Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Дагератыпная майстэрня 7 страница



Ланской "усепаддана" асмельваўся пярэчыць ёй, патрабуючы жорсткасці і жорсткасці. Адзін з нямногіх. Ашалелы манархіст, ён змагаўся за абсалют улады больш утрапёна, чым самі ўладары.

Гэта быў чалавек, які мог разгубіцца ад самых нечаканых прычын. На вядомым пасяджэнні савета міністраў 1З сакавіка 1861 года, на якім ставілася пытанне аб варшаўскіх маніфестацыях і праекце Веляпольскага наконт частковай аўтаноміі Польшчы, ён маўчаў і асмеліўся выступіць толькі пасля барона Меендорфа, які казаў аб небяспечнасці існавання польскага вярхоўнага савета і наогул нацыянальнага прадстаўніцтва.

Толькі тады ён адчапіўся ад астатніх некалькімі monosyllabes d'adhesions – аднаскладовымі выклічнікамі, што выяўлялі згоду, афарбаваную лёгкім ценем сумнення.

I такому далі сфармуляваць асновы будучага вызвалення!

Няма чаго здзіўляцца, што з гэтага не атрымалася нічога людскага. Ён проста не мог разважаць па‑новаму. Усё, што ён мог выседзець, – гэта некалькі няпэўных ісцін, падобных на трызненне мозгу, размякчанага старэчай фліксенай. Яго самога трэба было калыхаць на старасці год у калысцы, а ён замест таго закалыхваў у ёй Расійскую імперыю, каб не прасіла малака і кашы.

"Запіска" была горш, чым проста рабунак. Гэта быў нават не разбой.

Гэта быў старэчы маразм.

I, аднак, гэты чалавек служыў свайму "прынцыпу", які ён дрэнна зразумеў і яшчэ горш прыстасаваў, аддана і да канца. Трэба аддаць яму належнае: там, дзе ён бачыў частковае і часовае супадзенне інтарэсаў мужыка і дзяржавы, – ён служыў гэтаму выпадковаму яднанню, нават калі інтарэсы дваранства цярпелі страту.

Урад! Урад! Урад! Яго сіла. Усё, што супраць гэтага, – ад д'ябла.

За гэта яму аддзячылі. Сам не жадаючы таго, ён сваёй запіскай наклікаў нездавальненне крайніх абскурантыстаў і кансерватараў. Інтрыгі асабліва расцвілі пасля 19 лютага. Цар, як заўсёды, трымаўся за "исполнителя его мысли" да таго часу, пакуль асоба выканаўцы была неабходна для давядзення сялянскай справы да куртатага канца, а потым выдаў яго галавою. Цар сам сказаў яму, qu'il desirait que Lanskoi se retirat, што ён хоча, каб Ланской пайшоў у адстаўку. I гэта ў той час, калі міністр не прасіў звальнення.

Так скончылася праца на палітычнай ніве чалавека, што выпусціў "першую ластаўку вызвалення".

З0 студзеня 1862 года "добрага генія вялікай рэформы" хавалі. Але гэтая сумная і звычайная падзея адбылася значна пазней. А пакуль што ўсе ламалі мазгі над сакрэтнай запіскай Ланскога. Вырашыўшы, відаць, што ўсё адно дарогі назад няма, першы бабухнуў у звон віленскі губернатар, генерал‑ад'ютант Назімаў. Чалавек бязвольны, які болыш за ўсё на свеце прагнуў спакою (і чыноў), ён першы прыпячатаў сваё прозвішча пад гісторыяй вызвалення, падаўшы цару адрас аб неабходнасці адмены прыгону. Гэтаму здзіўляліся ўсе, хто яго ведаў. Ніхто не чакаў ад яго такога спрыту. Зваліўся ў "вялікую рэформу", як п'яны ў стаў, выскачыў раптоўна як Піліп з канапель.

У канцы лістапада імператар адказаў Назімаву рэскрыптам, і гэта было пачаткам публічнага прыступу да рэформы.

Пасля гэтага астатнія губернатары таксама наўзахапы пачалі "праяўляць ініцыятыву". Рэскрыпт прапаноўваў стварыць усюды губернскія камітэты пад старшынствам дваранскага маршалка губерні і членаў па адным ад кожнага павета. Да іх, у якасці даважкі, меліся далучыцца два "абазнаныя" дзедзіцы, якіх прызначаў губернатар[20]. Іхняй задачай было выпрацаваць праект вызвалення на наступных асновах.

Пану аставалася зямля, а мужыку – сядзіба, якую ён павінен быў выкупіць, і мінімум зямлі, неабходны для таго, каб жыць. За гэты кавалак ён па‑ранейшаму плаціў аброк або адбываў паншчыну.

