Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Дагератыпная майстэрня



М. М. ГРЫНЧЫКА

 

…У вялікім пакоі іх пасадзілі ў крэслы на фоне ўяўнага туманнага пейзажу. Заціскачкамі прымацавалі рукі да падлакотнікаў, нябачным клямрам паставілі галовы так, што імі нельга было варухнуць.

– Вось так нас катаваць будуць, – сказаў шэптам Кастусь.

– Цьфу на цябе… Цьфу, – засмяяўся Загорскi.

Грынчык, вельмі падобны на сумнага жорава, пасварыўся пальцам:

– Маладыя людзі, гэта не ёсць жарт. Не ва ўсіх хапае духу, нават не смеючыся, праседзець перад камерай абскурай пяць хвілін. Вам адзін здымак?

– Два.

– То дзесяць хвiлiн, – з выглядам абыякавага iнквiзiтара сказаў сумны жораў. – I не варушыцца, калi не хочаце атрымаць замест аблiччаў фату‑маргану.

– А калi не будзем – яна не атрымаецца? – спытаў Алесь.

– Я маю парыжскi медаль. Я прывёз дзiвосную навiну сюды. Крыўд на мяне няма. Я раблю выключна на срэбры. Не тое што некаторыя "наватары" – на медных пласцiнках. Яны б яшчэ паперу прыдумалi цi палатнiну, як мастакi. Гэта ж дзiка! Чалавек робiць добры дагератып раз, многа – два ў жыццi. Ён павiнен быць вечны, дагератып. I для ўнукаў, якiх у вас, вiдаць, пакуль няма.

Іх замацавалі так, што варухнуцца было нельга. Грынчык паклаў Біблію на Алесевы калені.

– Вось так. Вы цікавіцеся старой кнігай, паны студэнты. Вы нібы задумаліся на хвіліну. Меланхоліі ў вочы. Уявіце сабе: вы задумаліся над лёсам гэтай кнігі. Вас ён цікавіць.

– Уявiце сабе – ён нас сапраўды цiкавiць, – сказаў Кастусь.

– Тым лепш. Не мiргайце.

Засычэў калiльны лiхтар. Срэбная сетачка пачала лiць проста ў вочы нясцерпнае святло.

…Калі яны, урэшце, выйшлі на вуліцу, рэзала ў вачах. Расціраючы здранцвелыя мускулы шыі, Кастусь зарагатаў.

– Як, ты скажы, з шыбеніцы знялі. Вось, пэўна, боўдзілы атрымаюцца? Жах! Вочы спыніліся, твары ненатуральныя.

– Нічога, "для ўнукаў" сойдзе. Мяркую, аднак, нічога атрымаецца. Бачыў я дагератыпы. Даволі натуральна. Вядома, не партрэт, але нам будзе нічога. Памяць.

Клікнулі рамізніка. "Ванька" паспрачаўся за цану і павёз.

– Як Віктар? – спытаў Алесь.

– Зноў пагоршала. Вельмі хоча ўбачыцца з табою.

– Хай бярэ ў мяне грошы і едзе, – злосна ад няёмкасці сказаў Алесь. – Ці на Мадэйру, ці ў Італію.

– Бадай, твая праўда.

– Грошы заўтра ж пашлем.

Алесь засмуціўся і не хацеў, каб гэта заўважылі. Перавёў размову на другое.

– Людвік Звяждоўскі дзе?

– У Вільні. Распачаў работу там.

– Трэба яму звязацца з маім Вацлавам. У яго шмат сяброў сярод моладзі.

"Ванька" цікнуў быў на іх, пачуўшы незнаёмую мову, і зноў звяў, нібы заснуў на козлах.

– А Валеры?

– Інспектар егерскага вучылішча ў Саколцы.

– Гэта што, назнарок Гродзеншчына?

– Трэба і там камусьці быць.

– Дамброўскі як?

– Па‑ранейшаму, у Акадэміі. Ён жа малодшы.

…Праз акно былі відаць голыя дрэвы, рэдкія домікі далёкай ускраіны, люстра двух невялікіх авальных ставоў. За сталамі сядзелі хлопцы з маскоўскага зямляцтва. Чацвёра. Ні з кім з іх Каліноўскі Алеся не пазнаёміў, і па адным гэтым было відаць, якая сур'ёзная пачыналася справа…

Нехта сціснуў далонямі Алесевы скроні, не даючы павярнуць галавы. Загорскі ўсё ж выкруціўся:

– Сашка, Сашка, дружа!

Сашка Волгін стаяў за ягоным крэслам і ўсміхаўся на поўны рот.

– Ну, брат, суцешыў!

– Даўно гэта пачалося? – шэптам спытаў Сашка.

– Даўно. Цяпер мяркуюць аб метадах.

– Метады звычайныя, – сказаў Сашка. – Узяць гэтых vieilles ganaches[52] за гардзёлку ды аб брук галавой. Дакіраваліся. Горшыя ўладары, чым паўcюль на свеце. Паскудзяць рускае імя.

Алесь ціха засмяяўся:

– Гэ, брат, наконт нас з вамі ў майго дзеда добрая прыказка‑байка.

Яны гаварылі шэптам, баяліся перашкодзіць іншым.

