Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Дагератыпная майстэрня 8 страница



– Я думаю, лепей будзе так, – сказаў Алесь. – Два‑тры гады я займуся больш сумежнымі прадметамі. Скажам, філалогіяй і гісторыяй… А потым можна заняцца і прыродазнаўствам.

– А што? I праўда. А здужаеш?

– Здужаю. Трэба.

– Ой, братка, як трэба! Як нам патрэбны адукаваныя людзі! Куды ні зірні – усюды дзірка. А па гісторыі ў нас тут зусім нядрэнныя сілы. Благавешчанскі – па Рыму. Паўлаў – па агульнай гісторыі. Кажуць, па рускай гісторыі будзе Кастамараў. Стасюлевіч – па гісторыі сярэдніх вякоў. Нічога, што самы крывавы час. Затое не такі свінскі, як наш. Дый Міхал Мацвеевіч ліберал. Беларуссю цікавіцца, бо паходжанне абавязвае.

Загарэўся:

– Ты чалавек не бедны. Ездзіць можаш. Гэта табе не ў часы Радзішчава. Дарогі да Масквы – лухта. Можаш ездзіць туды Салаўёва слухаць. Не на кожнай жа лекцыі тут табе сядзець. Прозвішчы ўсіх, да каго на лекцыі хадзіць не варта, прачытаеш у "Северной пчеле". Каго яны хваляць – той, значыць, і ёсць самае дзярмо.

I раптам устаў:

– Значыць, вырашылі. Жаб няхай іншыя прэпаруюць. Твая справа – пачаць змаганне за слова. Слоўнік. Пісьменства. Мова. Для ўсіх гэтых, што кінулі. I для ўсіх, што ў хатах без святла. Пры лучніку.

– Страшнавата.

– Нічога не страшнавата.

На сходах загучалі крокі. Твар гісторыка расплыўся ў хітраватай усмешцы. I гэтая ўсмешка была такая дзіцячая, што чалавек, відавочна год на пяць старэйшы за Алеся, здаўся яму юнаком, якому толькі дурэць і сваволіць.

– Ідуць, – сказаў Віктар. – Хавайся.

Алесь стаў ля дзвярэй, каб, адчыненыя, яны засланілі яго.

Тупат набліжаўся. Алесь бачыў удавана абыякавы твар Віктара. Потым дзверы закрылі яго. Зайшло некалькі чалавек. Высунуўшы галаву з‑за дзвярэй, Алесь убачыў Кастусёву патыліцу.

– Так, – сказаў Кастусь. – Дастаў, што праўда, пяцьдзесят капеек, дык вось хлопцы галодныя.

– Ясна, – Вiктар пачухаў патылiцу. – Добра, зараз падумаем, што на ўсё гэта зрабiць.

I раптам нібы ўспомніў:

– Дарэчы, Кастусь. Тут да цябе нейкі чалавек заходзіў. Даліктун такі – фу‑ты ну‑ты! Чакаў. Паспрачаліся мы тут з ім. Дык ён замест адказу выкарыстаў апошні ў палеміцы доказ: плюнуў мне ў галаву вішнёвымі костачкамі дый дзвярыма ляснуў.

– Вечна ты так з людзьмі, – сказаў Кастусь. – Што, праўда – плюнуў?

– Каб мне бацькаўшчыны не ўбачыць!

– Ч‑чорт. Ты хоць прозвішча запомніў?

– Ды гэты… Як яго?.. Ну‑у… Заборскі?.. Заморскі?.. Загорскі, вось як! Сказаў, што нагі больш ягонай тут не будзе.

Кастусь сеў на кніжны стаўбунок.

– Віктар… Ты што ж гэта нарабіў, Віктар?

– А што? – сказаў Вiктар. – Падумаеш!

Алесь выйшаў з‑за дзвярэй і стаў сярод неўразумелых хлопцаў.

– Ды ідзі ты да д'ябла! – выбухнуў Кастусь.

– Зараз, – сказаў Загорскі.

Кастусь павярнуўся і лыпнуў вачыма. Хлопцы зарагаталі. Каліноўскага нібы падкінула.

– Алеська! Не пайшоў! Алеська!

Яны малацілі адзін аднаго па плячах і спіне так гучна, што рэха ляцела.

Хлопцы вакол глядзелі на іх і таксама ўсміхаліся шырока і шчыра. Толькі ў аднаго, высакаватага і тонкага шатэна, усмешка была паблажлівая. Усміхаўся, нібы ласку рабіў.

– Вой, хлопцы, – спахапіўся Кастусь. – Як жа гэта?! Знаёмцеся. Гэта па‑старому князь, а па‑новаму грамадзянін Загорскі. Зваць яго – Алесь. Добры і свой хлопец. Таму ўсе вы да яго павінны звяртацца на "ты". I ты, Алесь, пра "вы" забудзь. Французяціну гэтую – прэч. Мы тут усе – браты.

