Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





D) падрыхтаваць самім



 

a) Беларусь у вайне 1812 г. Да 1812 г. французскі імператар Напалеон Банапарт падпарадкаваў сваёй уладзе амаль усе краіны Еўропы (акрамя Англіі і Даніі) і прыблізіўся да межаў Расійскай імперыі. Руска-французскія супярэчнасці асабліва абвастрыліся пасля Тыльзіцкага міра 1807 г., згодна з якім Расія вымушана была далучыцца да кантынентальнай блакады Англіі. Такая палітыка была вельмі непапулярнай у Расіі, выклікала шырокую незадаволенасць у грамадстве і фактычна ўмовы кантынентальнай блакады не выконваліся. З 1809 г. Расія і Францыя пачалі рыхтавацца да вайны.

Напалеон 12 чэрвеня 1812 г. пераправіўся праз Нёман у раёне Коўна і з 448-тысячнай арміяй (у далейшым павялічылася да 600 тыс.) пачаў рухацца па літоўскіх і беларускіх землях. 1-я і 2-я расійскія арміі пад кіраўніцтвам Барклая де Толі (120 тыс. чал., штаб-кватэра ў Вільні) і П.І. Баграціёна (49 тыс. чал., штаб-кватэра ў Ваўкавыску) не маглі супрацьстаяць французам і з баямі вымушаны былі адыходзіць, каб злучыцца ў Смаленску. 3-я рэзервовая армія на чале з А.П. Тармасавым (44 тыс. чал.), якая перад вайной была размешчана ў ваколіцах Жытоміра, на злучэнне з асноўнымі расійскімі ваеннымі сіламі не пайшла, а здзяйсняла ваенныя рэйды супраць напалеонаўскіх войск на Брэстчыне.

Насельніцтва Беларусі, асабліва заходняй яе часткі, звязвала з Напалеонам надзеі на паляпшэнне свайго становішча:

· шляхта, якая страціла ў Расійскай імперыі свае палітычныя правы і ўплывы, спадзявалася на магчымасць аднаўлення ВКЛ, тым больш, што Напалеон пасля захопу Аўстрыі і Прусіі стварыў на акупаваных імі ў выніку падзелаў Рэчы Паспалітай землях Герцагства Варшаўскае. Нягледзячы на тое, што Герцагства Варшаўскае знаходзілася пад пратэктаратам Францыі, на яго тэрыторыі былі абвешчаны дэмакратычныя свабоды і ажыццяўлялася парламенцкая форма кіравання.

Першапачаткова частка беларускай і літоўскай шляхты мела надзею на аднаўленне аўтаномнага ВКЛ у складзе Расійскай імперыі. З гэтай нагоды ў 1811 г. Міхал Клеафас Агінскі падрыхтаваў і прапанаваў на разгляд Аляксандру І праект, па якому планавалася, што адроджанае ВКЛ будзе мець уласны ўрад, а ролю Канстытуцыі будзе выконваць Статут ВКЛ 1588 г. Але супрацьдзеянне з боку кансерватыўнага расійскага дваранства і абвастрэнне руска-французскіх супярэчнасцяў не дазволілі гэтаму плану ажыццявіцца. Таму большасць беларуска-літоўскай шляхты ў 1812 г. звязвала планы па аднаўленню дзяржаўнасці менавіта з Напалеонам;

· сяляне, знясіленыя вялікімі падаткамі і павелічэннем паншчыны, чакалі ад Напалеона адмены прыгоннага права, якога ўжо не існавала ў Еўропе.

       Вышэйзгаданае тлумачыць, чаму на першым этапе вайны насельніцтва фактычна не аказвала значнага супраціўлення французскай арміі.

Французскі імператар не хацеў аднаўлення Рэчы Паспалітай, але быў не супраць таго, каб стварыць буфернае палітычнае ўтварэнне паміж Расіяй і Польшчай. Загадам Напалеона ад 1 ліпеня 1812 г. быў створаны Часовы ўрад ВКЛ на чале з мясцовым памешчыкам Станіславам Солтанам. Ураду падпарадкоўваліся Віленская, Гродзенская, Мінская губерні і Беластоцкая вобласць (Віцебская і Магілёўская губерні не ўваходзілі ў склад ВКЛ і падпарадкоўваліся непасрэдна французскім ваенным уладам).

Шляхта для адстойвання незалежнасці адноўленай краіны стварыла армію ВКЛ, якая налічвала каля 19 тыс. чалавек. Аднак хутка стала зразумела, што створаная на акупаваных землях дзяржава з’яўляецца толькі інстытутам для больш лёгкага і добраахвотнага забеспячэння французскай арміі фуражом і правіянтам. Рэальная ўлада ў краіне належала французскім генералам, якія ўзначальвалі адміністрацыйныя адзінкі – дэпартаменты, на якія па французскаму ўзору была падзелена тэрыторыя Беларусі. У вёсках і гарадах праходзілі рэквізіцыі на карысць французскай арміі, якія ўсё часцей суправаджаліся марадзёрствам. Рабаўніцтва простага насельніцтва з боку французскіх салдат, неспраўджанне надзей на аднаўленне ВКЛ і адмену прыгоннага права, якія звязваліся з Напалеонам, выклікалі ў значнай часткі грамадства незадавальненне, якое хутка пачало перарастаць у адкрыты супраціў. 14–16 лістапада 1812 г. пры пераправе напалеонаўскай арміі праз Бярэзіну каля вёскі Студзёнкі ад «Вялікай арміі» засталося толькі 60 тыс. чалавек.

