Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Глава II. Ваенныя дзеянні ў 1654-1655 гг. на тэрыторыі Вялікага княства Літоўскага



 

У ліпені 1654 г. руская армія ўступіла на тэрыторыю Беларусі, у хуткім часе заняла ўсё Полацкае ваяводства і Віцебскі павет. Падрыхтоўвалася аблога Смаленска. На паўночным напрамку армія Б. Шарамецева заняла 1 ліпеня Невель, 17 - Полацк, затым Дзісну. У сярэдзіне ліпеня рускія войскі авалодалі Друяй і Усвя-тамі. Адначасова быў абложаны Віцебск. Каля трох месяцаў цягнулася аблога горада. Яго гарнізон складалі некалькі тысяч салдат і значная колькасць шляхты, якая загадзя схавалася за гарадскімі сценамі. Напярэдадні царская армія авалодала Мсціславам, у якім быў размешчаны моцны гарнізон, падмацаваны шляхтай, пасля жорсткіх баёў горад быў амаль цалкам знішчаны[18].

Маскоўскі урад разглядаў Беларусь як будучую царскую вотчыну. Сацыяльнай апорай расійскіх феадалаў тут магла быць толькі шляхта, якую маскоўскія ўлады імкнуліся прыцягнуць на свой бок.

Гэтыя абставіны вызначылі мяккія адносіны да тых дваран, якія не змагаліся супраць рускіх войск. Выпадкі арышту і зняволення іх на пачатку кампаніі былі даволі рэдкімі.

Пасля ўзяцця Мсціслава руская армія авалодала таксама Копыссю, Дуброўнай і Оршай. 26 жніўня пасля доўгіх перагавораў, якія вялі рускія ваяводы з жыхарамі і гарнізонам акружанага Магілёва, горад капітуляваў. Армія Шарамецева авалодала Глыбокім і Віцебскам.

Амаль тры з паловай месяца цягнулася аблога Смоленска. На дапамогу гораду прарываліся войскі Радзівіла, якія знаходзіліся ў раёне Оршы. Аднак у выніку шэрагу бітваў літоўскае войска вымушана было адступіць да Копысі і Шклова. Шматлікі гарнізон Смаленска (па розных даных каля 4, 5-7 тыс. чалавек), аснову якога складалі рэгулярнае войска і шляхта, страціў надзеі на дапамогу звонку. Пачаўся абмен парламенцёрамі, якія абмяркоўвалі ўмовы капітуляцыі. У выніку перамоў Смаленскі ваявода Ф. Абуховіч згадзіўся на здачу горада. Пазней ён і шэраг іншых кіраўнікоў абароны адшукваліся па загаду сойма па абвінавачванню ў здрадніцтве. 23 верасня адбылося ўрачыстае ўступленне царскай світы і рускіх войск у Смаленск[19].

Інакшым было становішча ў паўднёва-ўсходняй частцы Беларусі, дзе дзейнічалі казацкія атрады I. Залатарэнкі. Па плану яны былі павінны ўзаемадзейнічаць з рускімі войскамі. Аднак вельмі павольным было прасоўванне казацкіх сіл на тэрыторыю паўднёва-ўсходняй Беларусі. Прычынай слабай узаемасувязі казакоў з рускімі войскамі было імкненне казацкіх старшынь замацаваць сваю ўладу ў памежных з Украінай беларускіх землях. Згодна з Пераяслаўскім дагаворам 1654 г. казакі атрымалі права валодаць гарадамі, якія яны здабудуць у баях з польска-літоўскай шляхтай. Менавіта гэтым тлумачыцца жаданне I. Залатарэнкі авалодаць гарадамі і перадаць іх пад кіраванне казацкай вярхушкі. Прадстаўнікі казакоў угавор-валі гараджан здацца не на імя рускага цара, а на імя казацкага гетмана і ў выпадку нязгоды разаралі дашчэнту навакольныя вёскі. Б. Хмяльніцкі паслаў на Беларусь вялікую колькасць казацкіх сіл. У хуткім часе ў лагеры Залатарэнкі паўсталі супярэчнасці, казакі пачалі пакідаць свае атрады. У канцы кастрычніка 1654 г. на Беларусі з 20 тыс. казакоў засталося ўсяго каля 8 тыс. Сам I. Залатарэнка вымушаны быў прасіць цара аб дапамозе, скардзячыся на недавер да яго баявых сяброў.

Тым не менш к канцу 1654 г. казакі авалодалі Гомелем, Рэчыцай, Чачэрскам. Такім чынам, пад кантролем царскіх войскаў знаходзілася тэрыторыя паўночна-ўсходняй, усходняй і паўднёва-ўсходняй Беларуси Поспехі рускай арміі і казакоў, а таксама мэтанакіраваная прапаганда з боку Масквы прывялі да таго, што праваслаўныя гараджане, сяляне цэлымі воласцямі пачалі падаваць заявы з просьбай прыняць іх у рускае падданства. Пры гэтым шляхта праяўляла асцярожнасць, прасіла пацвердзіць яе правы і прывілеі. Маскоўскі ўрад ахвотна даваў такія пацвярджэнні[20].

