Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





Дагератыпная майстэрня 1 страница



II

 

Пачалося з павятовых дваранскіх збораў у Сухадоле.

Дваране з'ехаліся пагаварыць аб зменах, якія хутка павінны былі адбыцца ў валоданні душамі. У немінучасці гэтых змен ужо ніхто не сумняваўся, і спрачаліся толькі аб тым, калі і якія яны будуць, а таксама аб тым, як усім паводзіцца. Усе ведалі, што з трэцяга студзеня ў Пецярбургу, пад старшынствам самога імператара, засядае новы сакрэтны камітэт па сялянскай справе і што гэты камітэт рыхтуе "паступовае, без крутых і рэзкіх паваротаў вызваленне сялян".

Усё было яшчэ наперадзе, але сама чутка нібы надламала нешта.

Стары Мікіта Хаданскі з аднадумцамі заклікаў, калі ўжо нічога не зробіш і давядзецца вызваліць, дабівацца вызвалення душ без зямлі. Хоць сёння. Зараз.

Алесь упершыню прыехаў з бацькам на зборы і затлумліваўся, слухаючы спрэчкі. А бацька прыходзіў кожны вечар у гасцініцу злосны як чорт, бледны. Сінія вясёлыя вочы нібы пацямнелі і глядзелі суха. Князь лаяўся.

– Ах, пяюць! Ах, пяюць пеюны! Старцамі задумалі народ пусціць. У жабракоў кій адабраць. Ну, я ім у гэтай брыдкай справе не памагаты…

Маленькі чысценькі гарадок аж кіпеў. У будынку тэатра, у камяніцы дваранскай зборні, у гарадскім садзе, дзе стаяла рэстарацыя, на цвінтарах трох цэркваў і кляштара і проста на драўляных тратуарах віравалі страсці. Пілі і елі як не ў сябе, спрачаліся, нібы справа ішла пра іхнія ўласныя душы.

У замку Боны Сфорцы, двухпавярховай каменнай будыніне з магутнымі кантрфорсамі і вузкімі, як байніцы, вокнамі, у сутарэнні, дзе быў цір, збіраліся найбольшыя крыкуны.

Спрачаліся і лаяліся. А потым стралялі ў мішэнь са злосцю, нібы ў галаву ворагу.

І наогул усё пайшло вірам: спакой, сяброўства, звыклыя чалавечыя адносіны. Ціхае Паддняпроўе ад Сухадола да Дошчыцы нібы раптам ашалела. Прахам ішлі прыхільнасці і сімпатыі, узнікала варожасць. Нібы хварблівы мікроб раздражнення ўразіў людзей. Трывога вісела ў паветры.

Гэта і Алеся прывяло да найбольшага ўзрушэння ў ягоным жыцці. Прывяло невядома з якой прычыны, прывяло недарэчна, слепа.

Пачалося з агіднага здарэння, якому нават падобнае цяжкавата было знайсці за апошнія пяцьдзесят год. Прыдняпроўе заўсёды вызначалася адносна мякчэйшым характарам прыгону. Прычына гэтаму была ў тым, што тутэйшае звычаёвае права казала толькі аб уладанні зямлёй і праз яе чалавекам, а не так, як у цэнтральных губернях, целам і душой падданых, якія ўладаюць зямлёй. Прынцып, які арлоўскі селянін выказваў словамі "мы вашы, а зямля наша", тут не існаваў. З польскім раздзелам людзі нібы маўкліва ўмовіліся пакінуць у звычаёвым праве ўсё як было, не ломячы старога звычаю. Прыбылых паноў хутка перавучвала самое жыццё: небяспечна было выглядаць не такім, як суседзі, белай варонай і першым кандыдатам на нечаканы падпал, пасля якога і канцоў не знойдзеш.

І вось графіня Альжбета Хаданская вычварыла такое, што ў людзей валасы на галаве заварушыліся. Дзеўка‑пакаёўка прыбірала пані і, прышпільваючы ёй ток, выпадкова ўкалола. Вечна раздражнёныя нервы злоснай румзы не вытрымалі, і яна ўстраміла дзеўцы вялізую шпільку ў грудзі. Дзеўка страшна закрычала, выбегла з пакоя, а праз якую гадзіну аб гэтым ведаў ужо ўвесь горад.

Пан Юры, даведаўшыся, кінуўся шукаць Хаданскага. Граф гуляў у ломбернай зале з сябрамі ў віст.

– Пан граф гуляе ў віст?

– А чаму мне не гуляць у віст?

– Ты звар'яцеў, – сказаў князь. – Калі ў цябе няма жалю, успомні, што цяпер трэба сядзець цішэй вады і ніжэй травы. Пугачоўшчыны хочаш? Васька Вашчыла па тваёй хаце не хадзіў?

