Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Дагератыпная майстэрня 16 страница



Ён усмiхнуўся, але Кандрат разумеў, як брату дрэнна. I хоць Кандрату таксама было так, што аж сэрца

сціскала, ён пажартаваў:

– Ну не. У адной хаце я з ёй не змагу. Тут, братка, нам з табою або дзяліцца з бацькам, або па бязмену

ў рукі ды да Корчака.

Твар у Андрэя быў спакойны. Толькі хадзіў пад скурай адамаў яблык.

– Нездарма, брат, Адам яблыкам падавiўся, – казаў Кандрат, з усёй сiлы хочучы развесялiць брата. –

Урэште, чорт яго ведае. Можа, мы яшчэ з табою радавацца будзем, скакаць кожны вечар, што яе не ўзялі. Вось пачакай, трапіць ён у гэтыя жорны ды да нас і скардзіцца прыйдзе. А мы яму, вольныя казакі, чарку, ды другую, ды ў вуха.

– Што ж, – сказаў Андрэй. – Да Корчака дык да Корчака.

Сабіна Марыч шукала сустрэчы з Алесем. Пецярбург, а потым Вільня не памаглі ёй. У Вільні яна кідалася‑кідалася, а потым адшкукала Вацлава Загорскага і наведвала яго ледзь не кожны тыдзень. Прыносіла яму цукеркі і садавіну, пытала, як жыве, як вучыцца, што піша брат.

Адзінаццацігадовы Вацлаў успрымаў усё як належны знак павагі і любові асабіста да яго. Яго, шчасліўца, сапраўды любілі ўсе. Так было ў Загоршчыне, так было і ў Вільні. І таму ён і яго кампанія сустракалі маладую вясёлую цётку радасна, загадвалі дзядзьку ставіць самавар, даставаць прыпасы. А потым ішлі разам з ёю гуляць на гару ці ў парк.

І Сабіна дадала сваёй дабрыні ў чалавечаю пяшчоту, якая ледзь не з нараджэння абмывала маладога Загорскага.

І Вацлаў пакрысе прымірыўся з смерцю маці. Яго, як і Алеся, заўсёды абкружалі сябры, якія рыхтавалі ў яго ўрокі, разам з ім сваволілі і падхарчоўваліся.

Сабіна разумела: гэтыя хлопцы – частка Вацлава. Вацлаў – частка Алеся. І таму яна пастаралася пасябраваць з імі і дабіцца іхняй прыхільнасці.

Малодшы Загорскі паехаў у Вільню па пратэкцыі, у шэсць год. Паколькі яму належала толькі палова капіталу – Вежа вырашыў хутчэй вывучыць яго, а потым паслаць вучыцца ў Германію на інжынера‑дарожніка. Там чалавек канчаў вучобу не са ступенню магістра або бакалаўра, а са ступенню доктара. З гэтай ступенню ахвотна прымала для падрыхоўкі Англія. Вацлаў павінен быў скончыць падрыхтоўчы курс у кагосьці з кембрыджскіх прафесароў, прайсці практыку на англійскіх чыгунках і вярнуцца ў імперыю адным з майстроў сваёй справы, пасля чаго ўсё жыццё ён будзе чалавекам. Дзед спяшаўся. Яму трэба было ўзняць і гэтага.

Цяпер Вацлаў быў у шостым класе, але здаваўся замаладым для яго. Быў, праўда, танейшы за равеснікаў, але такі спрытны і моцны, што ў крыўду не даваўся. А чытаў так шмат і меў, галоўнае, столькі кніг, што ў ім сябравалі і сямікласнікі.

Вясёлы, рухавы, як жывое срэбра, дзіўна дасціпны для такога ўзросту, заўсёды гатовы нацягнуць нос начальству і пры гэтым сяброў выгарадзіць і самому не папасціся – ён быў агульны ўлюбёнец. Жанчыны здзіўлена глядзелі на яго на вуліцы, думаючы, які ж ён будзе, як вырасце.

Вацак сапраўды быў прыгожы. Валасы хвалямі, як у Алеся, вочы шэрыя, але ў блакіт, рот з прыемнай, трохі хітраватай складкай, толькі і грызці яму арэхі і жарты. Бровы ганарыстыя і добрыя.

Увесь ён быў ад Загорскіх і адначасова ўвесь свой.

Калі Сабіна ішла з хлапчукамі па вуліцы з ганарыста закінутай галавой – не было, напэўна, ніводнага чалавека, які не звярнуў бы ўвагі на гэтую кампанію.

Грэбень залацістых валасоў, вільготныя, як зялёныя каменьчыкі ў расе, вочы, уся – няўлоўная яшчарка, струменчык вадкага малахіту, якога не бывае на зямлі.

…Вакол Вацлава сабралася акрамя іншых ядро чалавек у сем. Тры сямікласнікі, тры хлопцы з шостага класа, адзін пяцікласнік.

