Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Дагератыпная майстэрня 14 страница



Так званыя "вяршкі грамадства", разбэшчаныя наскрозь, звар'яцелыя ад выраджэння, тупыя, кіравалі людзьмі, якія ва ўсіх адносінах былі вышэйшыя і лепшыя за іх. Унутранымі справамі Расіі тры гады кіраваў Бібікаў, адзін з найбольшых містыкаў таго часу; ён рэгулярна па начах выклікаў дух нябожчыка сына, які памёр у Дрэздэне, і нібы гутарыў з ім. І такія людзі маглі казаць бязвольнаму цару словы падзякі за тое, што ён вызваліў "20 millions de pauvres petites shevilles"[41]. Нават дэмагогу Валуеву гэта не спадабалася.

"Бедныя болцікі" рабілі найвышэйшую справу на зямлі, прымушалі зямлю раджаць. А тыя, хто сядзеў над імі – арганчыкі, спірыты, вернападданыя балваны, эратаманы і педэрасты, жывёлы, што елі з падлогі, – якую справу рабілі на зямлі яны?! Ніякай, акрамя арганізаванага рабунку, марнатраўлення жыцця і смактання апошніх сокаў з гэтай няшчаснай зямлі. Нездарма самыя цынічныя і разумныя – а магчыма, і легкаважныя – з іх казалі пра puces qui vont chercher leur ptyre jusque des régdions interdites[42].

Растоўцаў таксама быў спірыт і містык. Аднак гэта не перашкаджала яму змагацца за зямныя даброты. Я не ведаю, ці лічыў ён, што цень чалавека на тым свеце атрымлівае ў аднаасобнае карыстанне цені тых рэчаў, якімі валодаў на зямлі. Але было падобна на тое. А можа, ён проста лічыў, што іншыя людзі як сабе хочуць, а ён, Якаў Растоўцаў, ніколі не памрэ. І сапраўды, яму было ў той час толькі пяцьдзесят шэсць год, і мінула ўсяго трыццаць тры гады, як у казцы, з таго часу, калі ён здрадзіў дзекабрыстам. Ён паспеў стаць мярзотнікам у дваццаць два гады, калі большасць не паспявае яшчэ зрабіцца нават проста людзьмі, а не тое што страціць гонар і прыстойнасць. І ён ведаў, што здраджаныя ім загінулі, як і тысячы іншых (сумленныя, часцей за ўсё, мала жывуць), а ён існуе.

Ва ўсякім разе, ён трымаў сябе так, быццам быў бессмяротны, і імкнуўся як мага хутчэй здзерці сабе і тысячам такіх, як сам, усё, што магчыма – і больш за гэта – з народа, які "высочайше доверили" яму.

Вежа бурчаў:

– Старая шлюха! Як ён у вочы здраджаным глядзіць? Яны ж, некаторыя, вярнуліся з астрогаў, часам даводзіцца глядзець у вочы. Баіцца. Каб тыя, на Сенацкай, не стаялі, а ўзялі іх усіх у рукі – Яшку б першаму на слупе вісець.

Але "старой шлюсе" не было аніякай справы да таго, што аб ім думаюць. Ён спяшаўся хапаць. Хапаць як мага, колькі стане сілы. Хапаць, нават пакідаючы пасля сябе голую зямлю. Яму аставалася жыць, калі пачаліся пасяджэнні рэдакцыйных камісій, дзесяць месяцаў і дваццаць сем дзён, але ён гроб і дзёр, вельмі нагадваючы таго чалавека, з якога смяяўся пераапрануты анёл казкі, бо той выбіраў сабе на рынку як наймацнейшыя, прынамсі на год, пантофлі, не ведаючы, што заўтра раніцай яго абуюць у іх, кладучы ў труну. Памёр ён 6 лютага 1860 года, нарабіўшы перад гэтым колькі мог злога.

На гэтым, уласна кажучы, ён мог бы і скончыць, як усе людзі на гэтай зямлі, але ваяўнічы "старец" не ўгаманіўся і пасля смерці, спрабуючы, насуперак усім законам натуры, і з таго боку магільнай пліты ўплываць на справы асірацелай без яго зямлі.

Гэтая не зусім звычайная і пад корань падсякаючая злашкодны матэрыялізм гісторыя адбылася нешта на пачатку студзеня 1861 года. Маніфест аб вызваленні яшчэ не было, і, зразумела, нябожчык яшчэ блукаў па сваёй кватэры, занепакоены, як жа гэта ўсё абыдзецца без яго.

У пакоях былой кватэры Растоўцава жыў генерал‑ад'ютант Пуцята, таксама спірыт, чалавек, які выклікаў д'ябла і пагражаў яму, што ў выпадку ідэйных рознагалоссяў ён паскардзіцца на яго обер‑пракурору сінода і камітэту міністраў.

