Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Дагератыпная майстэрня 9 страница



– Якія, пан прафесар?

– Усе ж кажуць аб крайняй забітасці, затурканасці, выраджэнні нашага краю.

– Гэта ёсць. Але ў гэтых выказваннях больш палітыкі, чым праўды.

– Як?

– Трэба было давесці, што народ вынішчалі, што толькі под эгідай Мікалая Раманава, Уварава і Аракчэева ён атрымаў магчамысць дыхаць.

Прафесар трохі спалохаўся. Благавешчанскі ў чымсьці меў рацыю.

– Лінгвістыка не ведае палітыкі, мой друг.

– Лінгвістыка – гэта значна больш палітыка, чым усё натуразаўства. Не, народ не забілі. Ён жыве і чакае шчасця. І будзе жыць, як бы цяжка яму ні было… А наконт забітасці мяркуйце самі. Ладымер[28] едзе ламаць хрыбты крымчакам, восковая дзека розумам пабівае князя Ганю, мужык Ваўкалака піша на лубе лісты да каханай, таксама мужычкі, Любка з Копанога Рова, што пад Крычавам, звычайная дзяўчына з месца, грае ў шахматы з "царом чорных і рагатых" Рабедзяй і выйграе ў яго палонных. Або легенда аб лебядзінай келлі, ці аб явары і белай бярозе. Памятаеце, на магілах юнака і дзўчыны, раздзеленых царковой:

 

Дзесьці мае дзеці ў любові жылі.

Раслi, раслi, пахiлiлiся,

Цераз цэркву сушчапіліся.

 

Чаму "Трыстан і Ізольда" – адзнака вялікіх сіл, а гэта – прыкмета забітасці?

Памаўчаў:

– Так, быў і прыгнёт. Але прыгнёт нараджае не толькі рабоў. Са слабых – магчыма. Але з моцных ён нараджае волатаў.

– Сразнеўскі задумаўся. Відаць, хацеў быў паўшчуваць за небяспечныя думкі, але раздумаў. Схаваў твар у далонях. Потым апусціў далоні.

– Якія гордыя, моцныя і страшныя людзі! Якая страсная прага справядлівасці! Як гэта там, у вас?

 

А вайна была, вайна была,

А ніўка зялезнай карой парасла,

Зялезнаю, крываваю,

Сталёваю, іржаваю.

 

І гэта – як дуды раўлі! І як тройчы стрэліў і на трэцім стрэле "сэрца стрэльбы разарвалася"! Што ж гэта, хлопчык?! Ці во гэта… Не, гэта:

 

А ўжо ж бяроза завіваецца,

Кароль на вайну збіраецца.

А ў каго сыны ёсць, дык высылайця,

А ў каго няма, дык хоць наймайця.

 

І як за волю сцяг трымалі. А Ляўшун граў у рог. А Грышко Пакубяціна падскакаў і ўдарыў па медным горле, што спявала, кулаком. І воля

 

…Зубамі падавілася,

Крывёю захлынулася.

 

А потым рог павезлі ў перакідных хустах, а ён сам граў. А? Як гэта?

Памаўчаў.

– Гэта – схавай. Маеш рацыю: надрукаваць гэта нідзе не надрукуюць, а людзей насцярожыш.

– Я гэтага i хачу.

– А я хачу, каб наступнай зімою, калі датэрмінова здасі экзамены за універсітэцкі курс – гэта стала тваёй дысертацыяй на кандыдата. З налёту іх возьмем. Каб не апамяталіся.

І Алесь убачыў малады, свавольны агеньчык у вачах прафесара. Не, проста ў вачах ціхмянага і добрага, але сумленнага чалавека.

Сразнеўскі раптам сказаў:

– Я не хачу, каб табе было цяжка.

– Чаму мне павінна быць цяжка?

– Ну вось гэтыя погляды. Непазбежнасць вайны за іх.

– Для мяне гэта не цяжар.

– І крайняя незалежнасць думкі, і рэзкасць, і тое, што ты адзін.

Паўза была доўгая і цяжкая. Потым прафесар ціха спытаў:

– Ты не верыш у бога, хлопчык?

– Чаму вы так думаеце?

– Ну вось гэтыя твае думкі. Спачатку вайна за волю, мяцеж за яе, страшны бунт Ваўкалакі, Вашчылы, Машэкі, Ляўшуна, Дубіны, Сымона‑аршанца[29]. Дзіды, стрэльбы, бунчукі, страшныя, страсныя, жывыя людзі. І толькі потым рэлігійны рух, рэлігійныя паўстанні. Мяцеж віцяблян, Юр'ева ноч і "мост на крыві"[30] ў Воршы. Дый тое ты даводзіш, што біліся не за бога і рэлігійную справядлівасць, а за чалавека і справядлівасць грамадскую… І потым, гэтыя твае словы, што "рэлігія – справа дзесятая".

Алесь некаторы час маўчаў, пакусваючы суглоб указальнага пальца.

