Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





ЗАНЯТАК 6



ЗАНЯТАК 6

Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны (1941–1945).

Вялікая Айчынная вайна савецкага народа супраць фашысцкай Германіі (22.06.1941 − 09.05.1945) стала складанай часткай Другой сусветнай вайны (01.09.1939 − 02.09.1945), якая пачалася з нападзення Германіі на Польшчу і ўцягнула ў сваю арбіту 61 краіну і звыш 80 % насельніцтва планеты. 3 верасня 1939 г. вайну Германіі абвясцілі Англія і Францыя, аднак актыўных ваенных дзеянняў яны не прадпрымалі, з-за гэтага падзеі на Заходнім фронце ў верасні 1939 г. атрымалі назву «дзіўная вайна».

Адносіны паміж Савецкім Саюзам і Германіяй у той час рэгуляваліся двума асноўнымі дакументамі: пактам аб ненападзенні ад 23 жніўня 1939 г. і дагаворам аб дружбе і граніцы ад 28 верасня 1939 г. Але абодва бакі разумелі, што пазбегнуць адкрытага ваеннага супрацьстаяння не ўдасцца. Ужо ў снежні 1940 г. нямецкім генеральным штабам быў распрацаваны план «Барбароса» ― план маланкавай вайны супраць СССР.

У Савецкім Саюзе напярэдадні вайны існавала забарона ўсялякай антынацысцкай прапаганды, але разам з тым ваенна-патрыятычныя творы, у першую чаргу песні, якія пісаліся ў адпаведнасці з палітыка-сацыяльным заказам, прапаведвалі непазбежнасць перамогі над нейкім неназваным праціўнікам «малой крывёю і на чужой тэрыторыі». Эканоміка СССР мела выразны мілітарызаваны характар з ужываннем надзвычайных метадаў: у 1939 г. быў уведзены абавязковы мінімум працадзён для калгаснікаў; у 1940 г. быў прыняты ўказ аб замацаванні рабочых і служачых за прадпрыемствамі і ўсталяванні 8-гадзіннага рабочага дня пры 7-дзённым працоўным тыдні; жанчыны павінны былі авалодваць прафесіяй трактарыста, каб у выпадку неабходнасці замяніць пайшоўшых на фронт мужчын і г. д. Тым не менш, нападзенне Германіі на Савецкі Саюз у ноч на 22 чэрвеня 1941 г. трыма групамi армій «Поўнач», «Цэнтр» і «Поўдзень» па ўсёй заходняй мяжы ад Балтыйскага мора да Чорнага прывяло да разгортвання ваенных дзеянняў па сцэнарыю, якога не чакала савецкае кіраўніцтва.

Абарончыя баі на тэрыторыі Беларусі. На Беларусь наступала група армiй «Цэнтр», якія дзвюма часткамi ― праз Сувалкi, Вiльню i праз Брэст ― павiнны былi акружыць савецкія ваенныя фарміраванні i злучыцца пад Мiнскам. Ім супрацьстаялi войскi Заходняй Асобай Ваеннай Акругi пад кiраўнiцтвам генерала Д.Паўлава. Дзякуючы папярэдне атрыманай iнфармацыi, вораг наносiў дакладныя ўдары па аэрадромах, чыгуначных вузлах, скапленнях баявой тэхнiкi. У першы дзень вайны толькі на тэрыторыі Беларусі Чырвоная Армія страціла 738 самалётаў, з іх 528 на аэрадромах. Нягледзячы на мужнасць і гераізм пагранічнікаў і супраціўленне асобных адступаючых савецкіх войск, нямецкія арміі вельмі хутка, да 60 км у дзень, рухаліся па тэрыторыі Беларусі, і ўжо 28 чэрвеня быў захоплены Мінск.

Напружаны характар насілі баі ў раёне Магілёва, абарона якога працягвалася 23 дні (3–26 ліпеня 1941 г.). Для абароны горада было створана народнае апалчэнне. З Усходняй Беларусі здолелі эвакуіраваць 1,5 млн. спецыялістаў народнай гаспадаркі і 124 прамысловыя прадпрыемствы, сярод якіх быў «Гомсельмаш». Жахлівы лёс напаткаў палітычных зняволеных, большасць якіх была расстраляна супрацоўнікамі НКУС.