Па сумяшчальніцтву з містыкай гэты чалавек займаўся яшчэ выхаваннем юнацтва ў духу адданасці радзіме і прастолу, таму што займаў пасаду начальніка штаба ваенна‑навучальных устаноў, і такім чынам, ваенная моц імперыі часткова залежала ад прывідаў, а здані, што насялялі пакоі генерала, – ад яго служэння ваеннай магутнасці дзяржавы, а за гэта служэнне Пуцята атрымліваў цалкам матэрыяльную пенсію і сімвалічныя чыны і ордэны. Такім чынам Пуцята на практыцы вырашыў адзінства матэрыяльнага і ідэальнага ў прыродзе.

На пачатку студзеня ў пакоях Пуцяты чутны былі дзівосныя гукі. На пытанне: "Ці не Якаў Іванавіч?" – пачуўся трохкратны стук у дзверы, і па пакоях павеяла магільным холадам.

Потым магічны аловак даў на зададзеныя пытанні наступныя адказы:

– Што табе патрэбна тут?

– Агонь, – адказаў аптымістычна настроены мярцвяк.

– Для чаго?

Схільны да рашучых дзеянняў, ваяўнічы нябожчык адказаў:

– Ваяваць!!!

– Каму ваяваць?

– Міністрам.

Пэўна, здань даведалася ў нематэрыяльным свеце аб нечым ганебным для яе гонару, чаго яна не ведала на зямлі.

– З кім?

– З падступным князем Канстанцінам.

– Які канец?

– Уседзяржыцель! Магіла!

Устрывожаны і ўражаны да глыбіні душы, Пуцята зрабіў даклад аб гэтым Мураўёву‑вешальніку, у той час міністру дзяржаўных маёмасцяў, а той – графу Адлербергу, міністру імператарскага двара і ўдзелаў, пасля чаго яны ўтрох падзяліліся гэтай астральнай размовай, вядома ж, з шэфам жандараў і начальнікам трэцяга аддзялення Далгарукавым, тым больш што ён быў не абы‑якім знаўцам тагасветнага яшчэ з часоў справы Сялецкага[43]. Спачатку думалі даць ход справе, але Растоўцаў быў мёртвы, а флюіды – рэч ідэальная, і пасадзіць іх нікуды нельга. Таму раздумалі.

А паколькі сігналы былі трывожныя – усе чацвёра ўпалі ў паніку і доўгі час знаходзіліся ў разгубленасці, што ж цяпер рабіць?

…Але да скону Растоўцава яшчэ аставаўся час, а рэдакцыйныя камісіі не згаджаліся з ім да канца. Без зямлі вызваляць было нельга, бо "мужык" – гэта не толькі яго ўласнае, нікому не патрэбнае жыццё, не толькі яго "побыт", але яшчэ і плацёж дзяржаўных павіннасцяў. Акрамя таго, улічвалі, што вольнаму бездамоўніку не трэба шукаць сякеры ў сенцах, а касы – на другім канцы сваёй сенажаці, дзе ўчора забыўся на яе. І тое і другое было заўсёды пры ім.

Вырашана было зямлі даць больш, а павіннасці зменшыць, хоць і не настолькі, як аб тым лямантавалі Магілёўская, Цвярская і яшчэ адна‑дзве губерні. Нельга было дапусціць, каб беззямельны замнога аддаў былому пану, – скарбніца дзяржавы была спустошана. Замест вотчыннай улады было дэмакратычна прапанавана сялянскае ўпраўленне… пад наглядам паліцэйскіх органаў.

Камісіі працавалі пяць месяцаў і скончылі чарнавы праект, але адразу пасля гэтага пачалася валтузня і віск "пакрыўджаных". У Пецярбург ляцелі заўвагі ад тамбоўскіх, тульскіх, маскоўскіх паноў. Цара заклікалі не даваць веры "лібералішкам". Дэпутаты ад губернскіх камітэтаў паехалі ў сталіцу рабіць змены ў праекце.

– Я туды не паеду, – сказаў дзед. – Загадзя скажу, што будзе. Мяккацелыя пачнуць дабівацца неадкладнага выкупу, няцяжкага для іх, суда і публічнасці, а гасудар, у невымоўнай сваёй літасці і ўвазе да тых, хто любіць прастол, пакажа ім хвігу.

Як у ваду глядзеў. Сапраўды, на ліберальным цвярскім "адрасе пяцёх", "ни с чем не сообразном и дерзком до крайности", было накрэслена гасударам "замечание авторам" за "неправильные и неуместные свои домогательства".

Лібералы Масквы прасілі аб маленечкім прадстаўніцтве і атрымалі ў адказ толькі тры словы:

– Ишь, чего захотели.

Заўвагі камісіі – нават гэтыя заўвагі! – палічылі занадта левымі і выправілі.