– Бог дзяліў між народамі землі. Адным тое, другім – тое. Прыйшлі беларусы… Вельмі ж пану богу спадабаліся. Ён і пачаў нас надзяляць: "Рэкі вам даю поўныя, пушчы – нямераныя, азёры – нялічаныя. Спёкі ў вас ніколі не будзе, але і холаду – пагатоў. Зажэрціся на багатай зямлі не дам, каб былі ўвішныя, кемлівыя, працавітыя, але і голаду ў вас ніколі не будзе. Наадварот, у голад шмат багацейшыя людзі будуць да вас прыходзіць. Не ўродзіць хлеб, то ўродзіць бульба. А яшчэ звяры і дзічына ў пушчах чародамі, рыбы ў рэках касякамі, пчолы ў борцэх мільёнамі. А трaвы – як чай. Не будзе голаду. Жанчыны ў вас будуць прыгожыя, дзеці – дужыя, сады – багатыя, грыбоў ды ягад – заваліся. Людзі вы будзеце таленавітыя, на музыку, песні, вершы – здатныя. На дойлідства – таксама. I будзеце вы жыць ды жыць, ну як…" Тут яго Мікола ў бок штурхае: "Пане божа, да вы падумайце. Гэта ж вы ім рай аддаяцё! Гэта ж вы бо‑жа мой!.. Ды яны пры іхняй языкатасці туды з сапраўднага раю ўсіх перавабяць! Яны ж языком менцяць – дай бог нам за вамі". Бог падумаў, крэкнуў, але назад адбіраць не будзеш. Сапраўды, ёсць ужо яна, зямля. Лані бягуць – лес варушыцца. Рыба чаўны з вады выціскае. Дрэвы – да сонца. "Добра, – кажа, – зямля будзе – рай. А каб не занадта вы перад маім раем ганарыліся – дам я вам найгоршае ўва ўсім свеце начальства. Яно вам таго раю трохі збавіць дый пыхі трохі‑трохі вам саб'е. Гэта вам для раўнавагі". Вось яно як!

Сашка Волгін нявесела засмяяўся:

– Горш за ўсё, што гэта праўда, Алесь.

– Вось так і жывём.

– Нічога, брат, нядоўга.

– Ты што робіш?

– У мяне, браце, рускі сектар. Найболей афіцэры. Ёсць і студэнты.

– Многа?

– Пакуль што нямнога. Пяцьдзесят два чалавекі[53]. Будзе больш.

– Гэта, брат, яшчэ большая радасць… Гэта ўжо не мы адны, а саюз. Сапраўды, суцешыў, брат. Гэта ж хаўрусам і ў пекле добра.

– Стаіць адно пытанне, – сказаў Кастусь. – Што будзем рабіць далей? Колькі можна чакаць! Вось вы, з Магілёўшчыны, якое ў вас становішча з сялянскай справай?

Алесь не адразу зразумеў, што гэта да яго. Устаў.

– Становішча дрэннае. Па губерні дзвесце восемдзесят сем тысяч сялян у закладзе… Дазвольце запытаць астатніх.

– Пытай, – сказаў Кастусь.

Яны трымаліся, як незнаёмыя.

– Вы, здаецца, віцяблянін? – спытаў Алесь у высокага бялявага хлопца. – Мяркуючы па гаворцы…

– Віцяблянін.

– Колькі закладзеных на Віцебшчыне?

– У нас дзвесце дзесяць тысяч.

– Я з Міншчыны, – сказаў хударлявы белавалосы юнак. – У нас закладзеных дзвесце восемдаесят восем тысяч.

Чарнявы, падобны да іспанца малады чалавек рэзка бліснуў вугальнымі зрэнкамі.

– Я з Гародні. У нас сто дзевяноста сем тысяч душ у закладзе.

Алесь абвёў вачыма ўсіх.

– Вільняніна ў нас няма, але і там не лепей. I вы яшчэ пытаеце, што нам рабіць?

Кастусь ухвальна схіліў галаву.

– Каля мільёна сялян здраджана сваімі так званымі гаспадарамі, якія павінны клапаціцца аб іх. Гаспадары самі паднялі рукі, самі ўзялі ад дзяржавы грошы за гэтых людзей. Цаною іхняй крыві і іхніх пакут прыдбалі сабе магчымасць раскашавацца. I тым самым страцілі права на чалавечыя да сябе адносіны. I калі яны самі аддаюць народ ва ўладу катаў, не могуць быць гаспадарамі – мы павінны адабраць у іх гэтае права. – Вочы Алеся былі змрочныя і рашучыя. – Я прапаную: народы вызваляць і сялянам даваць зямлю. Я прапаную: паноў, якія рабавалі, высяляць з краіны, пазбаўляючы маёмаслі, а цмокаў – расстрэльваць. – Сеў.

– Правільна, – сказаў Кастусь. – Хай прадстаўнікі маскоўскага зямляцтва выкажуць свае меркаванні аб тэрмінах і метадах паўстання. Аб ходзе паўстання. Потым мы звядзем іх у адно з думкамі іншых зямляцтваў і арганізацый.

Людзі думалі.

Пасля звароту на Прыдняпроўе Алесь усутыч узяўся за вярбоўку людзей. Справа пайшла нечакана лёгка. Дрэнна паддаваліся агітацыі, бадай, адны сяляне. Дый сярод іх, з дапамогаю Кагутоў, удалося навербаваць нешта каля трох соцень людзей цвёрдай згоды. Маладыя дваране з небагатых лёгка і ахвотна ішлі на агітацыю. Ужо цяпер, калі б трэба было паўставаць неадкладна, Прыдняпроўе, у зоне дзеяння Алеся, магло б выставіць каля трохсот кос і шасці соцень багнетаў. А яшчэ ў паўночнай частцы губерні павінен быў дзейнічаць Людвік Звяждоўскі ("белыя" прабілі на пасаду свайго, не ведаючы, што гэты свой за апошні час вельмі моцна "пачырванеў").

Словам, баяцца тут не было чаго. Хіба што здрады. Але і яна дзякуючы сістэме "дзесятак" не магла зачапіць шырока.

Алесь ведаў: да прызначанага імі тэрміну паўстання аставалася яшчэ тры гады. Лета шэсцьдзесят трэцяга. За гэты час можна было шмат чаго зрабіць. А калі рэформа расчаруе людзей – тыя, якім ён даў зямлю ўжо цяпер, таксама возьмуцца за косы. Да чэрвеня перавод сялян у вольны стан быў амаль скончаны. Тысячы былых яго мужыкоў былі вольныя: дадатковы парахавы зарад.

Гэты год быў светлы год. Здавалася, што пачынаецца зноў "вясна народаў". Свежы вецер лунаў над светам. У Амерыцы паўночныя фермеры са стрэльбамі ішлі на рабаўласнікаў, і хоць даводзілася ім цяжка, людзі спадзяваліся на іх і верылі іхняй мужнасці.

