Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Эліза Ажэшка Людзі і кветкі над Нёманам



 

Галоўная старонка Сувязь

 

epub

Эліза Ажэшка Людзі і кветкі над Нёманам

1888 год

 

І

 

Вывучэнне якіх-небудзь бакоў жыцця народа я параўнала б з выбіраннем жмені канапляных зярнят з бочкі маку. Апынуўшыся ў ролі вучня, я бачыла няёмкасць, нават баязлівасць сваіх настаўнікаў - простых сялян, у якіх я распытвала пра што-небудзь. Ды не ўсё адразу знаходзілі яны ў сваёй памяці, а калі і знаходзілі, не заўсёды маглі дакладна расказаць пра нейкую з'яву. Таму ў мяне і ўзнікла патрэба звярнуцца да шматлікіх крыніц, і не толькі дзеля таго, каб пацвердзіць атрыманыя звесткі, але і дзеля іх удакладнення. Часта здараецца так, што два чалавекі адну і тую ж рэч называюць іначай і надаюць ёй зусім іншае значэнне. Бывае і так: тое, аб чым не ведае адна з распытваемых асоб, іншая, на якую, здаецца, значна менш можна было спадзявацца, дасць аб гэтым дакладныя звесткі. Таму, калі хочаш чаму-небудзь навучыцца ад народа, трэба шырока і настойліва ўжываць сакратаўскі метад актывізацыі руху думкі пытаннямі. Толькі вучань павінен распытваць настаўнікаў безупынку, настойліва, направа і налева, мужчын і жанчын, дзяцей і старых, дасціпных і праставатых з выгляду.

Мушу спыніцца на гэтых апошніх больш падрабязна. Калі размова ідзе пра народ - нашае разуменне розуму і прастоты часам бывае памылковае. Той вясковец, што зблізіўся з маёнткам ці адбыў вайсковую службу, альбо выконвае якое рамяство, што ўключае яго ў адносіны з іншымі пластамі грамадства, бліжэй стаіць да цывілізацыі. Ён і выгляд мае больш разумны і сапраўды з некаторых пунктаў гледжання ведае і разумее больш за тых, хто працуе толькі ў полі. Але такі лёкай, былы жаўнер, рамеснік ужо амаль напалову адвярнуўся ад народнай кнігі ведаў і веры, забыўся пра яе змест альбо прыкідваецца, што забыўся, бо даведаўся ці дачуўся, што ў параўнанні з іншымі кнігамі яна памылковая. І натуральна, аграмаднага значэння таго, што ён лічыць памылкай і цемнатой, ведаць і разумець не можа. Часам, асабліва калі вельмі добра іх ведаеш, і такія могуць быць карыснымі ў атрыманні звестак пра народ, але ўвогуле рыфмы і вершы гэтай народнай кнігі ведаў і веры найлягчэй знайсці ў найбяднейшых хатах, далёкіх ад цывілізацыі.

Урэшце трэба зазначыць, што нашым павярхоўным назіранням пра сялянскую прастоту давяраць павінны мы вельмі мала. Гэтых людзей трэба бачыць у іхнім натуральным асяроддзі, дзе яны займаюць нейкае становішча і карыстаюцца ад роўных сабе пэўнай павагай і зычлівасцю. Толькі тады пераканаешся, што яны зусім не такія, якімі нам здаюцца. Кожны, хто хоць трошкі сутыкаецца з народам, можа засведчыць, што вясковая баба, зусім простая на выгляд, калі яе папрасіць і выказаць ёй давер, няраз сыпане цэлай жменяй займальных апавяданняў, разумных выслоўяў, якія выяўляюць найдалікатнейшыя пачуцці. Альбо найбольш просты і на наш погляд самы цёмны селянін, якому мы ахвотна прычапілі б мянушку дзікага чалавека, калі крануць яго душу ці закрануць самалюбства, секане такім трапным словам і так горда альбо з'едліва, альбо з нянавісцю блісне вачмі на сваім зарослым валоссем твары, што раптоўна і неспадзявана зразумееш: у гэтым нутры, якое мы лічылі пусткай, ёсць сапраўдныя пачуцці, ёсць душа [... ]

Павінна зазначыць яшчэ, што ўсё гэта я гавару пра беларускі народ з берагоў Нёмана, а гэта народ, якому найлягчэй трапіць пад падазрэнне пра поўную няздольнасць думаць і абыякавасць да ўсяго, што не мае дачынення да найбліжэйшых і вельмі прыземленых яго запатрабаванняў і інтарэсаў. Цяжкія і лянівыя нават у маладосці рухі ягонага цела, апатычныя рысы, хутчэй пануры і праставаты, чым вясёлы і разумны позірк, павольная, блытаная гаворка - вось ягоныя знешнія рысы, якія спачатку кідаюцца ў вочы.

