Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





ЗАНЯТАК 7



ЗАНЯТАК 7

Аднаўленне эканомікі. Па меры вызвалення Беларусі паступова адбывалася аднаўленне эканомікі рэспублікі: ужо ўвосень 1943 г. першыя работы па адбудове гаспадаркі пачаліся на вызваленай частцы Гомельскай вобласці, а са жніўня 1944 г. − на ўсёй тэрыторыі Беларусі.

Пасля заканчэння вайны, у 1946 г., быў прыняты чарговы пяцігадовы план (1946−1950), галоўнай мэтай якога было аднаўленне разбуранай вайной гаспадаркі ў межах усяго Савецкага Саюза і перавод эканомікі з ваенных рэек на мірныя. Цяжкасці гэтага перыяду на тэрыторыі Беларусі заключаліся ў тым, што большасць прамысловых цэнтраў была разбурана, у дрэнным стане знаходзілася чыгунка, назіраўся дэфіцыт сыравіны і электраэнергіі. Паколькі прыярытэт аддаваўся аднаўленню цяжкай прамысловасці, з эвакуацыі былі вернуты некаторыя прамысловыя прадпрыемствы, якія былі вывезены летам 1941 г. Але значная іх частка так і засталася на тэрыторыі Расіі. У 1946 г. сваю прадукцыю выдавалi станкабудаўнiчы завод у Бабруйску, веласiпедны ў Мiнску, а да канца пяцігодкі працавалi Мiнскi трактарны завод, Гомсельмаш, Мiнскi аўтамабiльны завод. У 1947 г. у СССР былі адменены картачкі на прадукты харчавання.

У 1949 г. Беларусь ужо здолела дасягнуць даваеннага ўзроўню, а ў 1950 г. перавысiць яго. Якiм жа коштам былi атрыманы гэтыя вынiкi? Паколькі страты, панесеныя БССР падчас вайны, былі вельмі вялікія, самастойна Беларусі аднавіць эканоміку не ўяўлялася магчымым. Урад СССР выдзеліў на адбудову народнай гаспадаркі Беларусі значныя грашовыя сродкі, будаўнічыя матэрыялы, станкі. З індустрыяльных цэнтраў СССР у Беларусь накіроўваліся кваліфікаваныя спецыялісты. Акрамя таго, БССР атрымала частку германскіх рэпарацый. Важным сродкам, дзякуючы якому народная гаспадарка Беларусі ўздымалася з руін, заставаўся чалавечы фактар ― самаадданая праца і энтузіязм простых людзей. Пры гэтым у арганізацыі працы нічога не змянілася, усе аднаўленчыя работы па-ранейшаму здзяйснялiся камандна-адмiнiстрацыйнымi метадамi, існавала жорсткая дысцыплiна, а план для прадпрыемстваў даводзіўся зверху.

Што тычыцца сельскай гаспадаркі Беларусі, то нягледзячы на панесеныя страты, яна знаходзілася ў лепшым стане, чым прамысловасць. У ходзе вайны на большасці акупаванай тэрыторыі Беларусі былі разбураны калгасы, сяляне разабралi па хатах калгасную ўласнасць. Перад Савецкім урадам узнiкла дылема ― захаваць у Савецкім Саюзе разам з калгаснай сістэмай і прыватны сектар ці поўнасцю ліквідаваць яго. І хоць вытворчасць у прыватных гаспадарках была больш прадукцыйнай, чым у калектыўных, пасляваенная аграрная палітыка СССР у адносінах да беларускіх зямель не змянілася − калгасы былі адноўлены, а ў заходніх абласцях Беларусі паскоранымі тэмпамі праводзілася калектывізацыя. Урадавае рашэнне аб аднаўленні калгасаў было выклікана не эканамічнымі разлікамі, а палітычнымі меркаваннямі, паколькі вядзенне сялянамі індывідуальнай гаспадаркі не ўпісвалася ў сацыялістычную сістэму, якая не прадугледжвала прыватнай уласнасці.

Становішча сялян заставалася вельмі цяжкім. Закупачныя цэны на прадукцыю сельскай гаспадаркі былі вельмі нізкімі, а планы дзяржаўных паставак высокімі. У адносінах да калгаснікаў дзейнічалі нормы даваеннага часу: яны былі абмежаваны ў свабодзе перамяшчэння, паколькі не мелі пашпартоў; на іх не распаўсюджвалася аплата бальнічных лістоў і права атрымліваць пенсіі. Прымусовы характар правядзення калектывізацыі ў Заходняй Беларусі выклікаў масавыя пратэсты насельніцтва і, як следства, узмацненне рэпрэсій.