– Вы маеце рацыю, – урэшце сказаў ён. – Я не веру. Як сказаў нехта, не адчуваў дагэтуль патрэбы ў такой гіпотэзе. То бок, не кажу, што зусім пакідаю замест усяго гэтага пустое месца. Я хутчэй уяўляю яго сабе як нешта, з чым трэба весці спрэчку.

– Гэта і ёсць бог. Шначай ты не быў бы чалавекам. Памятаеш, як Іакаў усю ноч змагаўся з кімсьці, у каго не было аблічча?

– Калі я думаю, хто я, нашто, адкуль мы прыйшлі, куды мы ідзем, што такое наш свет, ці не атам ён нейкага арганізма, якому зараз дрэнна і які таксама частка чагосьці большага, і што ёсць там, за апошняй мяжой, пра якую мы не ведаем, – я адчуваю патрэбу ў кімсьці большым, хто растлумачыў бы, і веру ў тое, што ён ёсць. Гэта ад слабасці і няведання. Але нават у той час, калі я веру, я ведаю, што гэта не Хрыстос, не Ягова, не Магамет і не Буда. Гэта проста нешта вышэйшае, чаго я не магу дасягнуць. Даводзіў жа хтосьці з новых, што сусвет, разам з Млечным Шляхам і іншымі зорнымі астравамі, мае форму вялікага сэрца, якое ўвесь час пульсуе. Магчама, гэта сэрца таго, нязнанага. Мы так мала ведаем! Але, ва ўсякім разе, гэты вялікі ўладар сэрца не "всеблагий", калі дазваляе тое, што адбываецца вакол… А можа, гэта ад яго і не залежыць. "Сусвет‑сэрца…" Калі я гляджу на курчы і пакуты гэтага свету, на тое, як трапеча і задыхаецца кожная жывая плоць, – мне здаецца, што ў гэтага "сэрца" вось‑вось будзе разрыў.

Усміхнуўся.

– Ну, гэта ўсё трызненне на крайняй мяжы пазнання… Я не веру.

Сразнеўскі задумаўся:

– Вось бачыце. Я гэта заўважыў яшчэ па вашай рабоце аб Кірыле Тураўскім. Там, у яго "слове", кожны сказ аб прыродзе мае працяг. Сонца, якое сагравае зямлю, параўноўваецца з Хрыстом, што сышоў на зямлю. Зіма адышла – вечна жывы бог папіхнуў нагою смерць і бязвер'е. Гэта ж дванаццатае стагоддзе, самы пачатак вашай літаратуры. А вы адсеклі канцы сказаў, і атрымаўся паганскі гімн зямлі і сонцу.

Алесь маўчаў.

– Нашто? Ці добра гэта? І нашто ўскладняць і без таго складанае жыццё?

Малады, відаць, дадумаўся да чагосьці. Упарта сказаў:

– Каб ён існаваў – ён не дозволіў бы такога здзеку з нас.

– …І, можа, таму, што ён ёсць, вы і вытрымалі дзевяцісотгадовую вайну супраць у тысячу разоў мацнейшых ворагаў?.. І склалі гэтыя дзівосныя балады. Магчыма, усё ад яго. Нават ваш богам дадзены талент, які можа натхняць і ратаваць.

– Не трэба так.

– І, магчыма, ён назнарок робіць такое з людзьмі, каб спадзяваліся толькі на свае сілы. Таму што бог, лёс – як хочаце яго называйце – любіць моцных і трывалых людзей.

– То значыць, яны самі робяць сябе трывалымі? Самі?

– Хлопча, без бога, няхай нават безнадейнага, чалавек не мае падтрымкі ў сабе. Гэта падобна на ерась, ведаю: бог, на якога нельга спадзявацца, якога трэба бараніць. Але людзі трымаюць бога ў сабе, каб быць моцнымі… І найлепшы доказ – гэта тое, што вы выжылі, што гэта – дзіва, што не можа быць такой велічы без бога ў душы, – паклаў руку на плячук Алеся. – Найлепшы доказ – бог у вашым сэрцы.

…Алесь страпянуўся. Што гэта, задрамаў? Iрваны гук званочкаў. Нетры i снег. I ў гэтай безнадзейнасцi чалавек ганарыцца сабою, маленькая мушка ў снягах. I вось конь, мудры конь песнi, адказвае седаку:

 

Ой, цяжкі мне, цяжкі

Частыя дорожкі,

Частыя дарожкі,

Густыя карчомкі.

 

Жывая песня ў мёртвых снягах. Маленькае сэрца не звяртае ўвагі, што вялікае вось‑вось разарвецца. Не звяртаючы ўвагі на сусвет, на тое, што будзе заўтра, на мяжу пазнання, на зорныя астравы, мудра і мужна льецца песня…

 

Ты ж мяне паставіш

Сыру зямлю біці,

А сам, молад, пойдзеш

Гарэлачку піці.

 

І ў гэтым вышэйшая мудрасць, але таксама і штосьці прынізлівае.