У выніку вайны 1812 г. тэрыторыя Беларусі зноў была разбурана. Па некаторых падліках, страты насельніцтва вызначаліся больш чым у 25 %, амаль напалову скарацілася колькасць жывёлы, зменшыліся пасяўныя плошчы. На фоне гаспадарчай разрухі ўзмацніўся прыгон. Вясной 1813 г. паўсюдна была адноўлена расійская адміністрацыя. Зыходзячы з палітычных меркаванняў, урад Аляксандра І аб'явіў амністыю той шляхце, якая ўдзельнічала ў вайне на баку Напалеона.

Паўстанне 1830−1831 г. У лістападзе 1830 г. у Варшаве пачалося нацыянальна-вызваленчае паўстанне супраць царскай Расіі. Для падрыхтоўкі паўстання ў Беларусі і Літве ў студзені-лютым 1831 г. быў створаны Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт, а ўжо вясной беларускія землі далучыліся да паўстання. Найбольш актыўная барацьба разгарнулася на Віленшчыне, у Ашмянскім, Браслаўскім, Вілейскім паветах. На памежжы Віцебскай і Віленскай губерняў дзейнічаў атрад, створаны графіняй Эміліяй Плятэр ― паэткай і збіральніцай беларускага фальклору, якая атрымала званне капітана і была прызначана ганаровым камандзірам роты паўстанцкага атрада.

У стане паўстанцаў існавала дзве плыні:

1) рэвалюцыйная на чале з Я.Лялевелем, якая выступала за надзяленне сялян зямлёй (з кампенсацыяй страт памешчыкам) і супольную з расійскім народам барацьбу супраць царызму «за нашу і вашу свабоду»;

2) арыстакратычна-кансерватыўная, прыхільнікі якой галоўнай мэтай лічылі аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 г.

Неарганізаванасць кіраўніцтва паўстаннем зводзіла на нішто патрыятычныя памкненні шляхты і простага насельніцтва. У выніку 19 чэрвеня 1831 г. паўстанцы пацярпелі паражэнне ад 26-тысячнага расійскага войска ў бітве пад Вільняй. У ліпені 1831 г. паўстанне перакінулася на Мазырскі, Рэчыцкі і Пінскі паветы, але да канца жніўня 1831 г. яно было падаўлена расійскім войскам, а яго ўдзельнікі былі падвергнуты рэпрэсіям.

b) Адмена прыгоннага права 1861 г. Яшчэ падчас каранацыі Аляксандра ІІ у 1856 г. прадстаўнікі памешчыкаў Заходняй Беларусі і Літвы далі згоду на прадастаўленне сялянам асабістай свабоды, але без зямлі. Іх гатоўнасць добраахвотна адмовіцца ад бясплатнай рабочай сілы прыгонных сялян тлумачыцца наступнымі фактарамі: 1) большай уцягнутасцю памешчыцкіх гаспадарак гэтага рэгіёну ў сферу таварна-грашовага абарачэння; 2) блізкасцю заходніх рынкаў; 3) наяўнасцю прадпрымальніцкіх гаспадарак; 4) больш актыўнымі выступленнямі сялян у губернях, якія межавалі з Польшчай, дзе ўжо было адменена прыгоннае права.

На імя віленскага генерал-губернатара У.І. Назімава 20 лістапада 1857 г. быў накіраваны рэскрыпт, згодна з якім у Віленскай, Гродзенскай і Ковенскай губернях прапаноўвалася стварыць дваранскія камітэты, а потым заснаваць агульную камісію ў Вільні з мэтай распрацоўкі праекта па адмене прыгоннага права. Наступным крокам было стварэнне ў сакавіку 1859 г. рэдакцыйных камісій для разгляду праектаў дваранскіх камітэтаў і выпрацоўкі агульных палажэнняў.

Афіцыйна рэформа распачалася 19 лютага 1861 г. з падпісання Аляксандрам ІІ Маніфеста аб адмене прыгоннага права і Палажэнняў аб сялянах, якія выходзілі з прыгоннай залежнасці. Палажэнняў было тры віды – Агульнае, некалькі мясцовых і дадатковыя правілы для асобных груп насельніцтва.

Асноўны змест рэформы:

1) сяляне атрымлівалі асабістую свабоду і некаторыя грамадзянскія правы: самастойна распараджацца сваёй маёмасцю, звяртацца ў суд і іншыя дзяржаўныя ўстановы, набываць ва ўласнасць і прадаваць рухомую і нерухомую маёмасць, паступаць на службу, атрымліваць адукацыю і інш.;

2) уся зямля абвяшчалася ўласнасцю памешчыка, частку якой ён павінен быў адвесці для сялянскіх надзелаў, якія даваліся за выкуп;

3) адносіны паміж памешчыкам і сялянамі ў канкрэтнай вёсцы рэгуляваліся спецыяльнымі дакументамі, якія мелі назву «ўстаўныя граматы». Яны складаліся памешчыкамі, а зацвярджаліся і ўводзіліся ў дзеянне міравымі пасрэднікамі – урадавымі чыноўнікамі, прызначанымі губернатарам. Устаўныя граматы вызначалі памер сялянскага надзелу, павіннасці за карыстанне ім, тэрмін пераходу сялян з паншчыны на чынш і інш.;

4) быў вызначаны мінімум зямлі на рэвізскую душу, і калі дарэформенны надзел быў большы за ўстаноўлены мінімум, то памешчык меў права лішак яе адрэзаць. Такія землі атрымалі назву адрэзкаў. Памер мінімальнага надзелу на мужчынскую душу вагаўся ў залежнасці ад якасці зямлі і не быў аднолькавым для розных мясцовасцей. У адпаведнасці з гэтым на тэрыторыі Беларусі дзейнічала два «Мясцовыя палажэнні»: адно ― для Віцебскай і Магілёўскай губерняў, дзе памеры сялянскіх надзелаў хісталіся ад 5,5 да 1 дзесяціны на душу; другое ― для Віленскай, Гродзенскай і Мінскай, дзе за сялянамі замацоўваліся дарэформенныя надзелы, а адрэзкі дапускаліся, калі ў памешчыка заставалася менш за 1/3 яго зямель. Увогуле адмовіцца ад надзела селянін не мог;

