Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Пружанская цэнтральная раённая бібліятэка



   Пружанская цэнтральная раённая бібліятэка

імя М. Засіма

“Абпаленыя лёсы”
Урок памяці

Пружаны, 2018

/ урывак з дакументальнага фільма “Возвращение в Хатынь” (самы пачатак, гучаць званы) /

Вяд. 1.Званы Хатыні. Сумныя, трывожныя, поклічныя… Гучаць яны над прыціхлай далінай, над лясамі і пералескамі, плывуць у бяскрайнюю сінь неба. Яны расказваюць свету аб трагедыі беларускіх вёсак, якія былі знішчаны фашыстамі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Вяд. 2.Больш чым дзевяць тысяч вёсак Беларусі згарэла ў прагным полымі вайны, 5 295 з якіх спалены разам з жыхарамі. 186 вёсак так і не былі адноўлены. Лічбы – не сухая статыстыка. Мінулая вайна і страты ў ёй – балючая, незагойная рана беларускага народа.

Чытач.Вы не бачылі вёсак, якія не ўсталі з вайны?

Па ўсёй Беларусі, па ўсёй Беларусі яны…

Вы мне скажыце – а на што глядзець,

Калі ўвосень там – адно лісцяў медзь,

Калі ўзімку там – толькі ветру плач,

А вясной дзярэ сваё сэрца драч…

Лета роснае па зямлі ідзе,

Лета радасці за руку вядзе.

Лета сцеле дыван з травы…

Для каго дыван, хто жывы?!

Анікога жывога тут,

Зараслі мясціны пакут…

Назва простая на слупку,

Пыл гарачы на бальшаку…

                                    (Е. Лось “Вёскі, якія не ўсталі”)

Вяд. 1.З першых дзён свайго гаспадарання акупанты праводзілі карныя аперацыі супраць партызан і мірных жыхароў. За ўвесь перыяд акупацыі на тэрыторыі Беларусі было спланавана і здзейснена больш за 140 такіх аперацый, у ходзе якіх цэлыя раёны ператвараліся ў зоны пустыні.

Вяд. 1.На тэрыторыі нашага Пружанскага раёна толькі за першыя шэсць месяцаў Вялікай Айчыннай вайны было знішчана больш за тысячу яго жыхароў і спалена ажно 25 вёсак.

Вяд. 2.17 ліпеня 1942 г. карнікі ўчынілі расправу ў сямі вёсках Пружаншчыны: Казлы, Сілічы, Краснае, Пасталова, Нямковічы, Чарналозы, Ліхачы. У той дзень мужчыны ва ўзросце ад 16 да 60 гадоў былі па-зверску забіты. Усе пабудовы ў гэтых вёсках карнікі спалілі, жывёлу забралі з сабой, усю астатнюю жыўнасць знішчылі. Жанчыны, дзеці, старыя вымушаны былі шукаць сабе прытулак на балоце.

Вяд. 1. З успамінаў Ганны Васюковіч, жыхаркі в. Сілічы:

“Як толькі пачало ўзыходзіць сонца, немцы акружылі нашу вёску. Сабралі ўсё насельніцтва на луг. Мужчын усіх паставілі ў рад па тры чалавекі і гадзін шэсць пратрымалі ў страі. Жанчынам загадалі пакінуць вёску. Потым прыехалі на машынах з в. Казлы нямецкія каты і адразу ж пачалі падпальваць вёску, а мужчын вывелі ў поле, паклалі іх тварам да зямлі, а самі пачалі яму капаць. Я ў гэты час стаяла ў полі на ўзгорку і ўсё бачыла. Калі яма была гатова, усіх мужчын паставілі ў рад і пачалі страляць. Бачна было, як падалі нашы людзі, чула крыкі. Я страціла прытомнасць. Калі ачуняла, каля магілы ўжо нікога не было, а на месцы вёскі курыўся дымок. Нада мной стаялі два каты і калі ўбачылі, што я жывая, пачалі біць палкамі і крычаць “Назад!”. Я не помню, як дабралася ў вёску Калядзічы. Там і знайшла сваіх дзяцей. Усё маё цела было ў сіняках. Я не магла нават павярнуцца і два тыдні праляжала ў гарачцы”.