Мужыкі размяркоўваліся па сельскіх абшчынах, і вотчынная паліцыя, непасрэдна падпарадкаваная пану, сачыла за парадкам у кожнай вёсцы.

Члены камітэтаў забяспечвалі на час упарадкоўвання будучых адносін аплату дзяржаўных і земскіх падаткаў, а таксама грашовых збораў.

Тры кіты рэскрыпту: нахабны рабунак, тыранія, выкачванне грошай – як найлепш адпавядалі той вялікай ідэі, што ўсталявалася на іх. Ідэі вызвалення сялян.

Рэскрыпт, уласна кажучы, не даваў права ні на якую самадзейнасць, акрамя большых ці меншых памераў рабунку. I праз гэтыя памеры амаль адразу пачалася грызня камітэтаў між сабой.

Ліберальнічалі, галоўным чынам, нечарназёмныя губерні. Зямля каштавала мала, а рукі былі дарагія. Беззямелле, а значыць – звязанае з ім адыходніцтва, магло абязлюдзіць землі, згаліць і вёску і маёнтак, укрыць палі буянай повенню пустазелля.

Найбольшай сярод усіх левізной вызначаліся Цвярская губерня і Прыдняпроўе.

Праект цвярскога прадвадзіцеля Ункоўскага, а галоўным чынам настрой цвярскіх дваран, прывёў пазней да таго, што рэформу 19 лютага яны абвясцілі "варожнай для грамадства". Абодва члены губернскага камітэта, прызначаныя ўрадам, Мікалай Бакунін і Аляксей Талстой, падалі ў адстаўку. Трынаццаць асоб, у тым ліку два павятовыя прадвадзіцелі, Аляксей Бакунін і Сяргей Балкашын, ды іх сябра, вышэйпамянёны Мікалай Бакунін, некалькі пасрэднікаў і кандыдатаў сабраліся разам і вырашылі дзейнічаць. Яны падалі губернскай установе і разаслалі па паветах аб'явы, што "Палажэнне" 19 лютага ёсць для грамадства падман і што яны надалей будуць кіравацца ў сваіх дзеяннях толькі перакананнямі грамадства аж да склікання агульнай земскай зборні, аб якой прасіла цара дваранства.

Галоўных зачыншчыкаў вырашылі арыштаваць, пасадзіць у пецярбургскую цытадэль і аддаць пад суд сената. Схапілі і прывезлі двух: Мікалая Бакуніна і Максіма Лазарава. Губерня насцярожана маўчала. Лаяў арыштаваных толькі вышневалоцкі дваранскі з'езд, але ад гэтых зуброў, ад гэтага гнязда цемрашальства ніхто нічога іншага і не чакаў…

Пецярбург пачаў цкаваць цвярскіх. Як жа, яны патрабавалі абавязковага выкупу сялянамі зямлі, патрабавалі рэформы.

Міравыя пасрэднікі пасля пяці месяцаў Петрапаўлаўкі былі асуджаны на заключэнне ва ўціхамірвальным доме (і прынізіць хацелі як найпадлей!). Ім далі ад двух год да двух год і чатырох месяцаў "уціхаміркі" і, акрамя таго, пазбавілі правоў і прывілеяў.

Генерал‑губернатар Пецярбурга, Аляксандр Аркадзевіч Сувораў, унук палкаводца і чалавек добры і мяккі, схапіўся за галаву, дачуўшыся аб нечуванай абразе. Уціхамірвальны дом! Як для злодзеяў! Бязмерная подласць гэтага прысуду так уразіла яго, што ён стрымгалоў кінуўся да імператара: заступацца. Упарты – дзе не трэба – гасудар быў да таго, што зламаць ягоную ўпэўненасць практычна было немагчыма.

Сувораў зрабіў немагчымае: дабіўся адмены ганебнага прысуду. Пакаштаваць "уціхаміркі" пасрэднікам не давялося. Але многія з іх так і не былі адноўлены ў правах да канца жыцця.

…Дзейнасць цвярскога камітэта скончылася разгонам і расправай. Дзейнасць прыдняпроўскіх камітэтаў, праз шэсць год пасля іх арганізацыі, выбухнула магутным пажарам спачатку шляхецкага, а потым сялянска‑шляхецкага паўстання. Адны пайшлі ў ссылку, другія – на эшафот і пад карцеч. Адны не дабіліся нічога, акрамя славы высакародных пакутнікаў, другія ўласнай крывёй купілі свайму народу неадкладную адмену грабежніцкіх часовых абавязкаў, выкуп зямлі і павелічэнне надзелаў.

Але пакуль што да гэтага было далёка.