5) каб не пакінуць памешчыка адразу без працоўных рук, сяляне на працягу 9 гадоў лічыліся часоваабавязанымі, гэта значыць, што яны павінны былі выконваць усе павіннасці і плаціць падаткі, як у дарэформенны перыяд. Гэты тэрмін даваўся для пэўнай адаптацыі памешчыкаў да новых умоваў гаспадарання: за вызначаны час яны павінны былі або навучыцца весці гаспадарку з ужываннем наёмнай працоўнай сілы, выкарыстаннем тэхнікі, увядзеннем прагрэсіўных агранамічных мерапрыемстваў і г. д., або прадаць сваю зямлю больш удачлівым асобам ці дзяржаве;

6) зямля ва ўласнасць селяніну магла перайсці толькі шляхам выкупу. Выкупны плацёж за зямлю быў роўны 6 % капіталізацыі гадавога аброку з надзела. Калі, напрыклад, гадавы аброк з сялянскага надзела складаў 9 рублёў, то, правёўшы 6 %-ную капіталізацыю (9 руб. ― 6 %, выкупны плацёж ― 100 % = 9*100/6), атрымаецца агульная сума выкупу 150 рублёў. Паколькі сяляне такіх сродкаў не мелі, то абавязаны былі выплаціць памешчыку толькі 20 %. Астатнія 80 % за селяніна памешчыку выплочвала дзяржава, даючы такім чынам сялянам крэдыт на 49 гадоў пад 6 % гадавых. У выніку памешчыкі атрымалі сродкі для прыстасавання да новых умоваў жыцця;

7) у сувязі з тым, што памешчыкі страцілі ўладу над сялянамі, павялічылася роля сялянскай абшчыны. Уводзіліся выбарныя органы сялянскага самакіравання – сельскія старасты і валасныя праўленні. Яны адказвалі за збор падаткаў, кантралявалі выкананне сялянамі павіннасцяў, якія па-ранейшаму выконваліся на аснове прынцыпу кругавой парукі.

Натуральна, што асноўныя палажэнні рэформы выклікалі незадаволенасць сялянства, паколькі ў выніку іх надзелы зменшыліся амаль на 1/3, а падаткі пры гэтым узраслі. У адказ на рэформу ў 1861 г. на тэрыторыі Беларусі было зафіксавана 441 сялянскае хваляванне. Многія з іх былі падаўлены пры дапамозе 100-тысячнага войска, якое царскі ўрад прадбачліва размясціў на землях Беларусі напярэдадні рэформы. Свой супраціў сяляне выказвалі таксама нежаданнем падпісваць устаўныя граматы (да 1863 г. каля 80 % беларускіх сялян не падпісалі ўстаўныя граматы) і адмаўляліся выконваць павіннасці.

Рэформа на тэрыторыі Беларусі мела свае асаблівасці. Здарылася так, што яе правядзенне супала па часу з актывізацыяй нацыянальна-вызваленчага руху і паўстаннем 1863-1864 г. Каб прадухіліць удзел сялян у паўстанні, расійскі ўрад вымушаны быў пайсці на пэўныя льготы:

· царскім указам ад 1 сакавіка 1863 г. быў ліквідаваны часоваабавязаны стан і ўводзіўся абавязковы выкуп сялянскіх надзелаў, а ў 1867 г. на абавязковы выкуп былі пераведзены і дзяржаўныя сяляне Беларусі;

· у сярэднім на 20 % былі зменшаны выкупныя плацяжы;

· за сялянамі захавалася сервітутнае права – права абмежаванага карыстання ўласнасцю памешчыка: пашамі, сенажацямі, ляснымі ўгоддзямі, рыбнымі ловамі і інш.

Пералічаныя льготы былі ўрадавай саступкай толькі для сялян Беларусі і Літвы і не распаўсюджваліся на іншыя тэрыторыі Расійскай імперыі.

Вынікі рэформы. Ініцыіраваная «зверху» рэформа была праведзена ў інтарэсах пануючага саслоўя і захавала буйное памешчыцкае землеўладанне. Разам з тым рэформа не стымулявала памешчыкаў да хуткага пераходу на новыя формы гаспадарання. Выкарыстанне сельскагаспадарчай тэхнікі было ўскладнена наяўнасцю цераспалосіцы. Яна ўтварылася ў выніку таго, што памешчыкі пакідалі за сабой лепшыя землі ў розных месцах свайго ўладання, а таксама «адразалі» больш якасныя землі ад сялянскіх надзелаў, калі іх памер быў большы за ўстаноўлены рэформай мінімум. На тэрыторыі Беларусі цераспалосіца практыкавалася значна часцей, чым у цэнтральных раёнах Расіі. Так, у 1880-х г. яна існавала ў 42 % памешчыцкіх гаспадарак Гродзенскай і ў 51 % гаспадарак Віленскай губерняў.

       Нягледзячы на атрыманне сялянамі асабістай свабоды, яны па-ранейшаму эканамічна залежалі ад памешчыка, паколькі вызначанага мінімальнага надзела часта было недастаткова для простага ўзнаўлення гаспадаркі, улічваючы, што пры павелічэнні сям’і надзел заставаўся тым самым. Да таго ж, з асабістай залежнасці ад памешчыка сяляне трапілі ў фінансавую залежнасць ад дзяржавы, паколькі выплачаныя са скарбу грошы (80 % агульнай платы за зямлю) лічыліся сялянскім доўгам, які неабходна было пагасіць на працягу 49 гадоў пры 6 % гадавых. Па падліках гісторыкаў, у выніку сяляне павінны былі заплаціць у 3,3 разы больш, чым зямля каштавала на рынку.