Вяд. 2. З успамінаў Аляксандра Мязгі (тады яму было 11 гадоў) з в. Казлы:

“Фашысты сагналі ўсіх жыхароў вёскі і паставілі ў рад. Людзі прадчувалі бяду. Я чуў, як мужчынскі голас ледзь чутна сказаў: “Растраляюць”. Маці ўвесь час моцна трымала мяне за руку, быццам адчувала, што ў апошні раз. І цяпер памятаю цяпло яе рукі, быццам ўсё было ўчора.

Да калоны пад΄ехала машына. З яе выйшаў немец, зачытаў спіс людзей. Усе былі актывісты калгаса. Сярод іх была і мая маці. Усіх названых у спісе загналі на машыну і павезлі. Яшчэ, здаецца, толькі ад΄ехала машына, як пачуліся стрэлы.

Я падумаў, што растрэльваюць арыштаваных, і моцна закрычаў, уявіўшы, як фашыст страляе ў маці. Падышлі дарослыя, пачалі супакойваць. Нехта сказаў: “Не плач, сынок, трымай сябе ў руках, усім нам цяпер цяжка”. Вось так я і застаўся круглым сіратой”.

/ відэакліп «Дети войны» (вык. Тамара Гвердцытэлі) /

Вяд. 1.Час гаспадарання акупантаў няўмольна падыходзіў да канца. У апошнія месяцы перад вызваленнем гітлераўцы ў лютай злосці з асаблівай жорсткасцю распраўляліся з мірным насельніцтвам. У сакавіку – ліпені 1944 г. у Пружанскім раёне было спалена з часткай жыхароў 10 вёсак.

Чытач.Кружыўся дым над хутарамі

У тую цяжкую зіму.

Спалілі разам з жыхарамі

У злосці вёску не адну.

Агонь і слёзы…

Чорны снег…

І так напісана ў зводцы:

З народам знішчаны навек.

Нядзелю хаты дагаралі,

А засталіся – на вякі!

І толькі вецер горка тужыць,

Калі прысядзе ля ракі,

Што з сэрцаў іх усходзяць ружы

І стогнуць, быццам зямлякі…

                              (І. Данік урывак з паэмы “Памяць”)

Вяд. 2.22 студзеня 1944 года фашысты ўчынілі жудасную расправу з жыхарамі партызанскай вёскі Байкі. Загінула 1056 чалавек, сярод якіх значная частка – жанчыны і дзеці. Сама вёска таксама была спалена.

 

 

Вяд. 1. З успамінаў Мікалая Шабуні з в. Байкі:

“Гэта адбылося ў суботу. Ранкам карнікі пачалі зганяць людзей на сярэдзіну вёскі. Людзі былі паўапранутыя, як хто паспеў выбегчы з хаты. Маці неслі на руках дзяцей. Вясковая вуліца напоўнілася крыкам, плачам. Той студзеньскі дзень быў на рэдкасць цёплым. Снег раставаў, са стрэх капала, на вуліцы стаяла вада. Па гэтай хлюпоце ішлі ў свой апошні шлях жыхары вёскі Байкі.

Вяд. 2.Жыхароў сагналі ў два вялізныя хлявы: у адзін жанчын і дзяцей, у другі мужчын ад пятнаццаці гадоў і старэй. Жанчын з груднымі дзецьмі, быццам бы з літасці, загналі ў жылы дом. Пасля фашысты кінуліся грабіць і вывозіць павозкамі няхітрую сялянскую маёмасць. У людзей з’явілася надзея застацца ў жывых: пабяруць усё, а іх не крануць. Але хутка праз шчыліны ў хляве, праз вокны яны ўбачылі, як сяляне, сагнаныя сюды з суседніх вёсак, пачалі капаць дзве ямы. Магілы!

Вяд. 1.А пад вечар пачалося жудаснае. Звар’яцелых ад страху жанчын з дзецьмі выводзілі групамі па 20-25 чалавек. Падганялі на край магілы і растрэльвалі ва ўпор з кулямётаў. У глубокія ямы падалі не толькі забітыя, але і параненыя. Мужчын, баючыся, каб ніхто не ўцёк, выводзілі па 3-4 чалавекі.

