Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





ПА СЛЯДАХ . МАНЮШАК І  ВАНЬКОВІЧАЎ



 

Упраўленне адукацыі

Мінскага абласнога выканаўчага камітэта

Аддзел адукацыі, спорту і турызму

Смалявіцкага раеннага выканаўчага камітэта

Дзяржаўная ўстанова адукацыі

«Сярэдняя школа № 2 г. Смалявічы»

 

 

     ПА СЛЯДАХ 

    МАНЮШАК І  ВАНЬКОВІЧАЎ

 

                                                                      

 

                                                                      

 

     Выканала

    Бабіцкая Дзіана Дзмітрыеўна,

    навучэнка  7 “Б” класа

 

 

                                                                     

 

 

     Кіраўнік

     Сліжанкова Святлана Паўлаўна,

     настаўнік гісторыі вышэйшай

     кваліфікацыйнай катэгорыі,                                                                

     выдатнік адукацыі

     Рэспублікі Беларусь                                                                         

        

 

 

                                                                      

                                          

 

 

 

                                             

 

 

                                                   

 

                                                   Смалявічы 2016

ЗМЕСТ

 

УВОДЗІНЫ…………………………………………………………… 3

 

ГЛАВА 1

ШЫПЯНЫ. СЯДЗІБНЫ ДОМ. ПАБУДОВЫ. …………………… .    4

 

ГЛАВА 2

ПАРК. ДРЭНАЖНАЯ СІСТЭМА……...……………………………..  6

 

ЗАКЛЮЧЭННЕ……………………………………………………….  8

 

СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ ……… ……..………………..   9

 

ДАДАТКІ…….………………………………………………………..  10

 

                                             

                                                   

 

 

                                               

 

                                                     

 

                                                          УВОДЗІНЫ

 

     Тэма даследавання набывае асабістую актуальнасць ва ўмовах правядзення ў Рэспубліцы Беларусь Года культуры, вызначана ажыццяўленнем палітыкі гістарычнай памяці, звязанай з аднаўленнем гісторыка-культурных помнікаў мінулага як вобразаў гісторыі малой Радзімы.

Старажытныя сядзібы ўяўляюць сабой комплексы архітэктурных і прыродных элементаў, яны ўключаюць гаспадарчыя, прамысловыя будынкі, паркі, водныя сістэмы, жылыя і службовыя памяшканні, розныя малыя архітэктурныя формы, утвораныя, згодна стылявым патрабаванням пэўнай эпохі. У сваім даследаванні я задалася пытаннем аб тым, што ўяўляў сабой сядзібна-паркавы комплекс Шыпяны? На жаль час і гаспадарчая дзейнасць людзей не захавалі цалкам для нас, нашчадкаў,  гэты калісь цудоўны куточак беларускай зямлі. Таму мэта даследавання – вызначыць асаблівасці сядзібна-паркавага комплексу Шыпяны.

   Для дасягнення мэты ставіла і вырашала наступныя задачы:  

1) рэканструяваць  верагодны выгляд шыпянскай сядзібы, скласці план гаспадарчага комплексу;

2) ахарактарызаваць сучасны паркавы дрэвастой, узнавіць схему дрэнажнай сістэмы парку;

3) выкарыстаць матэрыялы даследавання для папаўнення экспазіцый Смалявіцкага краязнаўчага музея ў мэтах папулярызацыі малавядомых аб’ектаў, якія маюць культурна-гістарычную значнасць.

   Аб’ектам даследавання з’яўляецца культурна-гістарычная спадчына Смалявіцкага раена Мінскай вобласці.

  Прадметам даследавання стаў сядзібна-паркавы комплекс Шыпяны.

   З мэтай даследавання выкарыстаны  такія агульнанавуковыя метады як апісанне, аналіз, параўнанне, супастаўленне, а таксама спецыяльны метад як гістарычная рэканструкцыя.