Але ў апошнія некалькі дзесяткаў гадоў грамадскае жыццё дало нам шмат доказаў таго, што пад гэтай знешнасцю хаваецца цэлы шэраг спецыяльных, выпрацаваных стагоддзямі паняццяў, цэлы кодэкс законаў, якія з гэтых паняццяў вынікаюць, а таксама шмат арыгінальнасці і смеласці ў характарах і меркаваннях. Усё гэта, зразумела, выяўляецца пры адпаведных абставінах [... ]

 

Вельмі распаўсюджана меркаванне, што сяляне зусім абыякава ставяцца да навакольнай прыроды, яе прыгажосці, і з'яў, якія непасрэдна не ўплываюць на іхняе штодзённае жыццё, проста не заўважаюць. Здзіўляе адно: як гэтае меркаванне можа суадносіцца з народнай песняй, дзе густа рассыпаны надзвычай маляўнічыя і дакладныя вобразы прыроды. Пярэчыць гэтаму і рэальнае веданне народам расліннага свету, настолькі дакладнае, што смела можна сцвярджаць: ад самага высокага дрэва да найдрабнейшай травінкі, якія растуць на той самай зямлі, што і ён, няма такой расліны, якая ў яго мове не мела б назвы, а ўжо ў саміх тых назвах выяўляецца назіральнасць, выказаная вобразна і паэтычна, часам грубавата, але затое дакладна.

Вось вязанка назваў, што выяўляюць характэрныя ўласцівасці раслін.

Скрыпіца (Silene inflata, на Мазоўшы - skrzypek). Ніклая, фіялетавая кветка, якая, калі сціснеш яе ў пальцах, злёгку паскрыпвае.

Шалястуха (Thlaspi arvense). Калі выспявае насенне гэтай травы, торбачкі, у якіх яно знаходзіцца, набываюць залацісты колер і пры самым маленькім дотыку вельмі мілагучна шалясцяць.

Рагуля (Delphinium consolida). У Лідскім павеце называюць рагулькай. Фіялетавая кветка, якая расце ў збажыне. Лісцікі прадаўгаватыя, падобныя на рогі.

Валачай, альбо коткі, альбо яшчэ каташкі (Trifolium arvense). Від канюшыны; бухматая шэрая кветачка, якая сваім колерам і мяккасцю нагадвае каціную поўсць.

Галубейнік (Anchusa arvensis). Трэба было шмат назіральнасці, каб назваць гэтую расліну паводле колеру кветак, бо нават там, дзе яна шырока разрастаецца, што здараецца вельмі рэдка, толькі зблізку заўважны пяшчотны блакіт яе кветачак, такіх дробненькіх, што можна параўнаць іх з вушкам іголкі, да таго ж яшчэ і схаваных у чашачках з лісця.

Малачай (назва гэтая даслоўна адпавядае польскай - mleczaj, але азначае тут іншую расліну). Малачай па-расейску і ўкраінску азначае Euphorbia. Малачай пад Горадняй значыць Leontodon antumnalis. Сцябло гэтай расліны, калі разломіш, выпускае ў невялікай колькасці вадкасць, падобную да малака. Аднак не ўсе сялянкі назву расліны звязваюць з гэтай яе ўласцівасцю. Некаторыя з іх сцвярджаюць, што калі гэтая расліна густа расце на пашы, то каровы будуць даваць шмат малака.

Званочкі (Campanula rapunculoides).

Кубачкі (Campanula rotundifolia).

Падарожнік (Plontago media). Гэтую назву мае толькі кветка, што на цвёрдым і высокім сцябле тырчыць ля дарогі. Уся расліна называецца бабка.

Гніды (польскай і лацінскай назваў не ведаю). Маленькі кусцік, абсыпаны драбнюткімі бела-жоўтымі кветачкамі.