Вяд. 2. Мікалай Шабуня залез пад страху хлява, стаў адграбаць салому, каб паглядзець, што робіцца на двары. Заўважыў: вуглы хлява запоўнены сенам. Доўга не раздумваючы, ён пачаў разграбаць сена, залазячы ўсё глыбей. За ім поўз бацька. Стаіліся. Гітлераўцы закончылі сваю чорную справу. Зайшлі ў хлеў праверыць, ці не схаваўся хто-небудзь. Прашчупалі сена штыкамі, але Мікалая Шабуню і яго бацьку не знайшлі.

 Вяд. 1.Выйшаўшы, фашысты падпалілі хлеў. Бацька і сын выбраліся ўжо тады, калі дыхаць стала зусім немагчыма. Вёска гарэла. Усюды, як ваўкі ў пошуках спажывы, рыскалі гітлераўцы. Мужчыны схаваліся на агародах. Чакалі, пакуль сцямнее. Потым пайшлі да магіл. Ямы былі засыпаны зямлёй, яна то падымалася, то апускалася. Там былі яшчэ жывыя людзі…”

/відэа “Чулочки” (верш М. Джаліля) /

Вяд. 2. Ад гэтых успамінаў стыне ў жылах кроў. Аднак, усю праўду пра тыя страшныя гады трэба ведаць. Толькі ў нашым раёне 19 457 загубленых жыццяў, сярод якіх 5 745 жанчын і 5 585 дзяцей. Былі спалены цалкам 7 вёсак: Байкі, Выдзерка, Канстанцінава, Роўна, Качаны, Лазкі і Хомна.

Вяд. 1.Каб увекавечыць у памяці нашчадкаў гады ВАВ, падчас якой у раёне было спалена 58 вёсак, у горадзе Пружаны быў устаноўлены ў 2005 годзе Помнік спаленым вёскам. Перад вачыма паўстае велічны манумент у выглядзе вялікага крыжа, які высечаны ў пліце чорнага граніту. Ля яго падножжа гарыць агонь. На гранітным пастаменце золатам высечаны словы “Навечна ў памяці”.

 

Вяд. 2. Каб пачуць галасы тых, хто памятае дастаткова адкрыць кнігу“Я з вогненнай вёскі…” Алеся Адамовіча (1975). На яе старонках сабраліся людзі, што выйшлі з агню, з-пад зямлі. І гэта – у самым рэальным, не пераносным сэнсе. Людзі з вогненных вёсак сабраліся тут, каб сведчыць, пытацца, судзіць, каб расказаць тое, пра што ведаць – страшна, а забыцца – небяспечна. Алесь Адамовіч аб'ездзіў разам з Янкам Брылем і Уладзімірам Калеснікам амаль усю Беларусь, запісаў звыш 300 жахлівых маналогаў-успамінаў ад удзельнікаў і ахвяр фашызму.

Вяд. 1.А пра людзей, якія здзяйснялі ўсе гэтыя зверствы, пра катаў і здраднікаў расказвае аповесць Алеся Адамовіча “Карнікі” (1979).

Што такое фашызм? Чаму час ад часу ўзнікаюць людзі, якія без ваганняў адпраўлялі на смерць мільёны? Чаму некаторыя людзі бралі ў рукі аўтамат і расстрэльвалі сваіх землякоў – дзяцей, жанчын, старых, і маглі пасля гэтага жыць, і знаходзілі сабе апраўданні. Адказы на гэтыя пытанні вы знойдзеце ў гэтай кнізе.

Вяд. 2.  “Хатынская аповесць”, як і многія іншыя творы Алеся Адамовіча, аснавана на дакументальных фактах. Твор як бы сатканы з успамінаў жывых сведак спаленых беларускіх вёсак, партызанаў, падпольшчыкаў. Галоўным героем аповесці з'яўляецца Фларыян Пятровіч Гайшун, ветэран вайны, выкладчык псіхалогіі. Ён разам з былымі партызанамі едзе ў Хатынь. Перад вачамі Гайшуна, сляпога чалавека, як бы ажывае ваеннае ліхалецце.