– Князь…

– Што, цірам абыходзіцца абрыдла? Н‑ну добра… Дык вось, калі не хочаш, каб тваю жонку – віламі, скажы ёй, каб маўчала… У апеку вазьму!

– Гэта не ад адных вас залежыць, – сказаў Ілля Хаданскі.

– Я з табою што, парсюкоў хрысціў, што ты ў размову дарослых лезеш?

З моладдзю ніхто так не гаварыў, але князь ужо не мог іначай.

– Вось што, – сказаў Загорскі. – Вось што, граф. Можа, я тую падзею і замну. Але дзеўцы зараз жа волю з зямлёй, дый то ці даруе яшчэ. Зараз жа! Іначай каб вы не пашкадавалі.

– Лухта, – сказаў стары граф.

– Вы пашкадуеце таму, што гэтым займуся асабіста я. Вы разумееце? Асабіста я.

Хаданскі спужаўся. Усё было зроблена па загаду пана Юрыя.

На тым бы, здаецца, усё магло і скончыцца. Але тут нібы чорт уткнуў у справу малодшага Загорскага.

Алесь прыйшоў у зборню. Хацеў знайсці Мсціслава. Перад дзвярыма курыльні пачуў галасы і сярод іх голас Іллі Хаданскага. Ён павярнуўся быў да дзвярэй, але прыслухаўся і спыніўся. За дзвярыма весела брахаў нешта нахабны голас Мішкі Якубовіча.

– Не можа быць? – з удаванай наіўнасцю спытаў Ілля.

– Я табе кажу. I вось нiбыта стаў наш князь перад Мiхалiнай на каленi дый прызнаўся ў каханнi. А тая глядзiць на яго непаразумела i нiц не ўтаропае. Ён да яе: "Люблю". А яна яму: "Што ты, Алесiк, я не магу цябе любiць. Я Наташу люблю… i Ядзечку".

Кампанія зарагатала. Тон гэтых нібыта Майчыных слоў быў такі наіўны, што рабілася ясна: дурніца дурніцай.

Загорскі штурхануў дзверы і зайшоў. Кампанія сціхнула.

– Пан Якубовіч, – сказазў Алесь, – хто вам дазволіў разносіць лапцявую пошту? Хто вам дазволіў бузаваць па брудных корчмах дзявочае імя? Маніць?

Чорныя вочы гусара нахабна і дзёрзка глядзелі на Алеся.

– Гэта што ж, наша высакародная зборня – карчма, ды яшчэ і брудная? – спытаў, дрэнна валодаючы сабой, Ілля Хаданскі.

– Чакай, – уладна перапыніў Міхал, – тут мая справа.

Устаў і наблізіў да Алеся шалёныя вочы.

– Хто патрабуе ў мяне адказу? Васемнаццацігадовы шчанюк, ты малако смактаў, калі я насіў зброю. Зеляпан, ты ў пялюшкі рабіў, калі я на бастыёне пад кулямі стаяў.

Алесь размахнуўся і ўляпіў яму поўху, Міхал схапіўся за шаблю.

– Заб'ю! Штафірка, шпак дохлы!

Хаўрус выкаціўся на вуліцу. Сябры трымалі Якубовіча за рукі. У таго з вуснаў валіла пена. Крычаў нешта яраснае высокім тонкім голасам.

– Калі вы так трымалі сябе на бастыёне – гэта было ва ўсіх адносінах годнае відовішча, – сказаў Алесь.

Канец мог быць адзін: дуэль. І невядома, чым бы ўсё гэта скончылася, але, дачуўшыся аб дуэлі, шматлікія крэдыторы падалі да неадкладнага спагнання свае вексалі на суму нешта каля пяцідзесяці тысяч. Пагражалі яшчэ да дуэлі пусціць маёнтак Якубовіча з малатка. У тым жа выпадку, калі не будзе рызыкаваць жыццём, будуць чакаць, колькі трэба, да атрымання Міхалам спадчыны ад бяздзетнай цёткі. І нават надалей даваць крэдыт.

Веткінскі мяняла Скітаў і магілёўскія банкіры‑яўрэі зрабілі тое, што Якубовіч вымушан быў пайсці на міравую.

Вежа лічыў, што ў адкладзеным, у нязбытым двабоі ёсць нешта падазронае для гонару. Алесь са згоды старога Вежы прапанаваў Мішку заплаціць па ягоных вексалях, каб дуэль усё ж адбылася. Мішка падзякаваў і адмовіўся, нават выглядаў прысаромленым і сказаў, што шкадуе аб здарэнні. Асабліва пасля прапановы.