Сямікласнікаў звалі Алесь Міладоўскі, Юллян Чарноўскі і Цітус Далеўскі. Апошні быў з небяспечнай сям'і, але ледзь не самы сціплы і добры з усіх. Глядзеў на Сабіну з адданасцю, танюткі, гарачы, як агеньчык, юнак, вельмі падобны на Вацлава.

Гэтыя шмат ведалі пра Алеся, чулі трохі пра Віктара з Кастусём. Але ці не найбольш звяртаў на сябе ўвагу аднакласнік Вацлава, невялічкі расточкам, трохі цельпукаваты шляхцюк. Аб ім па сакрэту Вацлаў сказаў Сабіне:

– Ведаеце, ён у пятым быў другі год. Ён вельмі разумны, але хваравіты і бедны і часта думае там, дзе думаць забаронена: у касцёле, у класе. Яму ёсць аб чым думаць. А яго падловяць і злуюцца. І смяюцца часам. Я над ім апякуюся. І заўсёды яго выстаўляю з лепшага боку. І хлопцы пачалі паважаць. А я з ім яшчэ гімнастыкай займаюся – і ён стаў зграбнейшы.

Трохi смешны, лабасты, але худы ў шчоках i востры ў падбароддзi, гэты хлопец наiўна цiкаваў на свет вузкiмi, як шчылiнкi, глядзелкамi, якiя нiбыта толькi што прарэзалiся. Смешнае, сiмпатычнае барсучаня. Звалi яго Франц Багушэвiч.

Быў ён значна старэйшы за Вацлава, але Сабіна не сумнявалася, што словы аб "апякунстве" не хлусня.

Адзін не ведаў добра моваў, акрамя сваёй, ды яшчэ, як гэта часта бывала ў беларускіх фальварках, падпсутых рускай і польскай. Другі, як помніў сябе, аднолькава валодаў шасцю.

Адзiн чуў размовы аб выгодным у гэтым годзе ячменi (бровары павялiчылi закупкi) i аб горшых, чым у папярэдняга, казанях новага ксяндза. Другi з дзяцiнства ведаў, у чым непрыдатная для ўмоў Беларусi аграномiя

Лібіха і як менавіта развівалася красамоўства з часоў Цыцэрона і да нашых дзён.

І яны былі аднакласнікі. Не было ніякага дзіва ў тым, што адзін, які цягнуўся да ведаў, прывязаўся да таго, хто ведаў больш, хай сабе ён і быў малодшы. Не было ніякага дзіва, што малодшы цягнуўся да старэйшага, які валодаў адным несумненным веданнем, якога не набудзеш з кнігі: як менавіта даводзіцца на кожным кроку змагацца за сям'ю, за фальварак, за зямлю, за сваю годнасць і як выкручвацца з лап мацнейшага. Веданне Франца было таксама безумоўнае і вартае: веданне жыцця і бяды знізу.

Акрамя таго, Сабіна бачыла яшчэ адно. Франц дазваляў апекавацца над сабою, пакуль у яго самога яшчэ няма гэтага беспамылковага інстынкту адрозніваць ману і праўду, чужое і патрэбнае, смецце і золата, тыранства, прыкрытае прыгожымі словамі, і яснае разуменне таго, што такое свет і якое месца займаеш у ім ты.

Гімназія рабіла з рамантычна‑ўзнёслых, летуценных і справядлівых падлеткаў будучых тайных саветнікаў, пшутаў, снобаў і барычаў, і Франц разумеў, што ён павінен трымацца таго фарпосту чалавечнасці, які хаця і па‑юначаму, але змагаўся з гэтым, і перш за ўсё Вацлава.

А душа ў яго была, і не абы‑якая. Яна толькі пачынала развівацца, але ў глыбінях сваіх даўно ўсё разумела і абяцала далёка пакінуць за сабою многія і многія душы.

Сабiна аднойчы злавiла на сабе яго позiрк. Хлапец глядзеў сваiмi вузкiмi вочкамi, i былi ў гэтым позiрку цяжкаватая дапытлiвасць, розум i адвечная – амаль не ад чалавека – прага праўды. Успамiнаючы дабрадушныя вочы юнака, Сабiна кожны раз уздрыгвала. Ёй здавалася, што гэты чалавечак раптам спасцiг усю яе.

Гэтым пакуль што не мог пахваліцца ніхто. І толькі яна сама ведала, хто яна. Ведала, што яе іранічнасць і яе розум – толькі сродак для таго, каб прыкрыць просты факт уласнай абыякавасці да жыцця.

Яна не жыла. Яшчэ з інстытуцкіх часоў. Пенсіённая сістэма забівала дваяка і не магла, дзякуючы сваёй пачварнай і ветліва‑халоднай бесчалавечнасці, не забіваць. Можна было зберагчы нешта адно: цела або душу. Пазбягалі гэтага адзінкі.