Пакуль што губернскі камітэт, якім кіраваў пан Юры і ў складзе якога быў дэлегатам ад Сухадольскага павета стары Вежа (упершыню за пяцьдзесят з лішнім год пайшоў на грамадскую пасаду), лаяўся, ваяваў і штурхаў дваранскую масу на ўсё больш і больш левы шлях. Гэта ўдавалася рабіць таму, што пан Даніла з сынам асабіста раскатурхвалі дробную шляхту, якая мела права голасу, але ніколі дагэтуль ім не карысталася, не мела прыгонных і таму магла галасаваць за як мага больш ільготнае вызваленне чужых мужыкоў.

Падтрымлівалі Загорскіх і буйныя землеўладцы.

Сярэдзіна чартыхалася, але, сціснутая з двух бакоў, нічога не магла зрабіць. Пан Юры атрымаў нечаканую падмогу жонкі. Пані Антаніда была абурана царскім рэскрыптам.

…На абшарах імперыі сапраўды ішла бойка.

Сярэднія і дробныя ўладары душ разлютавана крычалі супраць адмены. Звязаныя з рынкам багацеі патрабавалі неадкладнага скасавання рабства.

Цалкам у духу рэскрыпта выступіў пецярбургскі камітэт. Праект Пятра Шувалава ўзнялі на шчыт самыя абрыдліва‑правыя элементы. Пакінуць мужыку толькі прысядзібны ўчастак, прымусіць яго арандаваць зямлю на тых умовах, якія прадыктуе гаспадар. Пакінуць за сабою ўсю паўнату эканамічнай улады і значную частку юрыдычнай.

Праекту Шувалава ў пэўнай ступені падтаквалі гаспадары Украіны і чарназёмнага поўдня. Палтаўскі праект патрабаваў, каб уся зямля па сканчэнню пераходнага перыяду падпала пад адчужэнне ад сялян і зноў была аддадзена ў рукі памешчыкаў. Калі ж мужык захоча купіць зямлю ў свайго былога пана, у другога пана ці ў казны – хай сам урад дае яму крэдыт. Ведалі, што пры ўбостве казны, спустошанай пенсіямі і марнатраўнай раскошай вярхоў, пры шматлікасці абяздоленых, якія будуць прасіць крэдыту, сума пазыкі можа быць толькі мізэрная.

Значыць, сялянская сям'я з купленай зямлі не пражыве. Да былога ж гаспадара прыйдзе прасіць працы і хлеба. Нэндза прымусіць пірагі есці.

Супраць гэтага ўсеагульнага, з поўначы і з поўдня, віску прыціснутых і таму раз'юшаных уласнікаў, супраць гэтага ўзбаламучанага мора трэба было змагацца.

Пан Юры разумеў: паддацца гэтаму – і канец, крах.

I ён вырашыў змагацца за зямлю для сялян, пакуль будзе жывы. Узнімаць на гэта людзей, катурхаць іх, лаяцца, ціснуць на непакорлівых грашыма і ўладай.

Праект Ункоўскага быў для яго таксама занадта правы.

Ункоўскаму не трэба было біцца за грамадства, якое дыхае на ладан. Ён мог сабе дазволіць даць му‑жыку зямлю за выкуп, які паможа яму, Ункоўскаму, і тысячам такіх сабраць капітал на новую гаспадарку. Ен мог крычаць аб тым, што за зямлю няхай мужыкі плацяць самі, а за мужыцкую волю памешчыкаў павінна ўзнагародзіць дзяржава.

Параіўшыся, Вежа і пан Юры вырашылі паступова, але цвёрда, не падымаючы залішняга шуму, не грэбуючы нічым, нават грашовым прэсам, дабівацца ад як мага большай часткі прыдняпроўскага панства ажыццяўлення іхняга праекту.

Дзве трэці зямлі, якой уладаў да вызвалення мужык, пераходзяць да яго без выкупу. Мала, але пражывуць. Адрэзаная трэць забяспечыць прыплыў рабочай сілы ў буйныя гаспадаркі. Выкуп за асобу намінальны, толькі каб не вякалі Шувалавы ды Позены, каб на пераходны перыяд трохі прытрымаць людзей і даць ім магчымасць асталявацца.

Гэта была адзіная ўступка ўсёй гэтай хаданскай навалачы, якую яны вымушаны былі зрабіць.

Энергічна рыхтаваліся свае людзі на ўсе пасады ў камітэтах. Праз Ісленьева ўдалося абалваніць губернатара Беклемішава да таго, што ён прызначыў "сваімі" членамі ў камітэт Юлляна Раткевіча і Януша Біскуповіча.

Тыя адразу паставілі перад губернатарам яшчэ прапанову: выкуп мужыкамі астатняй, адрэзанай трэці зямлі. Губернатар засумняваўся. "Прызначаныя" паднялі галас, што ён хоча пазбавіць цукраварні і гуты рабочых рук. Беклемішаў падумаў хвілінку і падпісаў.