Дзеравянка (Cichorium intybus). Цвёрдае, дзеравяністае сцябло, якое цяжка зламаць.

Ліпка (Galium uliginosum). Зарослая валаскамі, якімі пры кожным дотыку моцна прычэпліваецца да скуры ці адзення, робячы ўражанне ліпкай рэчы.

Шалюжкі (Malva rotunditolia). Назва гэтая, верагодна, перайшла ад наднёманскай засцянковай шляхты, якая гэтую расліну называе шалёнжкі з-за насенных гузічкаў, што знаходзяцца на ёй і нагадваюць дробныя манеткі.

Хвашчай (хвошч, хвошчка) - расліна, якая ад цэнтральнага сцябла выпускае мноства аголеных сцяблінак, як быццам тоненькіх хвосцікаў.

Сухавейка, альбо налупнік (Elichrysumi arenarium). Гэтая кветка, як вядома, вызначаецца сухасцю. У народзе лекавы сродак ад сухотаў.

Сардэчнік (Alchemilla vulgaris). Засцянковая шляхта называе яго гусіныя лапкі. Лісце паводле сваёй формы нагадвае сэрца, а размяшчэннем тканак абалонкі - ногі вадзяных птушак.

Казліныя бароды (польскай і лацінскай назваў не ведаю). Ліловая кветка на высокім сцябле, што выбіваецца з купкі вузкіх прадаўгаватых лістоў, яна, калі вырваць яе з зямлі і павярнуць уніз, вельмі дакладна нагадвае казліную бараду.

Маслянка (польскай і лацінскай назваў не ведаю). Пры націсканні пакідае на пальцах вадкасць, падобную да тлушчу. Кветка жоўтая і бліскучая, нібыта намазаная тлушчам.

Хмельнічак (Trifolium agrarium). Далікатны, віецца, накшталт хмелю, па кустах.

Зубнік (Euphorbia). Форма ліста нагадвае зуб, вырваны з коранем.

Маркоўнік (Chaerofyllum sylvestre). Калі пацерці, выдзяляе пах морквы. У засцянковай шляхты - мархеўнік.

Картафлянік. Лісце падобнае да бульбянога.

Дзерэза, дзе-нідзе дзераза, дзерэга (Lycopodium elevatum). Падобная на нешта разадранае і дзярэ адзенне, за якое лёгка чапляецца.

Бабіна лета (Chamaenerion). Цвіце ўвосень, кветка цёмна-сіняя. Паколькі мае высокае сцябло, чапляецца за яго восеньскае павуцінне, «бабіна прадзіва».

Мядзведжае вуха. Гатунак вялікай дзіванны, вялікія, мяккія і кашлатыя лісты якой нагадваюць вушы дужага касматага звера.

Асот стропства. Мае лісце, пакрытае белаватымі ўзорамі, аброслае вельмі вострымі шматлікімі шыпамі. Упершыню знайшлі мы яго каля шляхецкай аселіцы пры плоце і, запытаўшыся пра назву ў шляхцянкі, якая мінала нас, атрымалі адказ: «Стропства». На пытанне, чаму гэтая расліна мае такую назву, дзяўчына, не задумваючыся, адказала: ці ж я ведаю! Але крыху засяродзіўшыся, з усмешкаю растлумачыла: «Можа, таму, што і стракатая, і вострая».

 

Існуе іншая група назваў, якія нібыта паходзяць ад характэрных уласцівасцей расліны (лекарскіх, гаспадарчых ці чарадзейскіх).

Падгруднік (Hypopitys monotropa). Ужываецца супроць болю пад грудзьмі.

Горлінец. Ад гарлавога болю.

Блашчытнік. Мае моцны пах, ад якога здыхае жамяра. Сяляне пасыпаюць ім падлогу ў хатах і ложкі.

Боршч. Як зварыцца, мае кіславаты смак. Часам яго ўжываюць у страву замест бурачнага лісця.

Дурэц (Datura stramonium). Пасля ўжывання выклікае адурманьванне. Вясковыя лекаркі, а часцей за ўсё так званыя ведзьмы карыстаюць яго досыць часта.

Паўночнік (Centaurea jacea). Яго даюць піць дзецям, каб супакоіць іх плач. Вясковая лекарка, на пытанне, адкуль можа паходзіць гэтая назва, без вагання растлумачыла, што найчасцей дзеці прачынаюцца і крычаць каля паўночы, калі іх і пояць гэтым зеллем.