30 чэрвеня 1941 г. быў створаны Дзяржаўны Камітэт Абароны (ДКА) на чале са Сталіным. У руках ДКА засяродзілася ўся паўната дзяржаўнай, ваеннай і партыйнай улады. Адказнасць за паражэнні на першапачатковым этапе вайны сталінскае кіраўніцтва вырашыла перакласці на некаторых военачальнікаў. Так, на восьмы дзень вайны быў зняты з пасады камандуючага фронтам і расстраляны генерал Д.Паўлаў.

Прычыны першапачатковых няўдач Чырвонай Армii. Доўгі час у савецкай гістарыяграфіі асноўнай прычынай першапачатковых ваенных няўдач Чырвонай Арміі называўся фактар раптоўнасці і нечаканасці нямецкай агрэсіі. Аднак галоўная прычына крылася ў савецкай ваеннай дактрыне ― вядзенне толькі наступальнай вайны ― і праліках вышэйшага савецкага камандавання. Як сведчаць даследаванні гісторыкаў, Сталін да апошняга не верыў у магчымасць Гітлера рашыцца на вайну з СССР. Па апублікаваных дадзеных, на мяжы Савецкага Саюза і Германіі з абодвух бакоў была сабрана прыкладна аднолькавая колькасць салдат і ваеннай тэхнікі, аднак ва ўмовах ваеннай ініцыятывы Германіі канцэнтрацыя на мяжы савецкіх войск і непадрыхтаванасць іх да абарончых баёў прадвызначылі перавагу Вермахта ў першыя дні вайны. Не валодаючы сітуацыяй, не маючы ўяўлення аб маштабах нямецкага ўварвання, савецкае камандаванне аддавала загады перайсці ў контрнаступленне і выбіць праціўніка за межы СССР, што прыводзіла да неабгрунтаваных стратаў. Паколькі маршруты магчымага адступлення раней нават не разглядаліся, то войскі Чырвонай Арміі часта траплялі ў акружэнне, у так званыя «катлы». Толькі пад Навагрудкам у канцы чэрвеня 1941 г. былi акружаны 11 савецкіх дывiзій («Навагрудскi кацёл»).

Негатыўна на баяздольнасць савецкіх войскаў паўплывала аслабленне арміі ў выніку «чысткі» 1938−1939 г., падчас якой было рэпрэсіравана каля 40 тыс. чалавек вышэйшага афіцэрскага саставу.

Нямецкі акупацыйны рэжым. Да канца жніўня 1941 г. уся тэрыторыя Беларусі была акупіравана гітлераўскімі войскамі. На занятых землях немцы удала выкарыстоўвалі грамадскія настроі, выкліканыя папярэдняй савецкай палітыкай. Асабліва гэта было адчувальна ў Заходняй Беларусі, дзе частка насельніцтва пайшла на супрацоўніцтва (калабарацыянізм) з немцамі. Акупацыйная адміністрацыя актыўна выкарыстоўвала беларускую нацыянальную карту, ствараючы ілюзію падтрымкі беларускага руху і аднаўлення беларускай дзяржаўнасці ў перспектыве: адкрываліся беларускія школы, былі створаны Беларуская народная самапомач, Беларуская самаахова, Саюз беларускай моладзі і інш.

Але на самай справе ў адносінах да насельніцтва на акупіраваных тэрыторыях германскае камандаванне кіравалася планам «Ост» ― генеральным планам каланізацыі і германізацыі Усходняй Еўропы. У нямецкіх планах Беларусь з’яўлялася тэрыторыяй, якая ў будучым павінна была ператварыцца ў частку іх жыццёвай прасторы. Згодна з гэтымі планамі, 25 % беларусаў планавалася анямечыць, непрацаздольных ― знішчыць, а астатніх перасяліць на ўсход і выкарыстоўваць у якасці рабочай сілы на карысць Вялікай Германіі. Поўнаму вынішчэнню падлягалі яўрэі і цыгане. Зразумела, што план «Ост» быў сакрэтным, і яго палажэнні не былі вядомыя не толькі насельніцтву Беларусі, але нават частцы вышэйшага кіраўніцтва Трэцяга рэйха.