Першы, працягваючы руку, сказаў па‑мужыцку:

– Хвелька Зянковіч. З універсітэта. Дражняць абрыкосам, – вінавата ўсміхнуўся ён. – Вядома, не ў вочы.

– Не буду, – сказаў Алесь.

– I не раю, – сказаў Віктар. – Ён у нас у гарачай вадзе купаны.

Другі хлопец яшчэ тады, калі моўчкі глядзеў на сустрэчу сяброў, прыцягнуў увагу Алеся. Чыстае строгае аблічча, суровае і змрачнаватае на выгляд.

– Я з ляснога інстытута, – усміхнуўся хлопец.

Па‑руску ён гаварыў з даволі прыкметным польскім акцэнтам. Асабліва прыемна гучала ў некаторых словах "л", па‑дзіцячы падобнае на "в".

– Прозвішча маё Валеры Урублеўскі.

– Палясоўшчык будзе, – іранічна ўставіў непапраўны Віктар. – I знаеш чаму?

– Ну? – мякка спытаў Валеры.

– Ён, праз абмежаванасць разумовых здольнасцей, з усяго "Пана Тадэвуша" сяк‑так зразумеў толькі адзін слупок:

 

Помнiкi наше! Iле ж цо рок вас пожэра

Купецка люб жондова москевска секера![22]

 

Дый вырашыў, што найлепшы шлях для змагання з урадавым уціскам – ахова лясоў.

– Маеш рацыю, – падтрымаў гульню Валеры. – Сякуць лясы, здзіраюць шкуру з зямлі. А Польшча, дый твая Беларусь, да таго часу і жывуць, пакуль ёсць пушчы. Не будзе дрэў – і іх не будзе. – Алесь раптам заўважыў амаль сур'ёзныя ноткі ў хлопцавым тоне. – Так што дазваляйце, хлопчыкі, секчы, дазваляйце.

Урублеўскі ўсміхнуўся.

– I потым, чаму здзіўляцца? Я ж паляк. Як паўстанне – куды я заўсёды бягу? "До лясу". Іншай дарогі мне бог не даў. То што мне, дазваляць секчы сук, на якім сяджу?

– Ты можаш з ім і па‑польску гаварыць, калі табе зручней, – сказаў Віктар. – Ён трохі ведае.

– Чаму? – сказаў Валеры. – Я па‑беларуску таксама ведаю.

I скончыў па‑беларуску:

– Гаварыць будзем, як выпадзе. Як будзе зручней. Праўда?

– Праўда, – сказаў Алесь.

Поціск рукі Валерыя быў прыемны і моцны.

– Ану я, – сказаў наступны, моцны хлопец са строгімі вачыма. – Дайце я гэтага дружбістага сябрука‑земляка за бакі патрымаю… Здароў, малец!

Хлопец гаварыў, як гавораць беларусы з некаторых мясцін Гродзеншчыны. Не націскаючы на "а", вымаўляючы яго як нешта сярэдняе між "а" і "о" – "гэто‑го". I, аднак, ён не быў падобны на "грака". Можа, з віцебскай глушыні?

"Урэшце, чорт з ім. Сімпатычны хлопец".

– Во, малец, зваліўся ты ў гэты мярлог. – Голас у хлопца быў спеўны. – Нічога, тут хлопцы добрыя. Буршаваць[23] будзем… Зваць мяне Эдмунд, як, ты скажы, нейкага там рыцара Этэльрэда. Віктар лічыць, што я памылкова з такім імем нарадзіўся ў дзевятнаццатым, што трэба было мне семсот год назад нарадзіцца. I правільна: прынамсі, не бачыў бы яго… а прозвішча маё – Вярыга…

Апошні з хлопцаў, той самы высакаваты шатэн, што паблажліва ўсміхаўся, падаў Алесю цвёрдую, але безжыццёвую руку.

– Юзаф Ямант, – сказаў ён па‑польску. – Вельмі мне прыемна.

– Таксама мне прыемна, – адказаў па‑польску Алесь. – Ты з дняпроўскіх Ямантаў, таварыш?

– Не.

– А адкуль? Дзе зямля таварыша?

Юзаф трохі сумеўся:

– Мой бацька павераны і аконам князя Вітгенштэйна. Маёнтак Самуэлава.

Алесь трохі здзівіўся. Выгляд у Юзафа быў такі, нібы ён сам князь Вітгенштэйн. I, аднак, Загорскі не паказаў свайго здзіўлення.

– Нешта мне знаёма тваё аблічча, Юзаф. Дзе вучыўся?

– Скончыў Віленскі шляхецкі інстытут.

– Ну от. Значыць, пэўна бачыліся. Я скончыў гімназію ля святога Яна.

– Чаму так? Вы ж князь?

– Бацькі палічылі, што лепей, калі я буду вучыцца сярод больш‑менш простых і харошых хлопцаў. Каставасць і фанабэрыя – усяго гэтага і так замнога сярод дваран.

