Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч



Уладзімір Сямёнавіч Караткевіч

Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц

 

 

Уладзімір Караткевіч

КАЛАСЫ ПАД СЯРПОМ ТВАІМ

 

.

 

. . .

 

 

Маці сваёй прысвячаю

 

.

 

. . .

 

У рукі галодных беднякоў аддасі ты ворагаў усіх краін, у рукі схіленых да праху – каб прынізіць магутных людзей розных народаў.

Кумранскі «Світак Вайны» 

 

Кніга першая

ВЫЙСЦЕ КРЫНІЦ

 

.

 

. . .

 

Увечары вы кажаце: будзе пагода, бо неба чырвана.

А ўраннi: сёння непагадзь, бо неба пахмурнае.

Крывадушнiкi!

Аблiчча неба распазнаць умееце, а знаменiй часу не можаце?

Мацея, XVI 

 

I

 

Груша цвiла апошнi год.

Усе галiны яе, усе вялiкiя расохi, да апошняга пруцiка, былi ўсыпаны бурным бела‑ружовым цветам. Яна кiпела, млела i раскашавалася ў пчаліным звоне, цягнула да сонца сталыя лапы i распасцiрала ў яго ззяннi маленькiя, кволыя пальцы новых парасткаў. I была яна такая магутная i свежая, так утрапёна спрачалiся ў яе ружовым раi пчолы, што, здавалася, не будзе ёй зводу i не будзе канца.

I, аднак, надыходзiла яе апошняя часiна.

Дняпро падбiраўся да яе спакваля, патроху, як разбойнiк. У вечным сваiм iмкненнi скрышыць правы бераг, ён падступаў у палавень зусiм блiзка да яго, руйнаваў адхоны, зносiў, каб пасадзiць у другім месцы, лазу, гвалтоўна вырываў кавалкi берага або асцярожна падмываў яго, каб раптам абурыць у ваду цэлыя брылы зямлi. Потым адступаў, да наступнай вясны, i трава лiтасцiва спяшалася залячыць раны, нанeсеныя Дняпром. А ён вяртаўся зноў: дзе руйнаваў, дзе падмываў i з часам абкружыў грушу амаль з усiх бакоў.

…За грушай канчаўся Кагутоў надзел. Год сорак таму назад стаяла яшчэ за дрэвам чорная лазня. Але ў адну з начэй, зусiм знянацку, Дняпро ўхапiў яе – нават бервяна не паспелi вылавiць. Так, пэўна, i сплыло бярвенне з Азярышча аж у самы Сухадол, дзе напаўгалодныя мяшчане i трэскi не прапускалi.

Новую лазню стары Данiла Кагут вывеў сажняў за сто ад берага, куды вышэй за ўласную хату. Нявесткi скардзiлiся: пакуль нацягаеш вады – рукi адвальваюцца. Данiла слухаў iх i бурчаў у ласкава‑з'едлівыя, залацiстыя тады яшчэ вусы:

– Абы мой вацок[1] з грашыма не адвалiўся. Рук – не купляць…

І гнаў сыноў, каб памаглi бабам прынесцi балеi дзве‑тры.

Новая лазня з часам стала занадта раскошнай для Кагутовай радзiны. Сыны па дурным новым звычаi аддзялiлiся, з бацькам застаўся толькi старэйшы, Мiхал, з жонкаю ды шасцёра iхнiх дзяцей: пяць сыноў i дачка‑мезенiца. Пойдуць сем «мужыкоў» у першую пару, дык месца – хоць сабак ганяй, i ад гэтай прасторы халодна.

I ўсё ж старой лазнi нiхто не шкадаваў. Разам з лазняй сплыла чорная гiсторыя.

Было гэта праз некалькi год пасля таго, як Прыдняпроўе адпала ад «Кароны». Данiла быў тады яшчэ падлетак, адзiны сын у бацькi, адзiны ўнук у дзеда. Як насланнё нейкае было. За тры пакаленнi халера двойчы выкасiла Азярышча. Кагутам пашанцавала. Хоць па адным мужыку засталося на завод.

Астатнiя паўмiралi. Не памагло i тое, што Раман, Данiлаў дзед, лiчыўся ведзьмаком. I ён нiчога не мог зрабiць, пэўна таму, што справа была новая. Нават самыя старыя не чулi ад дзядоў пра халеру.

Хто не ўцёк у лес – тым было дрэнна. А Раману з сынам, Маркам, не дазволiў уцячы пан. Даў стрэльбу i загадаў застацца у пустой вёсцы, каб не парабавалi сялянскага набытку лiхiя людзi. Стрэльбы, бадай, i не варта было даваць. Ад халеры стрэльбай не адаб'ешся, а лiхiя людзi баялiся Рамана з яго славай горш як стрэльбы.

Пэўна, Раман не быў бы Раманам, каб не знайшоў сродак. Ён i адпаiў сына рэзкiм бярозавым квасам. Не аддаў смерцi. Але астатнiх не паспеў.

Халера сышла. Забылi i пра яе. Аў Кагутовай хаце так i жылi стары, вялiкi ды малы.

I вось тут i здарылася. У адну з цёмных лiстападаўскiх начэй Марка забiў бацьку ў лазнi. Запароў старога вiламi.

Акiм Загорскi, стары азярышчанскi пан, пачуўшы, за галаву схапiўся. Чаго ж тады чакаць ад чалавека, калi ён на забойства бацькi iдзе? Што ж гэта робiцца? Цi бiблейскiя часы вяртаюцца, цi апошнiя надыходзяць? А як ён дваццаць год нязменна хадзiў у ганаровых суддзях, i да раздзелу i пасля, у губернскiм земскiм судзе, то намерыўся ўпячы злачынцу, адкуль i крумкач костак не прыносiў, балазе цяпер абшары былі нямераныя i нават Сiбiр сваёю была. Схапiлi Марку – добра? У ланцугах ён – добра! Хутчэй яго, вылюдка, у Сухадол, на судовую сесiю.

А потым узяў Акiма роздум. I не тое каб пан цяпер апраўдаў забойцу. Ён задумваўся: як магло здарыцца, якая выгада была пайсцi на такое любаму, ад смерцi бацькам уратаванаму, сыну, адзiнаму спадкаемцу? I, галоўнае, здзiўляла Загорскага тое, што нiхто з аднавяскоўцаў i словам, i мiргам нават не асудзiў Марку. Быццам так i трэба было.