Нямецкія ўлады падзялілі тэрыторыю Беларусі на некалькі акупацыйных зон, якія падпарадкоўваліся розным цэнтрам:

· Усходняя Прусія ― да яе былі далучаны паўночна-заходнія раёны Брэсцкай і Беластоцкай абласцей;

· рэйхскамісарыяту «Украіна» падпарадкоўваліся паўднёвыя раёны Брэсцкай, Пінскай, Палескай і Гомельскай абласцей;

· генеральная акруга Літва ўключала ў сябе паўночна-заходнія раёны Вілейскай вобласці;

· зону армейскага тылу з непасрэдным ваенным кіраўніцтвам складалі Віцебская, Магілёўская, большая частка Гомельскай і усходнія раёны Мінскай абласцей;

· генеральная акруга Беларусь («Беларутэнія») ― самая вялікая зона акупацыі з цэнтрам у Мінску, якая ўключала 1/3 частку тэрыторыі Беларусі.

Для дасягнення сваіх мэт немцы на акупаваных тэрыторыях пачалі ўводзіць так званы «новы парадак», накіраваны, у першую чаргу, на ліквідацыю савецкіх органаў улады і замену іх уласнай адміністрацыяй. У верасні 1941 г. ва ўсіх зонах акупацыі, акрамя зоны армейскага тылу, была ўсталявана грамадзянская адміністрацыя, функцыі якой былі абмежаваны дзейнасцю паліцыі і войск СС. Генеральную акругу Беларусь узначаліў Вільгельм Кубэ.

Фашысцкае кіраўніцтва дзейнічала насуперак існаваўшым міжнародным канвенцыям і здымала са сваіх салдат усялякую адказнасць за любыя злачынствы. Новы парадак грунтаваўся на палітыцы генацыду ― знішчэння груп насельніцтва па тых ці іншых прычынах: за прыналежнасць да камуністаў, яўрэяў або цыган, за антыфашысцкую дзейнасць, за любое непаслушэнства рэжыму. Для ажыццяўлення гэтай палітыкі акупацыйныя ўлады выкарыстоўвалі наступныя сродкі:

· правядзенне карных аперацый ― акцый рэпрэсіўнага характару з мэтай загасіць партызанскі рух і зняволіць жыхароў на акупаваных тэрыторыях. Нярэдка падчас карных аперацый фашыстамі знішчаліся цэлыя вёскі разам з іх насельніцтвам. Так, за часы акупацыі ў Беларусі было спалена 627 вёсак, 186 з якіх не былі адноўлены пасля вайны. Найбольш значным па маштабу карным аперацыям немцы надавалі кодавыя назвы ― «Прыпяцкія балоты», «Балотная ліхаманка», «Зімовы лес», «Котбус» і інш.;

· стварэнне канцлагераў. На тэрыторыі Беларусі такіх «фабрык смерці» дзейнічала звыш 260. Самым вялікім канцлагерам быў Трасцянец (пад Мінскам), у якім было знішчана 206 500 чалавек. Усяго на тэрыторыі Беларусі ў лагерах смерці загінула каля 800 тыс. чалавек;

· арганізацыя гета. Гета―спецыяльна агароджаныя, ізаляваныя часткі гарадоў, куды перасялялася яўрэйскае насельніцтва. Яно пражывала ва ўмовах вялікай скучанасці, антысанітарыі, цяжкай працы і пад пастаяннай пагрозай смерці. Усяго ў гарадах Беларусі было створана звыш за 160 гета. Да канца 1943 г. усе гета былі ліквідаваны ― жыхары вывезены ў Асвенцым або расстраляны, а іх маёмасць разрабавана.

Акупацыйныя ўлады распрацавалі праграму рабавання занятых тэрыторый. Каралі літаральна за ўсё: за адмову ад працы, за перамяшчэнне ў начны час, за забойства жывёлы без дазволу ўладаў і г. д. Спецыяльныя гаспадарчыя інспекцыі рэквізавалі харчаванне, матэрыяльныя каштоўнасці, рэсурсы, у тым ліку людскія. За часы акупацыі ў Германію прымусова было вывезена каля 380 тыс. працаздольнага насельніцтва Беларусі.