Адных яна забівала фізічна. "Божа, якія жахлівыя ледзяныя калоны, які холад у дартуарах!.. Я не магу, я хачу на Дняпро… у Ліпецк, у Кіеў, на манастырскае падвор'е, дзе заўсёды спыняецца маці і дзе грэцкія арэхі падаюць з дрэў!.. Я хачу на мелавыя данскія горы, дзе вясною жар цюльпанаў… Як холадна!.. Чаму я не магу гаварыць, як гаварыла?.. Чаму я не магу дазволіць сабе маленькі водгук "з", амаль нячутны, у слове "день"? Я не магу іначай, мой рот не так створаны, і я ж не буду актрысай, каб вымаўляць чыста…"

Такія плакалі па начах, пачыналі кашляць або прагна лавіць пах каменнавугальнага дыму і нафты. Наступала бязлітасная зялёная немач, хлароз.

Другія, мацнейшыя, сціскалі душу ў далонь, каб выжыць. "Гэтыя клоны – мармур? Дзякуй, мадам, спаць у холадзе здаравей… Імператар – душка, мы бачылі яго на акце… Я выпраўлю сваё вымаўленне, дзякуй вам… Мужчыны – гэта брутальна… Толькі тут я зразумела сапраўдную вартасць добрых манер… Гэта не нахабства ў маіх вачах, мадам, гэта пачцівасць, не злуйцеся…"

Такія выходзілі з інстытута здаровыя і ўсмешлівыя і дабіваліся поспеху, таму што ненавідзелі свет, і людзей, і адна адну.

Выходзілі са знявечанай, зламанай душой, з разважліва‑халодным сэрцам, з той абрыдлівай бабскай подласцю, якая ў сто разоў горшая за подласць мужчынскую.

Выходзілі, гатовыя ісці цераз трупы. Бедныя душы!

Свет быў варожы і халодны, але ўсё ж яна, як кожная жывая істота, не хацела ледзянець і шукала паратунку. І паратунак з'явіўся.

А гэта быў ягоны брат.

Яна вырашыла ехаць. Хлопцы раптоўна сталі ёй чужыя. Апошнія дні яна таксама сустракалася з імі, але ў душы адчувала – хутчэй адсюль.

А яны жартавалі пры ёй, спаборнічалі ў дасціпнасці і рыцарстве, смяяліся, кідаліся думкамі.

Цёмнымі вачыма глядзеў на яе Цітус Далеўскі, трымалі паядынак Юллян і Алесь. Вацлаў перадражніваў Гедыміна, ідыёта Салаўёва і ханжу Баршчэўскага, як яны гавораць вясною аб выніках іспытаў і неабходнасці трымаць гімназістаў у ёжавых рукавіцах і як кожную хвіліну адхіляюцца, пачынаючы абгаворваць паненак, што праходзяць пад вокнамі.

І дабрадушна глядзела на іх толькі што прарэзанымі вачыма барсучаня, што прагнула праўды: Франц Багушэвіч.

Падрастала другая змена паўстання…

Яна сама не ведала, што з ёю. Ледзь прыехаўшы, пачала пытаць у дзядзькоў аб Алесю. Іван хваліў маладога князя за гаспадарлівасць. Але Тодар раптам накінуўся на Загорскага за залішняе патуранне мужыкам і ўвогуле за мужыкалюбства.

– Выдумаў сабе цацку дый важдаецца з ёю. Торкае сваёй беларускасцю ўсім у вочы. Гаворыць, бы гнойнымі граблямі нешта растрасае.

– Не звятрай увагі, – сказаў Іван.

Сабіна шукала сустрэчы. Паехала да Мсціслава, мяркуючы, што, можа, сустрэне яго там. Мсціслаў ні аб чым не здагадаўся, сказаў ёй, што Алеся ў яго другі тыдзень не было, і калі яна сустрэне яго, хай кіне яму ў вочы вось гэтую пальчатку, што ён тут забыў, маўляў, калі не заедзе днямі, то дуэль.

– Чаму ягоную пальчатку, а не вашу?

– А чаго я сваімі пальчаткамі раскідацца буду?

Пальчатку гэтую Алесь Загорскі не атрымаў.

Паехала яна і да Хаданскіх, не ведаючы, што яны ў сварцы з Загоршчынай. Але і з гэтай паездкі не атрымала нічога. Хіба толькі зрабіла ўражанне на Іллю, які ўжо быў у роспачы, чакаючы канца сваёй раўбічаўскай эпапеі.

Жыла яна ў сваім доме пры бровары, а да дзядзькоў заязджала рэдка, ды прытым была паглыблена толькі ў свае думкі і не заўважыла і другога: частых наездаў гасцей да Івана і Тодара. Ці то яна бачыла іх, але не звятрала ўвагі. А госці былі даволі падазроныя. Прыязджалі хаваючыся. Ад'язджалі ўначы. Вялі доўгія патаемныя размовы з гаспадарамі.