 Гіпотэза даследавання - ажыццявіць гістарычную рэканструкцыю сядзібна-паркавага комплекса Шыпяны магчыма пры наступных умовах: 1) рэканструкцыі верагоднага выгляду шыпянскай сядзібы, 2) характарыстыцы паркавага дрэвастою, 3) узнаўленні схемы дрэнажнай сістэмы.

   У працэсе правядзенння даследавання былі выкарыстаны наступныя крыніцы: у артыкуле С.А. Акуліча прадстаўлены матэрыял аб мастаку-партрэтысту Валенцію Ваньковічу, які, верагодна, у час наведвання агранамічнай школы ў Роткаўшчыне графам С.Р. Строганавым, наведаў і Шыпяны, а сярод палотнаў В. Ваньковіча з’явіўся партрэт С.Р. Строганава; у алфавітным спісу дваранскіх родаў Мінскай губерніі адзначаны роды Манюшак і Ваньковічаў; кніга Э.І. Патапчык “Кола гісторыі” падае гістарычнае апісанне месцаў Смалявіцкага раена, а адна з глаў прысвечана шыпянскай зямлі. У гісторыка-дакументальнай хроніцы “Памяць. Смалявіцкі раен. Жодзіна” надрукаваны артыкул Патапчык Э.І., у якім, між іншым, адзначана, што ў ХІХ стагоддзі значная частка зямель сучаснай Смалявіччыны знаходзілася ва ўласнасці Манюшак. Ім належалі вескі Шыпяны, Студзенка, Туры, Заброддзе, Дабраводка, Верхмень, Алесіна, Дуброва, Роткаўшчына.

                                            

                                                  

 

                                                              

 

 

                                                              ГЛАВА 1

                               ШЫПЯНЫ. СЯДЗІБНЫ ДОМ.  ПАБУДОВЫ

 

Першы ўспамін аб Шыпянах сустракаецца ў юрыдычных актах 1594 года, тады гэта было памесце ў Мінскім ваяводстве Вялікага княства Літоўскага, пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай у 1793 годзе з землямі на ўсход ад Мінска Шыпяны адышлі да Расійскай імперыі. Згодна аднаго з кантрактаў 1778 года на нарыхтоўку таварнай драўніны, маёнткам Шыпяны валодаў віленскі біскуп Ігнацій Масальскі (маёнтак уваходзіў у склад Ігуменскага павета), з 1787 па 1790 гады  знаходзіўся на арэндным утрыманні, а ўжо потым перайшоў Агінскім [3].

У пачатку XIX стагоддзя Шыпяны былі ўласнасцю Манюшак у выглядзе прыданага Паліны Манюшка, дачкі Аляксандра (дзядзькі кампазітара Станіслава Манюшкі), перайшлі Лявону, потым Паўлу Ваньковічу[3]. Этнограф і гісторык Аляксандр Ельскі характаразуе Шыпяны як “фальварак над ракой Мяна, правым прытокам Чарніцы. Мясцовасць лясістая, малалюдная, землі лёгкія, лугі і пашы добрыя”[4].

Для правядзення гістарычнай рэканструкцыі Шыпян важна мець на ўвазе, што вывучаць сядзібу пачала з храналагічнага рубяжа XIX стагоддзя з улікам такога мастацкага стылю як рамантызм. Яго росквіт прыходзіўся ў Беларусі на першую палову XIX стагоддзя. Прадстаўнікамі рамантызму ў Беларусі былі Адам Міцкевіч, Ян Дамель, Валенцій Ваньковіч, Напалеон  Орда, жыццё і творчасць якіх былі звязаны з беларускімі сядзібамі.     Адным з матываў рамантызму было захапленне навакольным асяроддзем, у якім знаходзяць водгук перажыванні героя, цяга да далекіх краін, эпох, да далекага ад сучаснай цывілізацыі складу жыцця. У згодзе з рамантычным успрыманнем прыроды, мікрасусвету, парк быў накіраваны на раскрыццё настрою, духоўнага стану чалавека, яго псіхалогіі.

