збудаванні з тоустымі сценкамі, амбразурамі сталёвымі дзвярамі) былі пабудаваны ля ўсіх асноўных дарог, якія вялі ў Лунінец. Два такія доты пабудавалі каля былых ваенных могілак (цяперашняя вуліца Чапаева) па абодва бакі дарогі з Лахвы, на выпадак мяркуемага наступлення савецкіх войск (адзін з гэтых дотаў поўнасцю захаваўся да сярэдзіны 80-ых гадоў). Самая буйная агнявая кропка знаходзілася ў канцы вуліцы Маскоўскай на пясчаным узгорку ля чыгуначнага пераезда.

Пры ўзвядзенні гэтых умацаваных кропак нямецкая ваенная будаўнічая арганізацыя Тодта выкарыстоўвала працу савецкіх і італьянскіх ваеннапалонных, жыхароў горада і навакольных вёсак.

Да лютага 1944 г. перасоўванне па тэрыторыі раёна было адносна свабодным. Пры сустрэчы з патрулём дастаткова было прад'явіць пашпарт. З набліжэннем фронту пашпартны рэжым узмацніўся. Распараджэннем Пінскага гебітскамісара ад 25. 02. 1944 г. забаранялася свабоднае перасоўванне мясцовых жыхароў па тэрыторыі раёна і ўводзіліся малыя пропускі, маючыя дзеянне на тэрыторыі ўсёй акругі. Афармленне і выдача дадзеных дакументаў ускладаліся на орткамендатуры, а таксама на камендатуры раскватараваных у гэтай мясцовасці воінскіх часцей. У горадзе і раёне з 14. 02. 1944 г. быў уведзены каменданцкі час, першапачаткова з 18 гадзін да 6. 50, у пачатку красавіка — з 19. 00 да 5. 00, літаральна праз некалькі дзён - з 20. 00 да 6. 00, які застаўся да канца акупацыі.

З сярэдзіны мая 1944 г. Лунінец рэгулярна кожную ноч бамбіла савецкая авіяцыя. Аб гэтым сведчыць, напрыклад, данясенне партызанскіх сувязных ад 8. 06. 1944 г.: " С 27-го по 28-е мая советская авиация бомбила город Лунинец и Лахву, так что оба места до половины спаленные" (НАРБ, ф. 4117, воп. 1, с. 6, л. 97). Самалёты прыляталі бліжэй да поўначы, скідвалі некалькі асвятляльных бомб, якія на парашутах віселі ў небе, заліваючы ўвесь горад яркім белым святлом. Нямецкія зенітчыкі і проста салдаты вялі агонь па гэтых бомбах, але іх ніколі не ўдалося збіць. Пры яркім асвятленні горада пачыналася бамбёжка, якая працягвалася дзве-тры гадзіны. У вышку гінулі і мірныя жыхары. Напрыклад, партызанскае разведданясенне за 16. 05. 1944 г. сведчыла: " Лунинец подвергся бомбардировке советской авиации. В 21. 20 было сброшено двадцать бомб. Две из них не взорвались. В результате бомбежки было уничтожено здание на улице Лермонтова, где временно расквартировался штаб прибывшей сюда с востока части во главе с генералом. Сгорело десять домов, занимаемых солдатами этой части. Разбиты две легковые и восемь грузовых автомашин, радиостанция штаба. Убито 109 немцев, из жителей пострадало 19 человек" (НАРБ, ф. 411, воп. 1, с. 6, л. 95). А такіх бамбардзіровак было мноства. У зводцы Саўінфармбюро ад 28. 06. 1944 гаварылася: " На железнодорожном узле Лунинец наши летчики разбили несколько эшелонов с войсками и техникой. На территории узла возникло десять пожаров и прогремело шесть сильных взрывов". У час аднаго з налётаў агонь цалкам знішчыў жылыя дамы па вуліцы 17 Верасня, тут жа быў разбураны паравы млын, які пасля не быў адноўлены (ён знаходзіўся на перакрыжаванні вуліц 17 Верасня і Савецкай). У полымі загінулі мірныя жыхары, у тым ліку некалькі дзяцей.

У час налётаў быў разбураны і другі лунінецкі млын на вуліцы Млынавай (сучасны раён гарадской паліклінікі), які таксама не быў адноўлены. Адна з бомб трапіла ў правае крыло будынка шпіталя, якое таксама не аднавілі пасля вайны. Бомбы трапілі ў дзот і разбурылі яго. Не пашчасціла і лагеру ваеннапалонных — некалькі чалавек загінулі, многія атрымалі апёкі, згарэлі ўсе фанерныя баракі.

Напалоханыя начнымі бамбардзіроўкамі, жыхары горада масава пакідалі свае дамы і кожны вечар з дзецьмі і хатнімі рэчамі ўладкоўваліся ў лесе на начоўку. Раніцай натоўп людзей вяртаўся ў горад і кагосьці чакала папялішча замест хаты.

Яшчэ больш інтэнсіўнай бамбардзіроўцы падвергся Лунінец у канцы чэрвеня — пачатку ліпеня. Сляды бамбёжак былі бачныя на кожнай вуліцы горада — разбураныя і спаленыя дамы, вырваныя з каранямі дрэвы, вялізныя варонкі. Адступаючы пад націскам савецкіх войскаў, гітлераўцы пачалі разбураць тое, што яшчэ засталося цэлым у горадзе.