Ён думаў аб гэтым вялікім уніжэнні. І ў душы нарастала пагарда да сваёй слабасці, злосць на сваю слепату і тамленне.

А ў снягах бязлітаснай зімы мужна змагалася з марозам малюсенькая жывая крынічка песні:

 

Ты ж мяне паставіш

У снезе па вушкі,

А сам, молад, пойдзеш

К шыкарцы ў падушкі.

 

І пад гэтую песню ён непрыкметна задрамаў… Пагойдваючыся, ляцеў пад гукі ўрывістай дзіўнай музыкі некуда ў бездані вялікага сэрца. Насустрач таму, што чакала.

…Ён сніў сон, у якім бачыў бога. Ён быў дзівосны, таму што яго нельга было бачыць, і ніхто ў свеце не бачыў яго, і толькі пачуццё таго, што ён побач, давала ўпэўненасць у тым, што ты бачыш яго… Не было пустаты ў душы, было разуменне ўсяго на зямлі на адно кароткае імгненне, і жах, што аддалішся і зноў страціш усё.

Бог быў не чалавек, і не жывёла, і не пульсуючае сэрца зорных астравоў, і не трава, і не каласы на нівах, і не слуп святла, а ўсё святло, і белы мокры конь, і чырвоная квецень дзічкі, і адначасова – нішто.

…З глыбінь, куды ляцела, падаючы, душа, нарастоў нізкі, на мяжа слыху, гук, які запаланяў усё. Сусвет крычаў.

Калі Алесь прачнуўся, кібітка стаяла ля сходаў вежынскага палаца. Ён адкінуў вільчуру, выскачыў на снег і цераз тры прыступкі пабег да ўвахода, поўны трывогі і чакання.

…Дзед сядзеў ля каміна. На століку, як заўсёды, бутэлька віна і келіх. На каленях папка з гравюрамі.

Узняў на ўнука вочы. Сінія, трохі пабляклыя. І… не здзівіўся, убачыўшы румяныя шчокі, усмешку, кропелькі вады ў валасах. Толькі трохі здрыгануліся чорныя бровы.

– Ты? – сказаў Вежа. – Чаго гэта ўзімку? Такая завіруха. Суму не хапае?

І падставіў для пацалунка пергаментна‑смуглую голеную шчаку.

Нібы нічога не было. Нібы з Загоршчыны прыехаў.

– А казаў… некалькі год.

– Абставіны змяніліся. Буду ездзіць часта.

– Я ж казаў. Леціцё з гнязда, я навекі. А ў свеце – вецер.

– Загадайце дастаць з кібіткі. Я там падарункі прывёз.

– Глупства, – разгублена сказаў дзед. – І не трэба было зусім. Вялікі горад. А маладосць гэта тое самае, што мантацтва. Лепей бы ўзяў Кастуся да дзяўчат… гэтых вашых… Ну, як іх?.. Новае слова.

Вусны дзеда іранічна крывіліся.

– Ага… нігілістак. Стрыжаных ды ў акулярах, крый нас ад такой бяды, божа.

– І што?

– І паезаў бы з імі да Барэля[31].

– Дзядунь, вы адкуль ведаеце?

– Ты што – лічыш, мы тут сякерай голімся? – І забурчаў: – У наш час жанчыны – гэта ж царыцы былі, каралевы. Ідзе – сляпыя за ёй галовы паварочваюць, так ззяе. Са смяротнага ложа чалавек устае, каб хоць крок за такой зрабіць… А цяпер!.. Нігісісткі, трыбушысткі, матэрыялісткі. Жывёльны магнетызм, рэфлексы, палавое пытанне.

Алесь сумеўся.

– То што хоць прывёз?

– Вам пару карцін. Вось паглядзіцё. Я там добрае знаёмства з букіністамі ды антыкварамі завёў. Дапамаглі яны мне дастаць для вас першае выданне Бакачча. Ведаеце, гэтае ў белай скуры, вялікае…

– Дзякуй. Асабліва за "белага Бакачча". Рэдкая штука. У мяне не было. Гэта кніга чыстая, чалавечая. Пляваць яна хацела на ўсе абмежаванні, на ўсякую скутасць… Дзякуй, сынок… Ну, давай абдымемся.

Алесь не ведаў, як спытаць пра тое, што яго цікавіла. Моўчкі сядзеў ля агню.

– Як тут у вас? Як бацькі? – нарэшце спытаў ён.

– Б'ёмся памалу. Бацька павінен зараз прыехаць.

– А Глебавічна?

– Бегае ўсё.

– Што з Раўбічамі?

– Яраш у гордай самоце. Не вітаемся.

– А што Гелена?

– Тут, сыне, справы больш складаныя. Раджае яна. Першыя схваткі былі ўчора. Мы яе перавялі былі праз арку, непасрэдна ў будынак. Адмовілася. "Там жыла, там і раджаць буду".

Дзед глядзеў у агонь і не бачыў вачэй унука.

– Доктар некалькі месяцаў прыязджаў з "губернскага града". А цяпер тут сядзіць.