У канцы красавіка Гарыбальдзі з тысячай адчайных і смелых людзей высадзіўся ў Сіцыліі, бо там зырка шугала паўстанне супраць неапалітанскіх Бурбонаў. Абрастаючы людзьмі, бесперапынна перамагаючы, тысяча рухалася, рабілася многімі тысячамі, выкідала ворагаў з гарадоў і вёсак. У тым жа самым годзе змагар вызваліў каралеўства абедзвюх Сіцылій. Чакаў паход на Рым. Падзеленая яшчэ з Юстыніянавых часоў, расшматаваная на часці, залітая крывёю Італія ўставала адзінай, падымаючыся на ўвесь свой вялізны рост. Напалеон казаў калісьці, што італьянцы любяць балбатаць аб волі радзімы… у ложках у сваіх палюбоўніц. Цяпер ад гэтых аматараў пагаварыць змазвалі пяткі аўстрыйцы і Бурбоны. Таму што аматары гаварылі цяпер моваю зброі і так, як належыць мужчынам.

3 шостага стагоддзя, са дня злашчаснай пагібелі Цейі, караля остготаў, была рэстаўрацыя Юстыніянам рабства, пажары, прыгон, тыранія царквы, рабунак кандацьераў, інквізіцыя або ўлада гандляроў. Ласкутная, пашматаваная краіна, вечныя захопнікі – ад візантыйцаў і іспанцаў да аўстрыйцаў.

I так на працягу тысячы трохсот год. Досыць моцны зарад аптымізму для ўсіх, хто не хоча і не ўмее чакаць. Досыць вялікая школа вытрымкі. I калі ўсім здавалася, што ўжо ўсё – волат устаў, даводзячы гэтым, што ніколі не позна.

Ніколі, калі справа ідзе аб свабодзе, аб святле заўтрашняга дня.

У юнакоў гарэлі вочы, калі яны глядзелі на захад. У іх трапяталі ноздры, што лавілі вецер свабоды.

– Жыць! Жыць! Ваяваць за волю! Знішчаць прыгон! Ваяваць за права, за шчасце, за бацькаўшчыну!

Мсціслаў Маеўскі ехаў верхам у Азярышча. Трэба было ўбачыць Кагутоў, пагаварыць аб сім‑тым, а галоўным чынам, сустрэцца з Яняй.

Хлопец сам здзіўляўся, чаму яго так цягне да гэтай дзяўчынкі, а калі зразумеў, было позна. Паспрабаваў сам сябе ўгаварыць, што гэта – звычайная рамантычная гісторыя ў духу "здравствуй, добрая дева, не откажи запечатлеть на твоем невинном челе братский поцелуй, ибо и крестьянки любить умеют, под сению дерев пляша", – нічога не дапамагала.

– Ну і чорт з вамі. Ну і злуйцеся. А я ўсё адно буду там бываць. Мне прыемна.

Цёплыя вочы хлопца аглядалі з‑пад белай чупрыны Дняпро, маладую зеляніну на яго берагах, само Азярышча, якое прыгожа раскінулася над ракой. Не ведаў, што рабіць. Збіраўся быў разам з Кастусём паступаць у нейкую ваенную ўстанову. Скарыстаць ільготы для студэнтаў, што скончылі універсітэт, і дваран. Нешта і ў Кастуся не ладзіцца. Дысертацыі яшчэ не падаў, у кандыдаты, значыцца, залічаны ўмоўна. Са штаба ўстаноў адказу няма. Дый сапраўды. Недавер да мясцовых людзей вялікі, а тут чалавек, які ведае права, фінансы, статыстыку, палітычную эканоміку, гаспадарку вясковую, тэхналогію і іншае, хоча яшчэ набыць і ваенныя веды. Не ўжо, досыць. Чорт ведае што з такіх людзей можа атрымацца пры разбэшчанасці цяперашняй моладзі. Магчыма, якабінскія міністры.

Мсціслаў засмяяўся. Кастусю не шанцавала, а яму, Мсціславу, і пагатоў. Генералаў з іх не выйдзе. Што ж, адзін будзе ўладкоўваць агульную сістэму мяцяжу, а другі зробіцца неблагім паручнікам. Паручнікі паўстанню таксама спатрэбяцца. А кім, цікава, будзе Алесь?

3 прыдарожнай карчмы, за якую сядала сонца, ляцела жаласная песня:

 

I чарка мала, і гарэлкі няма,

Міла, міла не цячэ, каля сэрца пячэ.

 

Сядзіць, відаць, нейкі закаханы бедалага ды плачацца на горкі лёс, ашчаперыўшы рукамі калматую галаву.

Мсціслаў зноў задумаўся ад гэтай песні. Пойдзе ў бунт, магчыма, галаву складзе, або схопяць ды расстраляюць, ці інвалідам зробяць. Што тады рабіць дзеўцы? Ах, божа ты, божа. Як бы добра, каб усё ўжо мінулася, каб перамога. А тут ворагаў – гурт. Брэшуць на сумленных людзей. Ды не дадуць так адразу цераз кроў пераскочыць…

Ён папраставаў па задворках да курганнай магільні за Азярышчам.

Янька была ўжо там. Мсціслаў саскочыў з каня.

– Вечар добры!

– Стафану кепска, – свежы тварык Янькі зморшчыўся, задрыжалі гаротна бровы.

Стафану сапраўды не памагалі ні лекары, ні лекі. I зразумела рабілася, што тут хіба ўжо натура возьме сваё, і ўсё ж усе спадзяваліся, рабілі для яго ўсё, назнарок пакідалі з ім кагосьці з братоў ці Марту з Рагнедай, каб не быў самотны.

– Пасядзім трохі, дый я пайду да яго, – сказаў Мсціслаў.

– Сядзець не трэба. Паходзім.

Яны ішлі берагам. Яня ішла побач, апусціўшы вочы, абшморгвала маладую галінку вярбы.

– Мне маладой лістоты шкада. Глядзі, якая зялёная.

– I праўда. Я не буду больш.

Падышла да ўрвішча, кінула галінку ў плынь.

– Ты не думай, – Яньчыны вочы глядзелі трохі нават спалохана. – Яна ў вадзе аджыве, выплыве недзе ў бераг ды ўкараніцца. Вярба жывучая.