Грамадска-палiтычнае і культурнае жыццё. Пасля перамогі над фашызмам ніякіх дэмакратычных змен у краіне не адбылося. У БССР, як і ва ўсім Савецкім Саюзе, захавалася таталітарная сістэма, вядучую ролю ў якой адыгрывала камуністычная партыя. У 1947 г. адбылiся выбары ў Вярхоўны Савет БССР, а ў 1948 г. ― у мясцовыя Саветы, але па-ранейшаму яны былi безальтэрнатыўнымi. У бюлетэнь уносілася толькі адно прозвішча загадзя праверанага, «патрэбнага» чалавека. Функцыя падбору і расстаноўкі кадраў ускладвалася на партыйныя камітэты. Асаблівая ўвага кіруючымі органамі надавалася Заходняй Беларусі, дзе фарсіраванымі тэмпамі праводзіліся мерапрыемствы з мэтай уніфікацыі грамадска-палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцця на гэтых землях з астатняй тэрыторыяй БССР. Гэты працэс атрымаў назву саветызацыі.

У дзяржаўным апараце адносіны да Беларусі былі неадназначныя з прычыны трохгадовага існавання на гэтых землях акупацыйнага рэжыму. На кіруючыя пасады ў БССР мясцовыя камуністы не прызначаліся, а ўсё насельніцтва апынулася пад падазрэннем.

Нягледзячы на перамогу ў вайне, масавыя рэпрэсіі не спыніліся, а, наадварот, распачаліся з новай сілай. У лік рэпрэсіраваных трапілі:

1) рэпатрыянты (ваеннапалонныя і насельніцтва, прымусова вывезенае на работу ў Германiю);

2) насельнiцтва, якое знаходзiлася на акупіраваных тэрыторыях;

3) людзі, якія супрацоўнічалі з немцамі;

4) дзеячы культуры, навукі, якiя праўдзiва адлюстроўвалi ваенныя падзеi ці ролю партыі і кіраўніцтва ў перамозе і пасляваеннай адбудове, а не пераходзілі на пазіцыі так званага «сацыялістычнага рэалізму».

У стомленым вайной грамадстве зноў усталявалася атмасфера страху і падазронасці. Падазрэнні ў здрадзе тычыліся нават партызан і падпольшчыкаў, як, напрыклад, удзельнікаў мінскага антыфашысцкага падполля. Фізічна і маральна былі зломлены рэпатрыянты, якія, зведаўшы цяжкасці фашысцкага палону і рабскай працы, на радзіме трапілі ў лік ворагаў і ў пераважнай большасці апынуліся ў засценках ГУЛАГа.

Пасляваенны перыяд быў вельмі цяжкім для савецкай культуры. Яна была падвергнута жорсткаму ідэалагічнаму ўціску, у аснову якога быў пакладзены прынцып партыйнасці ― строгае выкананне партыйных загадаў i ўсхваленне камунiстычнай iдэi. Галоўнымі тэмамі ў лiтаратуры, музыцы і мастацтве былі тэмы сталiнiаны, вайны, кіруючай ролі камунiстычнай партыі ў пераможнай вайне і адбудове грамадства. Тыя прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, якія раней арыштоўваліся па палітычных матывах, лічыліся неблаганадзейнымі і паўторна былі рэпрэсіраваны. Так, пасля вайны ўжо ўтрэці раз былі арыштаваны і высланы з Беларусі вядомы вучоны-гісторык М. Улашчык і пісьменнік У. Дубоўка.

З вялікімі цяжкасцямі сутыкнулася адукацыйная сістэма, матэрыяльная база якой была амаль цалкам знішчана за гады вайны: былі зруйнаваны будынкі школ, не было падручнікаў, паперы, не хапала настаўнікаў. Разам з тым ужо ў 1949 г. была ўведзена ўсеагульная абавязковая сямігадовая адукацыя, а ў 1950 г. колькасць пабудаваных школ перавысіла даваенную лічбу.

Такім чынам, пры пераходзе да мірнага жыцця БССР сутыкнулася з вялікімі цяжкасцямі. Яны былі абумоўлены панесенымі падчас вайны стратамі і ўзмацненнем таталітарнага рэжыму, якому былі падпарадкаваны эканоміка, культура, грамадска-палітычнае жыццё ў краіне. Аднаўленне гаспадаркі Беларусі адбывалася дзякуючы, у першую чаргу, працоўнаму подзвігу народа. Згодна з афіцыйнымі дадзенымі, да 1950 г. эканамічныя паказчыкі ў СССР перавысілі даваенны ўзровень. Аднак праблемы заставаліся. Першачарговая адбудова цяжкай прамысловасці прывяла да заняпаду традыцыйных для Беларусі галін лёгкай прамысловасці ― тэкстыльнай, дрэваапрацоўчай, харчовай. Няпростым было становішча і ў сельскай гаспадарцы. На пачатку 1950-х г. адбылося рэзкае зніжэнне ўзроўню сельскагаспадарчай вытворчасці, што стала вынікам прымусовай калектывізацыі і палітыкі пераразмеркавання сродкаў з аграрнага сектара ў прамысловы.

3. Лібералізацыя ў БССР часоў «адлігі» (1953−1964). Пасля смерці Сталіна (05.03.1953 г.) у СССР пачалася адносная лібералізацыя. Ужо з верасня 1953 г., калі першым сакратаром ЦК КПСС быў абраны М.С. Хрушчоў, у друку пачалі з’яўляцца артыкулы аб шкоднасці культу асобы. Была праведзена рэарганізацыя цэнтральнага апарату ўлады, зменшылася колькасць чыноўнікаў, павялічылася роля мясцовых саветаў. У 1956 г. першым сакратаром ЦК КПБ быў абраны К.Т. Мазураў ― першы беларус, які заняў вышэйшую партыйную пасаду ў БССР.