Калі пасля гэтага "двойца" выступіла на зборні "ад імя губернатара" з гэтай прапановай – прыдня‑проўскае "балота" аж вадун завадзіў. Невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, але прывезеная панам Данілам дробная шляхта (гісторыя з прапановай Раткевіча трохі‑такі навучыла Загорскіх метадам палітычнай барацьбы) пачала шумна гарлаць, ухваляючы прапанову.

Усе магчымыя пазіцыі былі замацаваны. Што залежала ад мясцовай самадзейнасці – насыпана аж з коптурам. Цяпер калі нават "Палажэнне", адрэдагаванае імператарам, адкіне ўсіх, хто зарваўся, назад, Прыдняпроўе яно адкіне не так далёка, як іншых. Людзям будзе лягчэй.

Пан Юры памятаў, што яму дажываць, а дзецям жыць, і таму не мог не спытацца і іхняй думкі. Вацлаў, літаральна ўлюбёны ў Алеся, сказаў: "Я – як брат".

Вежа з сынам напісалі ў Пецярбург і атрымалі адказ. Алесь прасіў не заводзіць сваркі з Раўбічамі далей, як мага лепей даглядаць Гелену і дагаджаць ёй.

Ён пісаў, што ў канцы студзеня тыдні на тры‑чатыры прыедзе дадому і тады яны пра ўсё пагавораць.

 

Пецярбург сустрэў нечаканай цеплынёй і сінім, празрыста‑ясным купалам неба. Імкнулася да недалёкага мора Нява, свежы вецер дыхаў вялікімі абшарамі вады, чысцінёй, поўнымі ветразямі.

У празрыстым паветры мякка ззяла золата купалоў і шпіляў. Плыў у небе карабельчык над адміралцействам. Фіванскія сфінксы, звыклыя да хамсінаў і спякотных пяскоў, глядзелі на імпэтную плынь.

Свежыя ад вечнай вільгаці таполі над Мойкай, усе ў вясёлкавых кроплях ад нядаўняга дожджыку, нагадвалі ледзь распушчаныя павіныя хвасты.

У гэтай паўночнай феерыі, у багацці вады і неба, у шчодрасці рукатворнай прыгажосці не было нічога ад горада‑цмока, горада‑драпежніка, што паступова аблытаў шчупальцамі дарог цела сваёй ахвяры – зямлі. Наадварот, нельга было не паддацца яго зачараванню.

Кватэра, якую знялі для Алеся, была на Екацярынінскім канале. Кабінет, спальня і гасціная для паніча, пакой для Кірдуна з жонкай, дзве вялізныя кладоўкі, кухня. Усё гэта было ў бельэтажы, з балконам. Акрамя гэтага, гаспадар, збяднелы і ад год злёгку крануты ціхім розумам халасцяк старога роду, здаў яшчэ і сутарэнне: для хатняга дабра і прыпасаў.

Алесю было цяжка гэта. Ён саромеўся раскошы, саромеўся таго, што ў яго будзе ўсё, а ў большасці студэнтаў амаль нічога (ён ведаў з лістоў, як жывецца, скажам, Кастусю, і ведаў, што яго, Алесева, багацце можа аддаліць яго ад сябра). Лепей за ўсё было б адмовіцца ад усяго, што ў яго было, зняць мансарду і есці ў кухмістарскіх.

Але ён ведаў і тое, што кожны трэці студэнт канчае універсітэт з язвай страўніка, што сухотных сярод іх больш, як дзе. Ён не мог дазволіць, каб такое было з сябрамі і калегамі, тымі, якіх ён яшчэ не бачыў, але загадзя любіў.

Давядзецца цярпець сорам, каб яны маглі часам есці ў яго, Алеся, атрымліваць сяды‑тады безымянную дапамогу, жыць, зберагчы сілы, якія так ім спатрэбяцца праз некалькі год. Ён будзе вельмі роўны і таварыскі з імі, яны не будуць адчуваць розніцы ў становішчы. А свой сорам Алесь схавае ў кішэнь.

Пачалі размяшчацца. Халімонава жонка, пісаная прыгажуня Аглая, лябёдкаю плыла па пустых пакоях, паказвала, якія дываны пасцілаць, дзе ставіць гадзіннік, як размясціць кнігі. Здаецца, адкуль бы ўзяцца, а ў яе на гэта быў такі прыродны талент.

Лёгкая і падцягнутая, як струнка, з высокімі грудзьмі і высокай шыяй, яна паказвала людзям, куды што несці.

…Аглая ўбачыла, што Алесь глядзіць на яе, заўсміхалася і выгнала з дому.

– Iдзіце‑ідзіце. Уздзяўбурце што лепшае ды ў горад, у горад. Раней чым праз чатыры гадзіны – ані‑ні. Нам прыбіраць, нам расстаўляць, мне – вячэру гатаваць, Кірдуну – ванную паліць…

Нагрувашчання рэчаў, здаецца, нельга было разабраць і за тыдзень.