Вяд. 1.Калі вы хочаце ведаць праўду пра вайну і пра тое, чаму яе зверствы робяцца магчымымі, пра цану Перамогі і псіхалогію здрады, чытайце кнігі Алеся Адамовіча.

Вяд. 2. Як сімвал вялікай трагедыі ў Беларусі пабудаваны мемарыяльны комплекс “Хатынь”. Урачыстае адкрыццё яго адбылося 5 ліпеня 1969 года. Хатынь многіх прымушае задумацца і азірнуцца на гістарычны вопыт чалавецтва. Гэта адно з найбольш шануемых месцаў у Беларусі.

Вяд. 1.Хатынь… Калісьці даўно назва гэтай беларускай вёскі  ў Мінскай вобласці мала каму была вядома. Жылі тут звычайныя беларускія сяляне, аралі зямлю і сена касілі, вырошчвалі хлеб і бульбу, гулялі вяселлі і дзяцей гадавалі.

Вяд. 2. Але пачалася Вялікая Айчынная вайна, хатынцы апынуліся на акупіраванай фашыстамі зямлі. У невялікай, з 26 дамоў, вёсачцы засталіся жанчыны, дзеці, старыя. Астатнія пайшлі на фронт, у партызанскія атрады.

Вяд. 1.У вёску часта прыходзілі партызаны – і дзяліліся з імі хатынцы апошнім кавалкам хлеба, дробачкай солі, апраналі народных заступнікаў, абувалі. Здаралася, і параненых даглядалі.

/ урывак з дакументальнага фільма “Хатынь” (прычыны знішчэння вёскі Хатынь) /

Вяд. 2. Раніцай 22 сакавіка 1943 года ў 11 гадзін на вуліцы вёскі Хатынь з΄явіліся нямецкія машыны. Каля трохсот галаварэзаў, узброеных аўтаматамі і кулямётамі, у жалезных касках, акружылі вёску.

Вяд. 1.Карнікі сагналі перапалоханых жыхароў у вялікі хлеў, які затым аблілі бензінам і падпалілі. Пад націскам людскіх целаў расчыніліся дзверы. Тых,  хто выбягаў з агню, сустракала аўтаматная чарга.

Крычалі дзеці, плакалі дарослыя. Блакітнае вясновае неба зацямнілі клубы чорнага дыму. Задыхаліся і гарэлі людзі. 149 чалавек, з іх 75 дзяцей, загінулі тады.

/відэакліп “Колокола Хатыни” (вык. ВІА “Фолюш” і Кірыл Сівец) /

Чытач.Хатынь сівая – смутку мора,

Вялікае людское гора.

Дымкі не ўюцца з каміноў.

Трывожны перакліч званоў.

 

Тут быў не суд, тут быў не бой –

Была расправа, быў разбой.

 

Ішлі не ў школу на заняткі –

У хлеў на смерць ішлі дзяўчаткі.

Жанчыны неслі на руках

Дзяцей у той апошні шлях.

 

Ішлі навечна з родных хат,

І падганяў іх аўтамат,

І чорная стальная каска,

І твар халодны, быццам маска.

 

Дым едкі раздзіраў ім грудзі…

Забойцам не даруйце, людзі!..

 

Фашысты зніклі за дарогай.

Стары на рукі ўзяў малога.

І праз гады з ім напрамкі

Ідзе ў наступныя вякі.

                             (М. Смагаровіч “Тут быў не суд”)

Вяд. 2. Цудам застаўся ў жывых паранены, абгарэлы каваль Іосіф Іосіфовіч Камінскі. Пераадольваючы боль, ён падпоўз да свайго пятнаццацігадовага сына Адама, нечалавечымі намаганнямі падняўся на ногі, прыціскаючы да сябе знявечанае цела хлопчыка.

Вяд. 1.Наведвальнікаў мемарыяльнага комплекса “Хатынь” сустракае бронзавая скульптура Нескаронага Чалавека.  6-метровая скульптура створана ў памяць пра Іосіфа Камінскага і яго сына. Людзі з суседніх вёсак, з далёкіх гарадоў і краін, спыняюцца каля скамянелага ад гора і гнева бацькі з дзіцём на аслабленых руках.