Нямецкія ўлады былі зацікаўлены ў арганізацыі бесперабойнай працы прамысловасці і сельскай гаспадаркі Беларусі на патрэбы фронту. Усе прамысловыя прадпрыемствы былі абвешчаны ўласнасцю Германіі. У гарадах на насельніцтва ва ўзросце ад 18 да 45 гадоў распаўсюджвалася ўсеагульная працоўная павіннасць. Заработная плата была вельмі нізкая, а кіраўнікі прадпрыемстваў мелі права ў выпадку неабходнасці падаўжаць працоўны дзень. Мясцовае насельніцтва таксама выкарыстоўвалася на прымусовых работах па расчыстцы дарог, будаўніцтву мастоў, ваенных умацаванняў і інш.

На тэрыторыі «Беларутэніі» вясной 1942 г. была праведзена аграрная рэформа, у адпаведнасці з якой ліквідаваліся калгасы, а іх землі і інвентар перайшлі ў сямейнае карыстанне сялян. Ва Усходняй Беларусі, у зоне армейскага тылу калгасы, наадварот, аднаўляліся, паколькі з такіх гаспадарак было значна прасцей збіраць прадукцыю, неабходную для забеспячэння рэгулярнай арміі.

Адказам насельніцтва на ўведзены «новы парадак» з’явілася пашырэнне руху супраціву акупацыйным уладам.

Арганізацыя масавай барацьбы супраць захопнікаў. Яшчэ 29 чэрвеня 1941 г. ва ўмовах адступлення Чырвонай Арміі была выдадзена Дырэктыва СНК СССР, у якой утрымліваўся заклік да разгортвання ўсенароднай барацьбы ў тыле ворага, стварэння дыверсійных груп і партызанскіх атрадаў. Насельніцтва абавязана было аказваць ім усялякую дапамогу, а спроба ўхіліцца ад яе расцэньвалася як здрада.

Але нават да афіцыйнага загаду на тэрыторыі Беларусі, пераважна стыхійна, пачалі стварацца партызанскія атрады. Тэрыторыя Беларусі, густа пакрытая лясамі і балотамі, спрыяла разгортванню партызанскай барацьбы. Ужо на пяты дзень вайны супрацоўнік Пінскага абкама партыі В.З.Корж арганізаваў партызанскі атрад на Піншчыне. Аднымі з першых партызанскіх атрадаў былі таксама: атрад «Чырвоны Кастрычнік» на Палессі (яго кіраўнікам Ц.П.Бумажкову і Ф.І.Паўлоўскаму першым з партызан ужо 6 жніўня 1941 г. было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза), атрад М.П.Шмырова ў Суражскім раёне на Віцебшчыне, атрад А.І.Далідовіча на Міншчыне, атрад «Бальшавік» на Гомельшчыне.

Склад удзельнікаў першых партызанскіх атрадаў быў неаднародным. Сярод іх былі савецкія салдаты, якія трапілі ў акружэнне; спецыяльна пакінутыя партыйныя і камсамольскія работнікі; насельніцтва, якое не паспела мабілізавацца ў армію; мясцовае насельніцтва, якое пацярпела ад немцаў. У перыяд свайго станаўлення партызанскі рух перажыў значныя цяжкасці. Першыя атрады былі нешматлікія, слаба арганізаваныя, не мелі сувязі паміж сабой і не праводзілі буйных аперацый. Асабліва цяжкім быў перыяд зімы 1941−1942 г.: не хапала зброі, боепрыпасаў, медыкаментаў. Але насуперак усім перашкодам партызанскі рух на тэрыторыі Беларусі пашыраўся. Для яго каардынацыі 30 мая 1942 г. быў створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПР) на чале з першым сакратаром ЦК КПБ П.Панамарэнкам, а ў верасні 1942 г. ― Беларускі штаб партызанскага руху (БШПР) на чале з П.Калініным. Гэтыя арганізацыі здолелі аб’яднаць партызанскі рух і ўзняць яго на новы ўзровень. У спецыяльных школах у савецкім тыле рыхтаваліся падрыўнікі, радысты, сувязныя-разведчыкі. Толькі ў 1942 г. было падрыхтавана і накіравана ў тыл ворага 175 дыверсійных груп (2 077 чалавек). У 1942 г. на тэрыторыі Беларусі дзейнічала 417 партызанскіх атрадаў, у якіх змагалася 47 тыс. чалавек.