   У другой палове XIX стагоддзя часам пры пабудове сядзібных дамоў, часцей гаспадарчых і прамысловых пабудоў, выкарыстоўваўся так званы “цагляны стыль”. Пабудовы ўзводзіліся з чырвонай цэглы без атынкоўкі з выкарыстаннем шматлікіх элементаў дэкору ці ў простых формах архітэктуры (як гаспадарчы двор). Нягледзячы на стылевую разнастайнасць у архітэктуры гэтага перыяду, большасць будынкаў адрозніваюцца адзінствам выгляду, пераемнасцю ў выкарыстанні традыцыйных кампазіцыйных прыёмаў, стрыманасцю стылізацыйных матываў, умеранасцю дэкора. Будынкі набывалі мастацкую выразнасць і архітэктурную непаўторнасць. У невялікіх сядзібах атрымалі распаўсюджанне высокацокальныя дамы, выкананыя ў формах драўлянага дойлідства з выкарыстаннем валуноў для сцен будынкаў.

Што сабой уяўляла сядзіба? Пачнем з уезду: у’езд у сядзібу Шыпяны абазначаны  брамай з трох бетонных пілонаў [ДАДАТАК 1]. Абмераўшы браму, зрабіла яе апісанне: пілоны вышынёй 2 метры, сячэннем 0.4 х 0.4 метра; шырыня брамы разам з брамкай – 6 метраў; рашоткі брамы выкананы з кованага чугуна.

Цэнтральнай пабудовай быў сядзібны дом. Дом у сядзібе быў складзены з дубовых бярвенняў, меў ускладненую кампазіцыю. Парадны фасад будынку, як казалі старажылы, увівала вінаградная лаза. Цэнтральную частку партэра займала традыцыйнае кола [4]. Мной зроблены  малюнак-рэканструкцыя верагоднага аблічча сядзібы [ДАДАТАК 2]. У доме захоўваўся архіў са справамі агранамічнай школы Дамініка Манюшкі ў Роткаўшчыне, сабранне карцін, перавезенае са Смілавіч Паўлінай Манюшка. Са слоў старажылаў (Бурай Вольгі Восіпаўны) дом быў разбураны “у Кастрычніцкую рэвалюцыю”. Да дому прымыкаў невялікі паркавы павільён, які служыў лазняй і вадакачкай. Да парку прымыкаў рад службовых і гаспадарчых пабудоў. Уздоўж у’езднай алеі стаяў ток, на месцы сучаснай уласнай забудовы была лесапілка [3].

Другія пабудовы – прадстаўнікі так званага “цаглянага стылю”: 1) добра захаваўся на ўскраіне парка будынак з моцнай чырвонай цэглы, які служыў кухняй, сталовай і сыраварняй. Прамавугольны ў плане, з глыбокімі падваламі, ен быў пабудаваны на высокім цокале з вялікага колатага каменя з вельмі дакладнай кладкай, характэрнай для пачатку XX стагоддзя. Асвятлялася памяшканне праз маленькія лучковыя вокны з рашоткамі і круглымі вокнамі ў цэглавых франтонах; 2) у 1900 годзе  пабудаваны  жылы дом, двухпавярховы, на нізкім камяневым падмурку, паверхі знешне падзелены карнізным поясам, рэгулярныя рады вокнаў суадносяцца з калідорнай планіроўкай; 3) у 1900 годзе пабудавана і канюшня, у плане прамавугольная, ніжні паверх складзены з вялікіх колатых валуноў, верхні паверх і франтоны – з чырвонай цэглы, адзін з фасадаў глухі, у другім – на верхнім паверсе вакно і дзверы, да якіх вядзе прыстаўная лесвіца.

    Зыходзячы з гаспадарчых пабудоў, можна зрабіць выснову, што фальварак спецыялізаваўся на вытворчасці збожжа (жыта, авес, ячмень), малочна-мясной жывелагадоўлі  (малако перараблялі на масла і сыр) і на вінакурэнні (гаспадарчыя пабудовы знаходзіліся ў Алесіне, асноўнай сыравінай для вырабу спірту было спачатку збожжа, потым – бульба).  Я мяркую, што спецыялізацыя гаспадаркі фальварка стане аб’ектам далейшага развіцця даследавання.