Стары трымае хлопчыка як быццам над усёй зямлёй. Такое каменнае і такое мяккае цела мёртвага хлопчыка. Вочы старога чорным прадоннем сведчаць, што тут адбылося – у Хатыні. І пытаюць у цэлага свету: дык што ж тут было, няўжо гэта праўда, людзі, - тое што з намі было, што з намі рабілі?

/ урывак з дакументальнага фільма “Хатынь” (песня ВІА “Песняры” пра І. Камінскага і яго сына) /

Вяд. 2. Скульптура стаіць непадалёку ад таго месца, дзе жывымі гарэлі хатынцы і дзе цяпер укладзены пліты з чорнага мармуру. Побач іх брацкая магіла, на якой размешчаны сімвалічны вянок памяці са словамі наказу мёртвых да жывых. На месцы кожнага з 26 спаленых дамоў - помнік-зруб, у сярэдзіне якога абеліск у выглядзе коміна са званом. Удары званоў надтрэснутыя, кароткія, як заціснуты боль. На кожным абеліску - дошка з імёнамі спаленых жыхароў дома.

Вяд. 1.За дамамі-помнікамі - Могілкі вёсак. Сюды з 186 спаленых вёсак, якія так і не былі адноўлены, прывезены урны з зямлёй, і створаны сімвалічныя могілкі.

Побач з Могілкамі вёсак - Сцяна Жалобы, жалезабетонны блок з нішамі, у якіх знаходзяцца мемарыяльныя пліты з назвай 66 буйнейшых лагераў смерці і месцаў масавай гібелі людзей.

Вяд. 2. Завяршае мемарыял плошча Памяці, у цэнтры якой растуць 3 бярозы, якія сімвалізуюць жыццё, на месцы чацвёртай - Вечны агонь, сімвал загінуўшых у гады вайны жыхароў Беларусі. Побач Дрэва жыцця са спісам 433 вёсак, спаленых акупантамі і адноўленых пасля вайны.

Вяд. 1.Мемарыяльны комплекс “Хатынь” стаў месцам увекавечання памяці ўсіх ахвяр фашызму, загінуўшых на беларускай зямлі,стаў трагічным напамінам пра жахі вайны.

 “А рэквіем слязінаю плыве,

Жалобны рэквіем Хатыні.

У мармуры, у бронзе ён жыве,

У попеле не гасне і не стыне”

             (А. Бялевіч “Споведзь сэрца”)

/ відэакліп “Хатынь” (вык. ВІА “Песняры”) /

Вяд. 2.У мемарыяльным комплексе “Хатынь” ёсць зала, дзе размешчаны гравюры Васіля Шаранговічаз цыкла “Памяці вогненных вёсак”.

Абпаленая дарога з чорнымі мёртвымі комінамі, кавалкамі калючага дроту і бярвеннямі, бясконцы рух людзей з клункамі за плячамі, цяжкое рыпенне падвод. Застылыя скамянелыя языкі полымя, чырвоныя водсветы якога кладуцца трывожнымі блікамі на самотныя жаночыя і дзіцячыя твары. А над усім гэтым голасна плачуць хатынскія званы. Бязмежны адчай... Здаецца, вакол не засталося паветра, адчуваеш толькі ўдушлівы, незнаёмы смурод, горыч, ад якой надоўга застаецца балючае пачуццё...

Вяд. 1.У 1978 годзе Васіль Шаранговіч праілюстраваў публіцыстычную аповесць Антона Бялевіча “Споведзь сэрца” – своеасаблівы сплаў аўтарскага тэксту і водгукаў наведвальнікаў Хатынскага мемарыяла.

Праца над кнігай А. Бялевіча падштурхнула мастака да станковай серыі на гэту тэму. Назва серыі “Памяці вогненных вёсак” прыйшла да мастака адразу пасля прачытання кнігі “Я з вогненнай вёскі…”, якая ўзрушыла мастака жорсткай дакументальнасцю і ў той жа час як бы нерэальнасцю падзей – быццам з кашмарнага сну. У дзяцінстве Васілю Шаранговічу давялося бачыць толькі вынікі, сляды трагедыі, а ў кнізе гаварылі сведкі.