Валеры выставіў ніжнюю губу. Эдмунд Вярыга падміргнуў Алесю.

Загорскі ўбачыў, як прыпухлыя павекі хворых вачэй Яманта часта заморгалі. Юзаф змяніў тэму гаворкі.

– Пан цалкам прыстойна гаворыць па‑польску. Нават з тым акцэнтам, што ўласцівы…

– Выкладчык быў з наваколля Радама, – сказаў падкрэслена Алесь. – З маёнтка Пёнкі.

– Мне вельмі прыемна, што пан вывучыў мову, на якой гаварылі яго продкі.

– Ямант‑мамант, – буркнуў Вiктар Калiноўскi.

Алесь паціснуў плячыма. I тут умяшаўся ў размову Валеры.

– Зноў? – спытаў ён у Яманта. – Ану кінь! Мала табе непаразуменняў?

– Што ж мы, хлопцы, будзем з усім гэтым рабіць? – выпраўляў становішча Віктар. – Хіба Эдмунда паслаць, каб купіў у кілбаснай абрэзкаў. Там немачка маладая аж дужа яго вокам адзначыла. А як жа! У паўночным духу мужчына. Вікінг! Апалон, злеплены з тварагу!

Эдмунд смяяўся:

– А што? Хіба дрэнны?

– Для яе, відаць, не дрэнны. Ружавее, як півоня. Кніксен за кніксенам: "О, гер Вя‑ры‑га! Жартаўніч‑ка! Што вы?!" Вось ажэнішся – мы да цябе ў госці прыйдзем, а ты сядзіш, кнасцер курыш. Дзяцей вакол – плойма. А пад галавой падушачка, і на ёй вышыта: "Morgenstunde hat Gold im Munde" – у ранняй, значыцца, гадзіне золата ў вуснах.

– А ён усё роўна да паўдня дрыхне, – падтрымаў Віктара Валеры.

– Я і кажу. I вось ён нас частуе. Адно яблыка парэзана на скрылёчкі і па ўсёй вазачцы раскладзена, каб больш было.

Вярыга не пакрыўдзіўся. Пацягнуўся і гулка ўдарыў сябе ў грудзі.

– Чэзлая ў вас, хлопцы, фантазiя. I гумар такi самы. Iмпатэнцкi. А жыццё ж багацейшае. Паўнакроўнае яно, рагоча, кпiць, жарэ. Не з вашымi мазгамi вышэй за яго ўстаць. Заходжу я туды i паважна так кажу: "Фунт кiлбасных абрэзкаў для майго сабакi". А яна мне: "Вам загарнуць цi тут будзеце есцi?.." Во як! А вы лезеце з посным рылам…

Хлопцы зарагаталі.

– Вось што, хлопцы, – сказаў Алесь. – Пакіньце вы гэты паўрубель на сняданне.

– У мяне прынцып, – сказаў Вярыга. – Нічога не адкладвай на заўтра, акрамя работы.

– Не, сур'ёзна. Хадзем да мяне. Павячэраем, пасядзім, пагамонім.

– Нязручна, – сказаў Кастусь. – Толькі прыехалі – нa табе хеўра.

– А не жэрці зручна?

– Усе збянтэжыліся.

– Ну, кіньце вы, сапраўды. – Алесь пачырванеў: пачыналася. – На апошняй станцыі яшчэ Кірдун купіў жывых ракаў. "Дзіва, кума, а не ракі. Адным ракам поўная торба… і клюшня вон тырчыць".

Вярыга абвёў усіх вачыма і падкрэслена аблізнуўся.

– Ён да цябе цяпер заўсёды хадзіць будзе, – сказаў Віктар. – Зойдзе і па‑руску: "Есть есть?" А ты яму: "Есть нет".

– Калі ласка, – перасек жарт Алесь. – Заўсёды буду чакаць.

Хлопцы муляліся, але пачыналі здавацца.

– Дык, кажаш, і ракі? – спытаў Вярыга.

– I ракі.

– А да ракаў?

– Як належыць. Белае віно.

– Белае?

– Белае.

– Хлопцы, – прастагнаў Вярыга. – Хлопцы, трымайце мяне. Трымайце мяне, бо я, здаецца, не вы‑тры‑ма‑ю.

– Вось і добра, – сказаў Алесь. – Хадзем хутчэй.

Яны ішлі Неўскай узбярэжнай. Недзе далёка за спіной гучалі галасы астатняй кампаніі. Хлопцы назнарок адсталі, каб пакінуць сяброў удвох.

– Вось і ўсё, што я магу табе сказаць, – скончыў Алесь. – Такія, як Кроер, каб менш зямлі мужык атрымаў бясплатна, шкодзяць бацькаваму праекту. Загадзя адбіраюць у хлопа палову надзела, ды яму ж, за грошы, здаюць "у арэнду". Страты ніякай. А пасля вызвалення скажуць: "Трымай, мужык, палову надзела ды не вякай…" А бацьку: "Маршалак, прабачце, але апошнія гады яны гэтай паловай не ўладалі. У арэнду бралі". Дзед на такіх сяк‑так цісне, але цяжка.