Шырокі рэзананс у гэты перыяд атрымала дзейнасць магілёўскага шляхціча В. Паклонскага. У чэрвені 1654 г. ён з групай аднадумцаў звярнуўся да цара з прапановай сфарміраваць палкі з прадстаўнікоў беларускай шляхты і " усякіх служылых людзей, якія на верное падданства прысягнулі". Цар вельмі прыхільна аднёсся да ідэі арганізацыі з ліку мясцовага дваранства воінскага кантынгенту і запэўніў Паклонскага, што захавае яму і яго прыхільнікам былыя правы і " маёмасці". Паклонскі быў прызначаны ў палкоўнікі і стаў на чале палкоў, якія фарміраваліся. У хуткім часе з ліку шляхты, гараджан і сялян узніклі палкі ў Чавускім, Навабыхаўскім, Магілёўскім і іншых паветах.

Місіі Паклонскага маскоўскія ўлады надавалі вялікае значэнне, разглядалі яе як дэманстрацыю жадання усей беларускай шляхты зрабіцца паплечнікамі Расіі. Аднак надзеі цара і яго акружэння не здзейсніліся. Палкі, якія сфарміраваў Паклонскі, выявілі сваю няздольнасць весці актыўныя баявыя дзеянні. Ужо ў кастрычніку 1654 г. афіцэры і салдаты пачалі пакідаць " беларускія палкі", атыя, хто яшчэ заставаўся, не жадалі падначальвацца прарасійскаму камандаванню. Гэта было выклікана паводзінамі рускіх войск і акупацыйнай адміністрацыі, якія рабавалі і разбуралі маёнткі шляхты, гарады і мястэчкі, сёлы незалежна ад таго, прысягалі ўладальнікі іх цару ці не.

Так, царскі ваявода Трубяцкой у сваім данясенні цару паведамляў: "... ис-под Слуцка со всеми твоими государевыми ратными с конными и пешыми людьми пошли к Слониму в 26 день. А идучи, государь, дорогою, села и деревни, и хлеб и сало, и всякие конские корма мы, холопы твои, по обе стороны жгли и людей побивали, и в плен имали, и разоряли совсем без остатку, и по сторонам потому ж жечь и разорять посылали... Пришли к городку Мише августа 31 день и милостию, государь, божиею литовских людей, которых зостали, побили и языков взяли многих людей и городок Миш выжгли и разорили без остатку" [21].

Рускія ваяводы перайшлі да тактыкі " выпаленай зямлі". Знішчалі усе, што можна было знішчыць, а сялян, і асабліва рамеснікаў, сотнямі тысяч вывозілі ў вечны палон. У Маскве і іншых рускіх гарадах узніклі цэлыя слабодкі з гвалтоўна пераселеных туда " беларусцаў", як называлі у Расіі ўсходніх літвінаў.

На пачатку зімы баявыя дзеянні рускіх армій былі прыпынены. Частка войск была адведзена ў гарнізоны, другая адпушчана на адпачынак. Выкарыстаўшы перадышку, Я. Радзівіл змог сфарміраваць больш як 24 тыс. армію і накіраваць яе ў раён Старога Быхава, дзе казакі пад камандаваннем I. Залатарэнкі беспаспяхова вялі аблогу горада. Казацкія атрады баяліся адкрытай бітвы, схаваліся за сценамі Новага Быхава, які з налёту ўзяць войску Радзівіла не ўдалося.

Тым часам Паклонскі і яго паплечнікі вырашылі перайсці на бок сваіх суайчыннікаў. Паклонскі пасля тайнай перапіскі з Радзів-ілам дамовіўся аб здачы Магілёва, але гэты план не ўдаўся. Пачалася планамерная аблога горада, якая цягнулася некалькі месяцаў. 1 мая войска Радзівіла адышло за Бярэзіну. Дзеянні Паклонскага былі высока ацэнены соймам Рэчы Паспалітай. Яму было вернута адабранае годам раней шляхецкае званне, а таксама падораны чын каменданта некалькіх паветаў.

У перыяд аблогі Магілёва далі знаць аб сабе разнагалоссі, якія існавалі паміж маскоўскім урадам і Г. Залатарэнкам. Нягледзячы на прамыя загады цара ісці на дапамогу рускаму гарнізону, казацкі гетман так і не выступіў з Новага Быхава, адгаворваўся то мара-замі, то вясеннім бездарожжам.