Вяд. 2. Тэма Хатыні даўно хвалявала мастака. Ён марыў аб стварэнні нечага накшталт рэквіема ў серыі графічных станковых лістоў. Даўняя задума знаходзіць увасабленне ў палосных ілюстрацыях да кнігі, якая з’яўляецца своеасаблівай споведдзю жывых перад памяццю тых, хто згарэў у полымі вайны.

Мастак не ілюструе непасрэдна тэкст, а стварае амаль самастойны графічны рад, які паралельна дапаўняе і эмацыянальна ўзмацняе змест кнігі.

Вяд. 1.Жахі вайны і невыносныя чалавечыя пакуты малюе мастак у сваіх ілюстрацыях. Складаныя ракурсы, максімальная канцэнтрацыя ўвагі на тварах і вачах персанажаў і ўсе іншыя мастацкія дэталі значна паглыбляюць і дапамагаюць усебаковаму раскрыццю трагічнай тэмы. Мастак амаль не паказвае варожай зграі фашыстаў, але ў ілюстрацыях яны нябачна прысутнічаюць як брудныя забойцы.

Вяд. 2. Цыкл складаецца з дзевяці работ, у кампазіцыйнай будове кожнай з іх пры ўсёй своеасаблівасці ёсць агульны аб'ядноўваючы сімвал – вобраз знішчальнага полымя, якое разрывае прастору, чырванню асвячае наваколле.

Шэсць гадоў доўжылася праца над серыяй. Тэхніку выбраў новую – гэта спалучэнне чырвонай гуашы і чорнай тушы, што адпавядае зместу кнігі. Не выпадкова ў якасці галоўных выбіраюцца два колеры: чорны і чырвоны. Як асноўны дамінуе чырвоны. Гэта і вогнішча спаленых вёсак, і кроў нявінна загінуўшых соцень і тысяч людзей.

Вяд. 1.Нечалавечыя страты і боль, глухая безнадзейнасць і імкненне да жыцця, смерць і змаганне... Усё гэта на мяжы немагчымасці рэальнага ўспрыняцця розумам цяперашняга чалавека. Ніводны від мастацтва не здольны поўна адлюстраваць той жудасны здзек, што адбываўся на беларускай зямлі. Мастацкае ўвасабленне можа толькі наблізіць яго і растрывожыць душы і сэрцы нашчадкаў.

Вяд. 2. Дзеючымі асобамі серыі, калі можна так сказаць, з'яўляюцца старыя, дзеці і жанчыны. Менавіта яны вынеслі на сваіх плячах увесь цяжар жыцця на акупаванай зямлі. Самая страшная трагедыя, якую толькі можна ўявіць сабе, – гэта трагедыя дзяцей вайны. Чалавек толькі зірнуў шырока расплюшчанымі вачыма на свет – і замест ласкавай матчынай усмешкі ўбачыў чорныя вачніцы смерці, замест птушыных песень пачуў аўтаматныя чэргі.

Графічныя лісты майстра пранізвае любоў да радзімы, часам пакутная і балючая.

/ урывак з дакументальнага фільма “Возвращение в Хатынь” (В. Шаранговіч расказвае аб сваіх гравюрах) /

Вяд. 1.Незлічоныя страты і пакуты прынесла вайна нашаму народу. У выніку бамбардзіровак, карных аперацый былі знішчаны мірныя жыхары, спалены цэлыя вёскі. Гарады ляжалі ў руінах. Пра тыя жудасныя дні нам нагадвае зварот хатынцаў да ўсіх людзей, напісаны святою крывёю пакутнікаў. Ён гучыць, як наказ усім нам:

 “Людзі добрыя, помніце!

 Мы любілі жыццё, і Радзіму,

 I вас, дарагія.

 Мы згарэлі жывымі ў агні.