Былі гэта найбольш тыя людзі са шляхты, якія вялі гандаль і шалёна супраціўляліся дзейнасці пана Юрыя, а потым старога Вежы. Ім надыходзіла зараз апошняе разарэнне: выкупу не хопіць і на пашырэнне маленькіх гут і пільняў, душ у кожнага пяцьдзесят – шэсцьдзесят. Зямлю так ці іначай не зберажэш, а грошай не будзе і на тое, каб наняць былых прыгонных.

А тут яшчэ багатыры канкурыруюць. А тут яшчэ чырвоныя Загорскія рвуць зямлю з‑пад ног, падлы, журботнікі над малодшым братам. Ім лёгка тужыць, а паспрабуй патужы ты.

Сярод гэтых узлаваных, даведзеных да крайнасці людзей з'явіўся раптам багаты Кроер. Гэтаму не было прычыны хвалявацца: жыў бы і без прыгону. Але ён ненавідзеў самую думку аб волі і аб тым, што ён не будзе мець фізічнай улады над людзьмі.

Акрамя таго, ён баяўся. Баяўся Войны і Корчака, якія гойсалі па пушчах і з якімі нічога не мог зрабіць Мусатаў, баяўся нападу, баяўся таго, што хлопы сталі "нахабныя", што яны ўсё больш і больш адчуваюць свой гонар.

Гэтага баяліся і іншыя. З двух бакоў насоўвалася страшная небяспека: з боку багатых Клейнаў, Загорскіх, Раўбічаў і іхніх заможных шасцісотгадовых збраяносцаў, усіх гэтых Раткевічаў, Кальчуг, Юдэнічаў, з боку Турскіх, Івіцкіх‑Лаўраў, з боку адроддзя магутнага старога дрэва – Ракутовічаў, з боку ўсяго гэтага пераплеценага сваяцтвам, традыцыямі і паданнямі клана, які зараз "чырванеў" на вачах, і яшчэ з боку мужычча, якое адчула сваю сілу і значнасць.

З двух бакоў чакала смерць, пагібель, галеча. І таму трэба было бараніцца аж да зубоў. І тут ужо нікому не было клопату, што Кроер і Таркайлы – беларусы, Панафідзін і Іваноў – рускія, Аўгуст Дзержак – паляк, а Сабаньскія‑Юнашы і Стахоўскія‑Агеньчыкі лічаць сябе палякамі. Наадварот, людзі, падобныя да апошніх пяці, галасней за беларусаў лямантавалі аб "gente albarutenus"[44], аб тым, што яны зжыліся і цяпер больш беларусы, чым "гнілыя заходнікі і сацыялісты" Загорскія; лямантавалі аб традыцыях і патрэбе "скуць мячы на абарону правоў спрадвеку чыстага шляхецтва, якое надае высакароднасці і ім". І таму ўсе яны былі кранальна аднадушныя ў патрэбе "ўзняць меч".

На вачах складалася арганізацыя, якая сваёй падступнасцю за нейкія тры гады запаскудзіла ўсю гісторыю Прыдняпроўя і нават потым мела два кароткія рэцыдывы: пасля забойства Аляксандра і ў 1904 годзе. Складалася самая абрыдлівая за ўсю гісторыю Беларусі грамада, якая каштавала жыцця ледзь не дзвюм сотням чалавек.

Складалася "Ку‑гa", прыдняпроўская мафія.

"Ку‑га" існавала вельмі нядоўга і паспела забраць параўнаўча мала ахвяр толькі дзякуючы агідзе мясцовых жыхароў да забойства ў спіну.

Начальства заплюшчвала вочы і на дзейнасць грамады, і на яе знішчэнне. А вынішчалі грунтоўна, не падкапаешся. І той, хто пацікавіцца гэтым пытаннем, павінен будзе толькі прагледзець статыстычныя лічбы. За два гады на тэрыторыі Магілёўшчыны загінула "ад ваўкоў" больш людзей, чым за мінулыя трыста год. Прычым чамусьці сярод тых, што загінулі, не было сялян, а ўсё больш шляхта (да сотні душ), гаспадары дзвюх‑трох будаў ці гут і іншыя такія самыя людзі. Якой мераю дасі, такой і аддадуць. Супраць "Ку‑гі" выступілі "воўчыя братэрствы", аб якіх даволі многа і даволі негрунтоўна пісаў Доўнар‑Запольскі.

 

…Сабіна Марыч не звяртала ўвагі на гэта. Яна шукала Алеся. А скончылася ўсё нечакана проста, і тон іхняй апошняй размовы не пакідаў ніякіх надзей на тое, што для Сабіны можа нешта змяніццца ў лепшы бок.

Яны сустрэліся і шмат гаварылі, і яна сказала яму, што свет робіцца лепшы, калі ў ім сустракаеш такіх людзей, як ён. І тады Алесь, нібы раптам зрабіўшыся відушчым, сказаў:

– Не трэба гэтага, Сабіна. Для вас я сусед і друг, як Раткевіч, як іншыя добрыя людзі. Зробіцца дрэнна – паможам. Ваш вораг – наш вораг. Ваш сябра – наш сябра. Вось і ўсё.