Вочы дзеда былі журботныя.

– Глебавічна паспрабавала пагаварыць, хто такі. Не кажа. "Кахаю, – кажа, – ні аб чым не шкадую. Але з ім ніколі не буду". А роды цяжкія. Еўфрасіння людзей пагнала, каб у Мілым ды ў Загоршчыне па царквах царскія брамы расчынілі. І я… змоўчаў. Так з учарашняга дня расчыненыя і стаяць… Шкада страшэнна… Як нябожчыцу маю святую… Ксені.

Упершыню за ўвесь час, што Алесь помніў дзеда, той вымавіў імя бабкі. Праз сорак сем год маўчання з'явілася ў пакой, да гэтага агню і гэтых кніг, ціха паварушыла полымем і застыла ў цішыні здань, якой адзін быў абавязаны жыццём, а другі – усім болем жыцця.

– Дзеду, – ціха сказаў Алесь. – Я гэта толькі вам. Нават не бацьку… Гэта маё дзіця, дзеду.

Твар Дзеда стаў смугла‑аліўкавы. Нешта нібы варухнулася і ссунулася ў вачах… Дзед схіліўся да агню і качаргою пачаў варушыць жар. І, можа, ад жару шчокі пана Данілы трохі паружавелі.

– Т‑так. Віншую. Жаніцца трэба.

І, нібы абдумваючы нешта, спытаў:

– Калі?

– Дзеду, – сказаў Алесь. – Вам яшчэ трэба пагаварыць аб гэтым з ёю. Яна не хоча.

– Як гэта – "не хоча"? – раззлаваўся дзед.

Ён сказаў гэта такім рэзкім голасам, што брынкнула, адгукнулася рэхам струна ў гітары на сцяне.

– Не гневайцеся, дзеду. Гэта, на жаль, так. Яна проста помніла аб тым вечары, калі я прынёс ёй волю.

– Расказвай, – кінуў дзед.

…Калі ўнук скончыў, пан Даніла глядзеў у агонь бліскучымі вачыма.

– І Майку назнарок памірыла?

Алесь нахіліў галаву.

– Мне няма чаго гаварыць з ёю, – урэшце сказаў дзед. – Гэта трэба зрабіць табе…

Дзед з сілай кінуў канцом у агонь качаргу. Абодва маўчалі, гледзячы, як у пырсках жоўтага полымя наліваецца чырванню, нібы крывёй набракае, метал. Жалеза стала вішнёвым.

Потым пляснуў рукамі па каленях:

– Але ты пагавары, унуча. Згодзіцца – добра. Не згодзіцца – праз шлюб кагосьці за нашчадкаў – звязаць яе з Ракутовічамі ці з патомнымі Юлляна і Тумаша са Зверына. Будуць толькі на прыступку ніжэй, чым мы… Нічога я для яе, бабы гэткай кепскай, не пашкадую.

І, відаць, вырашыўшы, што непрыстойна выявіў пачуцці, раптам сказаў:

– Вось так. Нашкодзяць, а потым ламай галаву…

– Дзеду, – пачырванеў Алесь. – Няма нічыёй віны… Віна жыцця.

– Віна? – вочы старога Вежы ззялі. – Ду‑рань! Гэта слава жыцця!.. Бяжы туды!.. Стой пад дзвярыма. Баб не пушчаюць у алтар, мужыкоў – да парадзіхі. Квіты!..

Як сем год назад, ён ішоў пакоямі, а потым галерэяй, над аркай. Як сем год назад, падыходзіў да дзвярэй… І – мяжа. Нельга далей.

Ён то сядзеў на падвоканнi i глядзеў на яе дзверы, то хадзiў узад i ўперад.

Глебавічна выйшла з пакоя, спляснула рукамі.

– Як жа гэта вы надумаліся?

– Так, – сказаў ён. – Што там?

– Цяжка, князюхна, – сказала яна. – Баюся. І дохтур баіцца. Ды яна яшчэ і не крычыць. Я яе ўгаворваю, лягчэй будзе. "Дурніца… Радасць у свет нясеш". Маўчыць. Толькі калі зусім нясцерпна, то стогне. Мо сказаць, што вы наведаць прыйшлі? Ёй лягчэй будзе.

– Не ведаю.

Жанчына знікла.

Алесь стаяў у пераходзе над аркай і, прыціснуўшы лоб да сцюдзёнага шкла, глядзеў на безуважныя паркавыя шаты ўнізе.

Трэба пайсці адсюль. Хоць на хвіліну.

Прайшоў пераходам, спусціўся сходамі ў яшмавы пакой і ўбачыў, што насустрач ідуць Вежа і пан Юры.

– Сыне, мілы, – сказаў бацька. – Сядай вось. Што, прыехаў аб праекце гаварыць? Давай.

Вежа непрыктетна паціснуў плячыма. Мужчына селі ў крэслы. Цёмны твар пана Юрыя быў стомлены.