– Нічога, – сказаў Кастусь. – Больш людзей косы возьме, як прыйдзе бунт.

Звонка гучалі крокі. Імкнулася да мора магутная рака. Над горадам ляжала светла‑сіняя, амаль празрыстая ноч.

– У Мсціслава маці памерла, – сказаў Алесь. – Хварэла даўно. Вечна па водах. Астаўся ён васемнаццацігадовым гаспадаром. Але зрабіць пакуль нічога не можа. Трохі не хапае да паўналецця.

– А што ён павінен зрабіць?

– Тое, што і я, як гаспадар стану. Адпусціць людзей.

– Думаеш, дадуць?

– Могуць не даць. Тут ужо – зрабіў дый стрэлу чакай.

– Вось так яно і ёсць.

Яны ішлі, абняўшыся за плечы.

– Як з маёй просьбай? – спытаў Кастусь.

– Я пагаварыў з усімі хлопцамі "Чартапалоху і шыпшыны". Я кім пагаварыў, каму і напісаў. Хлопцы думаюць па‑ранейшаму. "Братэрства" не распалася.

– Як добра!

– Мсціслаў, Пятрок Ясюкевіч, Мацей Біскуповіч, Усяслаў Грыма… ну, і я. Мы ўпяцёх узяліся за людзей, якіх ведалі. Разумееш, у хлопцаў справа пайшла весялей. А ў нас з Мсціславам нешта цяжка. Адчуваю: перашкаджае нешта. Ведаю, свой чалавек, з якім гавару, а ён муляецца ды ўсё некуды нібы хаваецца.

– Што, мяркуеш, прычынаю?

– Мяркую, у Прыдняпроўі ёсць яшчэ адна арганізацыя. І вялікая. Шмат людзей яднае… Нехта рыхтуе вялікі закалат… Нехта бунт рыхтуе.

Памаўчаў.

– Доўга думаў, хто мае дачыненне. Вырашыў глядзець, хто з сумленных людзей, з тых, хто бачыць падлейшую нашу сучаснасць, а ходзіць вясёлы і бадзёры. Бачу: Раткевіч Юллян, Біскуповіч Януш, іншыя. А гэта ўсё людзі Раўбічавага кола. Успомніў адну падзею, на якую ў той час не звярнуў увагі. I займеў вялікае падазрэнне, што не абыходзіцца там і без пана Яраша.

– Пагаварыў бы.

– Нельга, Кастусь… Смяртэльныя мы ворагі з Раўбічамі.

– Ты што? З панам Ярашам, з Франсам?

– Але…

– Ды ты што? Ды ты як? А Майка?

– Цяпер памірыліся цішком. Ніхто нічога не ведае.

Кастусь схапіў яго за плечы і патрос:

– I ты думаў, што вы нарабілі?! Ах, шкада якая! Ах, які жаль! – Кастусь, як заўсёды ў хваляванні, гаварыў цяжка, з запінкай, блытаў словы.

– До аб гэтым, – сказаў Алесь. – Паспрабуем самі потым разабрацца. Дык вось, гаварылі мы з хлопцамі многа. Між іншым, і з тымі, што за нас тады заступіліся. Выбіралі вельмі асцярожна. Рафал Ржэшэўскі згадзіўся. Яшчэ хлопцы… Сашка Волгін згадзіўся. Доўга думаў. А потым кажа: "Мне, хлопцы, акрамя вас, дарогі няма".

Хлопцы ішлі праз светлую, празрыстую ноч.

– Колькi ў вас людзей? – спытаў Калiноўскi.

Алесь дастаў з кішэні сшытак без вокладкі.

– На… Мы пакуль што з'ядналі ў гурт сто шэсцьдзесят чатыры чалавекі.

– Надзейныя?

– Да канца, – вельмі ціха сказаў Алесь. – На жыццё дык на жыцце, а калі на смерць, то і на смерць.