Нібыта ўсё сышло з рук. Але бяда, быццам толькі на хвіліну стаіўшыся, потым як з ланцуга сарвалася.

Злосць Хаданскiх прымусiла iх пайсцi на ўчынак, якi не мог не парушыць адносiн мiж Майкай i Алесем.

Ніхто не ведаў пра сцэну ў альтанцы. Але назнарок пушчанай плётцы многія паверылі, хаця б таму, што плёткі ўвогуле былі рэдкасцю. І сапраўды, прасцей з'ездзіць адзін аднаму па мардасах ды потым стаць да бар'ера, чым пускаць такое.

Плётка зводзілася да таго, што Алесь Загорскі нібыта ўпэўніўся ў поўнай недалёкасці Міхаліны Раўбіч і таму заняўся прыгодамі ў другіх месцах.

– Малады, а такі ўжо распусны, – шапацела чутка. – Звязаўся з гэтай іхняй актрысай, і ў іх там ледзь не кожную ноч пір і усё, што да гэтага…

– Дык божа мой… Яна… Гэта ж ажаніцца трэба. Хіба пэцкаюць жаночую цноту?

– І яна за яго не лепшая. Шлюб пад плотам, а вяселле потым.

Знаходзіліся людзі, якія не верылі. І тады з боку палаца Хаданскіх папаўзло падмацаванне.

– А думаеце, чаму стары Вежа ёй волю даў? Сам, відаць, да нейкага часу… А чаму цяпер ёй увесь час пенсію павялічваюць, мовам вучаць, уборы робяць… То ж бо… Дарэмна не зробяць…

Чутка гэтая дайшла да сям'і Раўбічаў, паслужліва паднесеная пані Эвеліне. Пан Яраш не паверыў і шкадаваў толькі, што жонка не казала, ад каго чула: трымала слова.

– Ну, бабы, – гарачыўся Яраш. – Каб мужыка, дык на бар'ер…

Ад Майкі гэта вырашылі хаваць. І, можа, так бы яно ўсё і абышлося, каб аднойчы ля царквы не пачула яна за спіною шэпт:

– Заручоная таго… Распусніка… А акторка тая цяжарная…

Магчыма, яна і не звярнула б увагі, каб вечарам таго самага дня старая Хаданская "выключна з‑за любові да яе" не паўтарыла Міхаліне таго самага:

– Вы павінны глядзець, мілая. У наш час пайшлі зусім іншыя маладыя людзі… Як бы не давялося ведаць, што ў вашых дзяцей будуць браты…

Абарвала яе. Сказала, што не хоча чуць.

– Я не разумею вас, мілая. Я ж не са злосці. Наш святы доўг папярэджваць нявопытных. Заўважылі, як тая, Карыцкая, на яго глядзіць?

Майка змоўкла. Яна "заўважыла" гэта пару разоў за кулісамі тэатра ў Вежы.

– Паверце, мілая, з дзяўчатамі аб такім не гавораць, але яна вось ужо чатыры месяцы не іграе і нікуды не ездзіць.

Заўважыла, што Майчыны бровы здрыгануліся.

– Толькі для вас я дастала ў купца гэты рахунак. Бачыце?

"Даставіць пані… Ну і вось. Карункі, аксаміт, шоўк… кулон… завушніцы".

Майка не ведала, як дбаюць пра Гелену стары Вежа і Алесь, не ведала, як яны лічаць за патрэбнае, каб у актрысы былі, як у сталічных актрыс, свае ўборы і каштоўнасці. Яна проста ўбачыла пад рахункам подпіс Алеся і раптам успомніла, як нядаўна заўважыла ў галерэі Вежы адсутнасць адной карціны, "Хаты" Адама Шэмеша, як спытала ў Алеся, дзе яна, і як той быццам сумеўся, а пасля адказаў:

– Падарыў… Гелене. А што, яна і табе падабаецца?

– Гэта глупства, пані, – спакойна сказала яна.

І ўсё ж яна паверыла.

А потым папаўзла па людзях зусім ужо гнюсь. Нібыта малады Загорскі, не дабіўшыся ўзаемнасці (а Майка, нібы ў пацвярджэнне гэтага, трымала сябе з ім разлічана‑халодна і суха), намерваецца ўзяць Міхаліну Раўбіч сілаю. І ўжо нібыта пахваляўся аб гэтым у рэстарацыі п'янай кампаніі.

Алесь нічога не мог зразумець. Што здарылася? Ён паспрабаваў пагаварыць з Майкай, але сустрэў амаль варожы позірк.

– Вы зробіце мне вялікую ласку, калі не падыдзеце да мяне больш, – сказала яна. – Ніколі!