Такім чынам, мной зроблена рэканструкцыя верагоднага аблічча былой сядзібы Манюшак – Ваньковічаў. Трэба заўважыць, што ніводная з еўрапейскіх стылевых архітэктурных хваляў не абыйшла беларускія сядзібы: яны эвалюцыянавалі ад старажытных замацаваных двароў да добрапабудаваных комплексаў. Увогуле, планіроўка шыпянскай сядзібы настолькі разнастайная, што з цяжкасцю паддаецца класіфікацыі. Усе шыпянскія будынкі (акрамя сядзібнага дома) з’яўляюцца выразнымі помнікамі цэглавай архітэктуры.

  

 


 

 

                                                         ГЛАВА 2

                                   ПАРК. ДРЭНАЖНАЯ СІСТЭМА

 

  Надзвычай цікавым з’яўляецца парк сядзібы Шыпяны, ен падзелены на паўночную, цэнтральную і паўдневую часткі. Парк спалучае рысы рэгулярнай і пейзажнай планіроўкі. Аснову кампазіцыі складаюць лінейныя пасадкі дуба чэрэшчатага. Асноўным шляхам з’яўляецца дубовая рэдкастойкая (дрэвы высаджаны праз 7 метраў) алея шырыней 6 метраў. Дубы ва ўзросце каля ста гадоў. Менавіта яна падзяляе парк на дзве няроўныя часткі.

  Паўночная частка мае ў плане форму прамавугольніка, які трохі выцягнуты. Яго пабудова вызначаецца некалькімі алеямі з дуба чэрэшчатага, елкі, ліпы, вярбы ломкай, якія ўтвараюць сетку баскетаў рознай велічыні. Алеі – рознага узросту: адны з іх – рэшткі лінейных пасадак старога парка, другія – маладыя. Розніца ва ўзросце дрэў каля ста гадоў.  Пабудова параднай часткі сіметрычна-восевая. Шырокая, ва ўзросце прыкладна 200 гадоў, алея з дуба і ліпы сярод роўнавялікіх баскетаў вядзе з узходняга боку да сядзібнага дому. Старыя дубы з экзатычнымі шырокімі кронамі, якія пачынаюцца нізка над зямлей, і ліпы ўтвараюць правы лінейны рад.

Перпендыкулярна да восі другога ў’езда, прыкладна з паўдневага боку, размяшчаецца рад з сямі такіх жа вялізных дубоў. У абсаджванні гэтай у’езднай алеі ўжывалі таполі канадскія. Захаваліся 6 дрэў ва ўзросце больш за 100 гадоў.

Цэнтральная частка парка (вакол сядзібнага дома) прадстаўлена вялікім баскетам. Яго некаторая аўтаномнасць дасягалася фармаванай шпалерай з елкі (з дзвюх бакоў) і фіксаваннем у’езда двумя вялікімі, вышыней 1.3 метра, валунамі. З паўдневага боку ен ахоплены цэнтральнай дубовай алеяй. На газоне вакол дома быў сфарміраваны дрэвастой, у асноўным з конскага каштану і елкі. У групах лінейных пасадак, уздоўж сцежак, раслі бэз, туя заходняя, піхта, сасна веймутавая, язмін, спірэя.

За домам размяшчаўся парк, аснову дрэвастою якога складалі адзінокія дубы. Пасля вымярэння вызначылі, што самы вялікі з іх мае шатровы выгляд, нізка пасаджаную крону ў дыяметры да 23 метраў. Побач пасялілася вярба брэдзіна, якая ўтварае вялікія кусты з аднаго-трох ствалоў. Па заходняй ускраіне праходзіць вельмі старая, параўнальна шырокая (7 метраў) алея з экзатычных вербаў ломкіх, якія пасаджаны праз 5 метраў.