– Вядома, укаранiцца.

I раптам Янька хліпнула.

– Вярбе можна. Чалавеку вось нельга. Як зрэжуць яго – гэта ўжо ўсё.

Мсціслаў разгубіўся.

– Нічога. Абыдзецца ўсё.

– Не… Не ўжо, відаць… Не скардзіцца Стафан, не… Памятаеш, як на вяселлі ягоным добра было?

– Заспявай тую, што тады для Марты спявала, – папрасіў ён. – Заспявай. Вось убачыш, я веру, адразу яму лягчэй стане.

– Праўда?

Янька з даверам зірнула на яго, глыбока ўздыхнула і завяла ціхенькім дрыготкім галаском:

 

Прыданачкі[54] – няўданачкі

Шапчыце,

Вы яе паціхенечку

Наўчыце.

 

Мсціслаў ішоў і ўспамінаў радасць тых дзён: і як ездзілі па рыбу перад вяселлем, і як жартавалі з Галінкай Кахно, і як было весела. Не, нічога не магло здарыцца са Стафанам.

 

Няхай яна ранюсенька ўстаець,

Няхай яна хатку, сенькi падмяцець,

Няхай яна на вулку шумку не нясець,

Няхай яна на шуметнiчку пасыпе,

Няхай яна i ножкамi прытопча,

Няхай яна і слёзкамі прымоча.

 

Яны ішлі насустрач барвянаму вялізнаму сонцу, што напалову села ў затоку Дняпра. Мякка ступаў за імі стомлены конь.

 

Нашы курачкi трапятлiвыя разграбуць,

Нашы жоначкі лепятлівыя разнясуць.

– Няхай вашых курэй каршун дзярэ,

Няхай вашых жонак смерць пабярэ.

 

Янька раптоўна ўсхліпнула і села ў траву, нібыта ў яе падсекліся ногі. Ён сеў ля яе, нясмела пагладзіў па залатых валасах.

– Ну што ты, што?

Ён узяў яе за плечы і сілком адвёў далоні ад вачэй. У вачах былі слёзы. Мсціслаў адчуў – апусцілася некуды сэрца.

– Як жа гэта нехта мог, – праз слёзы сказала яна. – Як узнялася рука на такога. Ціхі ж, рахманы. Дзіця астанецца. Ну, нічога. "Сіроцкія слёзы дарма не мінаюць. Пападуць на белы камень – камень прабіваюць".

Мсціслаў паставіў яе на ногі. Павагаўся хвіліну і раптам асцярожна пацалаваў у распухлы, салёны ад слёз раток.

– Не трэба, – глуха сказаў ён. – Калi нават нешта i здарыцца – я цябе не кiну. Бацькам буду. Братам буду. Мужам, калi хочаш, буду.

"Не", – моўчкi кiўнула яна галавой.

"Так", – моўчкi схiлiў ён галаву.

 

Стафан сядзеў на прызбе, зябка хутаўся ў чугу і праваленымі вачыма глядзеў на заліты барваю сад і на сонца, што сядала за ім. Падышоў Кандрат, але старэйшы яго нібы не заўважыў. Твар жоўты і ў плямах, позірк адсутны.

Кандрат асцярожна паклаў яму на тую руку, што ляжала на каленях (другая сціскала на грудзях адвароты чугі), двух забітых дупеляў.

Стафан памацаў рукою ржавае мяккае пер'е і скрывіў вусны ўсмешкаю.

– Шкада‑а.

– Табе сёння зварым. Нічога. Ежа, браце, панская.

– Усё адно шкада.

Кандрат прысеў да старэйшага.

– Дай стрэльбу, – сказаў Стафан.

Узяў дубальтоўку сухімі, як курыныя лапы, пальцамі.

– Цяжка. Пры жыцці і страляць не любіў. Вось і сам дзічынаю зрабіўся.

I зноў Кандрата, другі ўжо раз, уразіў гнеўны выраз у вачах Стафана. Сонца ўжо ледзь круцілася, пералівалася сваім краёчкам над вадой.

– Кандратка, – сказаў Стафан, – я сёння памру.

Брат зрабіў рух пратэсту.

– Не, – сказаў Стафан. – Я ведаю. Ты не забыў?

– Не.

– Споўні. I Кроера таксама. Мне праява была – ён.

– А калі не?

– Калі нават не, то гэткую дрэнь сцерці трэба з зямлі.

– Споўню.

– Забі за сорак дзён, пакуль душа тут… Таркайлу… Каб супакоілася. А з тым не спяшайся. Усё добра зрабі. А можа, і я з таго свету прыйду, скажу, ён ці не. Каб жывую душу ўратаваць ад дарэмшчыны – адпусцяць.

– Споўню.

– Правядзі мяне, братка, да ракі. Бачыш, чырвоная…

Гнеў знік з вачэй хворага. I нават усмешка была ранейшая, як да хваробы. Успершыся на плячо Кандрату, ён устаў.

– Ну вось, блаславi вас усiх. Мне…

Нібы страціў думку.

– Ну вось… Каб вышэй… Трошачкі вышэй.

Пацягнуўся, нібы хацеў яшчэ раз убачыць раку. А потым стаў падаць так раптоўна, што Кандрат ледзь паспеў падтрымаць яго.

Везлі яго на могілкі па вадзе. Яшчэ стаяла спозненая палавень, і да царквы на востраве іначай дабрацца было нельга.

Ішлі чатыры чаўны. На пярэднім стаяла корста з нябожчыкам. Стырнаваў Алесь: выпраўляў нябожчыка брата ў апошнюю дарогу. Змрочны Кандрат Кагут пеніў ваду вяслом. На астатніх трох чаўнах сядзелі Кагуты, Кахновы і сваякі Марты.

Зялёнымі хмарамі стаялі ў вадзе гаі. Звінеў над невялічкім лапікам сушы жаўрук. Вельмі цёпла, зусім па‑летняму прыпякала сонца.