 Наша просьба да ўсіх:

 Хай жалоба і смутак

 Абернуцца ў мужнасць і сілу,

 Каб змаглі ўвекавечыць вы

 Мір і спакой на зямлі,

 Каб нідзе і ніколі

 У віхуры пажараў

 Жыццё не ўмірала”.

              (Надпіс на мемарыяльным вянцы ў Хатыні)

/ відэакліп “Песня о Земле” (вык. Е. Гусева) /

Складальнік: нам. дырэктара ДУК “Пружанская ЦБС” Кумакова В.В.

 

 

 

Крыніцы.

1. Адамович, А. Хатынская повесть. Каратели : повести / Алесь Адамович. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2004. – 446 с.

2. Адамовіч, А. Я з вогненнай вёскі… / Алесь Адамовіч, Янка Брыль, Уладзімір Калеснік. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1983. – 439 с.: іл.

3. Васіль Пятровіч Шаранговіч : [Электронны рэсурс] – Рэжым доступу : https://be-tarask.wikipedia.org.

4. Гісторыя Беларусі / А.Л. Абецэдарская, П.І. Брыгадзін, Л.А. Жылуновіч; пад рэд. А.Г. Каханоўскага. – Мінск : Экаперспектыва, 1996. – 496 с.

5. Гісторыя Беларусі: падруч. У 2 ч. Ч. 2. Люты 1917 г. - 2002 г. / Я.К. Новік, Г.С. Марцуль, Э.А. Забродскі і інш.; пад рэд. Я.К. Новіка, Г.С. Марцуля. – Мінск : Вышэйшая школа, 2003. – 472 с.

6. История одной картины - Памяці вогненных вёсак : [Электронны рэсурс] – Рэжым доступу : http://library.mogilev.by.

7. Новік, Я.К. Гісторыя Беларусі. Ад старажытных часоў – па 2008 г.: вучэбны дапаможнік / Я.К. Новік, І.Л. Качалаў, Н.Я. Новік; пад рэд. Я.К. Новіка. – Мінск : Вышэйшая школа, 2009. – 512 с.

8. Пад ветразем надзеі: сучасная беларуская паэзія / склад. В.А. Шніп; маст. І.М. Андрыянаў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1989. – 335 с. – (Школьная бібліятэка).

9. Падаляк, Таццяна. Нашчадкі вогненных вёсак : дакументальныя нарысы, эсэ, успаміны / Таццяна Падаляк. – Мінск : Літаратура і мастацтва, 2009. – 190 с.: іл.

10.  Памяць : гісторыка- дакументальная хроніка Пружанскага раёна / рэд. І.П. Шамякін. – Мінск : БелЭ, 1992. – 455 с.: іл.

11.  Памяць Беларусі : рэспубліканская кніга / пад рэд. Г.П. Пашкоў; маст. У.П. Свентахоўскі. – Мінск : БелЭн, 2005. – 592 с.: іл.

12.  Рублевская, Л. Погружение в бездны / Людмила Рублевская // Советская Белоруссия. – 2015. – 10 апреля. – С. 16.

13.  Скобла, Міхась. Шаранговіч: “Беларусь уратуе нацыянальнае мастацтва” : [Электронны рэсурс] / Міхась Скобла. – Рэжым доступу : https://www.svaboda.org.

14.  Смагаровіч, М.С. Гартаванне: вершы і паэмы / Марк Смагаровіч. – Мінск : Юнацтва, 1987. – 48 с.: іл.

15.  Фантазія творцы : зборнік сучаснай беларускай паэзіі / склад. Т.Ф. Рослік, К.І. Яроцкая. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2012. – 352 с.

16.  Хадаровіч, Г. Попел ахвяраў стукае ў сэрцы… / Ганна Хадаровіч // Раённыя будні. – 2015. – 19 кастрычніка. – С. 1-2.

17.  Хатынь / Генадзь Бураўкін. – Мінск : Беларусь, 1986. – 63 с.: іл.

18.  Хатынь / Ю.С. Іванова. – Мінск : Беларусь, 1982. – 30 с.: іл.

19.  Хатынь: альбом / Я.К. Казюлі. – Мінск : Беларусь, 1998. – 78 с.: іл.

 

 



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.