Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





ДАДАТАК В. ЭКСКУРСІЯ



                                                                                   ДАДАТАК В

ЭКСКУРСІЯ

“ВЯДОМАЯ І НЕВЯДОМАЯ МЫШ: ТАПАНІМІЧНАЕ ПОЛЕ”

Слайд 1. Добры дзень, сябры.

Слайд 2. Сёння мы накіруемся не ў далёкія краіны, а будзем падарожнічаць па адной з самых цікавых і старажытных мясцін нашых ваколіц - вёсцы Новая Мыш. Вы ўсе былі ў гэтай вёсцы? (адказы)

Слайд 3. Давайце ўспомнім, якія аб’екты там ёсць? (царква, касцёл, Слайд 4. бібліятэка, сельскагаспадарчы ліцэй, помнік Яну Чачоту, нашаму знакамітаму пісьменніку-земляку. Успомнілі.

Слайд 5.Чаму вёска Новая Мыш так называецца?Пра назву ходзіць шмат легенд. Якія вы ведаеце?(адказы вучняў)

1. Жыў тут некалі пранырлівы і сквапны пан, ад якога пакутавалі ўсе жыхары. Вырашылі тады мясцовыя жыхары, каб адпомсціць пану, празваць яго Пацам (пацуком). Пан ім у адместку празваў мясцовых жыхароў мышамі. З цягам часу за мястэчкам замацавалася назва Мыш.

2. Даўным-даўно мястэчка знішчыў пажар. Людзі жылі адной сям’ёй, талакой адбудавалі першую хату, сабраліся там, убачылі першую мышку. Ад радасці і вырашылі даць паселішчу назву Мыш

3. Уладальнік маёнтка не ведаў, якую назву даць мястэчку, валадаром якога стаў. Вырашыў наведаць суседа. Даў сабе зарок: назваць мястэчка імем той істоты, якую сустрэне па дарозе першай. На палявой дарозе перад панскім канём прашмыгнула мышка. З той пары і названа так мястэчка Мыш.

    Слайд 6.  На самой жа справе назва вёскі Мыш утварылася ад назвы ракі Мыш, гэта камонім гідранімічнага паходжання.

Вуліцы Новай Мышы таксама вартыя ўвагі.

Паводле інвентара 1835 года Новая Мыш акрамя Рыначнага пляцу мела 6 вуліц і 1 завулак: Гумённую (існуе і зараз);

Слонімскую, яна і зараз указвае кірунак на Слонім;

Кунічную, назва яе апраўдана, кунічнікамі называюць катэгорыі сялян ад тэрміна куніца – адзін з пашыраных відаў аброку. Зараз вуліца называецца Куніцкай,

У 1835 годзе з 205 двароў Мышы - 115 хрысціянскіх, 79 яўрэйскіх і 11 татарскіх,  (677 (715) у другім дакуменце) хрысціянскіх душ., таму апраўдана назва наступнай вуліцы - Жыдоўская(цяпер Баранавіцкая) і Жыдоўскі завулак, а таксама Татарская вуліца(цяпер Садовая).

У інвентары графства Мыш за 1692 год указваецца вуліца Плябанская. Назва паходзіць ад слова “плябанія” ( па-польску plebania) – двор святара каталіцкай царквы ў Польшчы і Беларусі ў ХVІ – XХ стст. Відаць, менавіта на гэтай вуліцы знаходзіўся дом святара. У інвентары 1803 года вуліца перайменавана ў Стэльмаскую, назвы ідзе ад польскага stelmach, якое ў перакладзе значыць “карэтнік, майстар па вырабе калёс”, магчыма, на вуліцы жылі на той час гэтыя рамеснікі. Зараз гэта  вуліца носіць назву Калгаснай.

Сучасныя назвы вуліц вёскі не ўражваюць арыгінальнасцю: Піянерская, Новая, 60 год Кастрычніка, Садовая, Палявая, Вішнёвая, Лугавая, Безназоўная. Падобныя гадонімы можна знайсці і ў іншых вёсках, гэта адметнасць савецкага часу. Вуліца Загумённая названа лагічна, знаходзіцца за Гумённай вуліцай, завулак Цацачны вядзе да цацачнай(мэблевай) фабрыкі(былой), вуліца Замкавая кіруе да месца, дзе, па меркаванні навукоўцаў, знаходзіўся замак.

