Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Верш Максіма Багдановіча “Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…” (1915)



Верш Максіма Багдановіча “Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…” (1915)

Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы
У ціхую сінюю ноч
І сказаць:
“Бачыце гэтыя буйныя зоркі,
Ясныя зоркі Геркулеса?
Да іх ляціць наша сонца,
І нясецца за сонцам зямля.
Хто мы такія?
Толькі падарожныя, – папутнікі сярод нябёс.
Нашто ж на зямлі
Сваркі і звадкі, боль і горыч,
Калі ўсе мы разам ляцім да зор?”

 

Шматаспектны аналіз верша “Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы…” Максіма Багдановіча

Чым далей мы ад сваіх вытокаў, тым бліжэй да іх разумення. Ад вытокаў мы адышлі ўжо даволі далёка.Час азірнуцца і задумацца: хто мы, адкуль, для чаго прыйшлі на гэтую зямлю і што павінны пакінуць пасля сябе? "Хто мы такія?" – пытанне, пастаўленае ў вершы "Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы..." Максіма Багдановіча. I пытанне гэтае паставіў перад сабой паэт, якому быў адведзены зусім кароткі жыццёвы шлях.

Сярод беларускіх пісьменнікаў пачатку XX ст. Максім Багдановіч вылучаўся шырокай эрудыцыяй, глыбокімі ведамі па гісторыі літаратуры і сусветнай культуры. Ён быў таленавітым паэтам, празаікам, перакладчыкам, крытыкам, гісторыкам літаратуры і публіцыстам. Але перш за ўсё М. Багдановіч – паэт-лірык, які стварыў у вершах непаўторны вобраз роднага краю, паказаў пакугны лёс беларускага мужыка, па-свойму ўзняў многія агульначалавечыя пытанні вечнага і часовага, смерці і несмяротнасці, сяброўства і кахання.

Паэтычны твор "Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы..." пачынаецца проста і разам з тым нечакана. I спакваля нараджаецца пачуццё радасці, як пры сустрэчы з добрым знаёмым ці сябрам. А на гэты раз – з вялікім паэтам. I неяк проста, непрыкметна, ідучы па гэтай вуліцы, мы выходзім у шырокі Сусвет.

Аднак за вонкавай простасцю – напружаная праца думкі. Максім Багдановіч з вялікай патрабавальнасцю ставіўся да сваіх твораў, удасканальваў іх мастацкую форму, увесь час павышаў сваё паэтычнае майстэрства.

"Я хацеў бы спаткацца з Вамі на вуліцы..." – лірычная мініяцюра, але выказанай тут думкі хапіла б на цэлы раман. Твор належыць да філасофскай лірыкі. Спачатку падаецца, што паэт імкнуўся падзяліцца з намі асабістымі перажываннямі. Аднак, калі мець на ўвазе, што верш быў напісаны ў 1915 г. і накіраваны супраць імперыялістычнай вайны, то відавочна: Максім Багдановіч выступіў як паэт-гуманіст.

Тэма верша-развагі творцы пра сутнасць і мэты чалавечага існавання, галоўная думка – сцвярджэнне гуманістычнай ідэі міру, яднання, узаемапаразумення людзей. Знішчальнай вайне, якая нясе смерць, боль і пакуты, паэт супрацьпаставіў вышыню памкненняў чалавецтва на зорным шляху.

Верш вельмі ёмісты па сваім змесце. Міжволі звяртаеш увагу на будову радкоў – у сапраўдным паэтычным творы працуе кожны элемент формы.

Пытаннем "Хто мы такія?" кампазіцыйна твор выразна падзяляецца на дзве часткі. І ў кожнай – сваё пытанне. Верш запрашае да роздуму над вечнай праблемай чалавечага існавання.

Вельмі важна, што паэтычная думка выказана верлібрам. Свабодны верш дапамагае перадаць касмічнасць, неабмежаванасць прасторы. Адсутнасць строгай, дакладнай рыфмы нібы падкрэслівае і свабоду кожнага рухацца ў гэтай прасторы абраным шляхам.

Уражанне бясконцасці Сусвету ўзмацняецца асанансам – паўтарэннем шырокіх, адкрытых галосных а, о: "Нашто ж на зямлі / Сваркі і звадкі, боль і горыч...". Такой самай мэце падпарадкаваны і выбар лексікі. Словы пераважна агульнаўжывальныя, нейтральныя па афарбоўцы. Аўтар не здзівіў чытача гучным незнаёмым словам, каб не парушыць урачысты спакой Галактыкі. Адначасова ствараецца ўражанне, што шлях чалавека таксама можа быць спакойным, мірным, шчаслівым.