У красавіку 1942 г. пачала дзейнічаць 1-я Беларуская партызанская брыгада пад кіраўніцтвам М.Шмырова, у якой аб’ядналіся некалькі партызанскіх атрадаў Віцебшчыны. З лета 1942 г. утварэнне партызанскiх брыгад і злучэнняў стала распаўсюджанай з’явай.

Узмацненне партызанскага руху прывяло да ўтварэння партызанскіх зон − тэрыторый, якія кантраляваліся партызанамі, а не акупацыйнымі ўладамі. У 1943 г. на тэрыторыі Беларусі дзейнічала звыш за 20 буйных партызанскіх зон. З 10 лютага да 28 верасня 1942 г. на Віцебшчыне дзейнічалі так званыя Віцебскія або Суражскія «вароты». Гэта быў 40-кіламетровы разрыў у лініі фронту, які даваў магчымасць партызанам падтрымліваць сувязь з неакупаванымі тэрыторыямі.

Самай значнай аперацыяй беларускіх партызан была «рэйкавая вайна», якая праходзіла ў тры этапы:

1 этап (жнiвень 1943 г.) быў звязаны з наступленнем савецкіх войск пад Курскам. Было пушчана пад адхон 833 варожыя эшалоны, узарваны 184 чыгуначныя масты, што прывяло да скарачэння ваенных перавозак для групы армій «Цэнтр» на 40 %;

2 этап (верасень − кастрычнiк 1943 г.) праходзіў пад кодавай назвай «Канцэрт» і быў прысвечаны ўступленню Чырвонай Армiі на тэррыторыю БССР. Працiўнiк вымушаны быў падвоiць колькасць дывiзiй для аховы сваiх камунiкацый, а для рамонту ўзарваных на тэрыторыі Беларусі рэек разбiраліся чыгункі ў шэрагу краiн Еўропы;

3 этап пачаўся ў ноч 20 чэрвеня 1944 г., напярэдаднi Беларускай наступальнай аперацыi i працягваўся да поўнага вызвалення Беларусi (канец ліпеня 1944 г.). Партызаны знаходзіліся ў аператыўна-тактычным узаемадзеянні з Чырвонай Арміяй. Імі была падарвана 61 тыс. рэек і паралізавана дзейнасць амаль усіх важных чыгуначных ліній.

Другой формай барацьбы ва ўмовах акупацыі было гарадское падполле. Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, збіралі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, харчаванне, медыкаменты, а таксама інфармацыю пра варожыя гарнізоны і перамяшчэнне войск праціўніка. Адным з першых было арганізавана Мінскае падполле, якое ўзначаліў Мінскі падпольны гаркам КПБ. Яно стала самай вялікай падпольнай арганізацыяй на тэрыторыі БССР у гады Вялікай Айчыннай вайны. 22 верасня 1943 г. яго ўдзельнікамі было ажыццёўлена забойства генеральнага камісара акупацыйнай акругі «Беларусь» В.Кубэ.

На Аршанскім чыгуначным вузле дзейнічала падпольная група К.Заслонава, удзельнікі якой вывелі са строю больш за 200 нямецкіх паравозаў і ажыццявілі каля 100 крушэнняў цягнікоў. Падпольныя арганізацыі ствараліся не толькі ў буйных, але і невялікіх гарадах Беларусі, як, напрыклад, камсамольскае маладзёжнае падполле ў г. Скідзеле (Гродзенская вобл.) і інш. Дзейнасць падпольшчыкаў праходзіла ва ўмовах жорсткай канспірацыі і практычна без усялякай дапамогі з боку савецкага тылу. Амаль усе падпольныя арганізацыі былі выкрыты акупацыйнымі ўладамі пры дапамозе нямецкай агентуры і правакатараў. Вялікія страты ў канцы 1942 − пачатку 1943 г. панесла Мінскае падполле ― было арыштавана 100 чалавек, большасць з якіх загінула на шыбеніцах і ў лагерах смерці. Аднак рэпрэсіўныя і карныя меры не маглі задушыць антыфашысцкі рух на тэрыторыі Беларусі.