Але на практыцы не было дадзена і гэтага. Адразу пасля таго, як Растоўцаў накіраваўся ў сваё, такое неспакойнае для ўсіх, замагільнае падарожжа, на яго месцы сеў міністр юстыцыі граф Панін, таксама спірыт, і падтрымаў крайніх "правых". Нормы зямельных надзелаў былі зменшаны, павіннасці – узраслі.

Алесь лазіў па сходах, мастках і кацельных памяшканнях цукроўні. У гэты час – пачатак красавіка – яна амаль не працавала. Толькі ў адным з цэхаў ішла апрацоўка яшчэ з восені нарыхтаванага паўфабрыкату. Зрабілі запас, каб не было вялікіх прастояў.

Ішла крышталізацыя і прабелка цукру. Алесь ішоў уздоўж рада, аглядаючы бляшаныя і гліняныя прабелачныя формы.

– Колькі людзей працуе падчас таркавання буракоў?

– У дзвюх зменах мужчын‑чорнарабочых – дваццаць пяць, жанчын – каля двухсот, – адказаў чырвоны, як памідор, сівавусы цукравар – механік з Гамбурга.

– Ну вось, а цяпер пяцьдзесят, – сказаў Алесь. – Амаль на чвэрць знішчана сезоннасць, пан Ліхтман. А вы пратэставалі супроць паўфабрыкатаў.

– Я і цяпер пратэстую. Цукар горшай якасці.

– А колькі бурака гіне падчас завальнай працы? Нагамі па ім ходзяць, гніе ён, у малясе павышаны працэнт цукру. І потым… няхай горшая якасць. Вы маеце пенсію круглы год, і вам трэба хоць раз падумаць, што адчувае сезоннік. Пяцьдзесят чалавек атрымліваюць свае грошы на пачатку красавіка, як быццам гэта дзесятае кастрычніка, пачатак поўнай загрузкі цукроўні.

Ён амаль бегаў пыльнымі пераходамі, шмыгаў у люкі, спускаўся ў кацельную, дзе чырвоныя, як гномы, качагары махалі шуфлямі. У кацельных свістала пара, дробна дрыжалі льсняныя ад масла цыліндры. Працавала паравая машына высокага ціску на дзесяць конскіх сіл, што прыводзіла ў рух цэнтрыфугі.

…Усё, здаецца, ладзілася. Скончаць адбелку – трэба пачынаць рамонт гэтай цукроўні. Вялікі рамонт: мураваны будынак на тры паверхні, два будынкі драўляныя. Пашырэнне другой цукроўні, устароўка на ёй машын і посуду, купленых у Англіі і Берліне. Пабудова асобнага будынка яшчэ на два паравыя катлы.

Выбіцкі, немец і майстры ледзь паспявалі за ім. Майстроў на гэтай цукроўні было пяць, усе беларусы: майстра – механік, каваль, слесар, меднік і сталяр.

– Тры гідраўлічныя прэсы, – казаў Алесь. – Тры, што патрабавалі рамонту. Механік!

Механік быў падобны на корч: тупы з выгляду, страшны мужык. Так усе і лічылі. Але Загорскі аднойчы бачыў, як ён, правяраючы каласнікі, адзін у кацельнай, стаяў, абапершыся на шуфель, і, заліты чырвоным ззяннем, заплюшчыўшы вочы і пяшчотна пагойдваючыся, спяваў: "Не для мяне яна, вясна, не для мяне Дняпрова повень". Спяваў прыгожым душэўным тэнарам.

– Маленькі, з шасцідзюймовым пістонам, адрамантавалі, – сказаў механік. – Два вялікія, дванаццацідзюймовыя, – вось‑вось…

Алесь здзіўляўся, чаму гэта большасць людзей нібы саромеецца гаварыць пра грошы і свае да іх адносіны. Гаспадарка – калі ласка, палітыка, мастацтва, трасца, халера, хоць зараз. А як грошы – стоп!

Вядома, грошы былі "агідным металам", "нікчэмным металам", але пакуль што ўсім даводзілася жыць у свеце, дзе без іх не абыдзешся. І не маглі ў гэтым свеце існаваць ні гаспадарка, ні палітыка, ні мастацтва – не пацершыся аб той метал, без яго. А між тым усе маўчалі аб ім, робячы выгляд, як бы яго і не было.

Героі кніг жылі, нібы ў іх быў неабмежаваны крэдыт. Героі не ведалі, колькі каштуюць боты, цялячая нага або фунт вось гэтага цукру. А гэта ж было цікава, бадай як паэзія, хоць і далёка не высакародна.

Грошы часам знішчалі існае. Але што ні кажы, гэта яны ж рухалі шматлікімі сіламі на зямлі, гэта яны прымушалі многіх выдзірацца з балота адсталасці, напружваць розум і мускулы, змагацца.