Сапраўдная дэсталінізацыя краіны пачалася пасля ХХ з’езду КПСС (1956 г.), на якім былі падвергнуты крытыцы палітыка масавых рэпрэсій і культ асобы Сталіна. Па ініцыятыве М.С. Хрушчова быў ліквідаваны ГУЛАГ, шырокія маштабы набыла рэабілітацыя ахвяр сталінскіх рэпрэсій. З гэтай прычыны перыяд кіравання М.С. Хрушчова (1953 − 1964 г.) у гісторыі атрымаў назву «адліга».

Грамадскае і культурнае жыццё ў БССР. Улады БССР падтрымалі палітычны курс лібералізацыі грамадства. У 1956−1961 г. Вярхоўным судом БССР было разгледжана звыш за 30 тыс. справаў, па якіх было рэабілітавана каля 40 тыс. нявінна асуджаных жыхароў Беларусі. Яшчэ каля 20 тыс. чалавек былі рэабілітаваны трыбуналам Беларускай вайсковай акругі.

Павялічылася роля прафесійных саюзаў, у сферу дзейнасці якіх у гэты перыяд былі перададзены сацыяльнае забеспячэнне насельніцтва і санаторна-курортныя ўстановы.

Працэсы лібералізацыі грамадства знайшлі сваё адлюстраванне ў культуры. Аслабленне адміністрацыйнага дыктату, крытыка культу асобы, рэабілітацыя ахвяр рэпрэсій прывялі да шырокай дыскусіі аб ролі і месцы інтэлігенцыі ў грамадстве, аб праве на асабісты падыход пры асвятленні падзей рэчаіснасці.

Важная роля ў гэтым належала літаратуры. Галоўнай для пісьменнікаў Беларусі па-ранейшаму заставалася тэма вайны. Існаванне прынцыпу партыйнасці ставіла літаратараў у пэўныя рамкі, але менавіта ў гэты час з’явіліся першыя творы, у якіх быў не толькі быў паказаны гераізм савецкіх людзей у гады вайны, але і псіхалогія чалавека на вайне, яго ўнутраны свет і перажыванні. Першымі з беларускіх пісьменнікаў па-новаму пачалі пісаць пра вайну В.Быкаў, А.Адамовіч, Я.Брыль.

Яшчэ адным папулярным жанрам літаратуры быў беларускі раман, у тым ліку гістарычны. У гэтай галіне працавалі такія вядомыя беларускія пісьменнікі, як Я.Колас, І.Мележ, У.Караткевіч і інш.

Аслабленне таталітарызму станоўча паўплывала і на развіццё іншых напрамкаў беларускай культуры ― тэатральнага мастацтва, музыкі, выяўленчага мастацтва, спрыяла развіццю адукацыі. У 1958 г. была ўведзена абавязковая 8-гадовая адукацыя, ствараліся прафесійна-тэхнічныя вучылішчы, да 99 % павялічылася колькасць граматнага насельніцтва. Разам з тым уніфікацыя адукацыйнай сістэмы ў межах усяго Савецкага Саюза вяла да абмежавання нацыянальных асаблівасцяў і скарачэння сфераў ужывання беларускай мовы.

Эканамічнае развіццё. Выбар новага палітычнага курса патрабаваў зменаў і ў эканамічных арыенцірах. Паколькі палітычна кіраўніцтва не ставіла пад сумненне існаванне камандна-адміністрацыйнай сістэмы, то размова ішла толькі пра некаторае яе рэфармаванне.

У другой палове 1950-х г. у свеце разгарнулася навукова-тэхнічная рэвалюцыя (НТР), якая прадугледжвала хуткае ўкараненне дасягненняў навукі ў вытворчы працэс. У Савецкім Саюзе перавага ў развіцці надавалася машынабудаванню, хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці, энергетыцы. У другой палове 1950-х − першай палове 1960-х г. у БССР быў пабудаваны шэраг прамысловых прадпрыемстваў, заснаваных на перадавых тэхналогіях: першы ў СССР завод вылічальных машын і завод аўтаматычных ліній у Мінску, Полацкі нафтаперапрацоўчы камбінат, азотна-тукавы завод у Гродне, калійны камбінат у Салігорску, Беларускі аўтамабільны завод («БелАЗ») у Жодзіне і інш.

У 1957 г. была праведзена рэформа кіравання эканомікай: замест міністэрстваў, якія былі створаны па галіноваму прынцыпу, уводзіліся саветы народнай гаспадаркі (саўнаргасы), у аснову якіх быў пакладзены тэрытарыяльны прынцып кіравання ўсёй эканомікай − прамысловасцю і сельскай гаспадаркай. У БССР быў створаны саўнаргас БССР. Лічылася, што гэта прывядзе да змяншэння бюракратычнага апарату і будзе садзейнічаць лепшаму выкарыстанню мясцовых рэсурсаў.