Алесь зразумеў, што памылкай было ісці сюды. Усё нутро, уся істота яго цягнулася туды, наверх.

– То як? – спытаў бацька. – Згода на дзве трэці надзелу без выкупу, а трэць – на выкуп?

Алесь нешта адказваў, сам не чуючы сваіх слоў.

– Што гэта ты, нібы з таго свету прыйшоў? – спытаў бацька.

– Здарожыўся, – сказаў Вежа. – Ану, патрымайся трохі, Алесь.

Але ён мог бы не казаць гэтага.

"Калі толькі ўсё будзе добра – трэба ўсё аддаць", – успомніў Алесь і стаў гаварыць. Ён абдумваў гэта сто разоў, і тлькі дзякуючы гэтаму ягоныя словы мелі сэнс, хоць ён кідаў іх амаль машынальна.

– Па‑мойму, вы на паўдарозе. І дзед, і ты, бацька.

– Пойдзем, сыне, – сказаў дзед. – Потым.

– Не. Хай скажа, – вочы пана Юрыя шукалі вачэй сына. – Як?

– Не трэба землеўласніцтва, – сказаў Алесь. – Трэба пакінуць сабе маёнткавую зямлю, сады, паркі ды запаветныя ўрочышчы… Ну яшчэ, можа, тую зямлю, якая забяспечвае конныя заводы ды слуг. Усё астатняе аддаць ім.

Пан Юры ліхаманкава падлічваў.

– Па столькі валок! – сказаў ён. – Па… У Вітахмо, скажам, па семдзесят дзесяцін на сям'ю. А дзе і болей. Запусцяць!

– Не адразу аддаваць. Як узбагачвацца будуць. З умовай вечнай, каб на трэці зямлі цукровы бурак і іншае, якое не прадаюць нікому, акрамя нас.

– У старцы нашчадкаў? – ускінуўся пан Юры. – З розуму выжыў, сту‑дэнт.

– Чакай, – насцярожана сказаў дзед. – Хай даводзіць…

– Хай фермерствуюць, – сказаў Алесь. – Вы не разумееце таго, што ў іх капіталы не тыя. Пакуль яны самі здолеюць завесці цукраварні, буды, гуты, плавільні, палатняныя заводы і іншае – мы паспеем на прыдбанні іхніх прадуктаў зрабіцца заводчыкамі, якім сялянская канкурэнцыя нястрашная.

– У старцы нашчадкаў пусціць? – зноў гнеўна спытаў пан Юры.

– У старцы, бацька, пойдзем, калі так не зробім. Хіба табе найміт будзе так працаваць, як мужык для сябе на сваёй зямлі? Маёнткам усё адно галеча з такой сістэмай, і пытанне толькі, колькі часу на гэта спатрэбіцца.

– Буды… гуты… У купцоў ператварыцца?

– У купцоў – не ў старцоў. Толькі надзел не падушны, а пасямейны. Тады вялікія сем'і вымушаны будуць частку людзей пасылаць на цукроўні… па вольным найме. Можа, так. А можа, і гэтага не трэба. Расце патрэба ў грашах. Узрасце цесната на надзелах. Ды яшчэ – машыны. Тады трэба ўвесці заахвочвальныя цэны на бурак, лён, каноплі, бульбу… Фабрыкі будуць расці, а багацце будзе ва ўсіх.

А сам думаў: "Лухта! Якая лухта! Перад гэтым, што насоўваецца, такая лухта. Бурак, каноплі, торба мукі".

– Я б на таваім месцы падумаў, – сказаў сына Вежа. – Нешта ва ўсім гэтым ёсць. – І, паглядзеўшы на ўнука, злітаваўся, сказаў пану Юрыю: – Ідзі адпачывай. Я вось яму пару слоў скажу і таксама паганю спаць. А галовы ў нас дзеці, га, Юрась?

– Галовы, – наіўная і хітрыя вочы пана Юрыя смяяліся. Ён торгаў хвалісты вус, прыкрываючы ўсмешку.

Пайшоў. Дзед і ўнук сядзелі моўчкі.

– Пачакай ты тут. Не пакутуй – не паможаш… Сам прыдумаў?

– Сам. Я пайду.

Дзед зразумеў: трэба супакоіць. Хоць на хвіліну адцягнуць думкі.

– Як думаеш Гелену забяспечыць?

– Хіба ўсё будзе добра?

Стала цішыня.

– Мнямля, – сказаў дзед. – Першынцу!.. Зямлю тых двух маёнткаў, што за Сухадолам. Дом у Ведрычах.

Алесь ускiнуў вочы:

– Дзядуля.

– Што "дзядуля"? Дам, нічога не зробіш.

Схіліўся да Алеся:

– Хадзем, вып'ем з табою.

 

Гадзінай пазней Алесь зноў хадзіў туды і сюды па калідоры. Вакол была тая самая нясцерпная цішыня.

Здалося? Не, не здалося. У цішыні раптам прагучаў балесны стогн. Яшчэ стогн… Яшчэ… Стогны былі ціхія, стрыманыя, але кожны працінаў сэрца.