Галоўнае, самае першае ў кожным народзе, было тое, як ён урабляе палі, будуе дарогі, наводзіць масты, якія машыны стаяць на яго фабрыках і, урэшце, як ён зарабляе і як выдаткоўвае гэты самы "агідны метал".

Алеся здзіўляла, чаму, напрыклад, любімы Пушкін зусім нідзе не казаў аб тэхніцы, а аб эканоміцы абмовіўся ў двух‑трох нязначных урыўках, у той час як маёнтак Ганчаровых зваўся "Палатняны завод", а самому паэту даводзілася часта і пакутліва думаць пра грошы.

Гэта было, вядома, таму, што паэты, калі яны сапраўды паэты, хочуць аддаваць сябе ўсім часам і не старэць ніколі. Вернасць была і астанецца вернасцю, каханне каханнем і смерць смерцю, а вось гэтыя два чыгунныя беспаветраныя апараты (адзін для выпарвання, другі для канчатковага згушчэння сіропу) давядзецца сёння ж выкінуць на сметнік, а замест іх паставіць другія, новыя, якія таксама з часам састарэюць.

І Алесь думаў аб тым, што калі‑небудзь, калі нейкі боўдур зацікавіцца ім, Алесем Загорскім, і яго суседзямі, ён проста не здолее прайсці паўз гэтыя апараты, якія Алесь сёння выкіне, паўз паравую машыну – у дваццаць конскіх сіл, магчыма, вартую жалю для яго! – для прыводу ў дзеянне таркі і насосаў, паўз другую, у пятнаццаць конскіх сіл, што выцягвае паветра з апаратаў і пампуе ваду для ўсяго завода.

Галоўнае, вядома, будзе для гэтага чалавека не тое. Галоўнае будуць яны, жывыя, іх каханне, ярасць, свары, пакуты, змаганне са зброяю ў руках, прывычкі, карціны на сценах. Але ён не здолее абысціся без гэтай, смешнай яму, цукроўні, бо гэта аніяк не другараднае, бо на гэтым узрасло ўсё ў ягоным жыцці, бо без гэтых катлоў і тарак не было б і Мантэньі ў загоршчынскай галерэі.

Нельга было прайсці і паўз гэтую апаратуру для варкі соку. Нельга было не адзначыць, што ў кожны дыфікацыйны кацёл уваходзіць гэтага соку сто дваццаць вёдраў… Гэта ўсё быў "божа‑цукар", без якога не можа жыць і мысліць ніводны мозг: ні ягоны, ні таго, хто зацікавіцца ім, ні мозг тых, каму ён будзе расказваць.

Можна спытаць, а што ім да з'едзенага сто год назад цукру? Лухта?

Цукар і хлеб былі адзінымі вечнымі багамі, якія сапраўды кожны год уваскрасалі не так містычна, як Азірыс і Хрыстос, Адоніс і Тамуз усевялікі; яны ніколі не знікалі, ператвараючыся ў нервы, плоць і кроў. І каб чалавецтва аднойчы перарвала гэтую вечную эстафету, нават каб адзін ён, Алесь, перарваў яе, не было б каму слухаць.

Калі б у яго быў талент і ён, Алесь, пісаў кнігу аб сярэднявеччы, ён не мог бы пакінуць без увагі ні варштатаў, на якіх ткаліся слуцкія паясы, ні тагачасных маслабойняў, ні таго, як і па якіх рэцэптах варылі тады піва. Бо гэтага не бачыў ніхто, бо, як бы і што ні казалі, галоўнае у эстафеце пакаленняў былі не турніры, не аксамітныя плашчы герольдаў, не мудрыя каралеўскія загады, а чалавек, які адліваў сталь для дзіды, ткаў аксаміт, вырабляў паперу, на якой пісаліся загады.

Улады рабілі з чалавекам, што хацелі. Працаўніка яны прыдушвалі працай і рабілі рабом праз яе. Інтэлігента яны разбэшчвалі ідыёцкімі кнігамі, атрутай навязанага гультайства, лянотай і зноў‑такі ператваралі ў раба.

А справа ў тым, што кожны чалавек больш за ўсё, нават не адчуваючы гэтага, прагне справы, дзейнасці, віруючага функцыяніравання сярод падобных сабе.

Капаць, біцца, пісаць шчырыя кнігі, перакідваць масты, бубнець пад нос нованароджаныя вершы, секчы дровы, вучыць дзяцей, змагацца за справядлівасць, біць студні і тунелі, дзьмуць шкло, лічыць і лекаваць, – іначай не варта і жыць.

А замест гэтага Гедымін бубніць аб словах "вучыся паміраць" і "простым салдацкім плашчы", замест гэтага боўдур Рунін змагаецца за маральную чысціню студэнцтва (даносамі) і вякае аб "кансерватыўных славянах", замест гэтага чысцейшы Раўбіч кажа аб "кодэксе гонару".