З мэтай паляпшэння становішча ў аграрным сектары эканомікі былі павялічаны закупачныя цэны на прадукцыю сельскай гаспадаркі, уводзілася аплата працы калгаснікаў, з 1956 г. пачалі выплочваць пенсіі па старасці і інваліднасці. Упершыню пераразмеркаванне дзяржаўнага бюджэту адбывалася на карысць сельскай гаспадаркі. Да непасрэднага ўдзелу ў сельскагаспадарчай вытворчасці прыцягваліся прамысловыя, навуковыя і навучальныя ўстановы. У 1954 г. для павелічэння аб’ёмаў вытворчасці збожжа пачалося асваенне цалінных зямель у Казахстане. У асваенні цаліны ўдзельнічала каля 180 тыс. беларусаў, прамысловасць БССР павялічыла выпуск сельскагаспадарчых машын для забеспячэння цалінных саўгасаў.

Каб надаць калгасам большую гаспадарчую самастойнасць, у 1958 г. было прынята рашэнне аб рэарганізацыі МТС і продажы іх тэхнікі ва ўласнасць калгасам. Для аблягчэння гэтай працэдуры калгасам спісваліся запазычанасці мінулых гадоў за работу МТС.

Вынікі эканамічнага развіцця. У другой палове 1950-х г. у БССР адбыўся адчувальны рост вытворчасці цяжкай прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Аднак, нягледзячы на разгортванне навукова-тэхнічнай рэвалюцыі, рост эканамічных паказчыкаў па-ранейшаму дасягаўся пераважна за кошт ужывання экстэнсіўных метадаў гаспадарання. Да таго ж, панаванне камандна-адміністрацыйных метадаў у эканоміцы не прынесла чакаемага эфекту ад праведзеных рэформ. Прыярытэт у развіцці індустрыі прывёў да значнага адставання лёгкай прамысловасці Беларусі і пагаршэння забеспячэння насельніцтва прадукцыяй масавага попыту. У сельскай гаспадарцы, пры першапачатковым росце валавой прадукцыі, у канцы 1950-х − пачатку 1960-х г. становішча таксама пагоршылася. Гэта тлумачылася некалькімі прычынамі:

· ліквідацыяй МТС і немагчымасцю калгасаў хутка купіць сельскагаспадарчую тэхніку і абслугоўваць яе, што прывяло да росту запазычанасці з боку калгасаў дзяржаве;

· пошукам новых зямель для вырошчвання сельскагаспадарчых культур, што суправаджалася на тэрыторыі БССР меліярацыяй Палесся, заворваннем лугоў і пашаў. Гэта, у сваю чаргу, прывяло да парушэння экалагічнай раўнавагі і скарачэння пагалоўя жывёлы;

· шырокімі пасевамі такіх зернебабовых культур, як кукуруза і гарох, пры адначасовым скарачэнні пасеваў пшаніцы і грэчкі. Адсутнасць неабходнай рэкультывацыі і севазвароту адмоўна адбілася на ўраджайнасці глебы.

Было відавочна, што выкананне запланаваных паказчыкаў VІ пяцігодкі знаходзіцца пад пагрозай зрыву. Каб выйсці з складанага становішча, у апараце кіравання ўзнікла рашэнне: замяніць пяцігадовы план 1956 − 1960 г. сямігадовым планам на 1959−1965 г. Па сутнасці «пралікі» ў выкананні пяцігодкі перакрываліся новым планам на сямігодку.

У кастрычніку 1961 г. на ХХІІ з’ездзе КПСС была прынята праграма пабудовы камунізму, якую планавалася ажыццявіць падчас жыцця аднаго пакалення − да пачатку 1980-х г. Гэтая праграма была складзена без уліку аб’ектыўных законаў развіцця грамадства і эканомікі і, па сутнасці, з’яўлялася наборам палітычных і ідэалагічных лозунгаў. У рабоце і рашэннях ХХІІ з’езду адбіліся ўсе супярэчнасці часу кіравання М.С. Хрушчова: з аднаго боку, працэсы дэсталінізацыі і рэальныя дасягненні ў эканоміцы, а з другога ― утапічныя планы пабудовы камунізму і ўзмацненне культу асобы самаго Хрушчова. Усё гэта адбывалася на фоне напружанасці міжнароднага становішча.

Развіццё БССР у 1965−1985 г. «Застой» і наспяванне крызісу. Пасля адстаўкі М.С. Хрушчова Генеральным сакратаром ЦК КПСС у 1964−1982 г. з’яўляўся Л.І. Брэжнеў. Перыяд яго кіравання атрымаў назву «эпохі застою» і характарызаваўся пераходам ад адноснай лібералізацыі грамадства да кансервацыі сфарміраваных за дзесяцігоддзі эканамічнай і грамадска-палітычнай мадэляў. У гэты час спынілася палітычная рэабілітацыя, адбылося зліццё дзяржаўнага апарату з партыйным, з’явілася так званая наменклатура ― партыйная эліта, у руках якой засяродзілася ўся паўната ўлады ў краіне. Фармальны характар набылі дэмакратычныя правы і свабоды, абвешчаныя ў Канстытуцыі СССР 1977 г. і Канстытуцыі БССР 1978 г.