Асноўныя баі разгарнуліся за навакольныя вёскі, а горад немцы пакінулі, баючыся акружэння. Пра гэта сведчыць параўнальна невялікая колькасць загінуўшых пры вызваленні Лунінца байцоў і партызан (у гарадскія брацкія магілы пасля вызвалення іх звезлі з некалькіх месцаў. Тут пахаваны, напрыклад, партызаны атрада " За Радзіму", якія загінулі яшчэ да баёў за Лунінеччыну). Удзельнікі вызвалення Лунінецкага раёна ў сваіх успамінах больш расказваюць менавіта пра баі за вёскі, абагульняючы іх пад назвай " Баі за Лунінец", бо райцэнтр быў канчатковай мэтай усёй наступальнай аперацыі. < з align=right> Таццяна Канапацкая, Леў Коласаў, Аляксандр Харытановіч

На верх старонкі

  • У гады Вялікай Айчыннай...
  • Дзевятнаццаць дзён вайны
  • Акупацыя
  • З гета з паўстаннем
  • Ці ёсць яшчэ месца, дзе дзеці гуляюць і не баяцца?
  • Не ратавацца, а змагацца
  • З пратаколаў суда над гітлераўскімі карнікамі ў 1971 – 1973 гг. у Франкфурце
  • Карныя аперацыі фашыстаў
  • Трагедыя вёскі Сітніцкі Двор
  • Населеныя пункты, знішчаныя з жыхарамі ў перыяд фашысцкай акупацыі Беларусі і адноўленыя пасля вайны
  • Рабы XX стагоддзя
  • Остарбайтэр
  • Вязень Дахау
  • Такія розныя немцы
  • Вязні лагера Марыензіль
  • Песні няволі
  • Партызанскі фронт
  • Усё жыццё — Айчыне
  • Атрад Пятровіча
  • Баявы шлях атрада " За Радзіму"
  • Атрад імя Шыша на Лунінеччыне
  • Камсамол у тыле ворага
  • Раёнка змагалася
  • Дзейнасць спецгруп
  • Гартаючы партызанскі архіў
  • Загадана... разбурыць
  • Вызваленне
  • Імя горада на сцягу палка
  • Лунінец вызвалены
  • Сталь загартоўваецца ў агні
  • Мы — чырванасцяжныя
  • Наперадзе — марскія пехацінцы
  • Раён вызвалены, вайна працягваецца
  • Той самы Лебус
  • Герой Весны на Одере
  • Калі небяспека побач
  • Даеш кіно!
  • Узнагароджаныя медалём ГДР
  • Не здрадзіўшы сумленню
  • Землякі-вызваліцелі
  • З батальёна беларускіх арлянят
  • Памятаюць Ізраіль і Фінляндыя
  • Помнік
  • Загінуўшыя ўдзельнікі падполля, партызаны і партызанскія сувязныя
  • Загінуўшыя мірныя жыхары
  • Захаванні воінаў Чырвонай Арміі і партызан, якія загінулі пры абароне і вызваленні раёна
  • Воіны-землякі, якія загінулі ці прапалі без вестак на франтах Вялікай Айчыннай вайны
  • Рэха вайны

 


Нямецкія танкі на ўскраіне г. Лунінец. 1942 г.


Разваліны нямецкага дота па вул. Чапаева ў г. Лунінец. 1949 г.

  • У гады Вялікай Айчыннай...
  • Дзевятнаццаць дзён вайны
  • Акупацыя
  • З гета з паўстаннем
  • Ці ёсць яшчэ месца, дзе дзеці гуляюць і не баяцца?
  • Не ратавацца, а змагацца
  • З пратаколаў суда над гітлераўскімі карнікамі ў 1971 – 1973 гг. у Франкфурце
  • Карныя аперацыі фашыстаў
  • Трагедыя вёскі Сітніцкі Двор
  • Населеныя пункты, знішчаныя з жыхарамі ў перыяд фашысцкай акупацыі Беларусі і адноўленыя пасля вайны
  • Рабы XX стагоддзя
  • Остарбайтэр
  • Вязень Дахау
  • Такія розныя немцы
  • Вязні лагера Марыензіль
  • Песні няволі
  • Партызанскі фронт
  • Усё жыццё — Айчыне
  • Атрад Пятровіча
  • Баявы шлях атрада " За Радзіму"
  • Атрад імя Шыша на Лунінеччыне
  • Камсамол у тыле ворага
  • Раёнка змагалася
  • Дзейнасць спецгруп
  • Гартаючы партызанскі архіў
  • Загадана... разбурыць
  • Вызваленне
  • Імя горада на сцягу палка
  • Лунінец вызвалены
  • Сталь загартоўваецца ў агні
  • Мы — чырванасцяжныя
  • Наперадзе — марскія пехацінцы
  • Раён вызвалены, вайна працягваецца
  • Той самы Лебус
  • Герой Весны на Одере
  • Калі небяспека побач
  • Даеш кіно!
  • Узнагароджаныя медалём ГДР
  • Не здрадзіўшы сумленню
  • Землякі-вызваліцелі
  • З батальёна беларускіх арлянят
  • Памятаюць Ізраіль і Фінляндыя
  • Помнік
  • Загінуўшыя ўдзельнікі падполля, партызаны і партызанскія сувязныя
  • Загінуўшыя мірныя жыхары
  • Захаванні воінаў Чырвонай Арміі і партызан, якія загінулі пры абароне і вызваленні раёна
  • Воіны-землякі, якія загінулі ці прапалі без вестак на франтах Вялікай Айчыннай вайны
  • Рэха вайны

 

 



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.