Не ўзляталі з астраўкоў кулікі‑турухтаны. Як ведалі, што людзі на чаўнах страляць не будуць. А можа, – і гэта хутчэй за ўсё – адураныя повенню вясенняй крыві ў жылах, нікога не баяліся. Такавалі, натапырыўшы пер'е, хадзілі адзін перад адным, яркія ў шлюбных уборах.

Самачкі, прымайстраваўшыся на крайніх канцах выспачкі, глядзелі на самцоў.

Ні ў кога з мясцовых людзей не ўзнялася б рука страляць па іх у такі час. I турухтаны ведалі аб гэтым. Неба, вада і астравец – усё было для іх.

Марта на другім чаўне пабівалася. Быў гэта яе абавязак. Але астатнія ўжо трохі перацерпелі гора. Мінуў год, і ўвесь гэты час яны чакалі немінучага, а калі яно прыйшло, мала асталося слёз.

Хіба толькі ў маці.

Стары Кагут Даніла думаў аб тым, што і яго хутка павязуць той самай дарогай, і не шкадаваў аб гэтым, а шкадаваў хіба толькі аб тым, што гэта не яго вязуць зараз замест Стафана. Добра было б адпачываць у такі дзень, пад жаўруком, між небам і вадою. I каб ля чаўна такавалі турухтаны.

Янька выплакалася яшчэ ля курганоў, а потым у хаце. Алесь думаў, як цяпер адшукаць вінаватага ва ўсім гэтым. Мсціслаў паглядаў зрэдку на Яньку і налягаў на вясло.

Толькі адзін Кандрат глядзеў на свет змрочна, праз прыпухлыя павекі. I чым больш Алесь глядзеў на яго, тым больш здагадваўся: гэты ўсё ведае.

Над вадою між зялёных хмурынак затопленых дрэў ляцела галошанне:

 

А я ж за табою на край свету хадзіла,

А я ж за табою ў вагонь лётала,

Сакол ты мой міленькі, каханенькі!

А ўстану ж, бывала, я раненечка,

А мой жа саколік па палетачках ходзіць.

 

I хоць усе ведалі, што заўсёды Марта ўставала раней за "саколіка", усе ўяўлялі сабе раннія зарошаныя паплавы, Стафана з аброццю на плячы, гулкі па‑ранішняму ўдар далёкага балабона – і ўсім рабілася горка.

 

А кветачкі ж ад яго красуюць,

А небачка ж ад яго ззяе.

Зірнеш – мятлушкі ад яго ў вачах лётаюць,

Зірнеш – нібы ігруша белая зацвіла.

Зірнеш – як лісцічак кляновы ён прытульненькі,

Зірнеш – сэрца молатам у грудзіну валіць.

Караван смерці плыў паўз астравы жыцця.

Хай бы ж той халера лепей мяне забiў,

Хай бы ў мяне з сэрца кроў высмактаў,

Як жа мне цяпер цяжанька без любага дружачкі…

 

Кандрат не глядзеў ні на неба, ні на бязмежную, як неба, повень. Яшчэ тры дні таму ён схаваў стрэльбу ў дупле дрэва ля моста цераз Азяранку, на поўдзень ад вёскі і па дарозе на Сухадол. Таркайлаў фальварак быў паўночней, і дарога з яго ў Сухадол пралягала каля Азярышча. I кожную раніцу Кандрат Кагут выходзіў на курганы і сачыў.

Пазаўчора Тодар вярнуўся з сальнікам Брунонам Дарымядовічам, у адной таратайцы.

Сёння раніцай ён павёз сальніка зноў у Сухадол, і Кандрат спадзяваўся, што, можа, увечары ён будзе вяртацца адзін. Нават калі вернецца ўдвух – Кандрат гэта сцерпіць. Ён будзе трываць хоць сорак дзён, а дачакаецца яго аднаго.

Магчыма, сёння яны пахаваюць Стафана да вечара, і Кандрат паспее вярнуцца на Азяранку, калі Таркайла паедзе назад.

Шкада будзе, калі не заб'е за сорак дзён. Душа братава не так узрадуецца. Але нават калі не паспее – няхай. Ён звык цярпець. Ён мужык, і ён даў слова. Ён будзе хадзіць месяц, два, год, але ён перастрэне Тодара аднаго. Нельга сказаць, што яму будзе лёгка яго забіць: ён яшчэ ніколі не забіваў. Але ён ведаў: іначай нельга. "Церпім, церпім, церпім, а яны ўважаюць нас за дурных зайцоў. Судзяць нас, распраўляюцца як хочуць і ўпэўнены ў тым, што няма ім пакарання. Таму і робяць, што душа іхняя жадае.

На катаргу зашлюць у Сіберыю – і ходзяць сабе спакойна. Ведаюць, нават калі вернецца – збаіцца зноў туды трапіць. А дзяржава помсціць не будзе – ёй абы ціха было.

I заб'юць калі, то не чакаюць кары. Каб гэта чакалі – ого‑го! Тройчы падумалі б, перад тым як паскудства нейкае зрабіць. Ну то калі не карае бог, не карае начальства, хай пакарае сам пакрыўджаны. Другія тады азірацца будуць, перш чым данесці, забіць, дзяцей пасіраціць, маёмасць пусціць дымам".

Падкова на лобе Кандратавым аж пачырванела, так ён думаў. Заб'е. Зімою ці вясною, улетку ці ўвосень – заб'е. У слату ці ў ясны дзень – заб'е. Уначы ці ўранні – заб'е. Ого‑го, як бы гэта лёгка было жыць на зямлі, каб за кожнае паскудства паскуднік чакаў немінучай кары.

 

Вой, як павалюся я на тваю магілачку,

Як закуваю я цяпер па табе кукулечкай.

Дружыначка ж ты мая, нашто ж ты мяне… пакідаеш?

А ці дабра ты ад дзетак, ад жонкі… не маеш?

Як жа ж нам цяпер… пражыць?

Як нам жыццё без цябе… прабыць?

Як мы цябе забываць… будзем?

Адкуль мы цябе дажыдаць… будзем?

 

Кандрат сціснуў кулакі на вясле і рыўком папаслаў човен з корстай нябожчыка да недалёкай ужо царквы на выспе.