– Я веру, што ты – да канца, – пасля доўгага маўчання сказаў Каліноўскі. – Ты павінен ведаць усё, дружа. Толькі ўлічы: пасля таго, што я табе зараз раскажу, дарогі назад не будзе… У нас ёсць свая арганізацыя, "накшталт зямляцтва". Гэта – для іншых. Назва "Агул". Гэта палякі з усяго захаду, нашы беларусы, літоўцы. Трохі менш людзей з Інфлянтаў. Скажам шчыра, зусім мала ўкраінцаў. Колькасць членаў‑студэнтаў нешта каля пяцісот чалавек. Людзі розныя. Адны проста за паўстанне заняволеных, другія – за нацыянальны рух, трэція – за аўтаномію… Вонкава дзейнасць зямляцтва заключаецца ў самаасвеце і дапамозе бедным студэнтам. Таму ёсць свая каса, узносы, свая бібліятэка. Грошы сапраўды ідуць незаможным. З бібліятэкай больш складана. Там забароненыя творы Міцкевіча, Лелявеля, нашы ананімы, руская патайная літаратура. Герцэн, напрыклад, амаль увесь. I "Дылетантызм", і "Лісты", і амаль усе зборнікі "Полярной звезды", а з гэтага лета і "Колокола". Ну, а потым – Фур'е, немцы, іншыя… Шмат чаго ёсць. Тыя людзі, якія карыстаюцца гэтай часткай бібліятэкі, – ёсць ядро. Не думай, што трапіць так лёгка. Наогул, у нас тры ступені. Пяць членаў "Агула", якія добра ведаюць адзін аднаго, рэкамендуюць у "Агул" чалавека, за якога могуць паручыцца… Пяць чытачоў падспуднай бібліятэкі могуць рэкамендаваць у яе чытачы таго з членаў "Агула", якому яны вераць і якога ведаюць. Я гаварыў пра цябе. Сябры з верхняй рады пад маю асабістую паруку дазволілі мне, мінаючы ступень "Агула", увесці цябе непасрэдна ў склад асабліва давераных. Я расказаў пра цябе як на духу. У нас не хапае людзей. Асабліва з Прыдняпроўя… Мы ставім цябе на асобае становішча чалавека, аб удзеле якога ў верхняй радзе амаль ніхто не будзе ведаць.

– Дазвольце спытаць, чым абавязаны?

– Цалкам наш. Не крыўдуй, я таксама быў у такім становішчы. Яшчэ і цяпер мяне ведаюць менш, чым іншых. Такому лягчэй звязваць людскія ніці ў адну сець. Ты і яшчэ некалькі чалавек будуць як рэзерв на выпадак правалу асноўнага ядра. Улічы, што табе вельмі вераць. Я сказаў, што ты думаў аб перавароце і пачаў рабіць першыя крокі да яго на некалькі год раней за мяне.

– Ну, што ты…

– Маўчы. Дык вось. Трэцяя ступень. Гэта скарбнік, бібліятэкар агульнай бібліятэкі, яшчэ два члены і бібліятэкар падспуднай бібліятэкі…

– Гэта хто?

– Я… А ўсяго, значыць, пяць. Гэтыя пяць складаюць верх "Агула", ніхто не ведае, што ён ёсць. Наверсе толькі агульны бібліятэкар і скарбнік. Як усюды. Скарбнік і бібліятэкар маюць права рашаючага голасу. Але гэта ва ўсіх зямляцтвах так. На самай справе наша пяцёрка рэкамендуе людзей, да якіх прыгледзеліся, сувязному. Той займаецца з рэкамендаваным асабіста. Дае яму кнігі, спрачаецца па розных пытаннях і, падрыхтаваўшы, рэкамендуе далей.

– Гэта Віктар, – сказаў Алесь.

– Чаму так думаеш?

– Хто ж яшчэ можа лепей кіраваць чытаннем, раіць, якую кнігу чытаць?

– Маеш рацыю. Тут не толькі я, тут большасць абавязана яму… Выбраныя ім людзі трапляюць у гурток, назва якому, для дурных, "Літаратурныя вечары".

– I ў гэтым гуртку ты, Віктар і яшчэ з тых, каго я ведаю, бадай, Валеры.

– Тфу ты, чорт, – сказаў Кастусь. – Ішоў бы ты на месца Пуціліна[24], кучу грошай зарабіў бы.

– Кінь, Кастусь, я проста цябе ведаю. Я проста сем год пражыў са старым Вежам. А гэта, брат, школа. Ну, што "Вечары"?

– Ты трапіш туды. Спадзяюся, хутка. Людзі там выключныя. Па‑першае, галава: Зыгмунт Серакоўскі. Пра гэтага я табе пісаў. Сем год ссылкі, сем пядзяў у лбе, сем дабрачыннасцяў. Пра астатніх пакуль не трэба. Сам убачыш. Дый кола іхняе ўвесь час пашыраецца.

– Палякі?

– Розныя.

– Што думаюць пра нас?

– Частка думае вось так. Паўставаць – разам. Лёс Беларусі і Літвы – плебісцытам яе жыхароў. Значыць, або самастойная федэрацыя, або аўтаномія ў межах Польшчы, палітычная і культурная. Як скажа народ. Урублеўскі, напрыклад, лічыць, што плебісцыту нельга дапусціць ні ў якім разе пры цяперашняй слабой народнай самасвядомасці. Ён так і кажа, што проста Польшчы трэба адмовіцца ад правоў на Беларусь і Літву, паколькі ў свой час дваранства страшэнна скампраметавала самую ідэю такога саюза. Добрыя суседзі, браты – вось і ўсё.