У заходніх абласцях Беларусі з акупантамі змагалася і польская ваенная падпольная арганізацыя ― Армія Краёва (АК), якая налічвала 250−300 тыс. чалавек. АК падпарадкоўвалася Польскаму эміграцыйнаму ўраду ў Лондане і атрымала заданне ствараць умовы для аднаўлення польскай дзяржаўнасці ў межах да 17 верасня 1939 г. Першапачаткова атрады АК дзейнічалі ў саюзе з савецкімі партызанамі і нават праводзілі сумесныя аперацыі супраць нямецкіх узброеных сіл. Але ў красавіку 1943 г. былі разарваны дыпламатычныя адносіны паміж СССР і Польскім эміграцыйным урадам, і АК ператварылася ў варожую сілу. У кастрычніку 1943 г. камандаванне АК зацвердзіла план аперацыі «Бура», згодна з якім неабходна было ў час адступлення немцаў захапіць тэрыторыі Заходняй Беларусі, Заходняй Украіны і Віленшчыны з мэтай далейшага іх далучэння да Польшчы. Партызаны Беларусі атрымалі загад камандавання, у якім АК абвяшчалася варожай сілай, супраць якой таксама трэба было змагацца, як і супраць немцаў.

Вызваленне Беларусі. Аперацыя «Баграціён». Вызваленне тэрыторыі Беларусі пачалося ўвосень 1943 г. падчас шырокага наступлення Чырвонай Арміі пасля перамогі ў Курскай бітве. Да канца 1943 г. была вызвалена паўднёва-ўсходняя частка рэспублікі з гарадамі Камарын, Мсціслаў, Чэрыкаў, Гомель, Рэчыца, Мазыр. Але далей развіваць наступленне без сур’ёзнай дадатковай падрыхтоўкі не ўяўлялася магчымым, паколькі тэрыторыю Беларусi немцы лiчылi зонай сваёй жыццёвай прасторы, стварылі тут некалькi магутных лiнiй абароны і далi ім назву «Фатэрлянд» (Айчына).

Вясной 1944 г. Генеральным штабам Чырвонай Арміі была распрацавана аперацыя па поўнаму вызваленню Беларусі, якая атрымала кодавую назву «Баграцiён». У аснову распрацоўкi стратэгii аперацыi было пакладзена становiшча, якое склалася на лiнii фронту да лета 1944 г.: у выніку вызвалення Украіны канфігурацыя фронту ў Беларусі ўяўляла вялікі выступ, так званы «беларускi балкон». Савецкае камандаванне хацела магутнымi ўдарамi з флангаў акружыць i разграмiць групу армiй «Цэнтр», для чаго была створана колькасная перавага ў жывой сiле (у два разы) i тэхнiцы (амаль у пяць разоў). Вызваленне Беларусi ажыццяўлялася сiламi 1-га, 2-га і 3-га Беларускiх франтоў (камандуючыя К.Ракасоўскі, Г.Захараў, І.Чарняхоўскі) i 1-га Прыбалтыйскага фронту (камандуючы І.Баграмян).

Савецкай наступальнай аперацыі папярэднічаў 3-ці этап «рэйкавай вайны», які распачаўся ў ноч на 20 чэрвеня 1944 г. Партызаны фактычна паралізавалі асноўныя чыгуначныя магістралі Беларусі і пазбавілі кіраўніцтва групы армій «Цэнтр» магчымасці аператыўна перамяшчаць свае войскі. Непасрэднае ажыццяўленне плана «Баграціён» праходзіла ў два этапы:

1 этап (23.06−04.07.1944). Раніцай 23 чэрвеня 1944 г. пасля магутнай артылерыйскай і авіяцыйнай падрыхтоўкі пачалося наступленне савецкіх войск. За шэсць дзён ваенных дзеянняў лінія абароны праціўніка была прарвана на 100– 150 км, а нямецкія войскі апынуліся ў трох «катлах»: Вiцебскiм (5 дывiзiй), Бабруйскiм (6 дывiзiй) і самым вялікім ― Мiнскiм «катле», дзе ў акружэнне трапіла каля 105 тыс. чалавек. 3 ліпеня 1944 г. быў вызвалены Мінск.