У канцы вясны 1655 г. пачалося новае наступление рускіх войск. Бітвы ў раёне Барысава, Слуцка, Свіслачы, Ашмян прынеслі перамогу рускай арміі. Армія пад камандаваннем ваяводы Я. Чаркаскага і казацкія " загоны" 3 ліпеня авалодалі Менскам, а войска А. Трубяцкога ўзяло Клецк, Слонім. У канцы ліпеня на тэрыторыі Ашмянскага павета сустрэліся асноўныя сілы рускай і польска-літоўскай армій. 26 ліпеня адбылася рашаючая бітва, у выніку якой войска Я. Радзівіла было рассеяна. Дарога на Вільню - сталіцу ВКЛ - была адкрыта. 31 ліпеня была ўзята Вільня, а ў жніўні - Гродна і Коўна.

Да восені ўся тэрыторыя Беларусі была занята рускім войскам і казацкімі атрадамі, якія авалодалі Давыд-Гарадком і Столінам. Толькі Слуцк, Пінск, Стары Быхаў і Бярэсце, дзякуючы моцным гарнізонам, знаходзіліся пад кантролем польска-літоўскіх сіл. [22]

Царскі урад вырашыў, што прыспеў час анексіраваць усходнюю частку ВКЛ, дзе значная колькасць насельніцтва прытрымлівалася праваслаўя. Дзеля ідэалагічнага абгрунтавання анексіі рускія ўлады ўкаранялі назвы " Белая Русь" у адносінах да сучаснай усходняй Беларусі і " беларусцы" у адносінах да літвінаў-праваслаўных, хаця ў ВКЛ гэтая назва не ўжывалася. Нейкі час у Маскве і ў царскім войску абмяркоўвалася ідэя стварэння " Вялікага княства Белая Русь" з Аляксеем Раманавым на чале. Аднак у рэшце рэшт было вырашана проста захапіць большую частку беларускіх зямель. 4 верасня Аляксей Міхайлавіч прыняў тытул самадзержца " всея Великия и Малыя і Белыя России" [23].

На Беларусі пашырыўся антырускі настрой. Вострае незадавальненне праяўляла насельніцтва гарадоў, якія ва ўмовах вайны, шматлікіх пабораў і кантрыбуцый, рабаўніцтва ваюючымі бакамі, прыходзілі ў заняпад.

Восенню 1655 г. зноў абвастрыліся адносіны паміж рускім бокам і казацкім гетманам I. Залатарэнкам. Апошні кляўся ў вернасці цару, а адначасова рабіў перашкоды ў перадачы занятых у ходзе вайны Чачэрска, Мсціслава, Чавус і іншых гарадоў і мястэчак у паўднёва-ўсходняй частцы Беларусі пад кіраванне царскіх ваяводаў. Узаемаадносіны яшчэ больш пагоршыліся, калі стаў вядомы змест тайнай перапіскі, якую падтрымліваў Залатарэнка з саноўнікамі Рэчы Паспалітай.

Пасля ранення і смерці гетмана у кастрычніку 1655 г. пачаліся хваляванні радавых казакоў. Супраць іх былі пасланы рускія карныя атрады. У выніку большая частка казакоў вярнулася ва Украі-ну, а рэшткі ўліліся ў рады царскай арміі.

Цяжкае паражэнне польска-літоўскіх войск на Беларусі і Украіне спакусіла шведскага караля Карла X здзейсніць свае планы, узяць пад поўны кантроль усё ўзбярэжжа Балтыкі, уключаючы Польскае Памор'е. Калі руская армія увайшла ў Вільню, шведскія войскі пад началам М. Дзелагардзі ўварваліся з Лівоніі ў паўночныя раёны Літвы. Адначасова шведскі дэсант захапіў Познань, Кракаў і ў жніўні 1656 г. Варшаву. У канцы верасня шведы занялі значную частку Польшчы і Літвы[24].

Гэтыя падзеі кардынальным чынам змянілі ход вайны. Рэч Паспалітая апынулася на грані ваенна-палітычнай катастрофы. Кароль Ян Казімір выехаў на поўдзень краіны. Магнаты і шляхта былі пастаўлены перад дылемай выбару на карысць шведскай або расійскай арыентацыі. Карл X абвясціў сябе польскім каралём, а некаторыя вышэйшыя саноўнікі Рэчы Паспалітай сталі васаламі шведскага караля. Ад імя кіруючых колаў Літвы канцлер Я. Радзівіл і гетман В. Гансеўскі ў жніўні 1655 г. падпісалі дагавор аб прызнанні пратэктарату Швецыі над Вялікім княствам Літоўскім з захаваннем правоў і прывілеяў магнатаў, шляхты і каталіцкага кліру[25].

Пагроза манапольнага панавання Швецыі на ўсім узбярэжжы Балтыйскага мора, захоп ёю значнай тэрыторыі Літвы і Польшчы прымусілі рускага цара рыхтавацца да вайны з новым праціўнікам. Цар і яго акружэнне лічылі, што асноўныя мэты, якія былі пастаўлены напярэдадні вайны з Рэччу Паспалітай, былі дасягнуты. Польшча і Літва прадстаўляліся цяпер менш небяспечнымі, чым Швецыя. Ваенныя дзеянні супраць іх былі прыпынены.

 



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.