Эканамічнае становішча ў БССР. У 1965 − 1980 г. БССР узначальваў П.М. Машэраў. Пад яго кіраўніцтвам рэспубліка заняла адно з вядучых месцаў у СССР па развіцці гаспадаркі і ўзроўню дабрабыту насельніцтва.

У 1965 г. у СССР пачала ажыццяўляцца эканамічная рэформа, ініцыятарам якой быў старшыня Савета Міністраў СССР А.М. Касыгін. Асноўнай прычынай правядзення рэформы з’яўлялася адставанне тэхнічнага ўзроўню эканомікі ад дасягненняў навукі і тэхнікі. Сутнасць рэформы заключалася ў наступным:

· ліквідацыя саўнаргасаў і замена іх міністэрствамі;

· скарачэнне планавых паказчыкаў, якія даводзіліся да прадпрыемстваў;

· стварэнне на прадпрыемствах фондаў матэрыяльнага стымулявання;

· фінансаванне прамысловага будаўніцтва не за кошт датацый, а праз крэдытаванне;

· павышэнне закупачных цэн на прадукцыю сельскай гаспадаркі;

· забеспячэнне аграрнага сектара эканомікі сельскагаспадарчай тэхнікай;

·  увядзенне гаспадарчага разліку.

Пры ажыццяўленні рэформы ў БССР па-ранейшаму перавага аддавалася цяжкай прамысловасці, якая ўсё больш пачынала працаваць на абслугоўванне ваенна-прамысловага комплексу (ВПК). Рэформа не ўлічвала мясцовых асаблівасцей. Для павелічэння плошчы ворыўных зямель у рэспубліцы актывізавалася меліярацыя, што абвастрыла экалагічныя праблемы беларускага Палесся.

Такім чынам, рэформа прадугледжвала толькі ўвядзенне некаторых элементаў рыначнай эканомікі, не закранаючы асноваў камандна-адміністрацыйнай сістэмы кіравання. Таму рэформа не прынесла істотных вынікаў і была згорнута.

У 1970 − пачатку 1980-х г. прамысловасць БССР развівалася пераважна экстэнсіўным шляхам. За гэты перыяд у рэспубліцы былі пачалі працаваць 186 новых прадпрыемстваў, на шмат якіх заводах адбывалася мадэрнізацыя асноўных фондаў. Тэмпы развіцця прамысловай вытворчасці ў БССР былі дастаткова высокімі. Развіваліся машынабудаванне, металаапрацоўка, хімічная прамысловасць, павялічылася вага тэкстыльнай вытворчасці. Аднак хуткі рост індустрыі, у першую чаргу хімічнай прамысловасці, вёў да значнага пагаршэння экалагічнай сітуацыі ў краіне.

Станоўчыя зрухі ў эканоміцы тлумачыліся, між іншым, высокімі коштамі на нафту, якія трымаліся на міжнародным рынку ў другой палове 1960-х – 1970-х г. У Беларусі былі адкрыты ўласныя радовішчы нафты ў Рэчыцкім басейне. Продаж «чорнага золата» за мяжу дазваляў савецкаму кіраўніцтву пераразмяркоўваць нафтадолары ў розныя галіны эканомікі. Беларусы прымалі актыўны ўдзел у «будоўлі стагоддзя» ― Байкала-Амурскай магістралі (БАМ).

Становішча ў сельскай гаспадарцы ў адзначаны час вызначала стварэнне аграпрамысловага комплексу (АПК), задачай якога было аб’яднанне ў адзіную структуру галін народнай гаспадаркі, якія забяспечвалі вытворчасць прадуктаў харчавання і прамысловых вырабаў з сельскагаспадарчай сыравіны, а таксама рэалізацыю іх спажыўцам. Умацоўвалася матэрыяльна-тэхнічная база калгасаў. Да пачатку 1980-х г. сельская гаспадарка Беларусі набыла дастаткова выразны накірунак спецыялізацыі па мяса-малочнай жывёлагадоўлі.

Аднак вельмі часта сродкі, якія выдаткоўвала дзяржава на развіццё сельскай гаспадаркі, ва ўмовах каманднай эканомікі размяркоўваліся ў стратныя калгасы, дзе і знікалі, не прыносячы прыбытку. Негатыўнымі момантамі ў арганізацыі працы ў калгасах па-ранейшаму заставаліся адчужэнне калгаснікаў ад зямлі і вынікаў сваёй працы і адсутнасць матэрыяльнага заахвочвання. Гэта прывяло да павелічэння сабекошту сельскагаспадарчай прадукцыі і абвастрэння крызісных з’яваў у сельскай гаспадарцы. Паменшылася вытворчасць прадуктаў харчавання, што прывяло да іх вострага недахопу і вымусіла ўрад СССР прыняць у 1982 г. «Харчовую праграму». Але яна не выратавала сітуацыю. Для забеспячэння насельніцтва СССР павялічыў імпарт прадуктаў харчавання і прамысловых тавараў першай неабходнасці.