 

Да каго ж мне ўначы цяпер цмокам прысмактацца?

Адкуль жа мне парады цяпер дажыдацца?

Адляцеў ты ад мяне цяпер, саколiк‑голуб шызы – укулечка!

Згас ты цяпер для мяне, васілёк ты мой – сонейка – Пралесачка!

 

Ціхі і страшны лямант бабы ляцеў над вадой да астраўка, адкуль плылі насустрач яму рэдкія ўдары хаўтурнага звона.

…Назад Кандрат і Алесь ехалі ў чаўне адны. Далёка перагналі ўсю чараду чаўноў.

– Слухай, Кандрат, вазьмі мяне з сабою.

– Куды?

– Ты ведаеш…

– Не, – сказаў Кандрат. – Нiчога я не ведаю.

Яны плылi, а вакол быў блакiт i гарачае паветра.

– Глядзі, што гэта? – сказаў Алесь.

Кандрат азірнуўся, і на хвіліну абодва яны замерлі, уражаныя тым, што адбывалася над ракой.

На беразе, наводдаль, уставаў у паветры вялізны чорны слуп – ад зямлі да неба. Ён здаваўся б нерухомы, каб не круціліся ў ім з шалёнай хуткасцю жмуты сухой травы.

Нехта ўсмоктваў іх у неба, і яны ўзляталі ў яго вышэй і вышэй. Магутны тромб ішоў да берага, набліжаўся. Чорны, як дым, ён клубіўся і пераліваўся тым, што было ўнутры, як змяя, што скідае скуру. Тлустая, уся хвалямі, яна, павольна звужаючыся, паўзла некуды: не разбярэш, ці ўгору, ці ўніз.

Віхур тромба спусціўся на ваду і пайшоў проста на іхні човен. Як зачараваныя, яны не рухаліся. А смерч наліваўся яшчэ больш, чарнеў.

Бліснула недзе, на вышыні добрай званіцы, доўгае срэбнае цела рыбы.

У наступнае імгненне волат ірвануўся паўз іх і перасунуўся трохі далей, як папярэджанне. 3 чорнага нутра яго дзьмухнула магільным холадам.

Усё хутчэй і хутчэй рушыў ад іх тромб, перайшоў раку, пачарнеў, узляцеўшы на бераг.

Яны ніколі не бачылі такога.

Волат блукаў у палях, ішоў у палі, меншаў. Знікаў.

…Калі ён знік – яны зірнулі адзін на аднаго.

– Бяда будзе, – шапянуў Кандрат.

– Кінь лухту вярзці!

– Х‑фу‑у, – заплюшчыў вочы Кандрат. – Добра. Вязі мяне на бераг. Высадзі.

– Вазьмі, кажу, з сабою.

– Не!!! – рэзка і злосна кінуў Кагут. – Не дый не. Чорт з імі, з тромбамі… Трэба і іх – грудзінай…

Калі постаць ягоная знікла, ускараскаўшыся на крутаяр, Алесь чамусьці ўспомніў Майку і спалохаўся, што ледзь не загінулі. Цераз дзень яны павінны былі сустрэцца і канчаткова вырашыць, як быць.

Кандрат ужо цэлую чвэрць сонечнай дугі чакаў, седзячы ў зарасцях ля мосціка. Сонечнае святло пахла шкіпінарам, гарачай мятай, ядучым пахам вампірніку. Ад хваёвага гуду – недзе над верхавінамі хадзіў вецер – шумела ў галаве і хацелася задрамаць.

Ён сядзеў у зарасцях за вялікім, як хата, каменем непадалёку ад рачулкі. Над каменем, на адхоне, васьмісотгадовы дуб цягнуў да сонца свае ледзь апераныя галіны. Поўзалі па ягонай, глыбока – на дзве далоні – зрэзанай зморшчынамі, кары чырвоныя кузуркі з чорнымі мордачкамі на спінах. Яны былі падобныя, гэтыя мордачкі‑рыскі, на маскі, якія носяць вадохрышчам. Поўзалі яны самотна, спараныя, і кара дуба, відаць, здавалася ім ярамі амаль без дна і высокімі градамі ўзгоркаў.

Проста перад Кандратам звінела Азяранка, несла хвалі ў Дняпро. А над ёю цягнуўся лядашты мост. Кандрат тройчы ўжо ссоўваў з яго дзве плахі. Пасля кожнага праезду. Дзядзькі лаяліся, клалі іх на месца і рушылі далей. А ён зноў выходзіў, зноў ссоваў плахі і зноў сядаў на месца, сціскаючы цёплы ад рук прыклад дубальтоўкі.

Пушча хадзіла і хадзіла над галавой. I Кагут пад яе шум думаў ні аб чым і аб усім, але толькі не аб тым, што хацеў зрабіць. Усё, што датычылася гэтага, ён абдумаў даўно.

…Таркайла з'явіўся нечакана. Адзін. Мільгануў на ўзгорку і знік, з'язджаючы да мосціка. I тады Кандрат выйшаў з‑за каменя, як сто разоў гэта ўяўляў сабе, перабег да пераезду яшчэ бліжэй і прысеў у хмызах, зусім блізка ад ссунутых плах.

Ён паспеў яшчэ цікнуць вышэй па дарожцы абодва бакі. Там нікога не было. Нават калі з'явяцца, то адтуль яны яго, Кагута, не пазнаюць. Каня і фурманку яшчэ можна пазнаць, і то калі ведаеш, каго чакаеш, а чалавека – не.

Перш чым трапіць адтуль да мосціка, трэба з'ехаць пракапаным з'ездам, дзе калёсы і чалавек хаваюцца з галавою. Значыць, на самы горшы выпадак, хопіць часу для двух стрэлаў. Стрэлы будуць верныя: з чатырох крокаў.

Але ён спадзяваўся, што пабочныя людзі не з'явяцца. Яму не хацелася, каб Таркайла адбыў толькі адну хвіліну жаху перад тым, як памрэ. Ён вельмі моцна маліў аб гэтым – бога не бога, а сам не ведаў каго. Таго, хто паможа.