Падбел, інакш капуста стырнікаў. Другая назва іранічная. Тыя, хто дражніць так сялян, якія гоняць па Нёмане плыты і віціны, кажуць, што ў сваіх водных вандроўках яны харчуюцца гэтай раслінай, што расце па берагах рэк над вадой, чаму плытагоны пярэчаць.

Чарнобуль (Artiemiesia vulgaris). Ад такога вялікага болю, што «ажно чорна робіцца ў вачах».

Станоўнік (Chimophila umbellata). Пасля ўжывання ён хворага чалавека «ставіць на ногі». Ужываюць ад болю страўніка.

Шчасце (Erigeron acre). Дзяўчаты падчас жніва затыкаюць яго за пояс, каб прыносіла ім спор і хуткасць у працы. У засцянковай шляхты таксама называецца шчасце, але ўжываецца інакш. Калі расцвіце ўплеценае ў дзявочыя валасы, то каханне будзе ўзаемнае.

Загартушка (Drosera rotundifolia). Ужываюць для мілосных чараў. Згатаваны і выпіты настой з яе карэння мае ўласцівасць прыцягваць каханую асобу. Паводле сцверджання вясковай лекаркі, гэты сродак раяць толькі тыя з жанчын, што ведзьмаруюць, а тыя, што не ведзьмаруюць, але сапраўды лечаць і хочуць рабіць толькі дабро людзям, а дрэннае не хочуць, не раяць яго нікому.

На маю думку, да гэтай групы належыць таксама цэлы шэраг парушэннікаў, раслін, што ўжываюцца звычайна пры жаночых хваробах. Лекаркі сцвярджаюць, што існуе дзевяць парушэннікаў, я ж да гэтага часу атрымала толькі сем назваў. Гэта наступныя:

1) Срэбнік срабрысты (Potentilla argentea).

2) Паслёнак (Helianthemum vulgare).

3) Erythraea centaurium.

4) Veronica officinalis.

5) Грушычка (Pyrola rotundifolia).

6) Дзевянцёрнік (Parnassia palustris).

7) Рдэст (Polygonum dumetorum).

Кожная з гэтых раслін мае асобную назву, так што парушэннік - гэта нібыта лекарская назва, якая адносіцца да цэлай групы раслін, што ўжываюцца ад пэўных хвароб.

Першы са згаданых парушэннікаў называецца бліскавіца, другі курачая слепата, трэці гваздзічка, пяты сямізялён (у засцянковай шляхты грушка), шосты дзевяціранак. Назвы чацвёртага і сёмага яшчэ не даведалася. Чацвёрты (Veronica officinalis) ужываюць ад бясплоднасці.

 

Да трэцяй групы назваў можна аднесці тыя, якія хутчэй за ўсё маглі ўзнікнуць з паданняў і назіранняў, аднак настолькі аддаленых у часе, што сёння адшукаць іх у народзе вельмі цяжка. Не скажу, што немагчыма, бо на гэтай ніве росшукаў адно новае знаёмства, адзін пробліск памяці, з якой знешне, здавалася, ужо ўсё было ўзята, неспадзявана могуць усё растлумачыць. Назвы, паходжанне якіх паводле іхняй маляўнічасці ці спалучанасці са з'явамі прыроды, можна выводзіць ад старажытных паданняў і назіранняў, наступныя:

Голад (Knautia arvensis). У засцянковай шляхты таксама, але на польскі лад глуд. Чаму? Ці ў неўраджайны год вырастае яго шмат? Ці ў часы голаду яго выкарыстоўваюць у ежу? Ці бледна-ліловы колер кветкі нагадвае пасінелы твар згаладалага жабрака? Нягледзячы на ўсе мае старанні, гэтага дазнацца не змагла.

Зязюлін лён, альбо Найсвентшай Панны лён (Linaria vulgaris). Ад дзвюх кабет чула, што гэтая расліна пачынае расцвітаць тады, калі абзываецца зязюля. Аднак іншыя адкідвалі нават саму першую назву, упарта трымаючыся другой.

Заечы лён (Fumaria officinalis).

Заечая капуста (ні польскай, ні лацінскай назвы не ведаю). Гэтая расліна расце толькі ў лесе. Сцябло яе тоўстае і ружаватае, лісце і кветкі настолькі мясістыя і сакаўныя, што засушыць іх амаль немагчыма.