Яна бласлаўляла бога, што не паспела далёка зайсці, што не дайшла да апошняга прыніжэння.

– Я гэта і мела на ўвазе, князь. Я стаўлюся да вас, як да пана Юлляна.

– Вось і добра.

– І мне хацелася б ніколі зрабіцца для вас тым, што Хаданскія і Раўбічы.

Ён разумеў, што гэта ўдар, магчыма, нават лёгкая пагроза. Алесь ведаў – яна не паспела далёка зайсці, і радаваўся, што адсек адным ударам усе размовы. Але ён таксама ведаў, што ў думках яна зайшла далёка і цяпер нізавошта гэтага яму не даруе.

– Так, – сказаў ён. – Гэта сапраўды было б непрыемна. Асабліва для мяне.

Яна здагадвалася і раней, чаму яму непрыемна варожасць з Раўбічамі, а цяпер даведалася пра ўсё.

Святло пацьмянела.

Ёй нельга было жыць без яго. Раней – і ў марах – як без каханага. Цяпер – як без недасяжнай і адзіна патрэбнай істоты. У недалёкім будучым – як без ворага.

 

Міхаліна праз няньку Тэклю паведаміла Алесю, што яна зноў, трэці раз за гэтыя месяцы, выбіраючы час найлепшага яго настрою, зрабіла спробу пагаварыць з бацькам аб варожасці да Загорскіх.

Яна пісала, што гэта цяпер было больш чым цяжка. Наваколле не ведала, чаму пасля нападу Корчака на маёнтак Раўбіч асабліва змяніў свае адносіны да маладога князя. Алесь нікому нічога не расказваў. Раўбіч таксама маўчаў. Ведалі, што Алесь з табуном прыскакаў яму на дапамогу, а наконт далейшага хадзілі розныя чуткі. То казалі, што Загорскі спазніўся і бандыты ўжо зніклі, падпаліўшы дворныя пабудовы і не забіўшы пана, бо не хацелі залішніх ахвяр і вялікай аблавы. То гаварылі аб тым, што Загорскі ледзь не сапсаваў справы, яшчэ здалёк распачаўшы страляніну, бо трохі баяўся, што было цалкам натуральна. Гаварылі і аб нейкай вялізнай страшнай спрэчцы (выводзілі яе лагічнымі збудаваннямі), у якой нібыта абодва бакі асыпалі адзін аднаго ўзаемнымі абразамі. А хто казаў, што Алесь наогул не даехаў. Але ніхто нічога не ведаў.

Майка паведаміла, што паспрабавала растлумачыць бацьку ўсё.

Размовы, аднак, не атрымалася. Пан Яраш, каторы ўжо раз, спыніў яе і заявіў, што, калі яна кіне яшчэ хоць слова пра Загорскіх, ён – хоць ніколі не сказаў ёй нават грубага слова – ні з чым не палічыцца і завязе яе ў манастыр, да цёткі‑ігуменні, на дадатковае выхаванне. Гады на чатыры.

Алесь, дачуўшыся аб гэтым, паскакаў да Раўбічаў і дзень гойсаў па гаях вакол маёнтка, пакуль Тэклін пляменнік не адшукаў яго там і не папярэдзіў, што з'яўляцца тут небяспечна, бо пан Яраш перахапіў запіску паненкі Міхаліны, падазрае, што перадавала іх Тэкля.

І Тэкля просіць, каб паніч не з'яўляўся, бо яго могуць падпільнаваць, бо Міхаліна амаль у турме, і Алесь можа толькі папсаваць усё і паненцы і ёй, Тэклі. І яна, Тэкля, абяцае: калі гнеў пана пройдзе – паведаміць Алесю.

Загорскі задыхаўся.

– Хлопчык, мілы, скажы ёй: калі ёй дадуць вольную – я яе да сябе вазьму. Хай перадасць адно слова – дзе можна сустрэцца.

Хлапчук чухаў адной босай нагой другую:

– Яна, дзядзька князь, казала, што есці ёй і так хопіць. Грошы, дзякуй богу, ёсць. Яна казала, што паненку кінуць не можа, бо той адной зусім дрэнна будзе. Едзьце вы, казала, калі ласка.

Загорскі зразумеў: пакуль што нічога не зробіш. Пакуль за Міхалінай і ўсімі, хто верны ёй, сочаць – трэба не насцярожваць Яраша і Франса. І ён паехаў да дзеда.