"Чорта табе, а не кодэкс гонару! Я вось зараз палезу пад кацёл і пагляджу, што там з папельніком… Хлусня! Рабства ў ілжы!.. Хочаце забіць мяне, а я не дамся! Ды я здох бы даўно, каб не працаваў! Стаў бы трупам, амёбай, смаўжом.

Я шукаю жывога, а не торкаеце мне і ўсім крыж на Сафіі і сусветнае панаванне. Але вы забылі адно, панове, што вы пакінулі мне працу і менавіта таму ў вас нічога не атрымаецца са мною і з тысячамі іншых.

Менавіта таму вы і пралічыліся. Менавіта таму, што вы не можаце забараніць працу – мозг чалавека ніколі не ўспрыме велічы ў курэнні ладану.

Бо калі вы спыніце кола – вы спыніце жыццё. Наогул жыццё. І перш за ўсё сваё.

І пасля кожнага свайго падзення я, Чалавек, устаю, бо мяне ўздымае праца. Адзіная з усімі на зямлі…"

 

Нехта бег, грукочучы, па жалезных сходах.

– Паніч! Паніч! Княжа Алесю!

Кiрдун. Распатланы, бледны, без шапкi i чугi.

Выціраючы рукі прамасленай анучай, Алесь нездаволена адарваўся і ад разабранага гідраўлічнага прэса і ад сваіх думак:

– Што здарылася?

– Пані Антаніда!

– Што?!

– У непрытомнасці.

 

У пакоі маці цьмяна мігцела адзіная свечка. Цёмныя шторы былі апушчаныя. Ледзь вымалёўваліся срэбныя і хрустальныя грані флаконаў на начным століку, маціцай блішчала італьянская маёліка пад шклом.

Вельмі не гарманіраваў гаркаваты пах парфумы з візантыйскай яшчэ, на кіпарысавай тоўстай дошцы, "Траеручыцай". Трэцяя рука вырасла, каб утрымаць сына, што падаў у студню, бо дзве другія былі занятыя. Ікона была па сутнасці ерэтычная, але добрая чалавечай дабрынёй, не ў прыклад другім візантыйскім іконам.

Такую дабрыню ў вачах Алесь бачыў яшчэ толькі на адной – таксама візантыйскай – іконе, на іконе "Уладзімірскай маці божай".

Пані Антаніда ляжала на канапе чамусьці пераапранутая ў самы свой улюбёны святочны строй: белую з золатам, аблямаваную валансьенскімі карункамі сукню і белыя з золатам, да смешнага маленькія туфлікі.

Твар у святле свечкі быў слаба‑ружовы, гаротныя вейкі апушчаны.

Алесь нахіліўся над ёю:

– Што з табой, мамцю?

– Не ведаю. Пераапранулася… Раптам закруцілася ў галаве.

– Відаць, рэзка ўстала. Ты клікала мяне? То я пасяджу.

– Так, цяпер пасядзі.

Цёмна‑шэрыя і шырокія вочы глядзелі на Алеся пільна.

– Які ты! Працаўнік. Гаспадар.

Алесь убачыў сябе ў туалетным люстры. Пыльны, з сяк‑так выцертымі рукамі, непрычасаны.

– Пайду памыюся і пераапрануся.

– Не. Не трэба. Ты харошы вось такі. Табе ніколі не казалі дзяўчаты, што ты прыгожы?

Алесь сумеўся.

– Прыгажэйшы, чым прадзед Акім. Усё лепшае, што было ва ўсіх нашых, ты ўзяў сабе.

– Ма‑аці, – з ціхім дакорам сказаў Алесь.

– Не буду, – сказала яна. – Гэта я адзін раз у жыцці.

Усмешка яе была сумная і слабая. І чамусьці ў Алеся ад гэтага нешта як павярнулася ў сэрцы.

На хвіліну ён заплюшчыў вочы, а калі ўзняў векі – убачыў, што маці глядзіць на яго, нібы шукае суцяшэння.

– Загінуў бацька, Алесь. Што ж рабіць?

Што ён мог адказаць на гэта…

– Вясна? – спытала.

– Вясна.

– Лебедзі лятуць?

– Але. Хоць яшчэ сям‑там снягі.

Апусціліся веі. Алесь бачыў, што шчокі ў матулі трохі ружавеюць, нібы яна збіраецца з сіламі.

Прадчуванне нейкай няяснай трывогі закралася ў Алесева сэрца.

А шчокі маці ўсё ружавелі. І ўсё больш напружваліся плечы пад карункамі.

– Я казала яму: не ідзі, не забівай мядзведзя. У яго босыя ногі. Ён быў галодны і ратаваў сваё жыццё. Як мы… Усё ратуе сваё жыццё… Усё было балюча. Жыць – балюча, жывіцца – балюча, дыхаць – балюча.

Голас у яе быў жаласныы і танюткі.

– Ма‑аці!