Грамотнік (Trifolium montanum). Служыць лякарствам ад ліхаманкі і хваробы страўніка.

Святаянскае зелле (Hypericum perforatum). Лякарства ад шматлікіх хвароб.

Краснік (Epipactis palustris). Змяшаны са станоўнікам даюць піць цяжарным.

Станеба (Valeriana). Не чула, каб лекарскія ўласцівасці гэтай расліны былі вядомыя народу.

Лада (Vicia hirsuta).

Чарвятош (Filago arvensis). Пра гэтую прыгожую расліну, якая нагадвае горную флору, існуе паданне, звязанае з яе лекарскімі ўласцівасцямі. Калісьці малады селянін пайшоў на вайну, пакінуўшы ў хаце маладую і каханую жонку. Доўга яго не было, а калі вярнуўся, знайшоў жонку, якая памірала ад страшнай ліхаманкі. Аднак ён не спалохаўся, а сказаў: «Я яе зараз вылечу». Пайшоў у поле, нарваў чарвятошу, заварыў яго і напаіў ім жонку. Як бы ёй нешта зрабіў (нібыта яе зачараваў), казалі, так адразу выздаравела. З тых часоў адвар чарвятошу даюць хворым на гарачку.

Бярозка (Convolvulus arvensis).

Грачынка (Polygonum convolvulus).

Омэн (Senecia).

Тройнік (Lythrum salicaria).

Брызгунец (Rhinantus major).

Грабелькі 1 (Geranium pratense).

Грабелькі 2 (Erodium cicutarium).

Баркун 1 (Melitotus alba).

Баркун 2 (Veronica spicata).

Драсён (Polygonum lupulifolium).

Тры расліны маюць адну назву курачая слепата (казялец, лаганец і паслён), дзве - грабелькі і дзве - баркун. Гэта сустракаецца досыць часта. Прычына, відаць, у меншым альбо большым падабенстве знешніх ці ўнутраных уласцівасцей. Так, напрыклад, усе тры курачыя слепаты маюць круглую жоўтую кветку амаль аднолькавай велічыні. Лісце абодвух грабелькаў амаль аднолькава зубкаватае. Два баркуны маюць коласападобную кветку, якая адрозніваецца толькі колерам: Melitotus alba - белая, Veronica spicata - ліловая.

Потым:

Камёла 1 (Galium verum).

Камёла 2 (Artemisia campestris). У засцянковай шляхты - дзікае Божае дрэўца.

Куколь свойскі (Lychnis githago).

Куколь дзікі (Saponaria vespertina).

Агурэчнік лясны (Spiraea ulmaria).

Агурэчнік палявы (Borrago officinalis).

Рутка, альбо руціца 1 (Lucerna megicago falcata).

Рутка 2 (Lotus corniclatus).

Рутка 3 (Medicago lupulina).

Расходнік палявы (Lysimachia vulgaris).

Расходнік лясны (Carlina vulgaris).

Расходнік балотны (польскай і лацінскай назваў не ведаю).

Падбел вадзяны.

Падбел палявы (Capsella bursa pastoris).

Таксама ёсць вельмі шмат назваў, якія супадаюць з агульнаўжывальнымі альбо тымі, якія прынятыя ў польскай батаніцы.

Шанда (Marrubium).

Ценгель (польск. Dziegiel).

Дзіванна (Verbaseum nigrum).

Брунэлька (Prunella vulgaris).

Пералётнік (Anthyllis vulneraria).

Палын (Artemisia absiuthium).

Лопух.

Жывакост.

Крываўнік (Achillea millefolium).

Брат і сястра (браткі). У адвары гэтых зёлак купаюць хворых дзяцей.

Папараць.

Варанец.

Верас. Згатаваны і змяшаны з ячменнымі крупамі, лечыць пашкоджаныя члены людскога цела, а таксама хваробы свіней.

Крапіва называецца крапівай, але пэўны яе гатунак жыжкай (жыгучкай).

Назваў траў, апрача згаданай шалястухі, ведаю сем:

Жыціца.

Гірса альбо дырса (па-польску ў некаторых мясцовасцях таксама дырса, па-ўкраінску тырса).

Асочка (дзе-нідзе асака, сака).

Мятлічка.

Тымка.