Грамадска-палітычнае і культурнае жыццё ў краіне праходзіла пад дыктатам КПСС. Усё працоўнае насельніцтва было аб’яднана ў прафесійныя саюзы (школы камунізму), павялічылася колькасць членаў партыі. Асаблівая ўвага надавалася працы з моладдзю, якая са школьнага ўзросту праходзіла ідэалагічную школу. Дзеці паступова станавіліся акцябратамі, піянерамі і камсамольцамі.

Ужо ў канцы 1960-х г. стала відавочна, што праграма пабудовы камунізму, прынятая на ХХІІ з’ездзе КПСС, не можа быць выканана ў тэрмін. Л.І. Брэжнеў у 1967 г. абвясціў аб пабудове ў СССР развітога сацыялізму. У гэты перыяд у краіне набіралі моц працэсы, супрацьлеглыя адноснай лібералізацыі часоў «адлігі». У літаратуры і мастацтве ўзмацніўся прынцып партыйнасці. Насельніцтву ўнушалася вера ў бязгрэшнасць і беспамылковасць партыі і кіраўніцтва краіны. Тыя дзеячы культуры і навукі, якія не дагадзілі рэжыму, абвяшчаліся дысідэнтамі.

У 1971 г. на ХХІV з’ездзе КПСС Л.І. Брэжнеў заявіў аб узнікненні ў Савецкім Саюзе новай супольнасці людзей ­― «савецкі народ». Пад гэтым тэрмінам разумеліся грамадзяне СССР, людзі, якія прытрымліваліся камуністычнага светапогляду і фактычна адмаўляліся ад сваіх нацыянальных адметнасцяў. Мовай міжнацыянальных адносін па Канстытуцыі 1977 г. аб’яўлялася руская. Найбольшую актыўнасць у «стварэнні» савецкага народа праявіла кіраўніцтва Беларускай ССР.

У другой палове 1970-х г. была ўведзена ўсеагульная сярэдняя адукацыя, павялічылася колькасць сярэднеспецыяльных і вышэйшых навучальных установаў. Пры гэтым адукацыя, асабліва вышэйшая, была пераведзена ў асноўным на рускую мову.

Падагульняючы, неабходна падкрэсліць, што перыяд, названы «застоем», характарызаваўся шэрагам супярэчнасцяў у эканамічным, палітычным і культурным жыцці грамадства. Зліццё партыйнага апарату з дзяржаўным павялічыла колькасць бюракратыі і стварыла адарваную ад грамадства кіруючую партыйную эліту ― наменклатуру. Ажыццяўлялася партыйнае кiраўніцтва эканомiкай, калі пяцiгадовыя планы прымалiся на з’ездах КПСС, а выконваць іх павінны былі ўсе. На кожным заводзе iснавалi партыйныя групы, якiя сачылi за выкананнем лозунга «Планы партыі ― планы народа!».

Даволі высокі ўзровень развіцця навукі быў пастаўлены на службу ваенна-прамысловаму комплексу і асваенню Космасу. Асартымент тавараў народнага спажывання быў дастаткова вузкі і пераважна невысокай якасці. У сельскай гаспадарцы, нягледзячы на некаторае паляпшэнне дабрабыту вяскоўцаў, адміністрацыйная сістэма кіравання захавала калектыўную форму гаспадарання і не дапусціла прыватнага землекарыстання. Павялічвалася колькасць стратных калгасаў, абвастрыліся экалагічныя праблемы. Побач з гэтым узмацніліся цэнзура і ідэалагічны ціск. Гэта было сведчаннем таго, што камандна-адміністрацыйная сістэма ў СССР вычарпала ўсе магчымасці экстэнсіўнага развіцця і паступова вяла краіну ў бок глыбокага эканамічнага і палітычнага крызісу.

У лістападзе 1982 г. памёр Л.І. Брэжнеў. Спробы Генеральных сакратароў ЦК КПСС Ю.У. Андропава (1982–1984) i К.У. Чарненкі (1984–1985) утрымаць СССР у былых рамках кантролю КДБ i КПСС не далi станоўчых вынiкаў. Было відавочна, што касметычнае рэфармаванне камандна-адміністрацыйнай сістэмы не зможа палепшыць сітуацыю ў краіне, таму неабходны карэнныя рэформы.

5. Палітыка перабудовы і пачатак дэмакратызацыі грамадства (1985−1990). Крызiсныя з’явы, якія нарасталi ў эканомiцы ў сярэдзіне 1980-х г., сведчылi пра абвастрэнне крызiсу ўсёй сацыялiстычнай сiстэмы. Камандна-адміністрацыйная сістэма не адпавядала рэаліям эпохі. Відавочнай была неабходнасць мадэрнізацыі ўсіх бакоў грамадства: яго эканамічных асноваў, сацыяльнага жыцця, палітычнага ўладкавання, духоўнай сферы. Ва ўмовах існаваўшай палiтычнай сiстэмы iдэя пераўтварэнняў магла ўвасобiцца толькi па ініцыятыве кіруючай партыі. Разам з тым вывесцi краiну на шлях устойлiвага развiцця было немагчыма тымі метадамi, якія склалiся ў гады сталiнска-брэжнеўскага кiравання.