… Дзед, здаецца, ведаў усё і не ўсё з таго, што рабілася, ухваляў. Падумаеш, маўляў, рыцар бедны. Трыстан – трубадур і менестрэль, капуста а ля правансаль. І, нібы жадаючы паказаць Алесю, што ёсць і іншы погляд на рэчы і таму няхай асабліва не ідэалізуе, літаральна дапякаў яго з'едлівымі, несправядлівымі, але з гэтай прычыны яшчэ больш дасціпнымі разважаннямі аб жанчынах, іхніх адносінах да жыцця, мастацтва, мужчын і поспеху ў жыцці. Бачыў, што ўнук нібыта перастае быць мужчынам, і таму свядома прышчапляў атруту.

"Рыцар бедны" і злаваўся і адчуваў, што яго лечаць, і не мог не рагатаць, з такой смешнай злосцю і так падобна на праўду гэта гаварылася…

Ён не ведаў, што дзед ніколі не дазволіў бы сабе гаварыць так, каб яму не верылі. Асабліва ў такой вялікай справе, як надаванне гарту душы ўнука.

І Алесь сапраўды адчуваў, што яму лягчэй.

Яны гулялі над возерам. Дзед ішоў надзіва вальяжны і прыгожы, хіба што толькі трохі больш павольна, чым дзевяць год назад. Гумарыстычныя зморшчынкі ляжалі ля цвёрдых вуснаў старога вальтэр'янца.

– Ты думаў над тым, чаму яны так любяць займацца мастацтвам? Таму, што ў глыбіні душы пякуча адчуваюць сваю абдзеленасць у гэтым сэнсе. Разумеюць, што тут нічога не зробіш, але хочуць пераканаць мужчын, што гэта не так.

– Супярэчыце сабе, дзеду. Адкуль жа ў іх тады думкі?

– Вельмі проста. Ад першага мужчыны, які вучыў іх мастацтву. Ну і трохі, наколькі дазваляў мозг, развінутыя і дэфармаваныя. Так усё жыццё і таўчэ. У жыцці ёй станоўчая маральнасць чужая. Ведае яна толькі адмоўную – сорам. Ну, а ў мастацтве ў яе і адмоўнай няма.

Алесь успомніў Гелену.

– Гэта няпраўда, дзеду… Я кажу пра жыццё.

– Яны, браце, неэстэтычны пол. Грэкі былі несамыя вялікія дурні, калі не пускалі іх у тэатр. – Усміхнуўся: – Прынамсі, можна было хаця нешта чуць.

– Нават калі так – яны бласлаўляюць нас на подзвігі. Уся паэзія – ад кахання.

– Скажы: уся пагібель паэзіі ад кахання. Мільтан правільна сказаў сваёй жонцы: "Любая мая, табе і іншым – вам хочацца ездзіць у карэтах, а я жадаю аставацца сумленным чалавекам". На жаль, пераважная большасць людзей аддае перавагу карэтам перад перакананнямі. А жанчына – яна заўсёды скажа: "Праменні – гэта галоўнае ў сонцы"; рэдка скажа: "Сонца кідае свае праменні" (гэта толькі адна Яраслаўна дадумалася, дый то са слоў паэта), і ніколі не скажа, як Дантэ: "Змоўк сонечны прамень…" Э, браце, нават лепшыя ў іх – дзяцінныя і каротказорыя.

І спытаў раптам:

– Ты чытаў добрых паэтаў‑жанчын?

– Сафо.

– То я і заўважаю, што ёй усё жыццё была ў цяжар яе жаноцкасць.

– Але ж паэтэса.

– Гэта яе такой Фет у перакладах зрабіў, – без вагання сказаў дзед.

– Дык, можа, яшчэ з'явіцца.

– За тры тысячы год не з'явіліся, а тут з'явяцца. Натура не робіць скачкоў.

Немагчыма было з ім спрачацца, заўсёды ён меў рацыю.

– Ты, дзеду, зусiм як магiлёўскi Чурыла‑Барановiч, – не вельмi выхавана сказаў раззлаваны Алесь. –

Магілёўскі Дыяген. З усяго здзекуецца, кпіць ды смяецца.

Дзед зрабіў выгляд, што не чуў:

– Хто такі?

– Я ж кажу: губернскі Дыяген. З дзівацтвамі. У доме вар'ятаў быў.

– Добрыя дзівацтвы, – сказаў дзед. – За іх і ўзялі?

– Не, сапраўды. Ідзе вуліцай і рагоча.