Таркайла вылаяўся і злез з таратайкі. Падышоў да правалу, плюнуў, агледзеўся, як пасунуць плахі. Потым у вачах ягоных нешта мільганула: заўважыў.

– Не рухайся, – сказаў Кандрат, наводзячы ствалы. – Стань ля воза.

– Чаго табе? – збялеў той.

– Сёння пахавалі Стафана Кагута. Маё імя – Кандрат Кагут.

Таркайла шарануў быў рукою па возе да сакваў.

– Ну, – сказаў Кандрат.

– То што, я вінен у тым?

– Вінен. I вінен, што забілі яшчэ аднаго. Ты сам таго не варты.

Таркайла раптам крыкнуў. Спалоханыя коні рванулі наперад, але колы таратайкі з маху ўскочылі ў правал.

– Меркаваў, што пераскочаць, а ты на калёсы дый ходу? – вочы Кагута глядзелі спакойна, усмешка крывіла вусны.

– Адкажаш, Кагут, адкажаш.

– Не, – сказаў Кандрат. – I кiнуў: – Малiся.

Тодар шныраў вачыма вакол.

– Адкажаш, Кагут… Мяса тваё пад пугай паляціць… Павесяць.

– Ну! – сказаў Кандрат.

"Пане божа, у рукі твае аддаю дух мой…"

– Досыць, – сказаў Кандрат. – Лапату і таго не даў.

Стрэл пракаціўся верхавінамі пушчы.

Таркайла зрабіў запознены крок убок, толькі цяпер скеміўшы, што можна скочыць з мосціка, хай сабе і ў мелкае месца. Усё адно гэта выйгрыш хвіліны.

Але ён ужо не мог гэтага зрабіць. Прыціснуў далонь да грудзей, хістануўся і ўпаў на калені.

– Забiў, – сказаў ён. – Забiў ты мяне.

Кандратава стрэльба хадзіла перад ягоным тварам.

– Нічога, – сказаў ён, хілячыся наперад. – I цябе так… I цябе… I ўсіх вас так.

Другі стрэл нібы штурхнуў увесь свет у ягоны лоб.

…Кандрат прадзьмуў ствалы. Звыкла, як кожны селянін, што беражэ сваю зброю. Сіні дымок двума струменьчыкамі – слабейшым і моцным – вылецеў з іх.

Потым Кагут схіліўся над забітым і здзёр з ягоных грудзей запэцканы ў крыві вацок. У ім зазвінела і зашалахцела.

– Хадзі, памыйся перад страшным судом.

Таркайлава цела перавесілася з насцілу, упала з невялікай вышыні ў мелкую, на каменьчыках, плынь.

З хвіліну Кандрат глядзеў, як каламутна‑шэра пацьмянела празрыстая вада, як потым сплыла каламуць і на яе месца з'явілася ружовае. Дурныя печкуры кідаліся да гэтага ружовага, нібы дзяўблі, сплывалі разам з ім па плыні.

Хутка вада была ўжо зноў празрыстая. Плынь прыўзняла ногі забітага, і яны слаба варушыліся на перападзе.

Кандрат павярнуўся да коней.

– А вы чаго будзеце торгацца, бедныя? Ану, давай! Ану!

Ён падсунуў плячук пад таратайку і падаў яе ўгору. Колы выскачылі. Коні хвіліну стаялі, а потым павольна пайшлі: без гаспадара туды, куды і з ім.

Кандрат злез з адхону і пайшоў па вадзе. Не туды, куды сплывала тое і дзе мітусіліся печкуры, а ў другі бок.

Прайшоўшы крокаў сто, ён вымыў вацок і рукі ў сцюдзёнай вадзе і зноў рушыў плынню. Потым пайшоў ярам. Пасля натрапіў на лагчынку з чорнымі люстэркамі вады. Размахнуўся і кінуў вацок разам з тым, што звінела і шалахцела, у чорнае "пушчанскае вока".

Зноў рушыў адхонам. Азірнуўся.

На паверхні чорнай вады знікалі кругі…

За тыдзень паліцыя і нават Мусатаў са сваіл падначаленым, Буланцовым, ператрэслі ўсё наваколле. Аблавы хадзілі па пушчах, людзі з цяжкасцямі, часам рызыкуючы жыццём, забрыдалі нават на некаторыя выспы сярод дрыгвы.

Война, як заўсёды, адседзеўся ў нейкай са сваіх шматлікіх схованак. Людзі Корчака даўно не з'яўляліся ў наваколлі.

Злавілі двух‑трох выпадковых валацуг, але забойцаў не знайшлі. Іван Таркайла цяпер нікуды не ездзіў адзін, а ўначы сядзеў у фальварку, зачыніўшы ўсе аканіцы.

Адзіны чалавек, якога здарэнне прывяло ў лютасць, быў Кроер. Ясна, хто зрабіў. Мужычкі каханенькія. Ніхто іншы – яны! Невядома толькі хто. 3 Таркайлавых нехта, ці з ягоных Кроеравых, ці мо адгукнулася праз сваякоў адна з ахвяр "Ку‑гі". У росшуках самы страшны і заўзяты быў ён са сваімі чаркесамі. Трос палясоўшчыкаў, шукаў і лупцаваў людзей з лясных буд, смалакураў, бортнікаў.

А калі гэта нічога не дало і наваколле сціхла, зачыніўся ў Кроераўшчыне і пачаў лютаваць над сваімі. Проста так, абы спагнаць злосць. Дайшло да суседзяў. Усе разумелі: трэба сядзець ціха. А гэты, як назнарок, баламуціў лютасцю ўсё наваколле. Усё мацнеў і мацнеў і, урэшце, дакаціўся да губерні агульны лямант:

– У апеку яго!

Віцэ‑губернатар Ісленьеў выехаў у Сухадол, каб даследаваць справу на месцы.

Дарогаю ён спыніўся ў Загоршчыне і тут даведаўся, што Кроер зноў запіў. А наступнай раніцай прыляцеў у Загоршчыну да Алеся ганец з Кроераўшчыны і апавясціў зноў, як тады, што пан Канстанцін памірае і паслаў дзесятак слуг паўсюль, каб апавясцілі аб гэтым. I нібыта паслаў нават па доктара і папа.