Незвычайнасць у пабудове гэтай часткі парка – наяўнасць лінейных пасадак. Парк перасякаецца алеяй, шырыней 6 метраў, з велічных елак, якія добра захаваліся. Затым ідзе аднарадная дубовая пасадка з 19 дрэў дуба вышыней да 25 метраў і 4 адзінкі клену вастралістага.

Мяркую, што ўздоўж алеі калісьці ішлі, перасякаючы прыродны ясенева-альховы масіў у пойме, дрэнажныя каналы, якія збіралі ваду з бакавых каналаў і адводзілі яе ў раку. Асноўны бакавы канал зараз амаль згубіўся. Абмялелі каналы ўздоўж алеі. Дрэнажная сістэма зараз не функцыянуе, таму вырашыла ўзнавіць план дрэнажнай сістэмы сядзібна-паркавага комплексу. Пракансультавалася з настаўнікам геаграфіі Лаппо І.С. З мэтай даследавання зрабіла наступнае: 1) правяла вымярэнне адносных вышынь на тэрыторыі парка, 2) адлажыла на план найбольш нізкія ўчасткі мясцовасці, 3) звязала іх з рэшткамі старой дрэнажнай сістэмы і 4) злучыла ў адзіны ланцуг. Такім чынам, зразумела, што лішак вільгаці з больш ніжэйшай, балоцістай паўднева-усходняй часткі парка адводзіўся ў раку Уша. Дзякуючы гэтаму, у дадзенай частцы парка, быў палепшаны гідралагічны рэжым глебы, што дало магчымасць для пасадкі тут такіх экзатычных дрэў, як дуб чэрэшчаты, сасна веймутавая, таполі канадскія, арэх шэры, клен вастралістны, чубушнік, спірэя, туя заходняя.

  Паўдневая частка парка нешырокім прамавугольнікам выцягнулася ўздоўж транзітнай дубовай алеі. Тут калісьці вырошчвалі іншаземныя дрэвы, захаваліся два экзэмпляры сасны веймутавай, адна елка калючая вышыней да 17 метраў, дэкаратыўны экзэмпляр елкі звычайнай са шчыльнай кронай. Акрамя названых, у парку расце стары, прыкладна стогадовы экзэмпляр арэха шэрага.

Такім чынам, аснову кампазіцый паркавай планіроўкі складалі лінейныя пасадкі дуба чэрэшчатага, дубовыя алеі, алеі елкі, ліпы, клена, вярбы ломкай, ужывалі таполі канадскія, ясенева-альховы масіў. Алеі рознага ўзросту: адны з іх – рэшткі лінейных пасадак старога парка, другія – маладыя. Розніца ва ўзросце дрэваў каля ста гадоў. Уздоўж сцежак раслі бэз, туя заходняя, піхта, сасна веймутавая, спірэя. Дрэнажныя каналы парка палепшылі гідралагічны рэжым глебы, што дало магчымасць для пасадкі экзатычных дрэў (дуб чэрэшчаты, сасна веймутавая, таполі канадскія, арэх шэры, клен востралісны, туя заходняя).

 

                                           

 

 

                                              

                                                 

 

 

                                                   ЗАКЛЮЧЭННЕ

 

У выніку праведзенага даследавання ў адпаведнасці з мэтай і  задачамі прыйшла да наступных высноў:

1) Сядзібны дом, парк, гаспадарчыя пабудовы ў Шыпянах (Смалявіцкі раен) складалі адзіны сядзібна-паркавы гаспадарчы комплекс. Пабудовы комплексу адносяцца да перыяду канца XIX-пачатку XX стагоддзяў, мной зроблена рэканструкцыя верагоднага аблічча сядзібы;

2) Шыпянскі парк быў утвораны па традыцыях пейзажнага паркабудаўніцтва, пры разбіўцы яго праводзілася паляпшэнне гідралагічнага рэжыму глебы пры дапамозе пабудовы аўтаномнай дрэнажнай сістэмы. Аснову кампазіцый паркавай планіроўкі складаюць пасадкі дуба чэрэшчатага, дубовыя алеі, алеі елкі, ліпы, вярбы, клена і  экзатычных дрэў (таполі канадскія, туя заходняя, сасна веймутавая, вербы ломкія і г.д.);

3) Матэрыялы даследавання папоўнілі экспазіцыі Смалявіцкага краязнаўчага музея для папулярызацыі малавядомых аб’ектаў, якія маюць культурна-гістарычную каштоўнасць, перададзены у музей рэканструкцыя верагоднага аблічча сядзібы, схема парка, характарыстыка сучаснага дрэвастою.