Слайд 7. Цяпер звяртаемся да карты. Вы толькі паглядзіце, якія мясціны знаходзяцца вакол Новай Мышы! Назвы гэтых аб’ектаў называюцца тапонімамі. Паўторым з вамі: тапонімы – гэта назвы геаграфічных аб’ектаў. Усе разам гэтыя тапонімы вакол вёскі называюцца тапанімічным полем. (прагаворваем інфармацыю)

Слайд 8. Тапанімічнае поле вёскі Новая Мыш разнастайнае. У склад яго ўваходзяць назвы водных аб’ектаў (гідронімы), узвышшаў і гор(аронімы), лясоў (дэндронімы), палёў(аграонімы) і назвы іншых малых аб’ектаў(мікратапонімы)

Слайд 9. Сярод гідронімаў выдзяляецца рака Мышанка (патамонім).

Пачынаецца на паўднёвых схілах Наваградскай узвышанасці каля в. Буйнявічы (Баранавіцкі раён). Яе звілістыя берагі праходзяць каля Новай Мышы. Калісьці яна была шырынёй да 20 метраў, зараз, на жаль, ператварылася ў вузкі ручаёк.

Слайд 10.У аснове назвы ракі выдзяляецца старажытны балцкі корань “машаз” або “маша” - “малы”, хаця ў аснове назвы магло ляжаць і літоўскае “мышкас” – “лясісты”. Дарэчы, дакладна вядома, што рака Мышанка не заўсёды так называлася. У Літоўскай метрыцы яна называлася Мышшу. Але ўжо ў 1730 года паведамляецца  пра раку Мышанку. Адбылося гэта з прычыны таго, што панскі двор у Мышы ператварыўся ў цэнтр буйнейшай на Новагародчыне вотчыны, а рака стала ўспрымацца больш дробным геаграфічным аб’ектам.

Слайд 11. Легенда пра ўзнікненне назвы ракі. Даўным-даўно, калі рака Мышанка яшчэ і назвы не мела, жыў на яе беразе бедны чалавек Мышка. Адзінае багацце ў гэтага чалавека – прыгожая дачка. Непадалёку ад яе сядзібы знаходзіўся рыцарскі замак. Аднойчы паехаў багаты рыцар у лес на паляванне і ўбачыў там Мышанку, дачку Мышкі. Дзяўчына збірала арэхі, сваёй прыгажосцю ўразіла рыцара. Нават калі ён даведаўся, што яна беднага роду і ў жонкі яму не падыходзіць, і тады намерыўся забраць яе з сабою. Дзяўчына хоча ўцячы, але рыцар намнога мацнейшы. Ды вось рыцар спатыкнуўся на пень і выпусціў з рук павады. У гэты момант дзяўчына ўскочыла на яго каня і памчалася. Збраяносец падвёў да рыцара свайго каня. Пачалася пагоня. Дзяўчына прымчалася на бераг ракі, кінулася ў рачныя воды, юнак кінуўся ўслед, аднак выратаваць яе не змог. Зразумеў тады рыцар, што загубіў нявінную душу, а людзі ў гонар дзяўчыны назвалі раку Мышанкаю.

Слайд 12. Мышанка заўсёды была любімым месцам адпачынку жыхароў Новай Мышы. Берагі яе стромкія, таму купаліся ў пэўных месцах. Жанчыны і дзеці – у Жукавай ямцы, Бабскай ямцы (там было неглыбока). Любімым месцам купання быў Брод, дзе рака на даўжыні 50 метраў разлівалася  ў шырыню да 150. Мужчыны і хлопцы хадзілі на Пастаўнік, там і глыбіня большая, і берагі больш стромкія.

Слайд 13. Купаліся і з боку Кацянаўкі, так называецца луг за Мышанкай з паўднёвага боку ад вёскі. Дарэчы, назва дайшла да жыхароў ХХ ст. невыпадкова. Яшчэ ў ХVІІІ ст. гэта было Котава Балота, луг жыхара з прозвішчам Кот (такіх прозвішчаў шмат было ў Пілатавічах).

Слайд 14. Дарэчы, пра Пілатавічы. Гэта быў фальварак з вёскай, вядомы з 1692 года, назву атрымаў ад імя першага ўладальніка.(Пілат +

-ічы-). Зараз на гэтым месцы знаходзіцца Брэстплемпрадпрыемства.