Акiм Загорскi ведаў сiлу абставiн. I ведаў: да самай глыбiнi чалавечай душы i таго, што прымусiла яе зрабiць тое цi iншае, не дакапаецца нiколi нiводзiн суд. Не на тое людзi суды выдумалi. Суд – гэта расправа. I гаспадары кожнага суда хочуць толькі, каб расправа была хуткая i не вельмi дарагая.

I таму ён аднойчы ноччу з'явiўся у вязнiцу скасаванага за непатрэбнасцю замка. Замак быў двухпавярховы, з сутарэннямi. У вежах новая ўлада размясцiла правiянцкiя склады, а сутарэннi так i заеталiся вязнiцай.

Думаў Акiм Загорскi, што пабачыць слiмака, раздушанага цяжарам уласнай вiны, а ўбачыў чалавека, якi нават не хавае вачэй.

– Можа, не твая правiна? – сумеўся Загорскi. – Можа, нехта другi?..

– Мая правiна, – сказаў Марка. – Мая рука зрабiла, мне i адказваць.

– Дык што ж ты тады святым прыкiдваешся?! – ускiпеў пан. – У сабакi вочы пазычыў?!

– Вы не крычыце на мяне, – зусiм не па‑мужыцку, з гонарам, сказаў закуты. – Нада мною зямнога суда няма. Мяне апраметная чакае. Я душу сваю навек загубiў, i мне ўжо з агню нiколi не выйсцi…

Загорскi так нiчога i не дабiўся, пайшоў. I пачаў распытваць у другiх, пераважна ў сваiх жа азярышчанскiх сялян. Доўга нiчога не мог даведацца, пакуль адна старая не расказала. У Акiма валасы ўсталi дыбарам.

Нездарма нябожчыка Рамана лiчылi за ведзьмака. Сам Акiм Загорскi такому глупству, вядома, не верыў, але яны, яны ж усё верылi. Ды i як было не верыць, калi Раман лячыў травамі скурапею[2] i скулы, упраўляў звiхi, выводзiў цяменнiк, браў на рукi дзяцей з пярэпалахам i глядзеў iм у вочы, i дзецям адразу рабiлася лягчэй.

А такiя справы без нячыстай сiлы, вядома, не робяцца. I кожнаму нават самаму разумнаму варажбiту, нават таму, хто не ўжываў сваёй сiлы на злое, даводзiцца пасля смерцi расплачвацца.

Прыходзiць такi час, і вядзьмак павiнен залезцi у падпечча, лепей за ўсё ў лазнi. I менавiта так аддаць д'яблу душу. Там i павiнен быў Раман зводзiць з д'яблам апошнюю рахубу. I побач з iм абавязкова мусiў быць сын.

Яны i пайшлi ў лазню ўдвух, калi стары адчуў наблiжэнне смерцi.

Стары залез у падпечча i доўгi час гаварыў нешта. Мо ўспамiнаў жыццё, а мо трызнiў. Потым апрытомнеў i працягнуў руку, каб сын дапамог яму выбрацца. I вось тут настала самая страшная хвiлiна. Усiм вядома, калi сын возьме бацькаву руку – уся вядзьмарская сiла пяройдзе да яго. А з сiлаю – смерць у падпеччы i тое, што пасля яе. Марка ведаў: ён не можа гэтага. Супраць гэтага было жыццё i словы, якiя ён кожную нядзелю чуў у царкве. Каб жа гэта яшчэ ратавала ад пекла душу старога. Але тэта не ратавала, гэта толькi абяцала пекла яшчэ i яму, Марку, не сёння, дык праз колькi год.

I ён не ўзяў рукi, хоць i ведаў, калi не возьме, бацька будзе пакутаваць у падпеччы асаблiва доўга: ноч, дзве, магчыма, нават тры.

Ён сядзеў над старым амаль да ранiцы. I той увесь час стагнаў i ўсё часцей i часцей пачынаў нема крычаць. А Марка сядзеў над iм i плакаў ад жалю.

Перад свiтаннем ён устаў. Ен вырашыў. Вядома, тое, што ён хацеў зрабiць, пагражала яму, Марку, апраметнай i вечнымі пакутамi, але ж за адну хвiлiну рабiла бацькаву душу вольнай ад кiпцюроў нячыстага.

Усе ведалi, што пакутнiцкая смерць, ды яшчэ ад рукi блiзкага, адразу нiшчыць уладу цёмнай сiлы. А хто ж блiжэй Раману, як не ён? Няпiсаны закон загадвае яму даканаць бацьку, каб той не пакутаваў тут i не пакутаваў там. Што ж, ён зробiць гэта. I няхай будзе кепска яму. Марку застанецца радасць, што бацьку добра, i гордасць, што ён зрабiў правiльна.

Ён пайшоў на прыгуменне i прынёс вiлы.

 

Даведаўшыся, Загорскi пачаў судзiць сябе i забойцу. Так, гэтаму варварству i дзiкунству няма апраўдання. Але ж хто вiнен у тым, што гэтыя людзi дзiкуны? Дзяржава, якой ёсць да iх справа толькi ў часы мяцяжу? Уладары над душамi, якiм ёсць да iх справа толькi пасля жнiва? Адкуль iм ведаць асновы свету, што вакол iх? Царква крычыць iм аб апраметнай, паданнi пагражаюць д'яблам i ведзьмакамi.

Вось і суду толькi цяпер будзе справа да Маркi.

I чым дапамог гэтым сваiм людзям ён, Акiм Загорскi? Не забiваў, не рабаваў, бо не меў у гэтым патрэбы. Але што агульнага памiж Маркам i iм, якi ганарыцца тым, што наведаў у Фернэ Вальтэра? Гаспадар i мужыкi – жыхары розных светаў.

I хутка ад усiх разважанняў у яго сэрцы засталося толькi разуменне таго, што суд зробiць кепска i ён, Загорскi, не здолее нiчым перашкодзiць. Сляпыя судзiлi сляпога.