Не ведаючы, куды схавацца, Алесь адчыніў дзверы. Нявялікая, амаль пустая камора. Акенца ў дзве далоні.

Ён стаў між пустых бляшанак і торб з мукою і гарохам і чакаў. Стогны… стогны… Ці гэта ў вушах?

Вітахмоўцы, кажуць, калісьці былі чарадзеі. Перад родамі муж доўга глядзеў жонцы ў вочы, а потым знікаў з хаты, ішоў у пушчу і там крычаў і біўся аб дрэвы. І жонкі раджалі лягчэй, а мужчыны, кажуць, нават адчувалі боль, яны нібыта бралі частку пакут на сябе.

Потым, як заўсёды, ад гэтага засталася адна абалонка. Ніхто амаль не ўмеў "браць на сябе", але ў пушчу ўсё адно ішлі… Гэта звалася кувада… Няўяўнай старадаўнасці звычай…

 

Ён не ведаў, як пакінуў камору, як арынуўся зноў ля дзвярэй. Была цішыня, і ён зразумеў, што стогны яму толькі здаваліся і, магчыма, даўно ўжо адбылося горшае.

Адчынiлiся дзеры. Не заўважыўшы яго, выскачыла i пабегла некуды сядзелка. Праз шчылiну ён на iмгненне ўбачыў лекара. Лекар стаяў i трымаў у руках нешта чырвонае.

І раптам пралунаў калідорам крык. Слабенькі, але на ўсесь палац, на ўвесь свет – крык.

З дзвярэй выйшла павітуха, прыкрываючы ручніком балейку.

Голас у пакоі нібы дзіўна перабіваўся, распадаўся і зноў злучаўся:

– А‑а! А‑а‑а! А! Э‑э‑э! Гэ! Гэ! А‑а‑а!

Еўфрасіння выкацілася з дзвярэй. У яе трэсліся вусны.

– Двайняты! Князюхна, мілы! Хлопчык і дзяўчынка.

Спляснула рукамі, пабегла некуды. Дзве сядзелкі пабеглі назад у пакой. Пачалася мітусня. Ніхто не звяртаў на яго ўвагі, і ён сеў на нізкае падвоканне.

Густа сцямнела за акном, як заўсёды перад золкам.

…Зноў Глебавічна. Аж захлынаецца:

– А божа ж мой! Вырастуць дзеткі! Прывядзе яна іх пад грушку. Будзе для іх сяпяжаначкі рваць. А тыя будуць есці ды смяяцца на сонейка.

З усмешкай праз слёзы зірнула на Алеся і раптам шырока расплюшчыла вочы:

– Паніч! – і пацалавала ў лоб…

Зноў заплакала:

– Такая ўжо мне радасць! Не было ж у мяне дзетачак. Ні ад мужа‑нябожчыка, ні потым…

Выцірала кулакамі вочы. Так, як ніколі не рабіла пры пану Данілу.

 

Два скруткі ў руках Глебавічны. У верхняй частцы кожнага скрутка было нібы акенца.

У кожным акенцы было нешта чырвонае i непрыгожае. Кожнае непрыгожае муляла нечым, зусiм непадобным на рот.

– Патрымайце, гэта трэба.

Ён трымаў гэтае, цёплае, праз тканіну, а жанчына падтрымлівала. І ён баяўся, што заламае гэта ці возьме неяк не так.

І раптам гэтыя, як па камендзе, расплюшчылі вачы. Вочы былі шэрыя і ўжо доўгія. Ці, можа, гэта так здавалася? Шэрыя і доўгія. Ягоныя.

– Глебавічна, мне здаецца, я іх люблю.

Жанчына недаверліва глянула на яго:

– Ідзі‑ідзі. Не хлусі.

…Перад сабою, на высокіх падушках, ён бачыў пацямнелае маленькае аблічча за пакусанымі вуснамі.

– Прыехаў? – хутчэй загадаўся, чым пачуў, ён.

Ён проста стаў на калені і асцярожна прынік галавою да яе рукі:

– Даруй мне.

Ён не чуў яе слоў. Толькі бачыў няўлоўныя рухі вуснаў:

– Я цярпела… Суткі… А потым не вытрымала і застагнала. Не магла ўжо, – вочы яе заззялі. – І раптам мне стала лягчэй. Я зразумела: з'явіўся ты. І чамусьці мне стала зусім лёгка.

Ён глядзеў на яе з нямым пытаннем.

І атрымаў нямы адказ: нічога не змянілася. І не зменіцца.

У бібліятэцы гарэла святло. Дзед не спаў. Яму забылі паведаміць. І ён чакаў.

Ускінуў падбароддзе насустрач унуку. І той зразумеў, на што дзед перш за ўсё чакае адказу.

– Адмовілася.

– Я ведаў, – сказаў дзед. – Хто?

– Двайняты.

– Што‑о? – Вежа выпрастаўся.