    Слайд 15. Цяпер перамяшчаемся на захад ад Новай Мышы (паказваем). Тут, дзе зараз гаражы жыхароў Жамчужнага, былі ў ХІХ ст. глыбокія яры. У адным з іх яшчэ ў канцы ХХ ст. можна было ўбачыць паглыбленні правільнай геаметрычнай формы. Народная памяць захавала ў сабе падзеі паўстання 1864 года пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага, з пакалення ў пакаленне перадаваліся звесткі, што тут, у ярах, стаялі шыбеніцы і былі пакараны ўдзельнікі паўстання. Мясціна і зараз называецца Шыбенскія рвы.

Слайд 16. Калі рухацца далей на захад па правым баку ад дарогі ўбачым так называемае Царскае Сяло (сучасны мікратапонім). Гэтыя землі жыхары Новай Мышы раней называлі Дача, прычым, маючы на ўвазе не сучаснае “дом за горадам”, а значэнне  ХVІІІ ст. “зямельны ўчастак, дадзены камусьці для валодання”. Нічога на гэтых землях не расло, толькі суслікі бегалі.

Слайд 17. З захаду да Новай Мышы прымыкалі наступныя лясныя масівы (іх назвы – дэндронімы). У ягады і грыбы мышане хадзілі ў Шчорсаў лес, бадзюлі (ігліцу) грабці – Папоўшчыну.

Слайд 18. Дарэчы, назва апошняга тапоніма невыпадковая, бо да ХІХ ст. гэтыя землі былі царкоўнымі, адсюль і Папоўшчына.

Слайд 19. Такія дэндронімы як Ляскі, Казіны Гай, Дуброва ў сучасны момант жыхарамі Мышы не выкарыстоўваюцца, яны зарэгістраваны ў дакуменце 1867 года.

Слайд 20. А цяпер накіруемся на ўсход, да Белай Горкі. Яе ведае кожны жыхар Новай Мышы і зараз. Жыхары вакольных вёсак таксама яе ведаюць, толькі ў Казлякевічах, напрыклад, пад назвай Лысая Гара. Назва ў двух выпадках указвае на тое, што верх гары – пясчаны, без расліннасці. Лес мышане называюць Хвойнік, бо растуць тут хвойныя пароды дрэў, жыхары Дамашэвіч гавораць – Мышанскі лес(лес мястэчка Мыш), а жыхары Казлякевіч – Мяшчанскі лес (у Новай Мышы людзі былі больш заможныя, багатыя – мяшчане). А раней гэта мясціна называлася Замчышча, памяць народная з пакалення ў пакаленне перадавала звесткі аб замку, які быў тут, на гэтай узвышанасці. У “Інвентары графства Мыш” за 1692 год напісана, што “поле, якое раней было пад замкам, знаходзіцца пад самым местам, значыць, тое ўмацаванае паселішча, якое было на Белай Горцы, пасля спальвання было зруйнавана, адведзена пад поле”. Сур’ёзных раскопкаў ніколі не праводзілася. На Белай Горцы перад пабудовай свінафермы культурны пласт ссунулі бульдозерам. У гэтым адвале В.М.Дубейка знайшоў  некаторыя адзнакі замка (рэшткі кафлі)

Слайд 21. Вось мы і пазнаёміліся з назвамі мясцовых геаграфічных аб’ектаў, называюцца яны мікратапонімы. На жаль, зараз гэтымі назвамі карыстаецца ўсё меншая частка насельніцтва.

Слайд 22. Давайце зараз паглядзім, што вы запомнілі з нашай завочнай экскурсіі.

- Што такоетапанімічнае поле?

- Якія тапонімы Новай Мышы вы запомнілі?

- Які гідронім мае вялікае значэнне для вёскі? Чаму?

- Чаму вёска Новая Мыш так называецца?

- Дзе знаходзіцца Белая Горка?

- Як называлася мясцовасць, дзе зараз размешчаны гаражы жыхароў аг.Жамчужны?

- Знайдзіце Кацянаўку, Шыбенскія яры, Брадок, Папоўшчыну?

 

Дзякуем за адказы. Скажыце, вам спадабалася наша завочная экскурсія?

Слайд 23. Спадзяёмся, што вы будзеце цікавіцца гісторыяй роднага краю і расказваць аб гэтым дома, сваім бацькам, сёстрам, сябрам. Прапануйце ім таксама зайсці УКантакце ў суполку “Вядомая і невядомая Мыш”, каб пазнаёміцца з этналінгвістычным слоўнікам “Тапанімічнае поле в.Новая Мыш”.

Слайд 24. Да пабачэння. Дзякуем за ўвагу.

 

 

     



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.