Таму Загорскi ўсiм сваiм уплывам цiснуў на судовых, i прысуд быў мяккi: дзесяць год катаргi.

…Марка з Сiбiры не вярнуўся. Данiла, i той даўно стаў дзедам. Памерла iмператрыца, i сын, і адзiн з унукаў яе. Памёр i Акiм Загорскi. Амаль забылася i здарэнне з лазняй, а потым i лазню злiзаў Дняпро. Быццам i не было нi людзей, нi закуранай нiзкай будынiны на беразе. Толькi груша…

За ёю ляжалi прыдняпроўскiя адхоны, вёскi, пушчы i мястэчкi. За ёю стаялi замшэлыя замкi, чорныя хаты i старажытныя белыя званiцы.

А груша цвiла апошнi год. Дняпро падбiраўся да яе спакваля, як разбойнiк. Гэты апошнi год яна стаяла толькi сiлай сваiх карэнняў, умацаваўшы iмi сабе паўкруглы фарпост.

Чарговая з мiльёнаў паводак якiя бачыў Дняпро, спадала. Наступная павiнна была кiнуць дрэва ў хвалi, разам з квеценню. Але яна не ведала аб гэтым. Яна цвiла ў вiраваннi пчол, i пялёсткi падалi на быстрыню ракi.

 

II

 

Дняпро цячэ мiж высокiх берагоў спакойна i ўпэўнена, вымываючы з‑пад адхонаў пясок, адкрываючы часам для вачэй чалавечых тое, што сам жа раней схаваў ад iх: наздраватыя вапнякi, чырвоныя з лiловым адценнем плiткi жалезняку i векавечныя, варажскiх часоў, дубы.

Яны чорныя, як косць, гэтыя мораныя дубы. Як абгарэлая чорная косць. I калi бачыш на водмелi напаўзанесенае пяском мокрае бервяно – адразу становiцца зразумела, адкуль узяў народ паданне аб волатах, што спяць, засыпаныя жвiрам i заплеценыя травой, спяць, пакуль не прыйдзе час вялiкай бяды i пакуль iх не паклiча народ.

…Бяда прыходзiла шмат разоў, а яны не ўваскрасалi. Можа, сапраўды скамянелi, як тыя дубы?

Хто ведае?

Але плыве i плыве вялiкая рака. Нас не было, а яна ўжо несла свае хвалi мiма заток, пушчаў i буславых гнёздаў. А калi нас не будзе, яна ўсё яшчэ будзе бегчы далей i далей, да апошняга, далёкага мора… Вёску Азярышча, што прыткнулася над Дняпром, на белапясчаным адхоне, вясной залiвае вада, i яна стаiць на востраве. Царква – убаку, таксама на востраве, i на вялiкдзень папу з прычтам часам даводзiцца не абыходзiць яе, а аб'язджаць на чаўнах. Прайшоў вялiкдзень, моцна апала вада. На ўзвышшах ужо адаралiся ї адсеялiся. Вёска дрэмле ў лянiвых праменнях майскага сонца, пустая, разамлелая. I ўсё ж Дняпро, амаль зусiм адступiўшы ў летняе рэчышча, не можа супакоiцца i лянiва точыць нiзы берага… Цiша. Спакой. Дурны крык пеўня над дымным гноем.

…У той майскi дзень на пясчаным адхоне, пад той самай грушай, якой канчаўся цяпер Кагутоў надзел, сядзела чародка дзяцей – тры хлапчукi i дзяўчынка.

Толькi два старэйшыя – кожнаму год па адзiнаццаць – сядзелi, абкруцiўшы клубы кужэльнымi сарочкамi. Трэцi, сур'ёзны мужычок год васьмi, i дзяўчынка, яшчэ гады на два маладзейшая за яго, былі зусiм голыя, але нiколькi, вiдаць, не саромелiся з гэтай прычыны.

З гэтых чатырох два галышы i адзiн трохi адзеты былi вельмi падобныя. Залацiстыя зблытаныя валасы, дзiкаватыя светла‑сiнiя вочы i, нягледзячы на дзiцячую рэзкасць, нейкая асаблiвая, няспешная ладнасць у рухах. Кожны, паглядзеўшы на iх, сказаў бы:

– Кагутова племя.

Чацвёрты быў зусiм непадобны на iх. Больш тонкi. Цёмны скурай. З простым носам, як астатнiя тры, але з крутымі ноздрамi. Са спакойным, не па‑дзiцячаму цвёрдым ротам.

Ён i сядзеў неяк больш вольна i лёгка. Каштанавыя, вельмi iскрыстыя пад сонцам валасы гэтага хлопца ляжалi буйнымі хвалямi. Цёмна‑шэрыя шырокiя вочы спакойна глядзелi на iмклiвую плынь Дняпра.

Нiчога не было на гэтай плынi, нi ветразя, нi чарады качак, i таму гэты занятак хутка абрыдзеў шэравокаму. Ён лёг на спiну i звярнуўся да суседа:

– Пойдзем яшчэ ў ваду, Павёлка?

– Здурэў, Алесь? – салiдна сказаў Павал. – Пачакай, усю ж ваду скаламуцiлi.

Вада ў Дняпры была яшчэ халаднаватая, i таму сябры выбралі для купання невялiчкую затоку, добра прагрэтую сонцам. Купалiся, вiдаць, зусiм нядаўна, бо валасы ў iх былі мокрыя.

– Горача, халера на яго, – уздыхнуў Алесь i апусцiў чорныя вейкi. – Пойдзем праз тыдзень на Равеку. Стафан там надоечы во якога акуня выхапiў.

Павал маўчаў.

– Ты што маўчыш, Павёлка? – сказаў Алесь. I, ужо ўстрывожаны, убачыў, што ў сябра дрыжаць вусны. – Ты чаго, Паўлюк?

– Праз тыдзень цябе, магчыма, тут не будзе, – глуха сказаў Павал.

– Во, дурына. Куды ж гэта я падзенуся?