Плоская трава.

Вострая трава.

Канешне, усё прыведзенае вышэй толькі нязначная частка батанічных назваў і ведаў беларускага народа з-пад Нёмана. Цяжкасць і запаволенасць, з якімі гэтыя веды прыадкрываюцца перад намі, прыводзяць мяне да думкі, што спатрэбіцца шмат часу і нястомнай цярплівасці, каб спазнаць іх цалкам. У маім кветніку расце таксама шмат раслін, назваў якіх я не згадала, таму што патрабуе яшчэ пацвярджэння правільнасць гэтых назваў і звязаных з імі тлумачэнняў.

Скончыць я хачу невялікім каментарыем да колькі разоў згаданай розніцы паміж ведзьмай і вясковай лекаркай. Бо здаецца мне, што гэтая розніца выяўляе досыць характэрную асаблівасць народнага жыцця. Мы найчасцей аб'ядноўваем гэтыя дзве постаці; сяляне ж размяжоўваюць іх цэлай безданню, што існуе паміж пагардай і страхам, павагай і зычлівасцю.

Жанчына, якая з дапамогай не толькі раслін, але і земнаводных (пераважна рапух), кажаноў, а таксама слоў і таемных знакаў уздзейнічае пэўным чынам на здароўе, дабрабыт, лёсы і характары людзей і кіруецца пры гэтым нянавісцю, помстай, асабістымі пачуццямі ці грашовымі інтарэсамі, называецца ведзьмай. Гэта істота, якая не мае душы, улюбёнка і адначасова ўласнасць д'ябла. Бог не даў ёй душы, а д'ябал уклаў у яе сваю моц і мудрасць. Існуюць нават цэлыя роды, якія належаць не Богу, а д'яблу і, пазбаўленыя душы, носяць у сабе моц д'ябла. Такі род называюць чартоўскае племя. Гэтыя ўяўленні глыбока ўкараніліся ў людскую душу і выцягваюцца на свет з цяжкасцю, бо размова пра гэтыя рэчы праймае людзей страхам і абуджае боязь помсты «нядобрых». Аднак гаваркія вясковыя жанкі, разгаварыўшыся, ужо нічога ўтаіць не могуць. Іхнія расповяды пра ведзьмаў і цэлыя роды, пазбаўленыя душы, я сама чула неаднойчы. Расказвалі пра гэта ціха, з панурым паглядам і наморшчаным ілбом і тут жа, перапалоханыя ўласнымі словамі, прасілі захаваць усё сказанае ў глыбокай таямніцы. Зрэшты, ведзьма апрача чарадзейскай выконвае і лекарскую функцыю. Хворыя ідуць да яе па раду, цяжарныя выклікаюць яе на дапамогу яшчэ часцей, бо кіруюцца пераконаннем, што яна ўсемагутная. І ўсё ж, якім бы ні быў вынік яе лекарскіх парад, не выклікае яна ніколі ў сваім асяроддзі іншых пачуццяў, як пагарду і страх, змешаныя з вельмі выразным адценнем нянавісці.

Зусім іншае - лекарка, гэта значыць кабета, якая, валодаючы ведамі пра лекавыя расліны і варажбой, ніколі іх на людскую шкоду не ўжывае, наадварот - заўсёды на карысць. Ведзьмы звычайна ўбогія, альбо ўдаюць убоства і са сваім рамяством спалучаюць жабрацтва, нахабна карыстаючыся гэтым, бо ўсякая адмова, зробленая ім, можа пацягнуць за сабой фатальныя наступствы. Так, напрыклад, ведзьма Слабошыха ў наднёманскай вёсцы Міневічы за тое, што адмовіліся даць ёй кавалак сала, нешта такое зрабіла Карасю і ягонай жонцы, што яны не перастаюць з таго часу сварыцца паміж сабой. Лекарка ж займае пачэснае месца маці і гаспадыні, апранаецца заможна, на ўбоства не наракае, жабрацтвам не займаецца, а за свае парады прымае добраахвотныя дары, аднак іх не вымагае і часта робіць паслугі бясплатна. Ні прырода ведаў, якімі яна валодае, ні вынікі парад, якія яна дае, не ўплываюць на яе ўспрыманне ў народзе. Сярод людзей гэтая постаць карыстаецца павагай і сімпатыяй. Такой усеагульнай павагай і зычлівасцю ў радыусе некалькіх міль карыстаецца лекарка Люця з наднёманскай вёскі Гледавічы. Ужо некалькі гадоў яе імя часта трапляла ў мае вушы. «Калі хочаце чаго-небудзь даведацца, запытайцеся ў Люці, - казалі мне маладыя і старыя жанчыны. - Яна шмат ведае, але ведае толькі добрае, злое не ведае». Нават сама Слабошыха, якую лічаць ведзьмай, калі я гаварыла з ёю пра расліны, парадзіла мне, каб з маімі пытаннямі падалася да Люці: «Яна больш за мяне ведае. Яна і мяне вучыла». Ад кабет чула, што пра тое ці іншае яны дазналіся ад Люці. Гэта мяне надта зацікавіла: выходзіла, што Люця вяла ў вёсцы нешта накшталт школы батанікі ці медыцыны. Некалькі заможных і разумных гаспадароў з Гледавіч, калі я спыталася ў іх пра Люцю, сур'ёзна адказалі: «Чаму не ведаем, ведаем. Яна лекаруе. Гэта добрая кабета, і калі прыйдзеце да яе, скажа ўсё, чаго вы толькі захочаце, не салжэ». І мы пайшлі да яе, а потым яна часта прыходзіла да нас.

