Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Дагератыпная майстэрня 19 страница



Але гэта было не самае страшнае. Значна горш было другое. Алесь не хацеў чакаць, пакуль выйдзе падрыхтаваны маніфест аб адмене прыгону. I Кастусь з гэтым згаджаўся – калі ўжо яны хацелі мець падтрымку сярод сялян наваколля. Адпусціць людзей трэба было хутчэй, каб мужыкі сарака з лішнім вёсак атрымалі волю раней за іншых, адчувалі, ад каго атрымалі, і ў будучым верылі б ва ўсім гэтаму чалавеку.

Загорскі так і зрабіў. Ішла перапіска з Выбіцкім і Вежам. Яшчэ восенню пачалося масавае засведчанне дакументаў аб вызваленні.

Мужыкоў вызвалялі з самым мінімальным выкупам (толькі каб не лямантавалі суседзі) і з перадачай у поўную іхнюю ўласнасць той зямлі, якой яны валодалі яшчэ ў прыгоне. У адпускных было таксама агаворана, што, калі справы былога пана з цукроўнямі і іншым пойдуць добра – мужыцкі надзел можа быць павялічаны за кошт панскай зямлі.

I вось тут здарылася дзіўная, незразумелая рэч. Што сычэла навакольная шляхта – гэта было зразумела. Сычэла, але баялася, прыціснутая старым Вежам, які, дарэчы, сваіх пераводзіў толькі на лёгкі аброк, даючы магчымасць Алесю гаспадарыць у сваіх вёсках толькі пасля ягонай, Вежавай, смерці.

Што раiла адмовiцца ад даравання волi начальства – таксама нiкога не здзiвiла. Пабойвалiся бунту ў наваколлi. I нiчога, аднак, не маглi зрабiць. Пан быў гаспадаром, i ў дзеяннях ягоных не было вар'яцтва. Падпалi ён свой уласны палац – справа iншая, тады i апеку можна было б накласцi. А так яны толькi раiлi ды ўгаворвалi, нацiскаючы на тое, што вызваленне ўсё адно хутка прыйдзе i пры гэтым чаканнi вольныя вёскi сярод прыгонных будуць як фiцiль, забыты ў бочцы з порахам.

Здзіўляла іншае: бурчанне мужыкоў. Паўсюль яшчэ было прыхаванае, але ў Татарскай Грэблі і Сцюдзеным Яры вылілася ледзь не ў мяцеж. Сяляне адмовіліся браць волю.

Доўга ніхто нічога не разумеў. I толькі потым па наваколлі, невядома кім пушчаная, папаўзла цёмная чутка:

– Не бярыце, хлопцы, ашукаюць. Царская воля выгаднейшая. Ніякага выкупу, зямля – уся. Падман задумалі. I на цукроўні не ідзіце. Зноў заняволяць…

Алесь напісаў Кастусю і атрымаў параду: абумовіць у водпусках, што, калі надзел і выкуп у "царскай волі" будуць больш выгадныя для мужыка – ён, Загорскі, адпаведна павялічвае надзел і адмяняе выкуп.

…I тут, у ясны лютаўскі дзень, запалала нядаўна застрахаваная цукроўня. Тая самая, з двума верхнімі драўлянымі паверхамі, якія Алесь усё збіраўся перабудаваць на мураваныя. Падпалілі невядомыя людзі. Наўрад ці "Ку‑га". Пра яе з дня размовы Вежы з Таркайлам ніхто не чуў. Хутчэй за ўсё нехта з Грэблі.

Згарэла ўшчэнт. Успомнілі аб страхоўцы. Пагражаў суд. Уратавала толькі тое, што ў "водпусках" было агаворана аб цукроўнях. Хіба вар'ят будзе, адпускаючы людзей, нішчыць свой жа набытак.

Алесь валасы на сабе рваў. Людзі не хацелі даброт. Людзі помсцілі невядома за што, аддавалі жорава ў руках на сініцу ў небе. Трэба ехаць на радзіму.

Вось толькі трэці дзень, як у Маскве Кастусь. I сёння нарада аб далейшай арганізацыі. Адседзець і паехаць. Бліжэй да спраў.

…Да "Вярбы"[51] было яшчэ далёка, але на развале, ля муроў, некалькі чалавек гандлявалі кнігамі. Кнігі ляжалі на подсціле з лапніку і на сталах.

Тут і павінны былі сустрэцца Загорскі і Кастусь. Алесь стаў ля аднаго з гандляроў, няголенага чалавечка з абыякавымі вачыма, і пачаў так, ад няма чаго рабіць, перакладаць кнігі. Чалавечак глядзеў на яго звысоку, нібы гэта ён, Алесь, гандляваў усімі гэтымі пісьмоўнікамі, старымі календарамі і разрозненымі падшыўкамі "Северной пчелы".