– Чаму ты кажаш "частка"? – спытаў Алесь. – Хіба ёсць такія, што іначай думаюць?

Каліноўскі спахмурнеў.

– У тым і справа, што з самага пачатку існуе пагроза расколу. Я кажу: лепей з самага пачатку ад

згоднікаў, шавіністаў, патрыётаў ад касцёла і розгі – вызваліцца. Распусціцца для выгляду, а потым – верным і чыстым – ткаць сцяг нанава. Прынамсі, еднасць.

– Па‑мойму, верна.

– Зыгмунт пратэстуе, – са скрухай сказаў Кастусь. – Залішняя вера ў суседа, залішняя даверлівасць.

– Хто б вінаваціў, – сказаў Алесь. – І ты не лепшы.

– Што? Праўда хіба? – спалохаўся Кастусь.

– На жаль, праўда.

– Разумееш, са свайго боку Зыгмунт мае рацыю. Занадта нас мала. Калі выкінуць іх – астанецца нас купка. І потым, да пэўнай мяжы нам з імі ісці адной дарогай. Мы за волю, яны за незалежнасць.

– А потым што – здрада?

– Я і кажу. Эдвард Дэмбоўскі[25] разумеў паўстанне як трэба. Перш за ўсё воля і роўнасць усіх людзей. Але мы пакуль што вымушаны ісці на саюз з імі. Мала нас. Ах, чорт, мала!

– Хто яны?

– Белыя. Так мы іх называем. "Ах, радзіма! Ах, веліч! Ах, слава!" Знаеш, нашто ім бунт? Каб прывілеяў сваіх не згубіць, каб да ўлады дарвацца.

– Досыць паскудна.

– Спяць і ў сне бачаць свайго караля, сваіх айцоў царквы, свае прыёмы, балі, сваю паліцыю, сваіх катаў на айчынных эшафотах. Хоць паршывае, ды сваё.

– Песня знаёмая, – сказаў Алесь. – Лізагубава песня. Дый сёння я яе чуў.

– Дзе?

– Ад Яманта. Не падабаецца мне Ямант, Кастусь.

– Ну, Яманта да іх не мяшай. Ямант ідэаліст.

– Табе лепей ведаць. Але белых я, на вашым месцы, гнаў бы.

– Будзеш разам са мною біцца?

– А што я – сюды маліцца прыехаў?

– Добра, – сказаў Кастусь. – Руку.

– А яшчэ хто ёсць?

– Яшчэ, як усюды, балота. I палітыкі ім хочацца, і дыпломаў, і каб царства божае само прыйшло. Надта ж ужо ім не хочацца бойкі да зубоў. Крычаць, што гэта толькі ўжо калі нічога зрабіць будзе нельга.

– Гэтых трэба пераконваць.

– Але… Ну і, урэшце, мы. Чырвоныя.

– Гэта ясна. Паўстанне. Сацыяльны пераварот. Гэта па мне.

Кастусь глядзеў на яго трохі здзіўлена.

– Вырадак ты, Алесь. Табе па паходжанню, сувязям самы рэзон да белых. Яны багатыя, а мы – галота. Яны лібералы, мы – якабінцы і сацыялісты. Яны збіраюцца цэрквы ды заводы будаваць, мы…

– До, – сказаў Алесь. – Распеўся. Сам кажаш, што яны пераважна з царства польскага. А я беларус. I калі ўжо яны аб уладзе над маёй зямлёю крычаць, то ім не сябра. Мне свая каліта не дарагая. Мне мая зямля дарагая. Яна мне патрэбна. Вы за яе – значыць, я з вамі. А тое, што я князь, – справа дзесятая. Нікога гэта не цікавіць. А мяне менш за ўсіх… Давай спынімся ды пачакаем хлопцаў. Вось мы і дома.

…Усе сядзелі за сталом і елі, аж за вушамі пішчала, калі Аглая паклікала Алеся за дзверы.

Стаяла перад ім, прыгожая, уся як літая, гаварыла ціха:

– Хлопцы якія! Ну, Кастусёк – гэтага ведаю. Але ж і астатнія! I паляк гэты! А ўжо Эдмунд гэты… Трымайцеся за іх, паніч!

– Збіраюся.

– Вой, хлопцы!

– Што, пацалавала б?

– А што, грэх?

Аглая раптам пасур'ёзнела.

– Я не тое, паніч. А пра другое. На гэта я дазволу пытацца не буду. Будуць яны да нас хадзіць?

– Абавязкова.

– Паніч… Вы Віктара запрашайце. Часцей за ўсіх. Як убачыце, то і запрашайце. Нават самі шукайце і запрашайце.

– Што, спадабаўся?

Жанчына адмоўна паківала галавою:

– Сухоты ў яго. I подаўна ўжо…

– Ты што? Ды ён мне сам казаў, што здаровы як конь. А ён жа медык.