– За чатыры гадзі‑іны?

– Можа, і за тры, – легкаважна сказала Аглая. – Хлопцы, столік‑бобік унь сюды, ён за туалетны… Куды‑куды?! На гэтым пісаць! Унь у той скрыні прыбор для пісання. Пятрок, распакаваць! Дзед Яначка, гэта сюды, паперы ў шуфляды. Крэсла дайце.

Выгналі. Алесь стаў на мосціку з крылатымі львамі, паглядзеў у імклівую ваду і падумаў, што месца, дзе ён будзе жыць, і канал, і гэты мосцік ён паспеў палюбіць.

Потым пайшоў у напрамку да Нявы, дарогаю спаймаў ліхача і загадаў яму павольна ехаць на Васільеўскі востраў.

На растральныя калоны клаўся прыцемак.

Цішыня і яснасць былі на душы. I дзіўна, яму не хацелася, каб ліхач ехаў хутка, хацелася трохі адцягнуць сустрэчу з Кастусём. Ён ведаў, што набліжаецца да парога, за якім не будзе ні яснасці духу, ні гэтага вышэйшага спакою, ні нават дарогі назад.

…На стук не адказаў ніхто. Алесь штурхнуў дзверы, і яны нечакана падаліся. Пакойчык быў невялікі. Сцяна насупраць дзвярэй нібы падала на таго, хто заходзіў. У нішы гэтай сцяны свяцілася апошнім святлом дня паўкруглае мансарднае акно. Вялізнае падвоканне замяняла стол. На ім стаяў кафейнік у карычневых пацёках і амаль пусты пачак нямецкай цыкорнай кавы. На адзінай талерцы, сярод позніх чорных вішань, ляжала луста хлеба.

Крэсла было толькі адно. Іншыя, відаць, замянялі пачкі кніг, крыж‑накрыж перавязаныя аборкамі.

На ложку, накрыўшыся з галавою саматканай, у шашачкі, посцілкай, спаў Кастусь: толькі цёмна‑русыя валасы ляжалі на падушцы.

– Кастусь!

Спіць. Нібы пшаніцу прадаў.

– Кастусь!

Дрыхне.

Алесь зняў кнігі з крэсла на падлогу, сеў… Спіць. Самога можна вынесці. П'яны, ці што? Ды непадобна на яго.

Загорскі абводзіў вачыма каморку. Нездаровая. Пад самым дахам. Улетку, відаць, горача, узімку холадна. Успомніў, як ішоў у гэты пад'езд праз двор, поўны дзяцей, бялізны на вяроўках, гарачага туману, што валіў з акон сутарэння, як лез па страшэнна стромых сходах сюды, пад дах. Напэўна, у такім месцы жыў герой "Бедных людзей". На цёмных сходах пахне мышамі, пялюшкамі, падгарэлай цыбуляй.

Не, так жыць Кастусю ён не дазволіць. "Ну, адмовіўся ад урокаў – твая справа. За такую прынцыповасць цябе нават паважаць можна. Але чаму ж ты, чорт, не хацеў год папрацаваць у Вежы? I не мучыўся б цяпер.

I цяпер жа не возьмеш. Не возьмеш, ведаю. Пазыкі будзеш прасіць ва універсітэцкага начальства, а не возьмеш у друга".

Унь пакой. Хіба так можна? Свечка ў свечніку стаіць на падлозе. Паласатая, як арыштанцкая калашына. Цёмная частка – светлая частка, цёмная – светлая. Верная адзнака, што ў гаспадара няма гадзінніка. Удзень жыве па стрэле гарматы ды па бою гарадскіх курантаў. Уночы – па такой вось свечцы. Палоска аднаго колеру згарае за гадзіну. "Студэнцкая" свечка. Немцы прыдумалі.

А на сцяне адзінае ўпрыгожанне: выдзертая аднекуль пажаўцелая гравюра: "Сутычка Ракуты са Зверына і хана Койдана пад Крутагор'ем".

Алесь чарпнуў трохі вішань з талеркі. Пераспелых, чорных, кранутых нават птушкамі і таму вельмі салодкіх. Паклаў адну ў рот, старанна абсмактаў костачку і, надзьмуўшы шчокі, рэзка дзьмухнуў. Костачка папала вышэй валасоў на падушцы. Чалавек сеў.

…Алесь, аслупянеўшы, глядзеў на незнаёмы твар, ружовы са сну. Цёмна‑русыя валасы, рот з надзьмутай ніжняй губой, маленькая зграбная рука растапыранымі пальцамі прычосвае кудлы.

– Крыху нечакана, – сказаў чалавек.

Загорскі не ведаў, што казаць. Невядомы апусціў вочы і ўбачыў вішні ў Алесевай руцэ.