Малазямелле сялян і іх павіннасны ўціск прывялі да шырокага распаўсюджання на тэрыторыі Беларусі сістэмы адпрацовак. Гэта была форма найму сялян са сваімі прыладамі працы і цяглай жывёлай памешчыкам або заможным селянінам за арандаваную зямлю, пазычаныя грошы, збожжа, будаўнічы лес і інш. Наяўнасць адпрацовак, аплата за якія была значна меншай, чым пры вольным найме, не стымулявала павышэння агратэхнікі, прымянення машын і ўвогуле не садзейнічала інтэнсіфікацыі сельскай гаспадаркі.

Аднак, нягледзячы на захаванне пэўных феадальных перажыткаў, рэформа была значным крокам наперад у развіцці эканомікі Расійскай імперыі і Беларусі ў яе складзе. Пачыналася новая эпоха капіталістычных адносін.

2. Асаблівасці дзяржаўных ліберальных рэформ 60-70-х г. ХІХ ст. у Беларусі. Адмена прыгоннага права прымусіла царскія ўлады правесці шэраг рэформ дзяржаўна-палітычнага ладу.

Земская рэформа. 1 студзеня 1864 г. у Расійскай імперыі пачалася рэформа органаў мясцовага самакіравання. Былі ўтвораны земствы, выбары ў якія ажыццяўляліся на падставе саслоўнага і маёмаснага цэнзу, што забяспечвала ў іх пануючае становішча памешчыкаў. Земствы займаліся мясцовымі гаспадарчымі справамі і былі падкантрольныя губернатару. Земствы не атрымлівалі фінансавых сродкаў са скарбу, а асновай іх бюджэту было абкладанне падаткамі нерухомай маёмасці: зямель, дамоў, фабрычна-заводскіх прадпрыемстваў, гандлёвых устаноў. На атрыманыя сродкі яны адкрывалі школы, бальніцы, праводзілі агранамічныя мерапрыемствы, займаліся статыстыкай і ўвогуле садзейнічалі развіццю мясцовай ініцыятывы, гаспадаркі і культуры.

Размах нацыянальна-вызваленчага руху на тэрыторыі Літвы і Беларусі напалохаў царскі ўрад, які разумеў, што ў выпадку правядзення на гэтых тэрыторыях выбараў у земствы пераважную большасць галасоў атрымалі б памешчыкі, якія з’яўляліся ўдзельнікамі ці прыхільнікамі паўстання 1863–1864 г. Па гэтай прычыне земская рэформа ў Беларусі і Літве была адкладзена і пачалася толькі ў 1911 г. Але і тады органы мясцовага самакіравання былі створаны толькі ў Віцебскай, Магілёўскай і Мінскай губернях (у 25 беларускіх паветах з 35). На захадзе Беларусі, дзе апазіцыя ўрадавай палітыцы была найбольш моцнай, земствы так і не былі ўтвораны.

Судовая рэформа. З адменай прыгоннага права ўзнікла неабходнасць рэфармавання і феадальна-саслоўнай судовай сістэмы. З 1864 г. у Расіі ўводзіліся агульныя і мясцовыя судовыя ўстановы. Агульнымі былі акруговыя суды (на адну губерню), судовыя палаты (адна на некалькі губерняў) і Сенат. Мясцовыя суды складаліся з міравых судоў і павятовых з’ездаў міравых суддзяў. Суд станавіўся ўсесаслоўным, адкрытым, галосным, быў створаны інстытут адвакатаў, а таксама прысяжных засядацеляў.

Аднак на тэрыторыі Беларусі правядзенне і гэтай рэформы было прыпынена. Міравыя суды былі ўведзены толькі ў 1872 г., а міравыя суддзі не выбіраліся земствамі, як гэта было ў Расіі, а прызначаліся міністрам юстыцыі па рэкамендацыі мясцовай адміністрацыі.

Гарадская рэформа. У адпаведнасці з ёй з 1870 г. у гарадах Расіі ствараліся гарадскія думы і гарадскія ўправы ― усесаслоўныя органы грамадскага кіравання, якія выбіраліся на падставе маёмаснага цэнзу. Выбарчыя правы прадастаўляліся купцам, прамыслоўцам і ўладальнікам нерухомай маёмасці ў межах дадзенага горада. Дзейнасць гарадскога самакіравання абмяжоўвалася вырашэннем гаспадарчых пытанняў, арганізацыяй медыцынскага абслугоўвання і народнай адукацыі. У гарадах Беларусі і Літвы рэформа пачала дзейнічаць толькі з 1876 г.

Школьная рэформа 1864 г. фармальна ўвяла прынцып усесаслоўнай адукацыі, аднак атрымаць яе па-ранейшаму маглі не ўсе, паколькі плата за навучанне была дастаткова высокай. На тэрыторыі Беларусі не было земскіх школ, і школьная справа кіравалася ўрадавымі чыноўнікамі. Мовай навучання была руская. Навучальныя ўстановы на землях Беларусі давалі адукацыю двух узроўняў: пачатковую ― народныя вучылішчы, колькасць якіх у час рэформы была павялічана, і сярэднюю ― рэальныя і класічныя гімназіі. Пасля закрыцця ў 1832 г. Віленскага універсітэта, а ў 1864 г. ― Горы-Горацкага земляробчага інстытута ў другой палове ХІХ ст. атрымаць вышэйшую адукацыю на тэрыторыі Беларусі ўвогуле было немагчыма. Але ў цэлым рэформа садзейнічала пашырэнню асветы сярод насельніцтва.