– Хлопчык і дзяўчынка, – Алесь сеў да каміна і наліў сабе віна.

Было маўчанне.

Ад віна, ці, можа, яшчэ ад чагосьці, нібы матляла.

– Бацька будзе кумам, – сказаў дзед. – Клейна – кумою. Каб не было падазрэння на імёны.

– Якія імёны?

– Юры і Антаніда. Якія ж яшчэ?

– Дзядуля, – сказаў Алесь. – Я думаю, ёсць бог на свеце.

Алесь расказаў пра дарогу, пра размову з прафесарам, пра тое, як гучала песня ў снягах, пра пагрозлівы сон.

– Так часам у нас бывае. Разумееш, як ад нечага забытага кліч. Калі‑небудзь я пастараюся расказаць табе пра другія патаемныя нашы веды, выпадкі, дзівы. Гэтага ніхто не разумее, але гэта ёсць. Пры чым жа тут бог? Гэта твая трывога, жаденне, еднасць душ на адну хвіліну. Часам, у бойцы, шалёныя прыступы ярасці ў нашых людзей. Калі сілы нібы ў дзесяць разоў узрастаюць. У нарвегаў – "берсеркерства", у нашых – "пaна". Бачыш, нават словы асобныя ёсць. Рознасць нерваў ці яшчэ нешта? Або, кажуць, індусы могуць часам болю не адчуваць. Або наш інстынкт да дрыгвы. Восем з дзесяці дзяцей, нават упершыню трапіўшы, не праваляцца. Як, ты скажы, вядзе іх нешта. І што ўжо там бог? Мы самі багі. Сёння вось – багі. Бываем свінні, а сёння – багі.

– Але сон…

– У матулю ты пайшоў, – няўхвальна сказаў Вежа і наліў келіхі. – Пі. Хто п'яны – з тым бог… Не як свіння, вядома, п'яны.

І нечакана трохі ўскіпеў:

– Сон! Забабоны гэта. Не чакаў ад цябе. Ракавіна забабонаў: схавайся і сядзі. А ўсе людзі торкаюцца туды‑ы‑сюды‑ы, не разумеючы, што прыкутыя да жыцця, у якім усё сказана. Баяцца – таму і бог. Помніш словы з радавой клятвы… "няма нічога, акрамя магіл"…Адны вераць у магілу Хрыста і дзеля яе здзекуюцца з жывых. Бо мярцвяк кажа, і яны не могуць адмовіцца, паляць на агні… Другія вераць у доктара Гільятэна і над яго магілай ляскаюць ягоным вынаходніцтвам. Ці не дурасць, калі трэба верыць у жывых, у тое, што сёння здарылася?

– Але ўсё гэта…

– Першае, што сведчыць супраць рэлігіі, гэта тое, што ў людзей розныя багі.

– Не тое, дзед, не тое. Не аб верах. Аб тым, што ўва мне, аб маёй мэце, аб тым, уто ўратавала нас усіх.

– Самі мы сябе ўратавалі, – сказаў стары. – А калі загінем – дык таксама самі. Ніхто ў гэтым не будзе вінаваты, акрамя нас саміх… Зямлёй і людзьмі рухае дух змагання. Я не ведаю, ці ёсць у гэтага змагання нейкая надзея. Але з веку ў век людзі змагаюцца. І таму яны – людзі, а не быдла.

Чырвонае полымя трапятала на твары дзеда.

– Сёння – праўда, заўтра – хлусня. Сёння – Брут, заўтра – ён жа, Нерон. Сёння бог – заўтра плесня, а потым другі бог. Вучэнні, усе вучэнні – лухта. Ёсць адно вучэнне, пакуль над чалавекам праўда думак, пачуццяў, любві.

 

Наступнай восенню студэнт імператарскага Санкт‑Пецярбургскага універсітэта Аляксандр, Георгіеў сын, Загорскі, не даслухаўшы курса навук па пісьменству і гісторыі, здаў, аднак, пры добрых паводзінах, усе належныя іспыты па гэтых дысцыплінах і, падаўшы ўстаноўленыя дысертацыі на ступень кандыдата, быў заслужана зацверджаны ў гэтай ступені панамі прафесарамі і папячыцелем Санкт‑Пецярбургскай вучэбнай акругі.

Студэнт, аднак, не пакарыстаўся ніводным з правоў і прывілеяў, дадзеных імператарам ступені кандыдата, а застаўся пры прафесары Сразнеўскім для ўдасканалення ў навуках, адначасова запісаўшыся на слуханне лекцый па медыцыне і філасофіі з правам наведваць, як раней, лекцыі славеснасці, гісторыі і прыгожых мастацтваў.

Аборона гістарычнай дысертацыі ("Сялянская вайна ХVII стагоддзя на тэрыторыі беларускага Прыдняпроўя. Па матэрыялах радавых архіваў тамтэйшых дваран і прыдняпроўскіх "Кронік"), дзеля якой ён усё лета прасядзеў у архівах Вежы, Сухадольскага замка, Раткевічаўшчыны, Кісцянёў і фондаў былога Збароўскага кастальянства, прайшла без перашкод.

