![]()
|
|||
Адкуль назва суполкi «Арабiнавая ноч»?Адкуль назва суполкi «Арабiнавая ноч»? Назва суполкi звязана з даўнімі павер'ямі беларускага народа. У жніўні, але пераважна на Спасаўку (14-га), павінна прайсці Арабінавая (Рабінавая, Вераб'іная) ноч. На працягу яе грымоты скаланаюць неба, грозна бліскаюць маланкі, лье праліўны дождж, дзьме вецер. Згодна з народнымі павер'ямі, у гэту ноч з пекла на свет выходзяць усе злыя сілы, якія нібы спраўляюць сваё галоўнае гадавое свята і страшаць хрышчоных людзей. Паводле іншых меркаванняў, у гэту ноч усе сілы прыроды ядналіся, каб знішчыць «нячыстую сілу», што распладзілася пасля Купалля і шкодзіла людзям. Забіты ці пакалечаны перуном у Арабінавую ноч лічыўся чараўніком. На Палессі гаварылі, што ад такой моцнай буры рабчыкі разляталіся па ўсім лесе і да самага такавання жылі па аднаму. Лічылі, што неспакойная ноч патрэбна для выспявання ягад на рабiне. Калі ж ягады не спелі, чакалі благога заканчэння лета і халоднай восені. *Рабіна – сакральнае дрэва, якое адганяе злых духаў чырвоным колерам ягад.
|
|||
|