Цэнзурная рэформа 1865 г., у выніку якой некалькі пашырыліся магчымасці друку. Творы вялікіх аб’ёмаў, якія не чытала простае насельніцтва, маглі друкавацца без папярэдняй цэнзуры, а невялікія выданні, у тым ліку перыядычныя, абавязкова павінны былі яе праходзіць. Захаваліся абмежаванні на адкрыццё новых перыядычных органаў друку. Выданне літаратуры на беларускай, польскай і яўрэйскай мовах у Беларусі не дазвалялася.

Ваенная рэформа, якая ў 1874 г. увяла замест рэкруцкіх набораў усесаслоўную воінскую павіннасць для мужчынскага насельніцтва з 21-гадовага ўзросту. Тэрмін службы ў сухапутных войсках складаў 6 гадоў, на флоце – 7.

Такім чынам, нягледзячы на тое, што рэформы 60-70-х г. былі дастаткова абмежаванымі, усё ж іх ажыццяўленне было значным крокам наперад на шляху ператварэння Расійскай імперыі з феадальнай манархіі ў буржуазную. Але адносіны царскага ўрада да зямель Беларусі і Літвы падчас правядзення рэформ выявілі сутнасць палітыкі самадзяржаўя ў заходніх губернях. Тры важныя рэформы, якія давалі пэўную самастойнасць у некаторых справах на месцах – земская, судовая і гарадская, былі ажыццёўлены на тэрыторыі Беларусі са значным спазненнем. Забраныя падчас падзелаў Рэчы Паспалітай землі былога ВКЛ стваралі нямала клопату расійскім уладам на працягу ХІХ ст. Таму вышэйпералічаныя рэформы ўводзіліся з вялікай асцярожнасцю і значнымі абмежаваннямі.

 

С) Рэвалюцыя 1905 −1907 г. Грамадска-палітычная і эканамічная сітуацыя ў Беларусі, як і ва ўсёй Расійскай імперыі, у пачатку ХХ ст. была вельмі нестабільнай. У адзначаны перыяд у Расійскай імперыі склалася рэвалюцыйная сітуацыя, якая вылілася ў рэвалюцыю 1905−1907 г. Сярод асноўных прычын рэвалюцыі можна вылучыць наступныя:

1) эканамiчны крызiс пачатку ХХ ст., які прывёў да беспрацоўя, рэзкага пагаршэння матэрыяльнага дабрабыту насельніцтва і, як следства, да росту рэвалюцыйных настрояў сярод як гараджан, так і сялянства. Паглыбленне эканамічнага крызісу адбылося з прычыны паражэння Расіі ў руска-японскай вайне 1904–1905 г.;

2) нявырашанасць аграрнага пытання. Нягледзячы на праведзеную рэформу па адмене прыгоннага права, у Расійскай імперыі па-ранейшаму заставаліся феадальныя перажыткі: буйное дваранскае землеўладанне, сялянская абшчына, малазямелле сялян і інш. Сяляне не былі ўласнікамі выдзеленай ім у 1861 г. зямлі, паколькі працягвалі плаціць выкупныя плацяжы;

3) наяўнасць самадзяржаўя і адсутнасць дэмакратычных правоў і свабод;

4) невырашанасць нацыянальнага пытання. Расія з’яўлялася шматнацыянальнай краінай, аднак усе нацыі, акрамя рускай, не мелі ў Расійскай імперыі адпаведных умоваў, неабходных для забеспячэння нацыянальных інтарэсаў і развіцця нацыянальнай культуры;

5) нестабільнасць палітычнай сітуацыі выяўлялася ў стварэнні вялікай колькасці палітычных партый, якія ставілі розныя патрабаванні. На тэрыторыі Беларусі дзейнічала шмат сацыял-дэмакратычных арганізацый, асноўнымі з якіх былі:

· Бунд («Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі») ― самая ўплывовая рэвалюцыйная арганізацыя ў Беларусі ў канцы ХІХ − пачатку ХХ ст. Утвораны ў Вільні ў 1897 г. з мэтай арганізацыі барацьбы яўрэйскіх рабочых за паляпшэнне іх эканамічнага становішча;

· РСДРП (Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя) ―утворана ў 1898 г. у Мінску на І з’ездзе прадстаўнікоў шэрагу сацыял-дэмакратычных арганізацый. Стаяла на пазіцыях марксісцкага вучэння аб класавай барацьбе як рухаючай сіле гісторыі і рабіла стаўку на пралетарыят. У 1903 г. на ІІ з’ездзе ў РСДРП вызначыліся дзве фракцыі: бальшавікі, якія выступалі за рэвалюцыйны шлях пабудовы сацыялізму, і меншавікі, мэтай якіх было паступовае рэфармаванне грамадства;

·  Эсэры (ПСР − Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў) ― гэтая партыя аформілася ў 1902 г., аб’яднаўшы народніцкія арганізацыі і групы, якія ў сваёй дзейнасці арыентаваліся на сялянства. Праграма ПСР прадугледжвала сацыялізацыю зямлі − перадачу ўсёй зямлі ва ўласнасць народа і ўраўнальнае надзяленне зямлёй без права куплі-продажу;

· ППС на Літве (Польская сацыялістычная партыя на Літве) ― утварылася ў 1902 г. у выніку адасаблення ад Польскай сацыялістычнай партыі груп, якія дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі і Літвы. Як і іншыя сацыял-дэмакратычныя арганізацыі, выступала за звяржэнне самадзяржаўя, усталяванне ўлады народа і пабудову сацыялізму шляхам народнай рэвалюцыі;