І пайшла. А ў прыбіральні збораў разрыдалася перад люстрам ад гаротнага непаразумення і крыўды. Так яе і заспела старая Клейна, якая таксама "чула пра ўсё".

– Што такое?

– Ён. Не ведаю, нашто яму…

– Дык і да цябе дайшло?

Міхаліна зразумела гэта так, што старая ўсё ведае і ва ўсё верыць.

А Клейна між тым, ведаючы натуру чалавечую, верыла толькі ў тое, што Алесь, можа, і ляпнуў нешта такое, бачачы, як зажывае над ім нарачоная.

– Дагулялася, – сказала Клейна. – Хлопец цябе, па ўсім відаць, кахаў, а ты, гульвіса, зажывала над ім, нібы ў яго не сэрца, а каменьчык.

– Але ж я яго таксама…

– Што "таксама"? Што? Відаць, ужо зусім сіл не ставала, калі на такое рашыўся.

У добрай Клейны сэрца балела і за дачку, і за Майку, і за Алеся. Сапсавала жыццё тром маладзёнам, ды і сама нічога не дабілася, брыдкае дзяўчо. Вось яно да чаго зажывошчы ды капрызы вядуць.

Клейна маўчала, копячы міжвольнае раздражненне супраць дурасці маладых. І таму, калі нехта завёў у яе прысутнасці размову аб брыдкім здарэнні і зноў ужыў словы "ўзяць сілай", старая не вытрымала.

– Ну і ўзяў бы, – іранічна сказала яна. – Падумаеш, бяда вялікая.

Майка пасля сустрэчы з Клейнай паверыла ва ўсё да канца. Наступнага дня яна папрасіла бацьку, каб Загорскім адмовілі ад дому. Пан Яраш аслупянеў і сказаў ніякава:

– І ты чула? Ты пачакай, доню, можа, мана?

– Гэта праўда, – адрэзала тая. – Я прашу цябе, татка, ніколі… нагі яго тут…

Яраш шанаваў дачку, ведаў, што яна – Чалавек і яе нельга мучыць допытамі. Калі яна гаворыць – яна, пэўна, ведае і ўсё абдумала.

– Як хочаш, – сказаў ён.

І таму, калі Алесь пайшоў вечарам у гарадскі дом, заняты Раўбічамі, там з ім проста адмовіліся гаварыць. Пан Яраш глядзеў убок, і, відаць, яму было шкада і балюча, але гонар прымушаў трымацца менавіта так, а не іначай. Ён сказаў, быццам вельмі шкадуе аб тым, што малады чалавек так забыўся, і, нягледзячы на запэўненні Алеся, дадаў, што справа з плёткай зайшла далёка і ён вымушан бараніць гонар роду. Таму il faut que vous, Загорскі, recuiez la maison de wotre présense[4].

А калі Алесь пайшоў з дома, – Майка не выйшла да яго, – убачыў Франса, які гуляў з Наталяй па садовых алейках, і памкнуўся да яго.

– Франс, даю табе слова… Клянуся…

– Я, здаецца, нічога не патрабую ад вас, нават тлумачэнняў, суха сказаў Франс. У яго заўсёды быў выгляд маладога прыдворанага. Я мяркую, гэта не найлепшы спосаб сябраваць з домам: ганьбіць у гэтым доме адну з дачок.

Алесь збялеў:

– Франс… Брат… І ты таксама?

І тут Франс даў волю застарэламу свайму раздражненню, неасэнсаванай нянавісці да гэтага чалавека, якога пасля адчужанасці Ядзечкі Клейны пачаў пазбягаць. Франс гневаўся на яго за гэта, але Франсу здавалася, што ён, Франс, гневаецца за Майку. Малады Раўбіч сам бы здзівіўся і перастаў паважаць сябе, каб яму сказалі, што галоўная прычына Ядвіся.

Хто хоча забіць сабаку – вінаваціць яго ў шалу. І таму Франс не адчуваў сваёй несправядлівасці. Наадварот, яму здавалася, што яго ўчынак ёсць самы годны, справядлівы і шчыры.

– Я не брат вам, – сказаў Франс. – Нават калі б вы былі мне родным братам, я б пасля гэткага ўчынку хацеў бы, каб такога брата ў мяне не было, каб ён памёр.

Наталя са здзiўленнем пераводзiла вочы з любага ёй Алеся на не менш любага брата, бледнага ад гневу.

– Франс, – з дакорам сказаў Алесь, – я люблю вас усіх. Я не магу без вас. Без цябе. Без Наталі. Без Майкі.

Раўбіч‑малодшы не хацеў нічога слухаць. У яго трапяталі ноздры.