Цікава, што ў першай частцы верша ёсць нешматлікія прыметнікі (у ціхую сінюю ноч, буйныя зоркі, ясныя зоркі), а ў другой іх няма. Тут ужо нішто не адцягвае нашай увагі і задаецца галоўнае пытанне: Нашто ж на зямлі Сваркі і звадкі, боль і горыч, Калі ўсе мы разам ляцім Ца зор?

Пытанне зададзена ў рытарычнай форме, па-майстэрску дакладна, і адказ прадугледжаны. Гэтым пытаннем паэт падключаў чытача да роздуму, уводзіў у галактыку сваіх перажыванняў, рабіў яго "папутнікам сярод нябёс".

Максім Багдановіч звяртаўся не да асобнага чалавека ці канкрэтнага народа, а да ўсяго чалавецтва ў цэлым: у вершы няма якіх-небудзь этнічных, нацыянальных прыкметаў.

Умоўны лад дзеяслова хацеў бы спаткацца і напісаны з вялікай літары займеннік з Вамі высвечваюць чуласць, далікатнасць, неназойлівасць М. Багдановіча.

Да ясных зорак ляціць наша сонца – адно на ўсіх (што ж дзяліць?). Эмацыйную афарбоўку мае дзеяслоў нясецца, ужыты ў дачыненні да слова зямля (можа таму, што яна свая, бліжэйшая). Звернем увагу на насычанасць усяго радка свісцячымі гукамі: "I нясецца за сонцам зямля " Алітэрацыя дапамагае перадаць хуткасць руху.

У другой частцы верша – толькі адзін дзеяслоў ляцім. Такім чынам аўтар падкрэсліў адзіны рух, у якім павінна з'яднацца чалавецтва, і гэты рух – да зор. Форма цяперашняга часу акцэнтуе "сучаснасць" радка.

Суседнія радкі насычаны назоўнікамі. I яны – нібы тыя зоркі на нашым шляху. Уважліва прыгледзімся да сказа з аднароднымі членамі: "Нашто ж на зямлі / Сваркі і звадкі, боль і горыч... ". Словы падабраны і размешчаны так, што два першыя (сваркі і звадкі) быццам увасабляюць прычыны чалавечых няшчасцяў, а два наступныя (боль і горыч) – іх вынік. Толькі горыч застаецца ў сэрцы, калі ў жыццё ўрываюцца сваркі і звадкі.

Верш вельмі лаканічны: у сціслай форме выказана шмат. Па сутнасці – гэта адзін сказ з простай мовай. Словы аўтара, а за імі – само пытанне. Дык чым кранае твор? Кранае, як сустрэча з дарагім чалавекам, калі потым помніцца кожнае імгненне, кожны рух, кожнае слова.

Звернем увагу на размяшчэнне паэтычных радкоў. Галоўнае пытанне "Хто мы такія? " стаіць асобна. I апошнія словы – "Да зор " – вынесены ў асобны радок. Гэта частка даданага сказа ў складаназалежным. Але відавочна, што Максім Багдановіч імкнуўся прымусіць нас убачыць яго, каб мы ведалі, куды ляцець.

Такім чынам, верш вызначаецца класічнай зладжанасцю вобразнай фактуры, празрыстасцю ідэі, гарманічнасцю кампазіцыі. Ён цэласны і завершаны, бо задума аўтара даведзена да лагічнага канца. Мастацкая думка жыве і ў сэнсе, і ў гучанні слоў, і ў рытме радкоў.

Максім Багдановіч не адзіны, хто ўзняў азначаную ў вершы праблему. Але ён змог вырашыць яе па-свойму, здолеў перадаць свае думкі арыгінальна і разам з тым проста. Верш створаны рукой майстра-ювеліра, які дакрануўся да звычайнага каменя і ператварыў яго ў неацэнны дыямент, што зіхаціць усімі гранямі.

Сваім зместам верш Максіма Багдановіча сугучны з агульначалавечымі ідэаламі і асабліва актуальна гучыць сёння, калі жыццё растрывожана сваркамі і звадкамі. Чаму ж не прыслухацца да слова Паэта, бо сапраўдны паэт-прарок свайго народа. Прыйшоў час азірнуцца на сваю гісторыю, прыслухацца, пакуль яшчэ зоры пазіраюць на нас і чакаюць нас. I адна з самых яркіх зорак – Максімава сэрца, што і сёння асвятляе нам шлях дазор.

Галіна Белік // Роднае слова. – 2003. – №3. – С.51-52



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.