       Курс на паскарэнне. На красавіцкім 1985 г. Пленуме ЦК КПСС Генеральным сакратаром ЦК КПСС М.С. Гарбачовым(1985–1991) была дадзена ацэнка эканамічнага становішча, якое склалася ў краіне, падкрэслены супярэчнасці. Стратэгічным курсам ва ўнутранай палітыцы краіны быў абвешчаны курс на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця.

Але шляхі, формы, глыбіня працэсаў абнаўлення былі ўсвядомлены не адразу. Шмат што прыходзілася ўдакладняць, карэктаваць і пераглядваць ужо падчас ажыццяўлення новай палітыкі. Поўнай яснасці пра глыбіню крызісу не мела нават партыйнае кіраўніцтва. Вельмі хутка праявіліся негатыўныя наступствы разгорнутай па ўсёй краіне кампаніі па барацьбе з п’янствам і алкагалізмам. Уведзеная талонная сістэма жорстка абмяжоўвала магчымасць набыцця алкагольных вырабаў у крамах, у выніку прывяла да недапаступлення грошай у дзяржаўны бюджэт, знішчэння вінаграднікаў, закрыцця лікёра-гарэлачных прадпрыемстваў, звальнення людзей, спекуляцыі гарэлкай, самагонаварэння і «цукровага буму». Усё гэта адбывалася на фоне зніжэння цэн на нафту, скарачэння імпарту і вытворчасці ўласнай прадукцыі і вялікага дэфіцыту тавараў першай неабходнасці. Стала відавочна, што прадэклараваны курс на паскарэнне сацыяльна-эканамічнага развіцця без кардынальных зменаў асуджаны на правал.

Палітыка перабудовы. На студзеньскім 1987 г. Пленуме ЦК КПСС была абвешчана палітыка перабудовы ўсіх сфер жыцця ў Савецкім Саюзе, а чэрвеньскі 1987 г. Пленум ЦК КПСС зацвердзіў яе накірункі. Асноўным зместам перабудовы абвяшчалася ўмацаванне сацыялістычнага ладу праз дэмакратызацыю грамадскага жыцця («дэмакратычны сацыялізм») і радыкальную эканамічную рэформу.

Дэмакратызацыя ў СССР ажыццяўлялася праз тры важныя мерапрыемствы:

1) увядзенне палітыкі галоснасці, пад якой разумелася права чалавека публічна выказваць свае погляды і меркаванні, свабода слова, плюралізм думак і поглядаў, адкрытасць і даступнасць для насельніцтва інфармацыі аб тым, што адбываецца ў дзяржаве і грамадстве. У СССР аднавілася рэабілітацыя ахвяр сталінскіх рэпрэсій, адбыўся сапраўдны выбух грамадскага інтарэсу да падзей мінулага, асабліва да так званых «белых плямаў» гісторыі;

2) фарміраванне ў краіне шматпартыйнасці праз рэалізацыю правоў грамадзян на аб’яднанне і ўтварэнне розных саюзаў, рухаў, палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў. Яшчэ у пачатку 20-х гадоў ХХ ст. у СССР былi забаронены ўсе партыi, акрамя партыі бальшавікоў. Гэтую сітуацыю змяніў прыняты ў 1990 г. закон «Аб грамадскiх аб’яднаннях», і манаполія на ўладу КПСС была ліквідавана;

3) правядзенне альтэрнатыўных выбараў, якія ўпершыню адбыліся ў 1989 г. падчас выбараў Вярхоўнага Савета СССР.

Больш складанае становішча было ў эканамічнай сферы. Усведамляючы неабходнасць выхаду з крызісу і пры гэтым не жадаючы кардынальна мяняць падыходы да спосабу арганізацыі кіравання эканомікай, улады хацелі знайсці трэці шлях паміж камандна-адміністрацыйнай сістэмай і рыначнай эканомікай. Выхад бачыўся ў структурнай перабудове эканомікі на прынцыпах гаспадарчага разліку і самафінансавання.

Беларусь у часы перабудовы. БССР у гэты перыяд лiчылася адной з самых кансерватыўных рэспублiк Савецкага Саюза. У той час як Масква выступала за рэфармаванне камуністычнай сістэмы, урад Беларусі рабіў усё, каб захаваць яе ў некранутым выглядзе. Пісьменнік Алесь Адамовіч назваў Беларусь Вандэяй перабудовы (Вандэя ― гістарычная вобласць Францыі, урад і насельніцтва якой выступілі супраць ідэалаў Вялікай французскай буржуазнай рэвалюцыі (1789–1799). З тых часоў у пераносным значэнні тэрмін «вандэя» ўжываецца як сімвал контррэвалюцыі, ім характарызуецца прыхiльнасць да ўсяго аджыўшага, супрацьдзеянне ўсяму новаму).