– Хто вам дазволіў вымаўляць сямейнае імя маёй сястры?! Я забараняю вам гэта! Я забараняю вам сустракацца з ёю. Забараняю падыходзіць да яе.

Ён сарваўся і рабіў немагчымай усякую спробу прымірэння.

– Не смейце, князь. Нават адной сваёй прысутнасцю вы пэцкаеце чыстых і нявінных дзяўчат.

Гэта было ўжо занадта.

– Вы забыліся, васпан, – сказаў Алесь. – Не пераступайце мяжы, не прымушайце мяне забыць пра сваю любоў.

Франс змераў яго пагардлівым позіркам, узяў Наталю за руку і павёў дадому.

А ў доме Наталя закаціла Майцы і Франсу скандал. Тупатала нагамі, плакала і крычала.

– Брыдкая, злая! – плакала Наталя. – І ты брыдкі, злы, нядобры!

Яе пакаралi, адправiўшы спаць. Але дзяўчынка не прасiла даравання, а тупала нагамi i пранiзлiва лямантавала:

– Ён харошы, харошы! Я ведаю, што ён харошы!

І гэты ўмольны крык быў апошняй спробай абараніць Алеся ў доме Раўбічаў.

Пан Юры перастаў вітацца з Ярашам. Учарашнія суседзі, сябры, амаль сваякі, сталі ворагамі.

…На Алеся найшло. У адзін з сакавіцкіх дзён яго прымалі ў дваранскі клуб, а значыць, ён меўся выступіць з традыцыйнай уступнай прамовай. Тэма прамовы была вольная, і ён выбраў: "Значэнне клуба для членаў грамадства, і як я мяркую сябе ў ім". І гэта здзівіла, але супраць тэмы не спрачаюцца.

Прамова была амаль падрыхтавана, калі здарылася гісторыя з Майкай. І Алесь зламаў ужо гатовую прамову, такой яна здалася прэснай для бязмернага гневу, які душыў яго. Ён вырашыў не рыхтавацца нанава, а сказаць проста тое, што думае.

…Зала была поўная. Панства сядзела за сталамі, якія аж ламаліся ад віна і страў (стары Вежа ніколі не скупіўся). Алесь абводзіў вачыма зборню: у канцы вялізнай залы цяжка было пазнаць людзей у твар, але ён бачыў Хаданскіх, Біскуповічаў, Раткевіча, бацьку, дзеда, Браніборскага, Мнішка увесь гэты свет, які ён ведаў і якому зараз павінен быў гаварыць.

У чорным фраку, з келіхам у руцэ, Алесь чакаў, пакуль сціхне шум, народжаны словамі старшыні і яго імем. Урэшце стала ціха.

– З некаторай неразважлівасцю я выбраў сваёй тэме назву "Значэнне клуба для грамадства". Але чым больш я думаў на гэтую тэму, рыхтуючы свой speech[5], тым большае было маё непразуменне. Справа ў тым, што ў нас няма клубаў у агульнапрынятым, заходнім, англійскім сэнсе гэтага слова. У іх клуб гэта зборня мужчын, аб'яднаных агульным паходжаннем, агульнымі поглядамі на палітыку. Гэта, урэшце, і зборня мужчын, аб'яднаных патрыятызмам, цвёрдым разуменнем таго, хто яны такія. Магчыма, я ідэалізую, нават напэўна так, бо людзі паўсюль людзі, але мэта існавання клубаў там менавіта такая.

Ён бачыў насцярожаныя і зацікаўленыя абліччы. Таму што само гучанне гэтых слоў было незвычайнае для ўступнай прамовы. Гэта не былі французскія, польскія ці якія іншыя словы. Гэта была тая мова, на якой усе гэтыя людзі гаварылі са слугамі ў доме, з дробнай шляхтай пры сустрэчы, з сялянамі на полі і якую, аднак, ніхто, акрамя адзінак, што лічыліся дзівакамі, не ўжываў пры спічах.

Пад столлю вялізнай залы гучала мяккая, як ручаіна, пявучая, як голас птушкі, гнуткая і цвёрдая

адначасова, лаканічная мова. Гучала ўпершыню за шмат год.

Гэтай мовай і над гэтым сталом гаварылі зараз жорсткія словы.

– Клубы існуюць у нас не для палітыкі, не для мараў аб шчасці, бо дзве гэтыя дaмы рэдкія госці пад нашымі дахамі. Яны існуюць у нас для картачнай гульні, для размоў аб паляванні, аб тым, чый рысак больш машысты, чый выжал больш чуйны. І яшчэ для п'янак, дзе спрачаюцца аб танцорках, віне і аб тых жа сабаках.