– Сёння ранiцай – ты якраз апошнi воз гною на Нiзок вазiў – прыязджаў Карп з маёнтка. Сказаў, што паны пагаворваюць: маўляў, досыць. Маўляў, цяжка Мiхалу Кагуту без нашай дапамогi, i час браць Алеся… Гэта каб за цябе бацька «пакормнае» i «дзядзькавое»[3] атрымаў…

У вачах у Алеся з'явiлася трывога. I адразу ж знiкла, саступiўшы месца рашучасцi.

– А я не пайду. Хто мяне прымусiць, калі мне i тут добра?

– Гэ‑эх, брат, – тонам дарослага сказаў Павал. – Тут ужо нiчога не зробiш. Возьмуць у двор – i канцы. На тое яны паны. На тое мы мужыкi. Як аддалi яны цябе, так i возьмуць.

– А я ўцяку. Я не iхнi. Я – ваш.

– Прывыкнеш, – працягнуў Павал. – Памятаеш, як шэсць год таму роў, калі цябе да нас прывезлi? I страшна ў нас, i чорна. Прывык жа…

– Куды гэта Алеся забяруць? – спытала дзяўчынка.

Стаяла перад iмi, голенькая, круглая. Трымала ў роце палец.

– Iдзi ты, Янька, – з прыкрасцю сказаў Павал. – Што ты ведаеш?

– Куды яго забяруць? Ён жа наш, – у голасе дзяўчынкi было неўразуменне.

– Наш, ды не зусiм.

I тут Алесь ускiнуўся на калені.

– Як гэта не ваш? Як гэта? А чый жа я? Буслаў?! Арышкi‑дурнiчкi?!

На вачах яго накiпалi ўжо злыя слёзы. Ён не стрымаўся i адважыў дружбаку гучнага ляпаса. А яшчэ праз хвiлiну яны, адзiн цераз другога, кацiлiся ўнiз, да ракi, узнiмаючы хмары пяску. За кулакамi – свету вiдаць не было. Скацiўшыся на самае ўзбярэжжа затокi, чырвоныя, пыльныя, яны малацiлi адзiн аднаго i раўлi.

Яня, захлынаючыся ад крыку, пабегла да iх, густа ссоўваючы нагамi пясок.

– Не трэ‑э‑э… Але‑е‑е… Па‑а‑а!!!

За ёю паважна, адхiнаючыся назад, быццам круглае пуза магло пераважыць, рухаўся галыш «мужэска полу», Юрась Кагут.

Дзяўчынка крычала ўжо зусiм без голасу i часта тупала нагамi, не заўважаючы, што зайшла ў ваду.

I тады васьмiгадовы Юрась, паглядзеўшы на яе, нагнуўся, чарпануў поўныя прыгаршчы глею i гучна шалёснуў на абедзве галавы.

Бойка спынiлася. Абое глядзелi адзiн на аднаго i на Юрася. А той, пасля паўзы, павольна сказаў:

– Э‑к, важна…

I пайшоў да дзяўчынкi:

– Хадзем, Янечка, хадзем, золатка. Гэта ж яны жартуюць. Гэта ж Алесь пажартаваў… Бач, запырскалася ўся.

Хлопцы глядзелi, як Юрась павёў Яньку ў затоку. Потым у Алесевых вачах з'явiлiся слёзы.

– Дурнi, – сказаў ён, – напалохалi дзяўчо. I ты дурань… Дурань ты, вось хто… Калi я не ваш, дык я i пайду… Не вельмi трэба… Толькi ў Загоршчыну я не хачу. Знайду на гасцiнцы магiлёўскiх або мiрскiх старцоў з лiрамi – з iмi рушу. I заставайцеся вы тут са сваей Равекай i з халернымi вашымi акунямi.

Ён зайшоў па пояс у ваду i пачаў змываць з галавы шызы глей. I раптам адчуў, што Паўлава рука лягла яму на валасы.

– Чакай, – сказаў Павал. – Давай памагу… Ты… даруй…

Алесь выпрастаўся. Так яны i стаялi адзiн супраць аднаго i напалову ў вадзе. На галаве ў Павёлкi была густая ляпёшка; з валасоў Алеся сплывалi на твар i грудзi шызыя струменьчыкi. Яны цяклi i ад вачэй, i нельга было зразумець, вада гэта цi слёзы.

– Паўлюк, – цiха спытаў Алесь, – няўжо возьмуць?

– Не ведаю, – няшчыра сказаў той. – Можа, i абыдзецца. Давай лепш мыцца. Вечарэць скора пачне.

Яны мылiся моўчкi. Яня i салiдны Юрась сядзелi ля самага берага, i Юрась браў вялiзнай чарапашкай ваду i палiваў Янiн жывот.

– Дзецi, – прагучаў голас з адхону, – досыць вам боўтацца: вярба са с… вырасце.

Над урвiшчам, ля грушы, стаяў белы стары, белы ад галавы да нагавiц. Стаяў, абапiраючыся на кантовы чорны кiй з вострым канцом.

– Вылазьце, цi што?

– Яны, дзядуля, зараз, – вiскнула Янька.

Позiрк дзеда адразу памякчэў, як толъкi ён глянуў на дзяўчынку.

– То добра. Вылазьце. Я пайду.

Хлопцы моўчкi дамылiся. Юрась i круглая Янька паднялiся ўжо на адхон i знiклi за грушай.

– Вось i печку, у якой летась бульбу пяклi, абурыў Дняпро, – хаваючы вочы, сказаў Алесь.

Сапраўды, у адхоне, на свежай адколiне, вiдаць была толькi неглыбокая чорная ямка.

Яны ўсё яшчэ марудзiлi, быццам бачылi Дняпро апошнi раз. Алесь паставiў нагу на вялiзную камлыгу зямлi, што коса ссунулася ў ваду i напалову затанула ў ёй.

На той частцы, што яшчэ заставалася над вадою, спяшалiся дацвiсцi гусiныя лапкi i жоўты падбел. А iхнiя браты, пад вадою, таксама яшчэ цвiлi, але былi бескаляровыя, быццам iх пакiнула жыццё.

У Алеся балюча сцiснула горла.

– Хадзем, – цiха сказаў яму Павал.