– Прыемнага апетыту.

Тфу ты, чорт! Добра, што хоць гаворыць па‑мужыцку. Зямляк.

– Давайце адрэкамендуемся.

– Ахвотна… Алесь Загорскі.

– Князь? – у чалавека заўсміхаліся вусны.

– Але.

– Адразу відаць выхаванне, – паважліва, нават з некаторым здзіўленнем, сказаў чалавек. – Віктар Каліноўскі.

– Вы?! Кастусь мне столькі расказваў.

– Уявіце, мне ён расказваў пра вас таксама.

Толькі тут Алесь убачыў няўлоўнае падабенства Віктара і брата. Адзін колер валасоў, толькі ў Віктара яны мякчэйшыя і не такія бліскучыя. I ніжняя губа. I вочы з залацістымі іскрынкамі. Толькі Віктар болыы худы і пластычны. На прыгожых запалых шчоках – няроўны румянец.

– Кастусь прачакаўся. Даўно тут?

– Некалькі гадзін. А дзе ён?

– Пайшоў здабываць штосьці на вячэру. Давялося амаль усю маю месячную пенсію забіць на кнігі. Калі нічога не дастане – раздзеліце з намі вось гэта.

Алесь паглядзеў на вішні ў далоні.

– Чорт, – сказаў ён. – Як няёмка.

– Нічога. Мы людзі свае. Скажыце, як там у вас справы? Як з Кастусёвай просьбай?

– Якой просьбай? – удаў здзiўленне Алесь.

Віктар глядзеў на яго ўважліва.

– Добра, – сказаў ён. – Гэта добра.

Усмешка была дабрадушная.

"Свой", – яшчэ раз падумаў Алесь і спытаў:

– Як з вашай работай?

– Ідзе. Сяджу над рукапісамі, як пацук, ды ад пылу чхаю.

– Вы ў Публічнай бібліятэцы?

– Я ў непублічнай бібліятэцы. Сяк‑так плацяць.

– Цікава.

– Каб не было цікава, я не кінуў бы медыцыны для заняткаў гісторыяй.

Віктар дастаў аднекуль з‑за ложка скураную труб‑ку, падобную на круглы пенал.

– Вось адсыпаўся, каб уначы працаваць. Цішэй. А то на маёй кватэры ўдзень нельга. А мне трэба зрабіць апісанне.

Ён разняў трубку і выцягнуў адтуль пергаментны скрутак.

– Дрэнна скручваецца пергамент. Але як скруціцца, то і не раскруціш. Глядзіце.

Жаўтаватая дарожка ляжала на яго каленях. Чорныя маленькія літары і кармінавыя вялікія.

– Сапегаў ліст, – пяшчотна сказаў Віктар. – Бачыце, пячатка?

Пячаць ляжала ў круглай срэбнай пушачцы, прымацаванай на шнурку да граматы. Кольца чырвонага воску з адбіткам.

– Андрэеўскі папрасіў. Яму трэба па гісторыі філасофіі права. А ён нашай старой мовы – ані‑ні.

– Наша хіба мова?

– Нягож, – Віктар надзьмуў губы. – Ды яшчэ і якая. Слухайце: "Пашто вам, чадзь русінская, за непраўдзівымі, але фальшывымі ганіці. Чаго таго хочаце, каб слова дзедзіч зберагчы або маетнасць сваю?.. Слова хоцечы зберагчы – мецьмеце вечнасць. Маетнасць адну хоцечы собе прыўлашчыці – морд душы атрымаеце".

Зграбныя доўгія пальцы трапяталі над дакументам. I гэта быў рух такой пяшчоты, што рабілася не па сабе. Так пальцы сляпога часам трапечуць над абліччам самага роднага чалавека, не дакранаючыся да скуры, а проста адчуваючы яе цеплыню.

– Бач, словы якія?! "Каразн" – гэта азначае страта, пакаранне смерцю. Забылі слова! – ён нібы ўзважваў словы на невідочных шалях. – Каразн – пакаранне смерцю. Тфу!.. Або восы "пляснівы конь" – гэта шэры, мышасты. Плесняю пахне слова, прыцемкам, склепам.

Алесь глядзеў на аблічча гэтага дзівака і адчуваў, што палюбіць яго.

– Або "плюта" – гэта нягода. А вось "сок", ад слова "сачыць". А мы ўзялі дурное "розыск"… А от глядзі‑глядзі: "талкавіска" – месца, вытаптанае коньмі падчас бітвы. Або "клявец" – востры молат, каб насякаць жорны. Забылі!

– Чаму? – сказаў Алесь. – У нас і цяпер клявец. Падчас паўстання мужыкі і імі валяць.

– Не можа быць? – Віктар запісваў.

– Але.