А вось гэта што?

"И что собрала посохомъ вымлатила и знашла ячменю… три меры".

Што такое? Пальцы гарталі старонкі.

"Ту справа всякого собрани людского и всякого града еже верою соединеннемъ ласки и згодою посполитое доброе помножено бываець".

Алесь гартаў яшчэ.

" Предъсловие доктора Франъциска Скорины з Полоцька во всю бивлию…"

Алесь прымусіў твар быць спакойным.

– Прадаяце?

– Бярыце, гаспадзін.

– Ну, і, скажам, колькі? – абыякава спытаў ён.

– Калі тры рублі дасцё…

Алесь пакруціў кнігу ў руках.

– Добра ўжо… Наце…

Алесь адышоў ад гандляра, не адчуваючы пад сабою ног. Усё, здаецца, было вакол як раней. Тыя ж муры, плошча, аблокі над ёй. Тое і не тое.

Вызваленая ад селядцовага лёсу, ляжала ў яго на далонях кнiга. Ляжала i маўчала.

Ён адчуваў, што задыхаецца.

Гандлявалі Скарынай. Гандлявалі даўнінай. Гандлявалі ўсім: розумам, праўдай, сумленнем.

– Здароў, Алесь, – сказаў за спіною Кастусёў голас.

– Здароў. Хадзем? Нам далёка?

– Больш за гадзіну добрай хады, – сказаў Каліноўскі. – Ля Дзмітраўскага гасцінца. Сажалкі хутарскія.

– То, можа, рамізніка?

– Возьмем на Цвярской. Ля Страснога манастыра. Пройдземся давай крыху.

Спусціліся да Ахотнага рада.

– Ведаеш, што ў мяне ёсць? – спытаў Кастусь.

Трохі асіметрычныя вочы Каліноўскага смяяліся. Ён засунуў руку за пазуху і трохі выцягнуў адтуль нумар газеты, якую па адным выглядзе Алесь адрозніў бы ад тысячы іншых.

– "Колокол" за васемнаццатага лютага. Свежанькі, лічы. I ў ім – першы такі за ўвесь час заклік да паўстання.

– Хто?

– Невядомы. Подпіс "Рускі чалавек".

– 3 Лондана?

– Не, адсюль. Ліст з рускай правінцыі. Магчыма, нейкі хлопец накшталт Волгіна.

– Як піша?

– "Наша становішча жахлівае, нясцерпнае, – сурова і ціха, на памяць, шапацеў Кастусь, – і толькі сякера можа нас уратаваць, і нішто, акрамя сякеры, не дапаможа! Да сякеры клічце Русь!.." Во так, грамадзянін нігіліст Загорскі. Зразумела?

– Становішча сапраўды нясцерпнае, – сказаў Алесь. – Ён мае рацыю. Як думаеш, будзе рэформа падманам?

– Яна нічым іншым быць не можа, Алеська. Лаялі Растоўцава, а як здох, то выяўляецца, ён яшчэ нічога быў. Гэта ў нас заўсёды так: "Явился Бирюков, за ним вослед Красовский. Ну, право, их умней покойный был Тимковский". Чуеш, што Панін на пасадзе Растоўцава выкідвае? Конікі якія?

– Ну вось. Тады і пачнем, калі зразумеюць падман. Раней мужыка на бунт не ўзняць. А без яго мы пералёты, на корані адсохлыя.

Ішлі моўчкі.

– А ў цябе што? – заўважыў Кастусь.

Загорскі моўчкі працягнуў яму кнігу. Кастусь зірнуў. На хвіліну ў яго задрыжалі вусны.

– Першая наша ластаўка, – сказаў Алесь. – Бедная.

– Не, – сказаў Каліноўскі. – Не бедная.

Ён асцярожна, азірнуўшыся, выцягнуў газету і, расхінуўшы кнігу, паклаў танюткія аркушы ў сярэдзіну тома. Загарнуў.

– Хай ляжыць. Тут ёй і месца.

– А што, – сказаў Алесь. – Ад першага славянскага водціску і аж да гэтага. Братка ты мой, які доўгі шлях!

– Пэўна, яшчэ не канец яму, – Кастусь засунуў кнігу за пазуху Загорскаму. – Пэўна ж, не канец.

Яны ішлі якраз паўз Камергерскі завулак. I тут Алесь, узяўшы сябра за руку, моцна завярнуў яго.

– Давай, братка, на хвiлiну сюды.

Кастусь ускінуў вочы.

– Невядома, калi сустрэнемся.

Над дзвярыма была шыльда:

 

Дагератыпная майстэрня



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.