…Ад грушы вяла да хаты вузкая сцежка. Па абодва бакi ляжала нядаўна ўзараная чорная зямля, i надта белымi i танюткiмi здавалiся ствалы яблынь i вiшань, пабеленыя вапнай. Бязважкi салатавы пух ахутваў дрэвы, i асаблiва шэрай i безжыццёвай выглядала ў гэтай зялёнай хмары старая хата Кагутоў з надворнымі пабудовамi, размешчанымi лiтарай «П». Сцены хаты, сухiя, з глыбокiмi расколiнамi, амаль напалову закрывала насунутая грыбам страха з такiм тоўстым пластом смарагдавага вiльготнага моху, што можна было засунуць руку амаль па локаць.

Арабiны i вiнаград – так завуць у Прыдняпроўi карычку[4] – буянымi хвалямi перахлёствалi цераз мёртвы кaрaвы пляцень, быццам iмкнулiся схаваць ад вачэй людскiх яго пачварнасць.

Над дрэвамi ўжо ўзляталi бронзавыя хрушчы. Сонца хiлiлася на захад, i ў вячэрнiм паветры гучна ляскаў дзюбай бусел на страсе адрыны.

Дзед з малодшымi сядзеў на прызбе, доўгi, снежна‑белы ў сваей кужэльнай вопратцы. Сад садзiў ён. У той час нават у багатым на сады Прыдняпроўi пры кожнай сялянскай хаце было не болыш як тры‑чатыры дрэвы. Быў, праўда, загад прыдняпроўскай шляхецкай рады, каб кожны садзiў сады, але паслухаўся яго далёка не кожны.

Дзед сядзеў, бязвольна склаўшы карычневыя рукi, а над яго галавою нездаволена басiлi хрушчы.

Непадалёку ад яго ляжала на ўскапанай курамі зямлi Курта. Ляжала на баку, цяжка адвалiўшы страшныя льсняныя саскi, пакутлiва глядзела на людзей.

«Пэўна, нават не пабачу, якiя ў яе будуць шчанюкi», – падумаў Алесь.

Дзед разбiў буркатлiва‑ласкавым голасам цiшыню:

– Дзеткi, Юрась зараз агуркi палье, а вы схадзiце скiньце з вышак карове сена… Доўга, чорт на яго, дажджу няма: паевiцца, пасвiцца, а бруха пустое. Потым парсюкам бульбу пасекчы трэба. Марыля спарыла.

Хлопцы моўчкi пайшлi за хату. Дзед сядзеў нерухома i слухаў, як буркочаць у кошыку пад вiльчыкам галубы. Яня ўзлезла яму на каленi.

– Дзеда, а баяць калi будзеш?

– Вось хлопцы вернуцца. Сёння я не толькi табе з Юрасём, сёння я i хлопцам баяць буду.

Дзед i ўнучка маўчалi. Цiшыня была асаблiва поўная ад буркатання галубоў.

…Урэшце вярнуўся Юрась i сеў поруч з дзедам. Нагавiцы ягоныя былі амаль да каленяў мокрыя, мiж пальцамi босых ног – чорныя земляныя рагi. З хляўца даносiлася частае чахканне секача.

– Сёння Павал з Алесем пабiлiся, – сказаў Юрась.

– Хто першы?

– Алесь.

– Тады добра… Тады нiчога…

– Чаму гэта нiчога?

– А ты забыў, чаму вас, дзяцей, вучылi?

Юрась адказаў бойка:

– Пакормнага панскага сына не бiць i першым з iм бiцца не лезцi.

– Правiльна, – сказаў дзед.

Яня лашчылася да старога галоўкай. Юрась сядзеў натапыраны, як галчаня, i суровы: вiдаць, абдумваў нешта. Потым сказаў:

– Я нешта не чуў, дзеда, каб яго нам за грошы аддалi. Сёння Павал казаў пра нейкае «пакормнае» i «дзядзькавое»… Гата што? I чаму гэта толькi ў нас ды ў Маеўшчыне пакормнiкi ёсць?

Дзед перабiраў шурпатымi пальцамі валосiкi ўнучкi, аж чуваць было, як яны чаплялiся за далонi. Сумна ўсмiхнуўся:

– Зводзiцца стары звычай, Юрак. Калісь па ўсiм Прыдняпроўi i далей гэта як звыклае было. Я помню, да французаў яшчэ, мала хто з паноў, праваслаўных асаблiва, не рабiў гэтага… А цяпер усе радзей i радзей…

– А нашто гэга? – спытаў Юрась.

Дзед гаварыў з iм, як з дарослым, i малому гэта, вiдаць, падабалася, бо слухаў, вушы развесiўшы.

– Каб ведалі, як даецца зямля, – сказаў дзед, – каб не збэсцiлiся на сабаку. Аддавалi, бывала, як толькi чатыры гады дзіцяцi. Хто на тры, а хто і на пяць год. I зусiм не дапамагалi халопскай сям'і. А потым, калі возьмуць хлопца зноў у двор – даюць мужыку пакормнае, за тое, што хлопец з'еў, i дзядзькавое, бо ўсе мы як быццам дзядзькi малому, выхоўвалi яго, розуму вучылi.

– Пойдзе ад нас Алесь, – па‑даросламу ўздыхнуў Юрка. – Які яшчэ ён потым будзе?

– Пэўна, усё ж лепшы за iншых, – сказаў дзед. – Чуў, як саха зямлю скрабе. Каб не забыў толькi. З бацькам і дзедам яго нам, можна сказаць, пашанцавала. Акім, прадзед ягоны, таксама нiчагоўскi быў. Можа, i яблычка па яблынi. Можа, i не забудзе вас i мяне… Бо, крый божа, калі будзе, як суседскi Кроер…

– Калі яго забяруць? – спытаў Юрась.

– Заўтра. Заўтра яго забяруць, – сказаў дзед. – Толькi маўчыце, дзеткi. А зараз бяжы, Юрка, прынясi лiру.

Калi Павал i Алесь вярнулiся да прызбы, дзед сядзеў ужо з пацьмянелай, залапанай лiрай на каленях. Павольна, быццам спрабуючы, пакручваў ручку, слухаў чмялiнае гудзенне струн. Курта глядзела на яго i цяжка дыхала.