· БСГ (Беларуская сацыялістычная грамада) ― першая беларуская нацыянальная палітычная партыя. Утворана зімою 1902−1903 г. на аснове маладзёжных культурна-асветніцкіх гурткоў беларускай вучнёўскай і студэнцкай моладзі Пецярбурга, Мінска і Вільні як Беларуская рэвалюцыйная грамада (пазней была перайменавана). Стваральнікамі і кіраўнікамі БСГ былі прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі: Вацлаў Іваноўскі, браты Іван і Антон Луцкевічы, Алаіза Пашкевіч (Цётка), Алесь Бурбіс, Казімір Кастравіцкі (Карусь Каганец) і інш. У сваёй праграме мела бліжэйшую мэту (звяржэнне самадзяржаўя і ўтварэнне на тэрыторыі Беларусі незалежнай дэмакратычнай рэспублікі) і канчатковую (знішчэнне капіталізму і пераход у грамадскую ўласнасць зямлі, сродкаў вытворчасці і камунікацый).

Пачатак рэвалюцыi i падзеi ў Беларусi. Рэвалюцыя пачалася 9 студзеня 1905 г. у Пецярбургу з расстрэлу мiрнай дэманстрацыi рабочых («крывавая нядзеля»). У беларускiх гарадах у студзенi 1905 г. адбыліся акцыі салiдарнасцi з рабочымi Пецярбурга ― забастоўкі ахапілі 31 горад Беларусі (Мiнск, Гомель, Смаргонь, Гродна, Пiнск i iнш.). Пад уздзеяннем рабочага руху актывізаваліся таксама сялянскія і салдацкія выступленні.

Удзельнiкi рэвалюцыi былі аб’яднаны ў 3 лагеры:

1) урадавы (кансерватыўны, манархічны). Яго сацыяльнай базай былі дваранства, чыноўніцтва, буйная буржуазія. Выступаў за захаванне існуючага грамадска-палітычнага ладу і абапіраўся на армiю i палiцыю. Сярод праўрадавых палітычных партый былі «Саюз рускага народа» (чарнасоценцы) і «Русский окраинный союз»;

2) буржуазна-лiберальны лагер быў прадстаўлены большай часткай буржуазiі, перадавымі памешчыкамi, часткай iнтэлiгенцыi. Іх мэтай было ўсталяванне канстытуцыйнай манархіі і стварэнне парламента шляхам палітычных рэформ;

3) дэмакратычны (рэвалюцыйны) лагер аб’яднаў сялян, пралетарыят і дэмакратычную інтэлігенцыю. Выступалі за звяржэнне самадзяржаўя і ўсталяванне дэмакратычнай рэспублікі шляхам склікання Устаноўчага сходу, а таксама за ліквідацыю памешчыцкага землеўладання. У яго ўваходзiлi пералічаныя вышэй сацыял-дэмакратычныя партыі.

Значнага ўздыму рэвалюцыйныя падзеі дасягнулі восенню 1905 г. У кастрычніку 1905 г. працоўныя Беларусi прынялі ўдзел ва Усерасiйскай палiтычнай стачцы. 18 кастрычніка ў гарадах Беларусі быў абвешчаны Маніфест Мікалая ІІ ад 17 кастрычніка 1905 г., паводле якога ў Расіі абвяшчаліся дэмакратычныя правы і свабоды (свабода слова, друку, сходаў, веравызнання, недатыкальнасць асобы), а таксама стваралася надзеленая заканадаўчымі паўнамоцтвамі Дзяржаўная дума, пры наяўнасці якой расійскае самадзяржаўе ператваралася ў парламенцкую манархію.

Манiфест ад 17 кастрычнiка задаволіў прадстаўнікоў буржуазна-ліберальнага лагера. Яны адышлі ад рэвалюцыi, утварылі дзве палітычныя партыі ― Канстытуцыйна-дэмакратычную партыю (кадэты) і «Саюз 17 кастрычніка» (акцябрысты) ― і далучыліся да ўрадавай кааліцыі.

Прадстаўнікі рэвалюцыйных партый заклікалі не верыць Маніфесту і працягваць барацьбу за звяржэнне царызму і скліканне Устаноўчага сходу. 18 кастрычніка 1905 г. у Мінску па загаду губернатара П.Курлова быў расстраляны мітынг рабочых па абмеркаванню Маніфеста (Курлоўскі расстрэл). Сутычкі з паліцыяй адбываліся і ў іншых гарадах Беларусі. У кастрычніку 1905 г. рэвалюцыйны рух пашырыўся на 53 гарады і мястэчкі Беларусі.

Каб спыніць рост рэвалюцыйнага руху, царскі ўрад выкарыстоўваў як прымус (армію і паліцыю), так і эканамічныя (сталыпінская аграрная рэформа 1906 г.), і палітычныя агітацыі (выбары ў Дзяржаўную думу).

І Дзяржаўная дума (27.04−08.07.1906 г.). Сацыял-дэмакратычныя арганізацыі байкатавалі выбары, і большасць месцаў у Думе атрымалі кадэты. У ёй былі прадстаўлены і дэпутаты з 5 беларускіх губерняў. Найбольш актыўнай пазіцыі ў І Дзяржаўнай думе прытрымліваліся беларускія памешчыкі-католікі Р.Скірмунт, І.Друцкі-Любецкі і інш., якія патрабавалі прадастаўлення Беларусі і Літве шырокага абласнога самакіравання з правам вырашэння аграрнага пытання. Менавіта аграрнае пытанне стала асноўным у Думе. Пэўная радыкальнасць І Дзяржаўнай думы прывяла да яе роспуску царскім указам ад 9 ліпеня 1906 г.