– Значыцца, сам не ведае… Карміць трэба, карміць. Мёд, масла, сала, мядзведжы тлушч. Салам заліць.

– Не вярзі. У яго, у такога хлопца?..

– Смерць што, выбірае? Паніч, слухайцеся мяне. Ён не бачыць, усе не бачаць. А я добра бачу… Думаю я, ці не позна ўжо.

Алесь урэшце паверыў і схаладнеў.

Са сталовай даляцеў залівіста‑вясёлы смех Віктара.

 

Снег. Снег. Тое надвор'е, у якое шляхціц Завальня ставіў на акно свечку. Дуйка. Белыя вужакі, стаўшы на хвост і ўзняўшы ў паветра цела, дзесяткамі трапечуць і згінаюцца над кожнай вострай гурбай.

Праз слюдзяныя акенцы кібіткі відаць, як не хоча ляжаць на месцы снег, як ён імкнецца ў чорныя лясныя нетры, як заінелі крыжы коней.

Да Вежы яшчэ далёка. Хіліць спаць.

Каб не заснуць, Алесь думае. Аб хлопцах з "Агула", аб сустрэчах у яго на кватэры (дабіўся‑такі гэтага!), аб тым, што за гэтыя пяць месяцаў арганізацыя павялічылася на семдзесят два чалавекі. I дзесяць хлопцаў з "Агула" аддалі Віктару.

I яшчэ аб тым, што гурток Серакоўскага пачынае рабіцца сапраўднай нелегальнай арганізацыяй і ўвосень можна будзе ўжо думаць аб справах, аб планах на будучае.

З усмешкай успаміналася адна з апошніх спрэчак. На тэму – што рабіць, акрамя падрыхтоўкі паўстання, тым, хто з памешчыкаў. Ямант вёрз нешта аб тым, што трэба пераконваць сваіх сялян, што дваране дужа харошыя, а цар дрэнны. Загорскі зірнуў на Кастуся, але той падміргнуў яму, паціснуў плячыма. Нічога не зробіш – ідэаліст. I тады Алесь устаў і сказаў, што гэта тыповае белае трызненне. Нікога не пераканаеш словамі. Калі нехта хоча, каб яго лічылі добрым, – хай робіць добрыя справы. Расказаў аб праекце бацькі, барацьбе вакол яго і дадаў, што тым, хто гарлае аб добрым стаўленні да мужыка, варта было б падарыць яму волю раней, чым цар, і на больш ільготных умовах. Тады нікога не трэба будзе агітаваць. За відочна добрае, за даброты жыцця нікога агітаваць не даводзіцца. А калі ўжо агітуюць паны і ўдзень і ўночы – так і ведай, што нешта няладна, і добра яшчэ, калі толькі падмануць збіраюцца. "Я думаю, трэба, пакуль тое, рабіць хоць гэтых, хоць сваіх людзей вольнымі. I гэта будзе найлепшая агітацыя для паўстання і лепшы сродак для яго перамогі".

Падняўся гвалт. Белыя напалі. Але нечакана напала і частка чырвоных: "Ружовыя акуляры! Дадуць табе рабіць дабро. Трымай кішэнь".

Серакоўскі ўсміхаўся ў вусы, відочна, згаджаўся з Алесем.

– Кажаце, не дадуць, – сказаў Алесь. – А вам што, дадуць так вось проста паўстаць і перамагчы? Нехта крэкнуў.

– Значыць, гэта з'явы аднаго парадку. Ну, будуць не даваць. Што ж, так і сядзець склаўшы рукі? Баішся супраціўлення – не ўставай. А не баішся – кожную хвіліну змагайся, каб наблізіць час.

Серакоўскі схіліў галаву.

 

…У ляманце завірухі глух і часам знікаў ірваны голас званочкаў. Фурман спяваў песню, далёкую і даўнюю, як сама бяздольная прыдняпроўская зямля, што зараз так страшна дранцвела ў снягах:

 

Ой, косю мой, косю,

Чаму ж ты нявесел,

Чаму ж ты, мой косю,

Галовачку звесіў?

 

Голас верыў у сваё сэрца, у сваю прыгажосць і таленавітасць і таму радаваўся нават плачучы, ганарыўся нават у тузе:

 

Цi я табе цяжак,

Цi тугi папругi?

"Ой, ты мне не цяжак,

Не тугі папругі".

 

Алесь слухаў і шчыльней хутаўся ў мядзведжае футра.

Вучыцца ва універсітэце было лёгка. Куды лягчэй, чым у гімназіі. Там было шмат лухты, шмат нямілых дысцыплін. Там не было, урэшце, нават адноснай свабоды.

Тут было ўсё цікава, важна, міла. Тут чалавек мог займацца тым, чым хацеў. I хоць таксама былі цемрашалы і дурні – на іхнія лекцыі можна было проста не хадзіць. Можна было шмат чытаць і пісаць, займацца справамі "Агула", збіраць матэрыялы на слоўнік, вывучаць пад кіраўніцтвам Віктара старыя граматы, ды яшчэ заставалася трохі часу на карціны, музыку, тэатр і ўласныя, не вельмі ўдалыя, спробы корпаць вершы.