– Во, – сказаў дзед Паўлюку, якi ўжо сеў на траву, – не любяць яны, чэрцi брахучыя, нашыйнiка… як чалавек… Быў у мяне сабака, нiколi на сворку не iшоў. А тут у мяне скула на шыi села. Жонка‑нябожчыца падзерла старую сарочку, закруцiла мне шыю. Дык сабака пабачыў, завiскатаў, кiнуўся скакаць, за горла хапае. Думаў: у гаспадара нашыйнiк. – Уздыхнуў: – Ну то добра, сядайце. Паслухайце, пакуль нашы не вернуцца. Песня пра жарабя святога Мiколы… Толькi вось што, Алесь, калi ты ў Загоршчыне пачнеш расказваць, якiя тут песнi спяваюць…

Алесь пачырванеў:

– Доўга вы тут мяне крыўдзiць будзеце? То адзiн, то другi. Я не горш за вас, калi трэба, маўчаць умею… Перад кiм мне там языкацца?

Дзед уважлiва глядзеў на яго, быццам усё яшчэ вагаючыся.

– Глядзi, сыне. Песня таемная. Не пры ўсiх нават сваiх можна… Але ўсё адно. Я ўжо чалавек стары. Выслухай маю апошнюю навуку…

Дзед павольна павёў ручкай, потым раптоўна i рэзка крутнуў яе. Высокiм енкам заплакалі струны, быццам залямантаваў нехта ў роспачы.

Хлопцы сядзелi ля яго ног, Юрась i Янька ляжалi з двух бакоў, грэлi жыватамi прызбу, але стары Кагут нiкога ўжо не заўважаў. Зусiм цiха пачаў гучаць старэчы i таму слабаваты, але надзiва чысты голас:

 

Над зямлёю Дняпроўскай i Сожскай

Праляталi янгалы смерцi.

Дзе лятуць – там вымерла вёска,

Дзе прыселi – там горад вымер,

Там жыццё папам i далакопам.

 

У Янькi шырока акруглiлiся вочы.

 

Так нарэшце край абязлюдзеў,

Што i янгалам страшна стала:

«Чым пражыць, як памрэ апошнi?»

І галоўны сказаў: «Хопiць лётаць,

Трэба нам на зямлi пасялiцца».

Збудавалi яны палацы,

Збудавалi муры з каменняў,

Увесь Дняпро мiж сабой падзялiлi,

Ўсiх людзей ад краю да краю…

 

Дзед змоўк на хвiлiну, быццам прапусцiўшы некалькi асаблiва хвосткiх радкоў, але струны скардзiлiся, можа, нават не менш выразна за словы…

 

…Збудавалi цэрквы i касцёлы,

Па малiтву ладанам кураць,

Задымiлi, як лазню, неба.

 

Твар старога стаў паважным, амаль велiчным.

 

Бог гадамi сядзеў i нюхаў,

А пасля сказаў сабе Юр'ю:

«Многа дыму да нас далятае,

Вельмi мала шчырай малiтвы.

Твой народ па Дняпры i далей.

Што рабiць з тваiм удзелам, Юры?»

I сказаў яму Юры‑пераможца:

«Ты пашлi на зямлю Мiколу.

Ён з сялян, ён добра рассудзiць».

Грозна бог свае бровы нахмурыў:

«Добра ведаю я людзей вясковых,

Вечна яны скардзяцца, ныюць,

Хiтрасцю ж аплятуць i чорта.

Я пашлю з Мiколам Касьяна.

Ён з паноў, ён другое заўважыць».

Цiха Юры адказвае богу:

«Знаецца Касьян з нячыстай сiлай,

Сэрца злоснае ў твайго Касьяна».

 

Дзед перастаў граць. Толькi голас, засмучаны і журботны, вельмi цiха вёў песню.

 

Бог салдата свайго не паслухаў,

Даў загад Мiколу i Касьяну.

Вось абодва спусцiлiся з неба

I пайшлi па сёлах i вёсках.

Быў Мiкола ў кужэльнай свiтцы,

А Касьян у парчы залацiстай.

 

Струны раптам так застагналi, што стала страшна. Гэта былi ўсё тыя ж чатыры‑пяць нот, але, здаецца, большай роспачы i болю не было яшчэ на зямлi.

 

Ходзяць, ходзяць. Ад болю i жалю

У Мiколы заходзiцца сэрца:

Панства горш за цароў турэцкiх,

Басурманы не так лютуюць…

 

Алесь нясмела ўзняў вейкi i ўбачыў, што пальцы малога Юрася, сцiснутыя ў кулачкi, аж збялелi на суглобах. Убачыў жорсткi вялiкi рот Паўла. Ён i сам адчуваў, што ў яго перарывiста ўздымаюцца грудзi i гарачыя робяцца шчокi…

 

Раззлаваўся нарэшце Мiкола:

«Хопiць iх шкадаваць, сыраядцаў.

Пойдзем, браде Касьяне на неба, –

Хай заб'е iх бог блiскавiцай».

Адказаў Касьян чорнавалосы:

«До, Мiкола, пароць гарачку.

Хлопы лепшых паноў не варты,

П'юць гарэлку, бярвеннi крадуць,

На мяжы б'юцъ вiламi брата.

Кожны заслужыў свайго пана.

А калi паноў паб'еш маланкай –

Хто тады нам храмы збудуе?

Хто тады нам ладан запалiць?

Здохнем з голаду, дурань, на небе».

 

На нейкi асаблiва ганарысты i жорсткi твар дзеда падалi апошнiя праменнi сонца. Цiха гулi струны, прыглушаныя рукой. А голас з жорсткага рабiўся мяккi i спеўны:

 

Пакiваў Мікола галавою,

I пайшлi яны моўчкi на неба…

Вечар крадзецца над зямлёю,

Недзе у пушчы ваўкi завылi.

Чуе у дрэвах хрыпы Мiкола,

Чуе ён няпэўныя рухi.

 

Янька з круглымі ад жаху вачыма забiлася памiж плячом дзеда i сцяной, i дзед толькi на адно iмгненне адарваўся ад струн, каб накiнуць ёй на плечы крысо дзiравай свiткi. Алесь убачыў гэта i сцiснуў далонямi скронi, так шкада яму стала сябе i ўсiх.

 

«Хто такi? – спытаў Касьян Мiколу. –

Цi не мiшка, баранi нас божа?»