ІІ Дзяржаўная дума (20.02.−02.06.1907 г.) дзейнічала ў 1907 г. ва ўмовах спаду рэвалюцыі, таму ўсе партыі прынялі актыўны ўдзел у выбарах. У Беларусі ў гэты перыяд выразна вызначылася барацьба дзвюх асноўных палітычных сіл: з аднаго боку, Рускага акраіннага саюза (саюза акцябрыстаў і чарнасоценцаў), які разгарнуў антыпольскую і антыяўрэйскую агітацыю, з другога ― так званых аўтанамістаў − польска-беларускіх памешчыкаў і ксяндзоў, якія праз касцёл і друк даказвалі беларускім сялянам-католікам, што яны ― палякі і павінны выбіраць у Думу тых, хто абараняе каталіцкую веру. Галоўным пытаннем у Думе па-ранейшаму заставалася аграрнае.

Вынiкi рэвалюцыi.Па свайму характару рэвалюцыя была буржуазна-дэмакратычная ― за ўсталяванне рэспублiкi i дэмакратычных свабод, але скончылася паражэннем. Стомленасць і расчараванне народных мас працяглай барацьбой і яе вынікамі прывялі да спаду рэвалюцыйнага руху, што падштурхнула царскі ўрад да рашучых дзеянняў. 3 чэрвеня 1907 г. Мiкалай II распусціў II Дзяржаўную думу i ўвёў новы выбарчы закон, па якому Дзяржаўная дума пазбаўлялася заканадаўчых паўнамоцтваў. Фактычна ў выніку так званага «трэцячэрвеньскага дзяржаўнага перавароту» ў Расіі адбылася рэстаўрацыя самадзяржаўя.

2. Сельская гаспадарка і прамысловасць Беларусі ў пачатку ХХ ст. Сталыпінская аграрная рэформа. Як ужо адзначалася, асноўным пытаннем рэвалюцыі 1905−1907 г. было аграрнае. Удзел шырокіх сялянскіх мас у рэвалюцыйных падзеях падштурхнуў царскі ўрад да свядомай ліквідацыі накаторых феадальных перажыткаў шляхам рэформ. Ініцыятарам і кіраўніком аграрнай рэформы быў старшыня Савета Міністраў і міністр унутраных спраў Расіі П.А. Сталыпін.

Мэты рэформы:

· адцягнуць сялян ад удзелу ў рэвалюцыі;

· павялічыць сярэдні слой сялянства і ўмацаваць слой сялянскай буржуазіі, якія створаць апору царскаму самадзяржаўю на вёсцы;

· даць магчымасць малазямельным і беззямельным сялянам выйсці на працу ў горад і павялічыць колькасць прамысловых рабочых;

· запэўніць паскоранае развіццё капіталізму ў вёсцы пры захаванні памешчыцкіх латыфундый.

Сталыпінская аграрная рэформа пачалася ў адпаведнасці з царскім указам ад 9 лістапада 1906 г. Асноўнымі мерапрыемствамі рэформы былі наступныя:

1) ліквідацыя сялянскай абшчыны. На тэрыторыі Беларусі гэта было асабліва актуальна для Магілёўскай і Віцебскай губерняў, дзе пераважала абшчыннае сялянскае землекарыстанне;

2) адмена выкупных плацяжоў. З 1 студзеня 1907 г. сяляне станавіліся поўнымі ўласнікамі сваіх надзелаў;

3) ліквідацыя цераспалосіцы і хутарызацыя. Узамен палосак зямлі («шнуроў»), якія сяляне атрымалі ў розных месцах паводле рэформы 1861 г., кожны селянін меў права патрабаваць выдзялення яму замест гэтых участкаў адзінага надзела ў адным месцы. Такі надзел атрымаў назву «водруб». Пры перасяленні сялянскай сям’і з вёскі на водруб гэты надзел называўся хутар;

4) прапаганда хутарызацыі. Каб паказаць сялянству перавагу хутарскога спосабу вядзення гаспадаркі, дзяржава стварала паказальныя хутары, якія забяспечваліся сартавым насеннем, пародзістай жывёлай, мінеральнымі ўгнаеннямі, удасканаленым інвентаром і інш.;

5) арганізацыя масавых перасяленняў у Сібір, Сярэднюю Азію і на Далёкі Усход. Гэтае мерапрыемства праводзілася ўрадам з мэтай змяншэння вастрыні зямельнага пытання ў еўрапейскай частцы Расіі. Каб заахвоціць сялян да пераезду, дзяржава выдзяляла сродкі на пераезд, забяспечвала спецыяльнымі цягнікамі, а таксама давала беззваротную грашовую дапамогу;

6) стварэнне Сялянскага пазямельнага банка, які выдаваў сялянам крэдыты на куплю зямлі, прычым для набыцця вялікіх участкаў пад хутары выдаваўся доўгатэрміновы крэдыт у поўным памеры іх кошту.