Вежа па‑звычайнаму прыкрыў далонямі твар. Між расстаўленых пальцаў блішчала хітрае вока. Наіўны і задзірысты твар бацькі нібы запрашаў: "Дай ім, дай". Вежа вельмі пакутаваў за ўнука. Ён таксама чуў усё і настолькі заеўся на Раўбічаў за нежаданне разабрацца, за тое, што адвярнуліся, а на ўсё панства за ману, што цяпер першы адмовіўся б мірыцца.

– Я ведаю, большасць з нас глыбока смуткуе, пазіраючы на такое падзенне. Але што з таго, калі мы не процідзейнічаем яму?!

Алесь убачыў іранічную ўсмешку старога Хаданскага, вочы Іллі і зразумеў, што не даруе сабе, калі сапраўды не "дасць".

– Ёсць, відаць, і такія, каму ўсё гэта даспадобы. Іх беспрынцыпнасць блізкая да ўсяеднасці, іх маўчанне да подласці. Прыкладам таму могуць быць плёткі. Крыўдаваць на іх нельга. Проста таму, што на дробных людзей не крыўдуюць, імі пагарджаюць. Але астаецца пачуццё глыбокага непаразумення, як такія слімакі могуць існаваць у грамадстве, як яно іх церпіць і як яны самі могуць жыць такія. Дык вось для чаго ім клубы. І калі клуб зборня мужчын, то ці мужчыны яны?

Ілля сціснуў рот. І па няўлоўным руху гэтых вуснвў, па тым, што страла, відаць, трапіла ў цэль, Алесь амаль упэўніўся: ён.

– Дык вось, клуб – зборня мужчын, амаль аднолькавых па паходжанню, аб'яднаных агульнымі поглядамі на палітыку, на шчасце ўсіх людзей, на тое, якімі метадамі трэба дабівацца гэтага шчасця. Паходжанне ў нас адно: прыдняпроўскае. Але адны з нас прыстасаваліся, другія маўчаць. Што ж тады ў агульным паходжанні?

Мнішак у кутку ўсміхнуўся і падумаў, што Раўбіч – ёлуп.

– Палітыка, – сказаў Алесь, – ці ёсць яна ў нас? Мы назнарок адвярнуліся ад яе, карыстаючыся гордым выслоўем: "Бруд не па нас". Але хіба веліч і высакароднасць у тым, каб мірыцца з брудам, даючы яму пэцкаць меншых братоў? Ці не нагадваем мы Касьяна з легенды? Таго, які лічыў, што, каб прыйсці на неба, трэба чыстае мець адзенне.

У Раткевічавых вачах была горыч. Біскуповіч заплюшчыў вочы.

– І якімі сродкамі мы карыстаемся, каб дасягнуць мэты, таго, што мы разумеем пад шчасцем? Падспудныя чуткі, дуэлі і ярасць, бойкі на губернскіх зборах, барацьба перад выбарамі. Дыфармацыя даходзіць да таго, што я здзіўляюся, як да нас у часе выбараў прыязджаюць акторы і гандляры. Напэўна, да іх не даходзяць нашы словы, іначай яны ведалі б, што трапілі ў разбойніцкі вертэп. Сраціўшыя ўсё на свеце, аж да чалавечага аблічча! Гэтыя паны… валацугі без радзімы, мужчыны без мужнасці, людзі без сумлення! Я не магу глядзець на іх. Калі я думаю, што мы адной крыві мне хочацца выпусціць з сябе гэтую кроў. Ces messeurs sont un tas de gredins et le seul sentiment lu'ils m'inspirent est la haine de leur cause et le mépris pour mon pays[6].

Біскуповіч Януш усміхаўся аксамітна‑цёмнымі вачыма. Запал маладога Загорскага падабаўся яму. Факты дыфармацыі сапраўды мелі месца дванаццаць год назад, калі Кроер вырашыў выставіць сваю кандыдатуру ў павятовыя маршалкі. Хацеў, відаць, пасля і ў губернскія падацца, але дваране і павета не далі. Досыць было з іх. З самага семсот восемдзесят першага года была на гэтай пасадзе дынастыя Галынскіх. І вось з саракавога года, семнаццаць ужо год, маршалкам пан Юры. Тады яму дваццаць дзевяць было, цяпер сорак шэсць. Нікога другога ім не трэба. Справядлівасць і мяккасць не на кожным дрэве растуць. Год адзінаццаць яшчэ паслужыць. А там, калі меркаваць па сённяшняй прамове, сынка давядзецца выбраць. Недалёка яблычка ўпала, ды, відаць, старую яблыню перарасце. Гэты не стаў бы і Мішку Мураўёву даваць спуску. А ўжо як перад ім на задніх лапках хадзілі маршалкі Крушэўскі ды Абданк у тыя тры страшныя леты[7]. А пан Юры не даў крыўдзіць людзей. Тром губернатарам не даў. Сярожку Энгельгардту не даў, Мікалашку Гамалею не даў, Міколку Скалону не даў. І чацвёртаму не дасць, бо, чутна, Скалон хутка загрыміць паспеў‑такі нашкодзіць за тры гады. І ходзіць пагалоска будзе на ягоным месцы Аляксашка Беклемішаў, чалавек роду старога, але сварлівы і цяжкі.