    Вынікі даследавання поўнасцю адпавядаюць гіпотэзе.

Цікавасць да сядзібна-паркавага комплексу невыпадковая, маю падставу сцвярджаць, што Шыпяны – гэта рэгіянальны гісторыка-культурны цэнтр. Навізна даследавання асабіста актуальная ва ўмовах правядзення Года культуры, звязана з ажыццяўленнем палітыкі гістарычнай памяці па аднаўленні гісторыка-культурных помнікаў: упершыню зроблена спроба рэканструкцыі верагоднага аблічча сядзібы ў Шыпянах, узноўлена схема дрэнажнай сістэмы парка, разглежданы сучасны паркавы дрэвастой.

   Тэарэтычная значнасць даследавання заключаецца ў гістарычнай рэканструкцыі культурна-гістарычнай спадчыны Смалявіччыны шляхам вывучэння сядзібна-паркавага комплекса Шыпяны.

  Практычная значнасць: 1) матэрыялы даследавання будуць цікавыя тым, хто адчувае патрэбу пазнаць гісторыю сваей малой Радзімы; ва ўстановах адукацыі Смалявіцкага раёна па патрыятычным выхаванні навучэнцаў; 2) у вучэбна-пазнавальнай дзейнасці і пазакласнай рабоце па гісторыі і геаграфіі Беларусі; 3) актуальныя і для ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, арганізатараў турысцка-краязнаўчай работы.

   Вялікую ролю на будаўніцтва Шыпянскай сядзібы, яе выгляд, гаспадарчую дзейнасць насельніцтва, сацыяльныя і культурныя зносіны, утварэнне парку адыгралі гаспадары сядзібы, знакамітыя прадстаўнікі родаў Манюшак і Ваньковічаў.  Таму лагічна, што напрамкамі далейшай работы стане сістэмнае даследаванне жыццядзейнасці гаспадароў родаў Ваньковічаў і Манюшак на Смалявіччыне.

 

 

                           

 

                                   СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

 

1. Акуліч, С.А. Мастак Валенцій Ваньковіч / С.А. Акуліч // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. –1991. – № 3. – С. 29.

2. Алфавитный список дворянских родов Минской губернии.- 1991. – С.233.

3. Потапчик, Э.И. Колесо истории / Э.И. Потапчик. – Мінск: БЕЛТА, 2000. – С. 43.

4. Памяць. Смалявіцкі раен, Жодзіна. Гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раенаў Беларусі. – Мінск: БЕЛТА, 2000. – С.766.

 

 

                                                                                         Дадатак 1

 

Брама сядзібна-паркавага комплексу

 

 

 

          

                                                                                                   

                                                                           Дадатак 2

                                                    

 

 

 
                                                                                1900 год пабудовы, рэканструкцыя             

                                                                                 зроблена  Бабіцкай Дзіанай,

                                                                                 навучэнкай 7 “Б” класа    

 

 

                                      Сыраварня. Канюшня. Жылы дом                               Дадатак 3

 

 

                                                                                                                      

 

 

          Парк. Дрэнажная сiстэма                                            Дадатак 4

 

 

                                      План сядзiбна-паркавага комплексу                   Дадатак 5

 

 

 

1. сажалка                                                План выканала Бабіцкая Дзіана,  навучэнка 7»Б» класа

2. жылы дом

3. дрэнажная сістэма

4. месца былога дома

5. сыраварня

6. брама

7. канюшня

8. уезд у парк

9. парк

10. -11 “лядоўні”

 

 



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.