– Слухай. Слухай мяне. А рыбы як дыхаюць, бязмоўна крычаць на дне чаўна. У адчаі. Многа рыб.

– Яны халодныя, – недарэчна сказаў Алесь.

Яна працягнула да яго руку. Нейкую незвычайную сёння, чамусьці зусім кволую і малую, як і ўся яе постаць, руку.

– Мама, мы разумныя істоты.

– Можа, ёсць і больш разумныя…

Твар маці гарэў бы ў ліхаманцы; цёплыя звычайна, вочы блішчэлі, неспакойны рот крывіўся. І напружана, высока ляжалі на падушцы плечы.

– Лічым усіх ніжэйшымі за сябе. Гардыня, подлая самаўпэўненасць! Яны, маўляў, нямыя, гэтыя звяры. А мы можам сказаць, хто мы і нашто? То хто мы перад жыццём – не нямыя?

Нібы адганяючы нешта, яна пакруціла галавой.

– Яны не гавораць.

– А можа, мы не чуем? Можа, калі красуе жыта, яно адчувае тое, што і мы, кахаючы, і ў радасці хістаецца з канца ў канец і мяняе колер на лілаваты, бо ўбіраецца, і шуміць‑шуміць само сабе. Ты ведаеш, што адчуваюць каласы пад сярпом? Толькі яны не могуць ні ўцячы, ні крычаць. Не дадзена ім. Ну і што? Нам паляцець таксама не дадзена. А мы, глушцы, кажам: мо‑ожна, бо яны нямыя. І каласы нямыя, і звяры. А адсюль не так ужо далёка і да дзікіх людзей. Яны таксама нямыя, мармычуць невядома што. І мы іх, моцныя, бяром, як трусяня, ды – далонню за вушамі.

Жаль раздзіраў глотку Алеся.

– Прыгон, – сказала маці. – Адмяні яго, Алесь, адпусці, калі ласка, людзей. Забі яго, Алесь, бо гэта таксама людаедства…

– Я зразумеў, маці. Я ведаю…

Маці, відаць, не хацела, каб Алесь заўважыў яе слабасць. Алесь сабраўся з думкамі:

– Я ведаю галоўнае. Тое, што чалавек павінен жыць толькі для разнявольвання людзей. Ён нікога не павінен хваліць, нікому не павінен спяваць оды. Бо оды – гэта толькі сцвярджэнне таго, што існуе, замацаванне яго на мёртвай кропцы, здрада руху чалавецтва. Ніякай пахвалы, толькі вечнае разнявольванне людзей. І няхай на гэтым шляху нават шыбеніца. Іншага выйсця няма.

Радзімка‑мушка над верхняй губой матулі варухнулася ад слабой усмешкі. Зноў напружыліся плечы.

– Так… Так… А потым вайна, турмы, шыбеніцы, забойствы. Слабы малодшы народ. Нямы слабейшы сусед. Вінаваты таму, што слабы. І таму – забівай! Нічога, бог даруе.

Маўчанне.

– А не даруе бог! Ох, як ён не даруе калісь! Забіваць сябе будзеце, толькі каб не глядзець у вочы апошняму.

Зноў паўза.

– Свет, у якім нікому не было б страшна жыць.

Яна сказала гэтыя словы, нібы ўзважваючы. І раптам зноў пачала адганяць нешта.

– Ох, які жорсткі, жорсткі чалавек… Крывёю, плоццю, дыханнем іншых… Забіваць, каб жыць, якая лухта! Якое кола безвыходнае. Клічам да дабрыні. Як можам вырасці да сонца, калі прыкутыя забойствам да зямлі?

Шырокія шэрыя вочы ліхаманкава гарэлі:

– Нават не дзеля тых, каго забіваем. Дзеля сябе. Бо не можа быць чалавекам той, хто забіў… Таму, каго забілі, лёгка. А вось той, хто забіў… У‑у.

Заплюшчыла вочы:

– А потым прыходзіць расплата і для нас. Прыходзіць і вяжа па руках, кідае на спіну, – голас стаў раптам цвёрды. – Не, я пайду адсюль не так… Перамагчы…

Нешта такое мяцежнае было ў голасе мацi, што ён раптам кiнуўся да шторы i са звонам рассунуў яе.

Аблічча было жывое толькі пры ружовым святле свечкі. Акрамя вачэй ды дзвюх ліхаманкавых плям на шчоках – жывога ў ім не было нічога.

– Што?! – амаль крыкнуў ён.

– Нічога. Проста я пятнаццаць дзён нічога не ела.

Халадзеючы, ён раптам зразумеў, чаму шторы… чаму свечка… чаму яна тады павесялела і стала роўная да ўсіх і ўсяго.

– М‑ма‑а!.. – кінуўся ён да дзвярэй.