І што яно будзе – адному богу вядома. Ды яшчэ старому Вежу. Той васемнаццаць губернатараў перажыў, а тых, каго не хацеў, ані разу не пусціў на парог. Тыя потым самыя горшыя былі. Нібы ён іх загадзя наскрозь бачыў. А ўнук ягоны унь гаворыць. Малайчына! А Раўбіч дурань.

– І ў чым мы бачым шчасце, якое трэба нам, як паветра? Ці мы чакаем яго для сябе, ці дабіваемся для ўсіх? На жаль, часцей за ўсё для сябе. "Шчасця" экіпажаў, рабоў, велічы, грошай, багатых каскадаў на мармуровых вілах. І, каб дасягнуць гэтага, забіваем у сабе Чалавека. А Чалавек той, хто змагаецца за роўнае права на шчасце для ўсіх людзей. І я сумую, тужу па такім Чалавеку. Раней мне здавалася, я знайшоў такіх людзей. Але цяпер бачу, што я адзін.

Біскуповіч схіліў галаву і падумаў яшчэ раз, што Раўбіч паддаўся дурному, вузкаму, каставаму разуменню гонару. А Браніборскі, як ні дзіўна, меў рацыю. Не манархам, вядома, бо ўсё гэта дрэнь і маразм, а "сцягам паўстання" хлопец мог бы зрабіцца. Ты, каго падчас ракавання[8] пытаюць апошнім, а пасля перамогі садзяць за стол вышэй усіх.

– Тады, можа, нашы зборы – гэта зборы патрыётаў? – сказаў Алесь. – Людзей, аб'яднаных служэннем айчыне? Не думаю. Князь Віцень мог за радзіму ўзысці на вогнішча. Міхал Крычаўскі мог разбіць за яе сваю галаву. Дубіна сесці на кол, а Мурашка на распалены трон. Агнём і жалезам яны давялі сваю любоў. Я пытаюся ў вас: ці здолее нехта з нас пакласці за яе руку… хоць бы на язычок свечкі? Вы кажаце: мяккасць нораваў. А па‑мойму, адсутнасць разумення таго, хто мы такія.

Вежа ўскінуў галаву.

– У нас адно паходжанне, але выхаванне рознае. Мы маглі б жыць у розных канцах зямлі… Галаманы, паланафілы, англаманы і іншыя. Я пытаюся ў англамана, чаму ён есць на снеданне аўсяную кашу і лічыць гэта англійскім звычаем і ўхваляе яго? Чаму ён не заўважаў гэтага звычаю, калі нашы мужыкі елі і ядуць аўсянку сотні год? Я думаю, таму, што пакуль гэты звычай быў сваім да яго нікому не было справы, ім пагарджалі. Як жа, мы ж не коні, каб есці авёс! Але прыйшла англаманія і такі можа есці нават аўсяную салому. "Ах, як гэта арыгінальна! Яе ядуць коні лорда Норфалька…" Ён не заўважае, што яго край, накшталт няшчаснай Ірландыі, жыве сярод балотных туманоў, харчуецца бульбай і паданнямі і нясе залатыя яйкі тыранам. Мала бульбы і замнога фантазіі… І так ва ўсім. Наш край, мая зямля. Багатая, прыгожая, мяккая душамі людзей яна чужая нам… Спытаюць: чым? Я скажу: мовай.

Алесь ужо не заўважаў амаль нічога. Голас звінеў ад хвалявання, вясёлкавымі колерамі расплываліся агні свечак.

– Мова ў нас якая хочаце, толькі не свая. Свая яна – у сярэдняй часткі шляхты ды яшчэ ў нешматлікіх прадстаўнікоў буйной, перад якімі я нізка схіляю галаву. Бо нельга есці хлеб народа і грэбаваць ягонай мовай. І таму нам або непатрэбны зборні, або іх трэба зрабіць іншымі. Сапраўдным вечам, сапраўднай капою[9]. Месцам, дзе кожны аддаваў бы душу і здольнасці – народу.

Алесь узняў келіх:

– Я п'ю, каб рыцары сталі рыцарамі і мужы мужамі.