Вынікі рэформы. Сталыпінская аграрная рэформа садзейнічала паскарэнню развіцця капіталізму ў вёсцы:

· ліквідацыя сельскай абшчыны і выкупных плацяжоў, перадача зямлі ва ўласнасць сялян і перасяленне на хутары спрыялі інтэнсіфікацыі сялянскай гаспадаркі. Пашыраліся шматпольныя севазвароты, паглыблялася спецыялізацыя сельскай гаспадаркі Беларусі ў кірунку малочнай жывёлагадоўлі і вінакурэння, выкарыстоўваліся мадэрнізаваныя прылады працы і сельскагаспадарчыя машыны;

· адбываўся працэс дыферэнцыяцыі сялянства. З аднаго боку, павялічылася колькасць сялян-прадпрымальнікаў, якія бралі крэдыты, набывалі зямлю і стваралі гаспадаркі фермерскага тыпу. З другога боку, узрасла лічба сялян-беднякоў, якія не здолелі наладзіць гаспадарку, вымушаны былі прадаць сваю зямлю і наймаліся на працу ў якасці парабкаў або папоўнілі шэрагі прамысловага пралетарыяту. Напярэдадні Першай сусветнай вайны сялянская бедната ў Беларусі складала каля 70 %, сяляне-сераднякі ― 20 %, а сельская буржуазія ― каля 11 %;

· асаблівасцю рэформы на тэрыторыі Беларусі было ўвядзенне ў 1911 г. выбарных органаў мясцовага самакіравання ― земстваў. Земствы былі ўтвораны толькі ў Магілёўскай, Віцебскай і Мінскай губернях. З прычыны значнай перавагі сярод выбаршчыкаў католікаў у Гродзенскай і Віленскай губернях земствы па-ранейшаму не былі дазволены.

Разам з тым у самой рэформе былі закладзены некаторыя палажэнні, якія пэўным чынам стрымлівалі яе вынікі. Па-першае, паскарэнне развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы Сталыпін хацеў правесці без разбурэння асноў латыфундыяльнага памешчыцкага землеўладання ― аднаго з асноўных перажыткаў феадалізму. Па-другое, працэс хутарызацыі быў не вельмі эфектыўным з прычыны беднасці і непісьменнасці большасці сялян, якія прывыклі да сваіх «шнуравых» надзелаў і баяліся высяляцца на хутары (да 1914 г. на тэрыторыі Беларусі было хутарызавана каля 13 % сялянскіх гаспадарак). Да таго ж, перасяленне сялян у Сібір, Казахстан і на Далёкі Усход не прынесла паляпшэння іх становішча: часта матэрыяльнай дапамогі было недастаткова, землі адводзіліся неўрадлівыя, у нязручных месцах (далёка ад дарог і вадаёмаў), сяляне не маглі прыстасавацца да новых прыродных умоваў і інш.

Такім чынам, нягледзячы на пэўныя станоўчыя вынікі сталыпінскай рэформы, яна не вырашыла галоўнага пытання рэвалюцыі 1905−1907 г. ― аграрнага, і ператварэнні ў вёсцы да Першай сусветнай вайны адбываліся на фоне росту сялянскіх хваляванняў.

 

D) падрыхтаваць самім

Е) Беларусь у гады Першай сусветнай вайны.

Першая сусветная вайна стала вынікам абвастрэння супярэчнасцей паміж вядучымі еўрапейскімі дзяржавамі за перадзел сфер уплыву, за рынкі збыту і крыніцы сыравіны. Асноўныя ваенныя сапернікі былі аб’яднаны ў два ваенна-палітычныя блокі: Антанту (Англія, Францыя, Расія) і Траісты саюз (Германія, Аўстра-Венгрыя, Італія), усяго ў вайну было ўцягнута 38 краін.

Вайна пачалася 1 жніўня 1914 г., а непасрэдна да тэрыторыі Беларусі фронт наблізіўся летам 1915 г. Аднак ужо ў першыя дні вайны беларускае насельніцтва выразна адчувала яе подых: беларускія губерні былі абвешчаны на ваенным становішчы. Забараняліся дзейнасць палітычных партый, правядзенне мітынгаў, маніфестацый, шэсцяў, забастовак, уводзілася цэнзура пры выданні газет і кніг. На тэрыторыі Беларусі была праведзена мабілізацыя − у армію было прызвана больш за палову працаздольных мужчын, на насельніцтва былі ўскладзены павялічаныя падаткі, людзі прыцягваліся да будаўніцтва абарончых умацаванняў. У Баранавічах размяшчалася Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандавання расійскай арміі.

У жніўні 1915 г. пачалося нямецкае наступленне ў накірунку Коўна − Вільня, а на пачатку верасня нямецкая армія прарвала фронт у раёне в. Свянцяны і дайшла да Смалявіч (Свянцянскі прарыў). Восенню 1915 г. лінія фронту стабілізавалася ў раёне гарадоў Дзвінск − Паставы − Баранавічы − Пінск. Стаўка Вярхоўнага галоўнакамандавання была перанесена ў Магілёў.

На тэрыторыі Заходняй Беларусі быў усталяваны германскі акупацыйны рэжым. Ён быў заснаваны на жорсткай сістэме падаткаў, прымусовых работ, штрафаў, рэквізіцый. У Германію вывозіліся матэрыяльныя каштоўнасці і працаздольнае насельніцтва. Пры гэтым нямецкае камандаванне рабіла пэўныя крокі па падтрымцы беларускага нацыянальнага руху. Праўда, у гэтай палітыцы Германія зыходзіла не з інтарэсаў беларускага народа, а са сваіх геапалітычных інтарэсаў − не прызнаючы права беларускага народа на самавызначэнне, разам з тым нямецкі ўрад хацеў паменшыць расійскі ўплыў на гэтых тэрыторыях за кошт падтрымкі адукацыі і культуры іншых нацыянальнасцяў, у першую чаргу беларусаў. У адпаведнасці з распараджэннем генерал-фельдмаршала Паўля фон Гіндэнбурга ад 16 студзеня 1916 г. на акупаванай тэрыторыі забаранялася навучанне па-руску і ўводзілася абавязковае навучанне дзяцей на роднай мове. У выніку на тэрыторыі Заходняй Беларусі было адкрыта каля 300 беларускіх школ, пачалося выданне газет і часопісаў на беларускай мове, ствар



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.