«Не, не Мiшка, – проста кабыла», –

Адказаў Мiкола спакойна…

Памiж хвояў стаiць кабыла, –

Не кабыла, а здань без цела.

Страшна рэбры стырчаць, як латы

З абадранай страхi сялянскай.

Карак збiты, бяльмо на воку…

I… жарэбiцца тая кабыла!

 

Голас дзеда сарваўся.

 

Пацягнулася да святога,

Як дзiцёнак хворы, зiрнула:

«Можа, гэты мне дапаможа?»

Стаў Мiкола, макаўку пачухаў:

«Брат Касьян, давай дапаможам».

Тут, як чорт, Касьян раззлаваўся:

«Гэтай падле найлепей здохнуць,

Чым цягаць барану i бярвеннi

Ды жывiцца гнiлою саломай.

Канавал я, цi што, нарэшце?

Хочаш – пэцкай мужыцкiя рукі.

Я прыйду на неба незайманым,

Чыстым стану прад божыя вочы».

 

Юрась з жахам глядзеў на дзеда. I дзед спаймаў яго позiрк, усмiхнуўся i без музыкi, – струны яшчэ замiралi, – амаль скорагаворкай, пaвёў песню далей.

 

Тут Мiкола склаў сваю свiтку,

Вогнiшча развёў мiж лаўжамi.

Сеў Касьян да цяпла, рукi грэе,

А Мiкола стаiць ля кабылы,

Мацае ёй бруха рукамi,

Па крыжы далонямi гладзiць…

Каб ля Оршы ён быў канавалам

Паўрубля яму б заплацiлi,

Завалiўся б грашыма Мiкола.

 

Нясмелая ўсмешка дрыжала ў краёчку вуснаў Паўлюка. Ён нягучна крануў Алеся ў бок, i Алесь адказаў усмешкай. Зноў павялi свой напеў, загулi струны. Цiха‑цiха.

 

Не спявалi яшчэ i пеўнi,

Як кабыла глыбока ўздыхнула:

Мокры, цёплы белы жарэбчык

Мякка лёг у Мiколавы рукi.

Аж да поўдня чакаў Мiкола,

А пасля ён пагнаў худобу,

I за ёй жарабятка пабегла.

 

З палёгкаю ўздыхнула i легла на бок Курта, быццам i яна зразумела, што ўсё скончылася добра. А сонца сядала, i зелень дрэў набыла аранжавае адценне.

 

Йшлi яны i прыйшлi на паляну.

На паляне – курная хата.

Каля хаты чвэртка валокi

I сухая старая дзiчка.

Стаў Мiкола у лесе i бачыць:

Гаспадар бяжыць да кабылы.

На нагах падраныя поршнi,

Твар змарнелы, на твары слезы.

Адвярнуўся Мiкола i кажа:

«Вось i ўсё, хадзем, брат Касьяне,

Паспяшаем хутчэй на неба,

Дасць нам бог за затрымку па шыi».

 

Юрась варухнуўся, думаючы, што ўжо канец, але злавiў строгi позiрк дзеда i застаўся сядзець нерухома…

 

Перад богам стаiць Мiкола,

Порткi ўсе заляпаны граззю,

На кашулi крывавыя плямы,

Твар знябыты, чырвоныя вочы.

На Мiколу бог раззлаваўся:

«Ля карчмы ацiраўся, вядома,

З дзеўкамi качаўся па гумнах,

Размяжулiлi нос табе хлопцы.

Прэч з вачэй!»

Тут Касьян засмяяўся:

«Што табе я казаў, Мiкола?

Як прыходзiш, каток, на неба, –

Трэба чыстае мець адзенне,

I не варта таго кабыла,

Каб гнявiў ты госпада бога».

«Пра якую кабылу ты кажаш?»

Бог спытаў.

I тады Мiкола

Расказаў яму пра кабылу,

Пра зямлю, пра бедныя весi:

«Божа, божа, ты бачыш пакуты.

Крыж у хлопаў паны здзiраюць,

Каб ярмо нацягнуць на шыю.

Мужыкi на зямлi азёрнай.

Ўсю салому са стрэх паздзiралi,

Ўсю кару з сасонак паелi».

 

Алесю стала цяжка, ён лёг жыватом на траву i схаваў твар у далонi.

 

Бог задумаўся, цяжка, глыбока,

I сказаў: «Даруй мне, Мiкола.

Я ўсё гэта давеку запомню».

Гнеўна бог зiрнуў на Касьяна:

«Чысты ты, Касьян, i прыгожы.

Край мой бедны ваўкi раздзiраюць, –

Ты ж аб чыстай адзежы дбаеш.

А цi думаў ты, браце Касьяне,

Што для сэрца майго даражэйшы

Нават цёмны, апошнi злодзей.

Ён царкву маю абдзiрае,

На прастол брудным поршнем лезе,

Але лезе з чыстай душою,

Бо ад голаду дзецi канаюць

I ў яго, i ў яго суседа.

Ты пра гэта не думаў, Касьяне,

I таму я даю Мiколу

Кожны год два вялiкiя святы,

Каб Мiколу славiлi людзi,

А табе я даю, неразумны,

Дзень апошнi, дваццаць дзевяты,

Ў лютым месяцы, месяцы гурбаў».

 

Сонца амаль дакранулася ужо да зямлi. I твар дзеда стаў ружовы.

 

Тут Касьян, як бабёр, заплакаў:

«Божа, божа, за што караеш?

Ты пакрыўдзiў свайго святога

За адроддзе паршывай кабылы!»

I сказаў яму бог спакойна:

«А цi думаў ты, браце Касьяне,

Што з мячом я з'яўлюся хутка,

Што надыдзе пан бог у славе

Ратаваць свае белыя землi?

 

З цiхай пагрозай заспявалi струны. Цяпер ужо не толькi колка, але i рука дзеда павольна бегала па iх. Ценi ляжалi ў вачнiцах i пад вуснамi старога, а твар быў чырвоны, быццам аблiты полымем i крывёй.

 

Час той прыйдзе. I скора прыйдзе.

Стане моцным канём жарабятка,

I на гэтым канi я паеду

Да пачынкаў[5] i хат сялянскiх.