– Стой, – ціха сказала яна. – Дзеля мяне пачакай, ну! – Вочы былі такія пагрозлівыя, што ён спыніўся. – Я павінна сказаць… Праз пяць хвілін пойдзеш… Ну… Хадзі сюды… Дзеля памяці бацькі.

Ён сеў ля яе. Яна ўзяла яго за руку.

– Слухай, няхай нават позна… Ведаеш, як я пакінула есці – мне стала лёгка… Упершыню ў жыцці… Я нікому не вінная.

– Але гэта смерць! Мама!

– Так. Гэта зачараванае кола. Дарогі, каб вырвацца, чалавеку не дадзена. Або знікай, або забівай. Вар'яцкая прыдумка. І таму мы асуджаныя. Няма выйсця.

– Мама…

Яна трымала яго руку, але нагою ён непрыкметна націскаў на пласцінку начной санеткі ля яе ложка. Націскаў… Націскаў… Націскаў…

– Сэрца амаль не білася. Я ляжала без рухаў, каб даўжэй думаць. Доўга думала. І вось…

Ён ціснуў пласцінку санеткі… Ціснуў… Ціснуў… Ніхто не ішоў. І ў адчаі ад гэтага ён спытаў:

– Нашто, нашто ты гэта зрабіла?

– Ты даруеш мне. Ты астанешся моцны, бо ў цябе вялікая, высакародная мэта. А я заўсёды была непрыдатная. Цень – і ўсё.

Алесь фізічна адчуваў, як павінен калаціцца званок у пакоі Анежкі… Божа, толькі б хутчэй прыйшлі!

– Нашто? Нашто?

– Я была прыдатная толькі на гэта. Узбунтавацца. Пакараць сябе за ўсіх, – вочы яе лавілі ягоныя вочы. – Можа, хоць па кроплі маёй крыві бог пакладзе на астатніх і даруе ім, не ведаюць бо, што робяць.

Голас раптам стаў амаль пагрозлівы:

– І ён… таксама. Прыкуць такі дух да быдлячай абалонкі! Як ён мог! Жэрці, як жывёлы, адкідаць, як жывёлы, раджаць дзяцей, як жывёлы… І любіць іх за тое, што забіваюць… У, дрэнь!.. Хіба вінаваты людзі? Калі ў помыслах сваіх ім бы жывіцца святлом!.. І ўсё ж я выпрасіла… дараванне.

Ён націскаў і націскаў пласцінку… Ды што яны, аглухлі там усе, ці што!

– Нашто ты так? На‑што!

– На маем права… І мне страшэнна шкада вас: бацькі, Вацака і асабліва цябе. Ты ўразлівы, тонкі. Ведаю, не маем права – шкада. Можа, гэтымі днямі я выкуплю права на вас, і вы атрымаеце за агульную неяк жыць на зямлі. Не несці адказнасць за агульную віну.

Варухнулася:

– Трэба было давесці. І за тое, што я – сваячка Кроера. І за ўсіх чыста людзей. І за яго, беднага, і за сябе. Трэба было давесці, што мы не забойцы, што мы ад адчаю жывём жыццём другіх… Хоць некаму ўзбунтавацца… Каб ведалі, што гэта нам крайняя пакута, што людзі думаюць… думаюць… над гэтым.

Здаецца, пачыналася трызненне. Вочы гляделі вышэй яго.

– Я яго страшэнна кахала. Дай бог, каб цябе… так…

Дрыжучы, ён схіліўся да яе. Яна дакранулася вуснамі да яго вачэй:

– Ты панясеш мае вочы далей.

З вялікім, з апошнім высілкам дакранулася да яго рукі:

– Абяцай мне. Абяцай, што ніколі без крайняй, без смяротнай патрэбы не адбярэш жыцця ў жывога.

Ён кіўнуў галавой.

І тады яна, нібы вычарпаўшы ўсе сілы, апусціла плечы. Толькі тады. Апусціліся і веі, цяпер спакойныя. На павеках ляжаў блакітны цень.

…Не памятаючы сябе, ён кінуўся ўніз:

– Людзі! Лекара! Людзі! Людзі!

Але яшчэ раней, чым прыбеглі людзі і лекар, у пані Антаніды пачалася агонія. Дзіўная, спакойная агонія, падобная на згасанне лампады, у якой усё выгарала датла…

Яны сядзелі ўдвух у пакоі дзеда. Ён заўсёды спыняўся ў ім, калі прыязджаў у Загоршчыну. Алесь трохі адышоў, так і не выплакаўшыся; дзед, ва ўсякім разе, больш не баяўся за яго.

Так яны і сядзелі пад адным агульным горам, вельмі стары ды малады. А паміж імі стаяла пляшка кмяноўкі ды запыленая, бы ў фуфайцы, бутэлька віна.