2 этап (05.08−29.08.1944). У ходзе другога этапа былі вызвалены большая частка Літвы, Латвіі, усходніх раёнаў Польшчы. Вызваленне Беларусі завяршылася 28 ліпеня 1944 г. вызваленнем г. Брэста.

Такім чынам, у вынiку правядзення аперацыі «Баграціён» была разгромлена нямецкая група армій «Цэнтр», поўнасцю вызвалена тэрыторыя Беларусi, адноўлена заходняя граніца СССР, а лiнiя фронту перамясцілася за межы Савецкага Саюза.

2. Аднаўленне эканомікі Беларусі ў пасляваенны перыяд: поспехі і страты (1945−1953). Вынікі вайны для Беларусі. Усяго за гады Вялікай Айчыннай вайны Беларусь страціла 2,7 млн. чалавек. На прымусовыя работы ў Германію былі вывезены 380 тыс. беларусаў (у тым ліку 24 тыс. дзяцей), з якіх вярнуліся на Радзіму менш за 120 тыс.

Вайна зруйнавала гаспадарку Беларусі ― краіна страціла больш за палову свайго нацыянальнага багацця. З 270 гарадоў Беларусі было разрабавана і спалена 209, практычна ў руіны ператварыліся Мінск і Віцебск. Пасля вайны прамысловасць Беларусі не далічылася 100 465 прадпрыемстваў. Асабліва моцна пацярпела сельская гаспадарка: было разбурана 9 200 вёсак, з якіх 627 спалены разам з жыхарамі. У параўнанні з даваенным часам адчувальна зменшылася колькасць жывёлы: коней − на 61 %, буйной рагатай жывёлы − на 69 %, свіней − на 89 %. Такія страты тлумачыліся не столькі правядзеннем на тэрыторыі Беларусі ваенных дзеянняў, колькі трохгадовым існаваннем жорсткага акупацыйнага рэжыму, які абапіраўся на генацыд, рабаванне, вываз каштоўнасцей у Германію і г. д.

У выніку вайны ў чарговы раз паменшылася тэрыторыя БССР. На працягу 1944 − 1950 г. да Польшчы былі далучаны Беластоцкая вобласць і шэраг раёнаў Брэсцкай і Гродзенскай абласцей.

Яшчэ адным адмоўным вынікам вайны для Беларусі стала дыскрэдытацыя нацыянальнай ідэі і нацыянальнай сімволікі, якія выкарыстоўваліся нямецкімі акупацыйнымі ўладамі з мэтай схіліць да калабарацыі як мага больш мясцовага насельніцтва і тым самым ліквідаваць рух супраціўлення на гэтых землях. Па сутнасці гэта была трагедыя часткі беларускай эліты, якая, жадаючы аднавіць незалежнасць Беларусі, не грэбавала супрацоўніцтвам з немцамі. Такую палітыку не падтрымліваў старшыня Рады БНР Васіль Захарка, які ад супрацоўніцтва адмовіўся.

Разам з тым перамога ў вайне значна ўмацавала міжнароднае становішча БССР − краіна выйшла на міжнародную арэну ў рамках дзейнасці ў Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН). Неабходнасць заснавання такой арганізацыі, якая б вырашала важнейшыя праблемы сусветнага жыцця і выступала гарантам міра і бяспекі, абмяркоўвалася на Тэгеранскай канферэнцыі 1943 г. кіраўнікамі Вялікабрытаніі, СССР і Злучаных Штатаў Амерыкі. Сусветнай супольнасцю былі прызнаны страты, якія панесла Беларусь падчас вайны, ацэнены ўклад рэспублікі ў перамогу над фашызмам, таму БССР атрымала запрашэнне стаць дзяржавай- заснавальніцай ААН. Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый дэлегацыя БССР разам з іншымі краінамі падпісала 26 чэрвеня 1945 г.

Нягледзячы на тое, што БССР не была самастойнай у прыняцці рашэнняў, а выступала выключна ў падтрымку прапановаў Савецкага Саюза, удзел Беларусі ў важнейшай міжнароднай арганізацыі, безумоўна, садзейнічаў развіццю кантактаў і сувязяў з рознымі краінамі, набыццю міжнароднага вопыту.

 



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.