– Прыкідваецца, – сказаў Вежа.

– Вы думаеце? – Ісленьеў і сам верыў і не верыў.

– Стары жарт, – працадзіў Алесь. – Ягоныя выдумкі трохі аднастайныя. Гэта ўжо трэці раз.

– I ўсё ж, думаю, трэба паехаць, – сказаў Ісленьеў.

Алесь глядзеў на яго з жалем. Стары не мяняўся. Усё той самы румяны, сівы, добразычлівы. Харошы рускі чалавек. Алесь помніў ягоныя словы аб "цемры" пасля расстрэлу ў Півошчах. I шкадаваў. Скруціла, беднага, жыццё.

– Ну, паедзеце, – сказаў Алесь. – Убачыце п'яных гасцей. Свяшчэннік і лекар не маюць права адмовіцца, убачыце п'янага лекара і п'янага папа.

– Я б вам не раіў, – сказаў Вежа.

– Вы не паедзеце?

– Бачыце, я не патрабаваў бы гэтага ад яго, каб, скажам, памёр я, – сказаў стары.

– Ну а вы? – спытаў Ісленьеў у Алеся.

– Я аднойчы з'ездзіў. – Алесь пацёр запясце.

– Па‑хрысціянску, – сказаў віцэ‑губернатар.

– Па‑хрысціянску варта было б усіх нас павесіць, – сказаў Алесь. – За тое, што цярпелі сярод нас такога монстра. Даць вам ахову?

Стары спакойна ўзняў на яго вочы. Яблычны румянец на ягоным свежым абліччы стаў мацнейшы.

– Дзякую, – сказаў віцэ‑губернатар. – Але няўжо вы думаеце, што я ў жыцці каго‑небудзь баяўся?

– Я не хацеў, каб вы зразумелі мяне так, – сказаў Алесь.

Ісленьеў узяў таго самага мужыка – ганца і паехаў у Кроераўшчыну. Дарогай па ўсіх пагостах бразгалі хаўтурна званы. Нават інваліды па каплічках калаціліся драўлянымі нагамі ў петлях вяровак, што вялі да званоў.

Дзень быў шэры і зусім не летні. Званілі званы, бо памёр вялікі пан, але людзі не ехалі.

– Гэта праўда, што вашага пана "двойчы адпетым" клічуць?

Мужык хаваў вочы. Той самы Борка, што прыязджаў у Загоршчыну і тады.

– Кажы, не бойся.

– Адпявалі яго тройчы, – сказаў мужык. – Усё наваколле.

– Ну і як ён?

Борка ехаў на сваім коніку збоку і трохі ззаду, хоць павінен быў весці. Ён маўчаў.

– То як? – паўтарыў пытанне губернатар.

– Нічога, – бязгучна сказаў мужык.

Ісленьеў ехаў і думаў.

"Нічога". Усё "нічога". Бог ты мой, як можна зацюкаць народ. А мы памагалі гэтаму сваёй слепатой, немагчымасцю нешта зрабіць, бо гэта – сістэма. Паспрабавалі былі трыццаць пяць год назад – леглі пад карцеччу. I з таго часу толькі і думаем, як бы не зачапіла нас па нашай каштоўнай шкуры. Толькі і ходзім на задніх лапках.

Ісленьеў унутрана застагнаў.

Ён шчыра цікавіўся справамі краю. У яго былі знаёмцы ў цэнзуры, і яны дасылалі яму "для азнаямлення і прыняцця да ведама" матэрыялы сталічных часопісаў, што датычыліся гэтай зямлі, нават калі яны і не праходзілі праз цэнзуру.

Адзін артыкул ляжаў у матэрыялах "Современника" і ў цэнзуры, пэўна, год. Не праходзіў. Напэўна і не пройдзе. Ісленьеў успамінаў. У яго была добрая памяць, зусім як у таго чалавека, што калісьці рассеяў іх карцеччу. Што ўжо што, а ў памяці Мікалаю нельга было адмовіць. Кожнага, хто гаварыў з ім, помніў усё жыццё: імя, імя па бацьку, дзе служыў, калі перайшоў з палка ў полк, як завуць жонку і дзяцей, калі гаварылі пра гэта. Здзіўляў гэтым апошняга адстаўнога штабс‑капітана, пасяляючы ў ім пачуццё, падобнае на прымхлівы жах: "Праз дваццаць пяць год успомніў!"

Ён, Ісленьеў, таксама памятаў шмат. Памятаў, напрыклад, як той у следчай камісіі тупатаў на яго нагамі:

– Чаму вы не гаворыце пра сваё знаёмства з Якушкіным і Пестэлем? Мая добразычлівасць да людзей мае межы! Пакуль што я не хачу, каб графіня Еўдакія насіла жалобу і звалася ўдавой.

Ён яшчэ помніў яе імя, расперазаны хам.

Ісленьеў таксама памятаў шмат. Вось і цяпер ён выцягваў словы таго артыкула з нетраў памяці. Так, здаецца: "Цэлы край узялі ды вось так забілі – трымай кішэнь! Італьянцаў таксама… забілі, пазбавілі любові да волі і радзімы!.. Паглядзім, што яшчэ скажуць самі беларусы!"

Імя аўтара ён забыў. Забыў і дакладныя словы. Але сэнс помніў. I не мог не згаджацца з гэтым чалавекам.

Бо ўвесь час, што ён жыў тут, ён ні хвіліны не адчуваў спакою. Увесь час нешта глуха клекатала і варочалася пад зямлёй. Пераважная большасць людзей трымала спіну і глядзела ў вочы проста. Высокую іхнюю годнасць нішто не магло зламаць, і хлусілі тыя, што казалі аб "зацкаваных парыях", аб людзях з "вузкім чэрапам, што адвыклі ад мовы", аб людзях "звярынага выгляду", якія "пайшлі назад ад чалавека да жывёл". Хлусня гэта была! Дэмагогія або палітыка чыстай вады. Варшаўскім магнатам трэба было



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.