Затое на абароне "Прыдняпроўскіх песень, паданняў і легенд" ледзь не было скандалу. Сабралася зашмат народу, з "Агула" і проста так землякоў. Усе, найбольш, дрэнна апранутыя, у чаравіках, што прасілі кашы, у сурдутах, ледзь толькі не перашытых з хатніх чугаў і світак. Некаторыя ў акулярах з "аконнымі" шкельцамі. Большасць, праз адсутносць паліто, у зацяганых пледах, зробленых з самай таннай шатландкі ці нават з даматканых, у шашачкі, посцілак. Усё з тых людзей, што апладзіравалі Чарнышэўскаму і аб якіх хадзіў жарт:

– Што гэта ты, хлопча, з хадніка сабе плед зрабіў?

– З рызаў пакуль што не дазваляюць.

– Чаго гэта ў цябе ручнік замест гальштука?

– Добра, што пакуль не вяроўка.

Гумар быў змрочны. Сапраўды, гумар шыбеніка. Але самі хлопцы былі вясёлыя, хоць і вечна галодныя. Адкуль прасачыліся да іх чуткі аб дысертацыі – невядома. Магчыма, праз Кастуся, бо Алесь, слухаючыся парады Сразнеўскага, пра змест яе, пакуль тое, памоўчваў.

Гэтая аўдыторыя сустракала кожнае "небяспчнае" месца ўхвальным гулам. Апаненты, магчыма, пабойваючыся непрыемнасцей, спрабавалі былі аспрэчваць занадта "левыя" палажэнні працы. Асабліва стараўся прафесар Платон Рунін, найбольш заядлы са славянафілаў універсітэта. Крычаў нешта аб "славянскай душы", якой чужы мяцеж і ўласцівая, з самых першых часоў, рахманасць і пошукі бога ў сваёй душы і душы таго, хто кіруе. Дагаварыўся, урэшце, да таго, што толькі пад эгідай моцнага славянін адчувае раскошу і замілаванне, што духу славянскіх народаў не ўласцівыя ўсе формы парламентарызму і дэмакратыі, прыдуманай бязбожнымі французамі, што заўсёды яны будуць адчуваць духоўную патрэбу ў манархіі.

Алесь, успамінаючы свае нядаўнія разважанні, чырванеў ад слоў Руніна, нібы яго білі па шчоках. А студэнцтва гуло:

– Веча! Разін! Копныя суды! Вашчыла!

Сразнеўскі ўрэшце быў вымушаны спыніць іх.

А Рунін бубніў далей. Усё нешта аб тым, што абаронца, тэндэнцыйна падбіраючы песні, выстоўляе самы баганосны і рахманы са славянскіх народаў бандай мяцежнікаў, рабаўнікоў і гуляк, неўтаймаванай вольніцай, бязбожнікамі, якія прагнуць вечнага бунту.

Параўноўваў работу Алеся з "Песнямі шатландскай мяжы" Вальтэра Скота і нагадваў усім аб шматлікіх непрыемнасцях і абвастрэннях, якія нарадзіў гэты безадказны эксперымент, гэтая гальванізацыя трупа неўтаймаванай і д'ябальскай ідэі свабоды, што даўно скампраметавала сябе.

Студэнты распачалі абструкцыю. Ізмаіл Іванавіч заклікаў да парадку і Руніна і студэнтаў і пачаў навальвацца на ўсе доказы апанентаў, крышыць і ламаць іх, аж пакуль не раскідаў усяго, не пакінуўшы каменя на камені.

А потым, калі дысертацыю прынялі, расцалаваў "падвойнага кандыдата" і згадзіўся пайсці разам з сябрамі, якіх набралася чалавек пяцьдзесят, адсвяткаваць у Барэля нараджэнне новага "мужа навукі".

За вокнамі курыльні хвастаў чорны лістападаўскі дождж. У доме Сашальскіх на Ліцейным праспекце, чакаючы, пакуль сыдуцца госці, сядзелі людзі, што сабраліся раней, каб паспець пагутарыць. У кутку, ля чэзлага – адна назва, што агонь! – пецярбургскага каміна сядзелі Зыгмунт Серакоўскі, Ямант, Валеры Урублеўскі і Хвэлька Зянковіч, усе курцы. Іх усеагульным плебісцытам пагналі да агню, каб адцягвала дым. Кастусь дамогся. Па‑першае, "спявак" Эдмунд Вярыга цярпець не мог шкоднага дыму. Па‑другое, Віктара нядаўна прымусілі кінуць курыць. Ён ужо ведаў аб сваёй хваробе. Алесь увесь час клікаў яго да сябе, знайшоў братам кватэру ў Пецярбургскай часці, у доме нумар шаснаццаць па Вялікай Пасадскай (два цёплыя і сухія пакоі), і маліў, каб браў грошы, бо тут, пры сур'ёзнасці справы, зусім ужо не да гонару.



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.