Алесь падумаў, што стаў на правільны шлях. Лічыў сябе дагэтуль бяздарнасцю і дылетантам – і раптам, усяго за пяць месяцаў, прыдбаў прыхільнасць Сразнеўскага.

Загорскі ўспомніў, як пацяплелі вочы Ізмаіла Іванавіча, калі разбіраў першы Алесеў рэферат: "Моўныя асаблівасці, што датычацца паўночна‑заходняй мовы, у "Слове аб палку Ігаравым".

– Малайчына… Што думаеце рабіць?

– Мяркую за паўтара гады падрыхтавацца і здаць іспыты за славесны і гістарычны факультэты.

– Ну, а потым?

– Потым, мяркую, філасофія, натуральныя навукі.

– Не баіцёся раскідацца?

– Наадварот. Хачу ўсё патрэбнае паспрабаваць прывесці ў сістэму.

– Памагай бог, – сказаў Сразнеўскі.

Алесь працаваў утрапёна.

Наступныя дзве невялікія работы высунулі Алеся ў лік тых нямногіх, з якімі Ізмаіл Іванавіч гаварыў як з роўнымі, бо сапраўды паважаў у іх роўны інтэлект і роўна правільны і якасны, хоць і адметны, погляд на рэчы і з'явы.

Гэта былі "Мова панцырных баяр[26] з‑пад Зверына. Матэрыялы на слоўнік прыдняпроўскай гаворкі" і "Асаблівасці дрыгавічанска‑крывіцкай гаворкі ў "Слове на першым тыдні па вялікадні" Кірылы Тураўскага як першыя сляды ўзнікнення беларускай мовы".

Пасля гэтых работ Сразнеўскі глядзеў на Алеся толькі з пяшчотай.

– Мой Веніямін, – казаў настаўнік калегам. – Самы малады і самы таленавіты. Божа мой, як падумаеш, колькі ён паспее зрабіць!

– Ён можа нічога не паспець, – змрочна сказаў Благавешчанскі, знаўца рымскай літаратуры і гісторыі. – Глядзіце за Веніямінам, Ізмаіл Іванавіч. Каб гэты Веніямін палітыкай не зацікавіўся. А гэта ў нас ведаеце чым канчаецца?

– Адкуль такія весткі, Мікалай Міхайлавіч?

– Выпадкова чуў, як ваш Веніямін расказваў такую гісторыю… Будачнік пачуў, як на вуліцы чалавек сказаў: "Дурак". Падбег, схапіў яго за каршэнь і пацягнуў ва ўчастак. Той супроціўляецца, крычыць: " За что?!" А будачнік яму: "Знаем мы, кто у нас дурак".

– Ну, што вы. Ён жа малады. У таленавітых ды маладых – гэта ўжо заўсёды! – язык. Супраць гэтага і вальтэр'янцы нічога не гавораць.

– Вальтэр'янцы, можа, i не гавораць, а вось з… абавязкова скажуць.

Сразнеўскі здзівіўся грубаму слову. Мікалая Міхайлавіча за далікатнасць і вытанчаныя манеры ўсе называлі маркізам дэ Благавешчанскім.

Мабыць, дапякло i яму.

Сразнеўскі адмахнуўся ад гэтых думак. Чалавек ліберальны і, ад дабрыні, памяркоўна набожны, схільны верыць у маральны кодэкс усіх "добрых рэлігій", чалавек, улюбёны ў сваю святую справу, ён не дапускаў, што такі бязмерна таленавіты, цікавы і ўчэпісты даследчык так вось возьме і схопіцца за тую палітыку.

І ён па‑ранейшаму вылучаў Алеся. А калі той даў яму наступную, ужо даволі вялікую работу: "Прыдняпроўскія песні, паданні і легенды аб вайне, мяцяжу, рэлігійнай і грамадскай справядлівасці. Вопыт даследавання мэты[27], сродкаў і мовы", гэты саракашасцігадовы чалавек запрасіў Алеся да сябе і доўга глядзеў на яго разумнымі стомленымі вачыма. Вочы былі трохі вільготныя.

– Вы, спаядзяюся, дазволіце мне пазбегнуць у адносінах да вас звароту "милостивый государь", – са старамоднай галантнасцю сказаў прафесар.

– Я спадзяваўся на гэта даўно.

Сразнеўскі гартаў лісты работы.

– Хлопчык мой, – сказаў ён. – Я не люблю празмерных пахвал. Але вы зрабілі незвычайнае. Вы адкрылі "вялікае Чыпанга", як Марка Пола. Адкрылі новы, нязнаны свет. Адкрылі, магчыма, цэлы народ. Няўжо яны былі такія?



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.