Тым не менш спыніць працэс дэмакратызацыі было немагчыма. Вялікую папулярнасць у грамадстве пачала набываць першая ў краіне апазіцыйная антыкамуністычная арганізацыя Беларускі народны фронт «Адраджэньне» (БНФ), устаноўчы сход якой адбыўся ў кастрычніку 1988 г. і якая падтрымлівала палітыку дэмакратызацыі і эканамічных рэформ. У БССР пачалося станаўленне шматпартыйнай сістэмы. Пасля прыняцця закона «Аб грамадскiх аб’яднаннях» у краіне ўтварыліся палітычныя партыі: Беларуская сялянская партыя, Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада, Нацыянальна-дэмакратычная партыя Беларусi, Хрысцiянска-дэмакратычная партыя Беларусi i iнш. Нягледзячы на тое, што колькасць членаў гэтых партый была невялікай, сам факт іх дзеяння на палітычнай арэне Беларусі меў вялікае значэнне і сведчыў пра працэсы дэмакратызацыі краіны.

У грамадстве рэзка павялічыўся інтарэс да гістарычнага мінулага сваёй Бацькаўшчыны, людзі абудзіліся ад скаванасці і абыякавасці. У 1990 г. у рэспубліцы адбыліся першыя альтэрнатыўныя выбары ў Вярхоўны Савет БССР i мясцовыя саветы. У адрозненне ад панаваўшай доўгі час манаполіі на ўладу КПБ, 37 месцаў у парламенце атрымалі і прадстаўнікі БНФ, якія склалі парламенцкую апазіцыю. Увогуле прыхільнікаў дэмакратыі ў парламенце было каля 100 чалавек з агульнай колькасці дэпутатаў 345. Яны ўтварылі так званы Дэмакратычны дэпутацкі клуб.

У адпаведнасці са зменай падыходаў да арганізацыі эканомікі на беларускіх прадпрыемствах актыўна пачалі ўкараняцца поўны гаспадарчы разлік і самафінансаванне. Да канца 1988 г. на гэтых прынцыпах працавалі ўся прамысловасць, аграпрамысловы комплекс, транспарт і гандаль у Беларусі, разглядалася пытанне аб магчымасці выхаду на агульнарэспубліканскі гаспадарчы разлік. Была таксама распрацавана агульнарэспубліканская комплексная праграма «Інтэнсіфікацыя», якая прадугледжвала хуткае ўкараненне ў вытворчасць новых перадавых тэхналогій, выпуск прадукцыі, канкурэнтназдольнай на сусветным рынку, развіццё творчай ініцыятывы працоўных і інш. Аднак прагрэсіўныя памкненні па-ранейшаму планавалася ажыццявіць камандна-адміністрацыйнымі метадамі, напрыклад, увядзеннем на прадпрыемствах дзяржаўнай прыёмкі ― спецыяльнай кантрольнай службы якасці. Між іншым, яна не прынесла чакаемага эфекту ў вытворчасці, а толькі павялічыла бюракратычны апарат.

Чарнобыльская праблема. Эканамічнае становішча ў Беларусі рэзка пагоршылася ў сувязі з наступствамі аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі (АЭС), якая адбылася 26 красавіка 1986 г. Нягледзячы на тое, што АЭС знаходзіцца на Украіне, больш за 70 % радыёактыўных ападкаў выпала на землях Беларусі. У выніку забруджанымі радыёнуклідамі аказаліся каля 23 % тэрыторыі рэспублікі, дзе пражывала 2 млн. 200 тыс. насельніцтва. З гаспадарчага абарачэння было выведзена 20 % сельскагаспадарчых і 15 % лясных угоддзяў краіны.

Сітуацыя ўскладнялася тым, што ўлады спачатку замоўчвалі факт аварыі, а потым ― усю сур’ёзнасць яе наступстваў. Толькі 4 мая была вызначана 30-кіламетровая зона на мяжы з Украінай, насельніцтва якой падлягала адсяленню. Усяго з зоны забруджвання было выселена звыш за 135 тыс. чалавек, поўнасцю адселена 415 населеных пунктаў. Чарнобыльская аварыя абвастрыла і сацыяльную праблему ў Беларусі, паколькі неабходнасць першачарговага прадастаўлення жылля выселеным адсоўвала ў чэргах на атрыманне жылля іншыя сем’і.

На ліквідацыю наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС Беларусі патрабавалася 235 млрд. долараў. Агульны эканамічны крызіс у СССР у канцы 1980-х г. прывёў да таго, што з саюзнага бюджэту сродкі на гэта фактычна не выдаткоўваліся. Чарнобыльская праблема стала ўласнай праблемай Беларусі.

Такім чынам, нягледзячы на першасныя станоўчыя змены эканамічнай сітуацыі ў выніку ўвядзення гаспадарчага разліку і самафінансавання, вельмі хутка выявіліся крызісныя з’явы: адбывалася падзенне прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасці, назіраліся паліўны, энергетычны, транспартны крызіс, дэфіцыт тавараў першай неабходнасці. Паказчыкамі краху камандна-бюракратычнай эканомікі сталі інфляцыя, рост унутранага і знешняга доўга, абясцэньванне грошай і рост натуральнага абмену (бартэра). Папулісцкія рашэнні, такія як павышэнне пенсій, сацыяльных выплат, зарплаты і інш., не суправаджаліся рэальнымі рэформамі і падарвалі эканамічнае жыццё краіны.

 



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.