– Або вось "лезіва" – вяроўка, каб лезці па борць… Забылі. Усё забылі… Вось так і жывём. Вывуджваем па слоўцу з каламутнага мора.

"Дзівак, – зноў падумаў Алесь. – Бяскрыўдны запылены дзівак. Корпаецца ў рукапісах, ведае, відаць, усё да дробязі пра Беларусь і Літву, жыве старажытнасцю і пляваць хоча на сучаснасць. Архіўны юнак".

– Скажыце, – спытаў ён, – вы сапраўды думаеце, што гэта патрэбна сённяшняму дню?

Віктар суха кашлянуў. I раптам Загорскі ўбачыў, што добрае, трохі разгубленае ад ціхага замілавання аблічча нібы падсохла і стала жорсткае. Рахманыя вочы востра звузіліся. Пульхная ніжняя губа падабралася пад верхнія зубы. Ясна было, адкуль гэта пакусванне ў Кастуся.

– Што ж вы маўчыце? – спытаў Алесь.

– А што гаварыць? Варты жалю той, хто не ведае былога дня і таму не можа разабрацца ў сённяшнім і прадбачыць будучы… Абыякавы да мінулага не мае аніякай інтэлектуальнай перавагі над жывёлай, і таму ёсць першы кандыдат на маральную, а затым і фізічную смерць. Усё адно хто гэта – чалавек ці народ.

Віктар нечакана ўсміхнуўся. Відаць, прыйшлі ў галаву новыя думкі, і ён адразу забыў пра сваё раздражненне.

– Вы не заўважалi, што найбольш хлусяць у гiсторыi? I якраз тыя, што найбольш крычаць аб сённяшнiм днi i рэкамендуюць былое як альбом з цiкавенькiмi малюнкамi. Ну, хаця б мой непасрэдны начальнiк барон Мадэст Корф[21], нямецкая каўбаса на iмперскай рускай службе. Нашто iм хлусiць, калi гiсторыя – было i быллём парасло?

Ён усміхнуўся і прылёг на локаць:

– Старонка гісторыі… Ведаеце, з кім Модзінька вучыўся? З Пушкіным. Ворагі былі. Сварыліся. Афрыканец наш яго, здаралася, і пабіваў. I атрымалася так, што перакрыжоўваліся іхнія шляхі. Адзін за кнігу – і другі за кнігу. Адзін гісторыю пісаць – і другі пісаць. Мяркую, у Модзінькі, хоць ён і нахапаў чыноў, увесь час аставалася пачуццё ўшчэрбнасці, абдзеленасці, падсвядомае жаданне саперніцтва. Ну і пісалі. Адзін свае смярдзючыя кніжачкі, абяцадла для бедных, а другі – "Гісторыю пугачоўскага бунту". Гісторыя – лухта, гісторыя – парахня! То скажыце мне, князь Загорскі, скажыце мне, чаму за гэтую парахню аднаго ўсё жыццё ганялі, застрэлілі ўрэшце і нават пасля смерці баяцца?! I чаму другога за парахню гэтую, за непатрэбшчыну, узвысілі, ступеняў надавалі?

Закурыў і закашляўся:

– Чаму б гэта? Калі паны лямантуюць, што ўсё гэта лухта… А, ды што там!.. А вы не думалі,можа, гэта таму, што адзін рабіў усё, каб людзі ад "былой непатрэбшчыны" морды адвярнулі, знайшлі там доказы вечнага свайго рабства, бездапаможнасці, залежнасці ад старэйшых, няздатнасці самім уладкоўваць свой лёс, беднасці мозгам і талентам, слабасці і вечнага глядзення чужымі вачыма. А другі ўсё рабіў, каб паказаць людзям іхнюю сілу, гордую самастойнасць, права на веліч сваёй уласнай думкі, без чаго чалавек не мае права звацца чалавекам. Урэшце гордае права на сваю ўласную дарогу, па якой ты ідзеш, не чакаючы ўзнагароды, а проста так, таму што ты чалавек і таму адчуваеш патрэбу і неабходнасць думаць самому і ісці самому. Бо табе сорамна рабіць іначай. Бо ты проста не ўяўляеш, як гэта так – "іначай"? Бо ты не быдла, каб ісці туды, куды вядуць, а цар прыроды. Не "цар польскі, вялікі князь фінляндскі", а цар сусвету… I таму маеш права сам глядзець на ўсё, сам мацаць, сам узважваць… Вось гак… Паэты, калі яны сапраўдныя паэты, таксама гісторыкі. I не могуць быць іншымі. Гісторыкі думкі, гісторыкі праўды. I таму ў гісторыкаў страляюць часцей, чым, скажам, у членаў сената.