– Ну‑у, каб гэта ўсіх браць, хто ў нас у краіне на вуліцах рагоча…

Алесь толькі рукамі развёў. А дзед ужо казаў далей:

– Ты не прымай усяго блізка да сэрца… Быў такі ў дванаццатым стагоддзі разумны‑разумны папа Інакенці трэці. Напісаў ён трактат: "Аб пагардзе да свету". Трэба табе пачытаць ды над сім‑тым задумацца… Урэшце, нашто чытаць? Вось паслухай, што ён аб жыцці кажа… Ра‑азумны быў! "Чалавек створан на няшчасце, не з агню, падобна як свяцілы нябесныя, не з вады, як расліны, а з аднаго рэчыва з жывёламі, таму і церпіць роўную з імі долю. Крыніца зла – ягонае цела, што заняволіла сабою дух і стала для яго турмою. Добрыя пакутуюць не менш за злых, – "калі не больш", – дадаў дзед. – Жыццё ёсць барацьба. Чалавек вядзе яе з падобнымі сабе, з натураю, са сваім целам і з д'яблам. Не мінае дня, каб да асалоды не прымешваліся гнеў, зайздрасць, страх або нянавісць. Жыццё не што іншае, як жывая смерць, таму што мы паміраем, пакуль жывём, і лепей памерці зажыва, чым жыць мёртвым". – Падумаў‑падумаў: – Зрэшты… дурань ён быў, гэты папа. За што і абралі.

…Шмат займаліся справамі.

Прыбылі, урэшце, выпісаныя з Англіі малатарні і насенне. Многія прыязджалі глядзець на іх. Прыехаў і Іван Таркайла. Бегаў вачыма, разглядаючы:

– Што, толькі сваё малаціць будзеце?

І сялянскае. За невялікую плату. Выпішу яшчэ – можа, больш заможныя купяць, а менш заможныя хай бяруць, скажам, удзесяцёх.

– А бабы што ўзімку будуць рабіць?

– Глупства. Хай ткуць палатніну на продаж. Хай вучацца рабіць сарпінкі, міткаль. Промысел будзе. Скора будуць свае два аграномы.

Таркайла не вытрымаў:

– А не баіцеся?

– Чаго?

– З'явіліся нейкія людзі. Нядаўна за гэтыя рэформы Арсена Стрыбаговіча спалілі… Сына ягонага падстрэлілі. Усё чыста дымам пайшло: і будынкі, і сцірты, і завод… Сын ледзь ачуняў.

– Гэта вы пра тую "Ку‑гу"? – сказаў Алесь. – Куга – яна і ёсць куга балотная. Куды вецер, туды і яна гнецца. А паспрабуюць на мяне вякнуць – вылаўлю ўсіх.

– Ды я хіба што кажу, – адступіў Таркайла. – Я і сам гэтых вырадкаў ненавіджу. Сам бы ўсё гэта завёў, ды пабойваюся. – Я – не вы. Спаляць. Нядаўна сустрэлі на дарозе лёкая майго Пятра ды запіску перадалі.

І Таркайла падаў Алесю шматок паперы. У левым верхнім кутку было груба намаляванае вока пугача з пяром‑брывом. Ніжэй ішлі літары, ірваныя ад дрэннай паперы і вадкага атраманту.

"Бачым! Пойдзеш за Стрыбаговічам, возьмеш на пільню па вольным найме людзей – труна… Сёння зроблена – заўтра атрымаеш вяроўку, паслязаўтра не павесішся – праз дзень палім тваё пудзіла на Чырвонай гары ці на іншай высокай. Убачыш, не знікнеш – чакай савы. І іншым перадай, будзе ім тое ж…"

Ніжэй быў намаляваны крыж. Алесь усміхнуўся:

– Дайце мне.

– Што вы, – ціха сказаў Іван. – Ніколі!

Дрыжачымі пальцамі схаваў паперку:

– Заб'юць. Было ўжо так. Ніхто не скардзіцца. У іх, кажуць, у судзе рука. І вам не раю, калі часам атрымаеце…

– Ну глядзіце. А атрымаць‑то я павінен быў першы. У мяне паўсюль па вольным найме людзі. Нават з маіх прыгонных.

– Я і кажу: сцеражыцеся… І маўчыце… Маўчыце… Хрыстом прашу.

Падышоў Вежа. Іван нібы надумаў новае:

– Усё гэта добра, навіны гэтыя. А капітал абаротны скуль?

– Я дам, – сказаў Вежа

– Яму дасцё. А ўсiм iншым хто дасць? На якiя такiя шэлегi яны вучыцца будуць? – I дадаў: – Алесю Юр'евiчу з вамi пашанцавала. Са срэбнай лыжкай у роце нарадзiўся.

Паехаў. Алесь здзіўлена раздумваў. Нашто гэта яму было? Дапамогі на ўсякі выпадак шукаў? То паможам, як спатрэбіцца.

І Алесь махнуў рукою на здарэнне з Таркайлам. "Ку‑га", "шму‑га" – лухта якая!

…У жніўні невядомыя людзі конна вылецелі з пушчы на вітахмоўскую бурачную плантацыю. Трыццаць чалавек са стрэльбамі. Ніжняя частка аблічча ў кожнага завешана белым муслінам, каб дыхаць.