Гэта пяцідзесяцігадовая кабета, невысокага росту, хударлявая, з круглым, румяным і ўжо моцна паморшчаным тварам, на якім блішчаць малыя чорныя і вясёлыя вочкі. Выраз яе твару лагодны, пачцівы і прыемны. Адзенне носіць чыстае і акуратнае. Яна гаспадыня люднай хаты: мае мужа, жанатага сына, дарослых дачок, некалькі малых унукаў; расказвае пра сваю сям'ю весела і ахвотна. Калі прыходзіць з ахапкам зелля, завязанага ў паласаты фартух, і садзіцца за стол, першае, што скажа - стамілася, ажно ў вачах цёмна... Гэта азначае, што трэба ёй выпіць гарэлкі. Гэты кілішак гарэлкі, які павольна і з сарамлівым ваганнем выпіваецца - адзінае, пра што яна вось гэтак нагадвае. Іншага ж ніколі не просіць, грашовыя дарункі прымае, але на іхнюю вартасць не звяртае ўвагі. За адну ці некалькі срэбных манет дзякуе з аднолькавай ветлівасцю, якая не мае найменшага адцення зухвальства ці жабрацтва. Аднойчы, убачыўшы ў сваёй руцэ цэлы рубель, яна ажно крыкнула ад здзіўлення: «Навошта так многа? » На зробленую заўвагу, што яна павінна збіраць гэтыя зёлкі, а потым з вёскі ісці некалькі вёрст у двор, ветліва адказала: «Дык нічога, я і без гэтага да вас прыходзіла б! » Ахвотна расказвае пра ўсё падрабязна і шчыра, а калі ёй дзякуюць за гэтую ахвоту і шчырасць, з задавальненнем, што свеціцца ў малых чорных вочках, і нейкай годнасцю адказвае: «Не маю я, дзякаваць Богу, з чым таіцца ані перад Богам, ані перад людзьмі. Ліха не раблю, дабро, калі толькі патрафлю, заўсёды раблю. А як мяне хто пра што-небудзь спытае, кожнаму ўсё скажу. Чаму не сказаць, калі гэта не дрэннае, але добрае і бедным людзям дапамагчы можа». Гэтая Люця (а падобных да яе лекарак мае кожная ваколіца) - цудоўная крыніца, з якой можна чэрпаць веды пра веру і звычаі народа. Бяда ў тым, што яе вымаўленне невыразнае і шапялявае, і таму, нават добра ведаючы мову, на якой яна гаворыць, трэба надта напружваць слых і ўвагу, каб зразумець яе. Таму значная частка яе лекцый засталася для мяне страчанай, аднак не назусім, бо з пачаткам лета мае адносіны з гледавіцкай лекаркай хутчэй за ўсё адновяцца. А яшчэ ў другой наднёманскай вёсцы, у Паніжанах, жыве Высоцкая Ганулька, маладая, добрая і мілая і надзіва паэтычная дзяўчына, неабыякавая да кожнай кветкі і, здаецца, да кожнай безыменнай травінкі.

 



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.