|
|||
Андрусь Горват. «Радзіва Прудок»Стр 1 из 2Следующая ⇒ Андрусь Горват. «Радзіва Прудок» *** – Сынок, напісаў кнігу? – Ага – “Радзіва Прудок”. – От маладзец! Хадзі сюды, мой галубок, сядай во на чысценькае. Тут чысценька. Не бойся, то я батон ела. Ну, пра што кніга? – Як я спачатку працаваў дворнікам у купалаўскім тэатры. – Не цвёрда сядзець? На во посцілку пакладзі. – Працаваў дворнікам. А потым я пераехаў у дзедаву хату ў Прудок. – Та я гэта ведаю! Посцілку пакладзі, кажу. А кніга пра што? – Пра тое, як я жыў у разбуранай хаце, спаў у каморы, там было плюс восем, а я радаваўся. – А чаго ты радаваўся? Прыйшоў бы да мяне, у мяне цёпленька. – Яшчэ напісаў, як я ішоў па Прудку з малаком, а сабака: “Ррррр”. А гаспадар яму: “Няможна, свае”. А я радаваўся, бо прыемна быць сваім. – Ты ўсю кнігу радаваўся? – Не, там, дзе пра муху, напісаў без радасці. – Якую муху? – Наташу. У мяне былі мухі, а самай надакучлівай была Наташа. Я любіў легчы ўвечары, выключыць святло і сказаць: “Наташа, адчапіся, не сёння”. – Гэта кніга пра муху? – Не, гэта кніга пра дзеда Ганушу і ката Рому. Пра жукоў у пограбе, цётку на лісапедзе, калгасную даярку і аўцюкоўскіх дзевак. Пра тое, што ў Мінску людзі ходзяць памытыя і не даюць усунуць у разетку падзарадку ад тэлефона, а ў Прудку размаўляюць так: “Е? – “Е”. – А пра агарод напісаў? У цябе ж такія памідоры былі! – Напісаў. І пра кабачкі – як я хадзіў па Прудку і прасіў: “Мо вам пару тон кабачкоў даць?”. А мне адказвалі: “Карову трэба завесці. Ці жонку”. – Завёў? – Ну. Казу. – Та пра казу я ведаю! Ты мне от што скажы: дзеўка е? – А якое вам дзела? От і маці прывезла мне з дому вугалькі са сваёй печы. Кінула тыя вугалькі ў грубу і пашаптала: “Каб жонку сабе знайшоў, каб дзетак нарадзілі”. – Ну, правільна. Матка твая ўмее. Так у цябе вясёлая кніга? – Не, і страшная. Там яшчэ пра прудкаўскую чупакабру е. – Ай, цьху ты! Ідзі ты! Я думала, ён што сур’ёзнае напісаў, шчэ і посцілку яму дала! Усё, не дуры галаву! – Та не, там і пра сур’ёзнае е. Пра адзіноту і пра смерць. Пра блуканні і дарогу дадому. – А дзе то ты так заблукаў, мой ты галубок, што шукаў дарогу? – Я не помніў, дзе нарадзіўся. Не разумеў, дзе жыву. І не ведаў, дзе пахаваюць, калі памру. – Цяпер ведаеш? – Цяпер ведаю. – А ад мяне чаго хочаш? – Каб вы кнігу купілі і пачыталі. – А пра Марусю Зайчыкаву там будзе? – Будзе. – То добра, куплю. А цяпер ідзі адселя. Я батон ем.
|
|||
|