Віктар раптам перарваў сам сябе і задумаўся. Потым хітравата ўсміхнуўся:

– Гісторыя… Мне здаецца, супраць яе больш за ўсё лямантуюць тыя, каму нявыгадна, каб людзі разабраліся ў сённяшнім дні.

Абаяльнасць гэтага чалавека была такая вялікая, што Алесь раптам падумаў, ці не варта яму ва універсітэце акрамя філалогіі заняцца яшчэ і гісторыяй. Бадай, так і трэба будзе зрабіць.

Ён думаў аб сваёй будучыні шмат. Юрыдычны факультэт яго не вабіў: якому праву могуць навучыць у краіне бяспраўя? Добра, на факультэце выкладаюць такія велічыні, як Уцін, будуць выкладаць, з гэтага года, людзі, пра якіх шмат гавораць за апошні час, – Кавелін і Спасовіч. Кавелін будзе гаварыць пра грамадзянскае права ў той час, калі ў дзяржаве няма грамадзян, а ёсць абываталі. Уцін будзе параўноўваць заканадаўства імперыі з заканадаўствам іншых краін, у той час, калі ўсім вядома, што законаў "ад Пермі да Таўрыды" няма, а ёсць замест іх паліцэйскае самавольства.

Справядлівасць чалавек павінен адчуваць сэрцам, а не законамі.

Статыстыка і палітэканомія былі надзвычай цікавай штукай. Але хто дазволіць сумленна падлічваць галодных і раздзетых?

– Дзе вы? – спытаў Віктар.

– Думаю аб сваёй дарозе. Разумееце, люблю пісьменства, люблю філалогію. З ахвотаю пайшоў бы туды. Але ж я таксама сучасны чалавек. Ведаю, людзям зараз патрэбна фізіялогія, батаніка, хімія, медыцына. Патрэбна практычная дзейнасць…

– Лухта, – сказаў Віктар. – Добры філолаг лепшы за дрэннага медыка. Нашто ж вам перці супраць схільнасці? Чалавек павінен сваёй справай займацца з асалодай.

– Але карысць…

– А што карысць? Што, можа, у нас ёсць лішнія філолагі? Вы якія мовы ведаеце?

– Беларускую, рускую, польскую (апошнія дзве не так добра). Ну і яшчэ французскую, амаль як сваю, нямецкую, амаль як сваю, англійскую значна горш… I яшчэ італьянскую, каб чытаць.

– Ён яшчэ думае. Жаб ён будзе трыбушыць з такім багажом. Дурны смех! Ды вы разумееце, якую карысць вы можаце прынесці для нашай мовы?

– Я і сам думаў, – сказаў Алесь. – У нас няма ні слоўніка, ні мовазнаўчых прац, ні нататак аб старажытнай і сучаснай літаратуры. Але ў мяне, відаць, не будзе часу, каб скончыць усё гэта.

– Ва ўсіх не будзе часу, – сказаў Віктар. – I ўсё ж пачынаць трэба. Паміраць збірайся, а жыта сей… – I раптам перайшоў на "ты", нібы адзначыў: "Свой". – Я табе свой слоўнік архаізмаў аддам. Усё, што выпісаў з грамат. Дзевяць тысяч слоў ужо ёсць… Універсітэт табе дасць – благую ўжо ці добрую, не ведаю – сістэму. Пастарайся стаць бліжэй да Ізмаіла Сразнеўскага, прафесара. Выключны філолаг, вер мне. Ды ён і сам ад цябе не адчэпіцца. Шмат, думаеш, адукаваных людзей, што так па‑беларуску шпараць? Адзінкі. А ты унь проста як салавей на ёй спяваеш, натуральна. Аж зайздрасць бярэ… Ну, а Ізмаіл Іванавіч наконт новых ведаў проста цмок.

Ускінуўся:

– Адразу ж і сядай. Вялікую справу зробіш. А то хто наша слова ад пляўкоў адмые, хто давядзе, што яно павінна жыць, хто слоўнікам нехлуслівым фарпосты яго замацуе, каб не забылі ўнукі? Хто скарбы збярэ? Літаратура ім, бачыце, лухта! Паэзія ім, бачыце, дрындушкі!

– Маеш рацыю, Віктар, – таксама перайшоў на "ты" Алесь. – Сэрцам мяне і, скажам, іспанца можа яднаць толькі пісьменства… Значыць, мова, прыгожае пісьменства, паэзія, музыка, усё такое, гэта не дрындушкі, а сродак сувязі між душамі людзей. Вышэйшы сродак сувязі.

– I вось яшчэ што, – сказаў Віктар. – Ты чалавек начытаны, ведаеш шмат. Табе лёгка будзе. Ты паспрабуй запісацца адразу на два факультэты і за два гады іх скончыць. Скажам, на філалагічны і, калі так ужо хочаш, на нейкае натуралісцкае аддзяленне. А потым займіся, ну хоць бы…



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.