На гэтай дзесяціне першы год рос гонар і крывавы пот Алеся: з вялікімі цяжкасцямі, ледзь не зладзействам і хабарам здабыты з поўдня гатунак бурака "Залаты", з колькасцю цукру да дваццаці васьмі працэнтаў супраць звычайных шаснаццаці – дваццаці. Гаспадарка, дзе рос "Залаты", належала барону Мухвіцу, генеральнаму дырэктару суполкі "Мінерва", і была пад Вінніцай. Насенне Герман Мухвіц дастаў недзе ў Аўстрыі (ён быў яшчэ і член адміністрацыйнай рады Варшаўска‑Венскай чыгункі), таксама ледзь не ўкраў і сцярог, трымаючы зубамі. Чалавека, які здабыў Алесю насенне, выгналі са службы, і давялося ўзяць яго на свё ўтрыманне.

Іншыя служачыя наадрэз адмовіліся гаварыць з Выбіцкім.

Вакол "Залатога" хадзілі ледзь не на пальчыках. Плацілі мужыкам і бабам удвая за апрацоўку кожнага рада. Алесь спадзяваўся, што праз год трэць плантацый будзе засеяна сваім "залатым" насеннем.

І тут здарылася.

Пад шалёнае "ку‑га" невядомыя стрэламі адагналі працуючых і пачалі гайсаць па дзесяціне, выбіваючы яе капытамі, як ток. З лесу вылецелі каля дваццаці фурманак, распаўзліся па плантацыі і пачалі паліваць з бочак сакавітыя зялёныя рады густа‑салёнай ропай.

Людзі пабеглі ў Вітахмо па дапамогу. А пакуль на плантацыю кінуўся Андрэй Пахвіст, аконам Сцюдзёнага Яра, што выпадкова апынуўся ў Вітахмо. Кінуўся адзін: ратаваць.

Прыбег і ўбачыў шабаш знішчэння: струмені ропы, цені коннікаў, што лёталі па полі. Выгукі, сакавітае храбусценне гічкі, стрэлы ў паветра.

Аконама набілі і прагналі з плантацыі.

– Перадай: будзе навіны заводзіць – прырэжам.

Праз гадзiну, убачыўшы, як з боку Вiтахмо бягуць са стрэльбамi людзi, невядомыя абсеклi пастронкi i,

кінуўшы новыя бочкі разам з калёсамі ў разорах, прыпусціліся ў пушчу.

Людзі рынулі за імі, але адтуль ірвануў залп, і гнацца далей збаяліся.

Поле было – змешанае з гразёю тулкавіска[45]. Алесь ужо назаўтра ўбачыў, што ропа зрабіла сваю справу: гічаны, там, дзе яны ўцалелі, былі як зморшчаны сухі тытунь.

Ён загадаў выкапаць найбольш ацалелыя карані, перанесці пад аранжарэю і даглядаць, як ружы, загадаў шчодра паліваць поле вадой – а можа? – але сродку змагацца з гэтым у аграномаў не было: ніхто не сее бурак на саланчаку, з неба не ідуць салоныя дажджы. Уратаваць удалося не больш як дзесяткі тры каранёў.

"Залаты" загінуў.

Пахвіст дзёр на сабе валасы.

– За што?

– За тое, што кадлуб длугі, а ногі крутке, – змрочна казаў дзед. – Уцячы не паспеў… Ну до, до, мецьмеш за крыўду.

– Сволачы, – сцяўшы зубы, сказаў Алесь.

Дзед сумна ўсміхнуўся:

– А што такое мера добрага ці дрэннага? Шмат у каго – кішэнь. Дзеля яе іншы не тое што бурак – чалавека стопча.

– Скардзіцца будзем? – спытаў Пахвіст.

– Не, – сказаў Алесь. – Скінь з вітахмоўскіх мужыкоў палову нядоімкі. Прыбаў на цукроўнях вольнанаёмным шэсць грошаў на гадзіну. Вартаўнікам – стрэльбы, і, калі ўбачаць такога, завешанага, – вусны Алеся жорстка скрывіліся, – хай страляюць яго ў маю галаву. І мужыкі, калі заўважаць, хай страляюць.

– Правільна, – сказаў дзед. – То, кажаш, шляхта?

– Канечне, шляхта, – сказаў Пахвіст. – Гаворка выдае. Дый нашто мужыкам на добрыя для іх навіны скадзіцца.

– Ясна, – сказаў дзед. – Вось мы iм мiну i падвядзем. Паглядзяць мужыкi, як Загорскiм шанцуе, дык, глядзiш, кагосьцi са сваiх i цокнуць абухом у лоб.

А праз тыдзень здарылася яшчэ горшае.

Стафан Кагут, старэйшы і пакуль адзіны жанаты з братоў, Юллян Лапата ехалі на адным возе з Сухадола. Вазілі сёе‑тое прадаць. Прадаўшы, купілі чвэрць гарэлкі, узялі з яе па чарцы, пад хатняе сала, ды па другой, астатняе закаркавалі і паклалі пад посцілку: у Кагутовых пачыналі капаць студню два майстры, то хоць пры пачатку і не належыць, а напаіць трэба, няхай не кажуць, што Кагут скупірака.



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.