– Ведаю, і для цябе занадта. Так вось, за некалькі тыдняў. Але ты – чалавек. Стой. Зачапіся і стой… Дый мяне, старога эгаціста, пашкадуй… Я, Алесь, сапраўды стары. Перад табой будучыня, свае дзеці. А перад мной – магіла. І дзяцей маіх няма…

Адны, самонтныя, у вялікім доме.

– Ты яшчэ пусціш карэнне. А я, як старая таполя, што выпусціла парасткі, а іх пасціналі. А на новыя – сілы няма. Адзін астаўся, дый той… Адзін ты ў мяне… Сохну я, як дрэва, абсечанае ды абгарэлае… Ты мяне пашкадуй.

– Я не буду, дзеду… Але не дарую я сабе… Як мог так паглыбіцца ў сваё, не заўважыць!.. Кожную вясну і восень, заўсёды гэта так было, што яна зачынялася, ніхто не мог бачыць… Але ўсё адно – як я мог дапусціць?

– Не памагло б, – наліваў дзед яму віна, а сабе кмяноўкі. – Яна ўсё адно зрабіла б гэта… Параненае сумленне, сыне…

Дзед маўчаў. Што ён мог сказаць? Ён картаваў думкі.

Нейкае зусім цёмнае, нібы асенняе, было неба над паркам. За акном месяц шалёна імчаўся над нерухомымі гмахамі аблокаў.

– Лягчэй за ўсё скончыць так. Але людзям трэба ісці. Каб жыць. Жыццё – даброта. Найвялікшая даброта, якая дадзена кожнаму, негледзячы на ўвесь боль.

Дзед не заўважыў, што супярэчыць сам сабе. Ён проста казаў простыя думкі, як усе людзі. Можа, якая і суцешыць.

– Каб жыць… Асабліва тым, што самі і кідаюць зерне, што даюць яму расці, што змагаюцца за каласы – іначай нівы заглушыла б пустазелле… Што зробіш, трава лепей адрастае, калі яе косяць…

Дзед зноў наліў і задумаўся.

– Выпі, сыне. Я доўга жыў. Мяне назвалі б вар'ятам, калі б я сказаў, ну хоць бы пра катлы на цукроўні… Прэс круцілі рукамі… А, лухта!..

Думка дзеда кідалася ў прыцемках:

– Вось парастак бульбы ў склепе. Жоўты, бледны… Ці цыбуля, таксама жоўты, без смаку. А пакладзі цыбуліну без зямлі, без вады на акно. Парасткі стануць зялёныя, з'явіцца аднекуль горыч… Значыць, ёсць жа нешта ў святле. То няўжо мы дурней за цыбуліну? І сапраўды навучымся з часам рабіць хлеб з сонца. І людзі стануць жывіцца святлом.

– З часам, – горка сказаў Алесь.

– Затое назаўсёды. І стане добра. Спачатку людзям… Потым жывёлам… Потым раслінам… Хадзіце сабе, смейцеся… Бегайце сабе, скачыце, лётайце, слаўце жыццё… Каласіцеся сабе, зелянейце…

Вочы Вежы мякка свяціліся з‑пад суровых павек.

– А ты, чалавек, стой. Стой, не падай. За ўсіх стой. Спачатку за людзей, потым за ўсіх, хто дыхае і шуміць. Доўга яшчэ стаяць. Крывава. А ты стой. Нават пры сваёй прынізлівай жывёльнасці – стой. Жывёла, а стаіш. За гэта з цябе – усе грахі ды на святасць вялікую.

Месяц імчаўся між непарушных змар.

– Сосны на Доўгай Кручы бачыў? – спытаў дзед.

Алесь успомніў.

…Імкліва, дрыготкі, як страла ў палёце, Дняпро… Доўгае, з вярсту, і высокае, сажняў у пяцьдзесят, урвішча… Крывава‑чырвоная гліна… І на строме, карэннямі ўгору і свежымі шатамі ўніз – сосны… Вісяць… Бітыя, страшна скарлючаныя… Перавітыя, непрыступныя, самотныя… Няскораныя ў сваім жаданні жыць там, дзе не здолеў і не захацеў жыць ніхто.

– Але.

– Дык гэта мы. Слабая абарвецца. Усякая іншая абарвалася б… акрамя нас… І ўсё. Да апошняга каменя запомні…

 

Праз некалькі дзён побач з магілай пана Юрыя паявіўся другі курган, які месяцам пазней аброс зялёнай травой.

Басак‑Яроцкі адразу з пахавання ўзяў Алеся да сябе, не даўшы нават вярнуцца ў апусцелы дом:

– Няма чаго табе там рабіць.

– Я, можа, да дзеда, дзядзька Пятро?

Пастрыжны яшчэ больш пачырванеў:

– Вы там мудрагеліць будзеце. А табе зараз тая мудраць… кгм, – і дзядзька выразна кашлянуў, адным выглядам лепш за ўсякія словы паказаўшы, як менавіта зараз патрэбна Алесю тая мудрасць.



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.