Конi iхнiя мала елi,

Працавалi, вазiлi цяжка, –

Справядлiвасцi ездзiць належыць

На мужыцкiх пузатых конях.

 

Гнеўна ўзвiўся напеў.

 

А калi на крыж мяне пацягнуць –

Мужыкi мяне абароняць.

Iм даю я ў лясах дубiны,

Iм даю я ў зямлi каменне.

А астатняе – самi здабудуць».

 

Трывожна‑барвяны твар схiлiўся над струнам. А напеў зноў стаў цiхi, амаль нячутны, пагрозны.

 

Над зямлёю гудзе навальнiца,

Над зямлёю халодная злiва.

Недзе ў лесе таўсцеюць доўбнi,

Недзе ў стайнi расце жарабятка.

 

Павольна замiраў гук струн. I, пакуль ён сцiх, доўга яшчэ пасля таго панавала маўчанне.

– Дзеда, – шэптам спытаў Юрась, – а дзе тое жарабятка?

I дзед адказаў таксама цiха:

– Хто ведае. Можа, нават i непадалёку. У Лапаты расце белае жарабя. Ды цi мала яшчэ дзе.

I раптам паветра шумна вырвалася з Алесевых грудзей. Адчуваючы, што яшчэ хвiлiна i ён не стрымаецца, ён усхапiўся з месца i кiнуўся па сцежцы.

Павал памкнуўся быў за iм, але рука легла яму на плячо.

– Сядзi, – сказаў дзед, – яму лепей зараз аднаму.

…Сцежка вывела хлапчука на дняпроўскi адхон. I там, увесь дрыжучы, ён сеў на траву, прыпаўшы тварам да каленяў.

Думкi былi бязладныя, але ён адчуваў, калi вось тут, зараз, ён не вырашыць, як яму быць, ён не здолее вярнуцца ў хату на апошнюю, – ён адчуваў гэта, – на апошнюю сваю ноч.

«Яны не вiнаватыя. I м цяжка. Араць зямлю – гэта зусiм не тое, што ездзiць на канi. Я нiколi не буду такi, як гэты Кроер, пра якога яны часам кажуць. Я куплю ў Кроера ўсiх людзей i зраблю, каб iм было добра. I яны, сустракаючы мяне, не будуць збочваць з дарогi, я буду вiтацца з iмi».

Слёзы высахлi ў яго на шчоках. Ён сядзеў у прыцемку i сачыў, як бярвянае сонца, унутры якога нешта пералiвалася, сядала у спакойную плынь.

Груша за яго спiною патанула ўжо ў цемры, i толькi вышэй, усе яшчэ залiтая апошнiмi промнямi, нерухома клубiлася яе асуджаная чырвоная квецень.

 

III

 

У Кагутовай хаце вячэралi. Позна вярнулiся з поля, i таму даводзiлася есцi пры святле. На стале трапятаў агеньчык каганца. Каля печкi, дзе корпалася Марыля, гарэла над начовачкамi зацiснутая ў лучнiк лучына. Ад яе Марылiн твар, яшчэ не стары, але зрэзаны глыбокiмi ценямi, здавалася, быў таямнiчы i нядобры.

На покуцi, пад закураным Юрыем i маткай боскай, – толькi i засталiся ад iх адны вочы, – сядзеў дзед. Поруч з iм Мiхал Кагут, мажны, з лёгкай сiвiзной у залацiстых патлатых валасах. З асалодаю чэрпаў путру, нёс яе да рота над праснаком. Згаладаўся чалавек. Па левую руку ад яго спяшаўся есцi старэйшы семнаццацiгадовы сын Стафан. Гэты паспеў яшчэ да вячэры прыбрацца, надзягцярыць бацькавы боты i нават новую чырвоную жычку прыладзiць да каўняра сарочкi. Хлопца час быў жанiць. Мiхал глядзеў на яго з усмешкай, але маўчаў. А дзед, вядома ж, не мог стрымацца:

– Чорта зводнага сабе шукаеш?

Стафан маўчаў.

– Спяшайся, брат, – не сунiмаўся стары, – там цябе Марта каля Антонавага ўзвозу чакае. Круг нагамi вытаптала.

Уздыхнуў, паклаў лыжку (еў па‑старэчаму мала).

– Чаго вы, дзядуля, – буркнуў Стафан. – Хiба я што?

– А я хiба што? Я нiчога. Я ж i кажу: дзеўка… як вось наша лава. Хоць садзiся, хоць скачы, хоць цэглу накладай… Векаўшчына!.. А потым, ранiцай на касьбе, як толькi бацька адвернецца, дык ты галаву ў кусты i драмаць. На нагах. Як конь.

– Ну вас, – сказаў Стафан, паклаў лыжку i ўстаў.

– Пайдзi, пайдзi, – сказаў другi Мiхалаў хлопец, пятнаццацiгадовы Кандрат. – Запозна твая Марта марцуе.

Стафан толькi носам чмыхнуў. Пайшоў.

– Цяпер да ранiцы не чакай, – сказаў бацька. – А ты, Кандрат, не чапiся да яго. Сам яшчэ горшы. А ён хлопец цiхi.

– Чаму гэта я горшы буду? – усмiхнуўся Кандрат.

– Па носе вiдаць.

Кандрат i Андрэй былi блiзнюкi. I калi ўжо ўсе Кагуты былi падобныя, дык гэтых, пэўна, i сама мацi блытала. Так яно ў дзяцiнстве i здаралася. Дурэў Кандрат, а кухталёў давалі Андрэю, i наадварот. Толькi потым, у восем год, з'явiлася ў Кандрата прыкмета, паўкруглы белы шрам на лобе: накiнула капытом жарабя.

Але, акрамя вонкавага падабенства, нiчога ў блiзнюках не было агульнага. На Кандрату шкура гарэла. Бiцца дык бiцца, скакаць дык скакаць. З ранiцы да вечара ўсюды чулiся яго смех i жарты. А ў светла‑сiнiх вачах iскрылася такая прыкметная, а таму бяспечная хiтрасць, што дзеўкi нават цяпер, у пятнаццаць год, заглядалiся на яго. Заглядалiся i на Андрэя, хоць той быў зусiм i



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.