Ён выпіў. Хвіліну стаяла ціша. Потым – спачатку нясмела, з месцаў Біскуповіча і Мнішка, а потым мацней і мацней загучалі воплескі.

…Прамова спадабалася. Трохі па‑маладому гарачая, але гэта нічога. Малады ёсць малады. Алеся прынялі аднагалосна, хаця некаторыя доўга раздумвалі. І ўсё ж аддалі шары і яны. Збаяліся агульнай думкі. Прамова была крамольная, і таму, калі б чуткі аб ёй дайшлі да старонніх, да адміністрацыі перш за ўсё западозрылі б тых, хто не кінуў шара. А гэта было небяспечна.

Агульнае асуджэнне было бязмернае, і таму нават самы подлы, самы разгневаны не рызыкаваў ісці на данос. Толькі гэтым і можна было растлумачыць, што за дзесяць год, што былі перад паўстаннем, з многіх тысяч удзельнікаў змовы не быў арыштаваны ніхто.

У размовах пасля прыёму шмат хто не хаваў свайго раздражнення на маладога Загорскага. Былі спрэчкі. Была і лаянка.

Сярод найбольш правых цвёрда ўгняздзілася думка:

– А Загорскага сынок… Чулі? Якабі‑інец.

"Якабінец" тым часам менш за ўсё думаў аб сваёй прамове. Адразу пасля прыёму (прысутнічаць у той вечар на пасяджэнні новапрынятаму не дазвалялася, каб не чуў спрэчак пра сябе) два браты Таркайлы перахапілі яго і чамусьці сталі запрашаць да сябе. Ён бы куды з большай ахвотай паехаў да кагосьці з сяброў, але ніхто не наважыўся парушыць "права першага". Алесь успомніў пра Майку і з адчаем махнуў рукою.

– Давайце!

Браты пачалi ляпаць яго па плячах, раўцi мядзведжымi галасамi, што смелы быў, як леў, што так i трэба.

Захуталі ў футры, пацягнулі раба божага да вялізных санак, што былі падобныя на іканастас: па металічных частках траўленыя "пад мароз", па драўляных размаляваныя крылатымі галоўкамі амураў.

– Васпана напаіць трэба, ракатаў пышнавусы круглы Іван. – Нашай кмяноўкі, нашага крупнічку… А палыновая!

– Я не п'ю… Амаль не п'ю.

– Амаль – гэта вобмаль, – павучаў худы, згорблены нейкай невядомай сілай Тодар.

…Коні дамчалі да маёнтка хутка. І коні былі сытыя, аўсяныя, і маёнтак, відаць, заможны. Велізарны, з дубовых бярвенняў дом, укрыты шчапяным дахам. А за ім, адразу за садам, ледзь не на палову вярсты, гаспадарчыя пабудовы, сцірты збожжа, млын над рачулкай, вятрак, кастры бярвенняў пад павеццю.

– Сохнуць, – сказаў Тодар. – Некаторыя па шэсць‑восем год. Хоць ты скрыпкі рабі… Канкурэнцыя толькі псуе справу, княжыч.

– Кінь, грукатаў Іван. Няма чаго гнявіць бога.

Сані спыніліся. Лёкай Пятро расхутаў паноў, павесіў футры ля ляжанкі ў вялікай пярэдняй, адчыніў дзверы ў гасцёўню.

Падлога заслана саламянымі тонкімі цыноўкамі, нацёртымі воскам. Мэбля ля сцен падобная на зборню мядзведзяў.

Наступны пакой сталовая. Акрамя звычайных шыбаў, устаўлены яшчэ і другія, з рознакаляровага шкла. Напаўзмрок. І толькі праз адно акно нечакана радасна і чыста глядзіць снежны дзень.

Селі за стол.

– Паспрабуй, княжа, калганнай ды часнычком закусі. Вось ён, раб божы, марынаваны. Паху ніякага, а смак утрая лепшы. А як наконт яшчэ торну, цярновачкі… Ты яе грыбкамі, подлую, грыбкамі… Рыжычкамі… Бач якія, з капеечку кожны. І не больш…

Алесю цікава было слухаць і думаць аб тым, нашто ўсё ж яго запрасілі.

Урэшце ўсе наеліся.

– Я мяркую, зараз будзе галоўная размова, – сказаў Алесь.

І ўбачыў насцярожаны позірк чатырох шэрых вачэй. У іх не было дабрадушнасці. І наогул у сваіх дыхтоўных, на сто год, сурдутах шэрага колеру браты нагадвалі натапыраных шэрых чапель, што на водмелі пільна сочаць за маляўкай.

– Я мяркую, – сказаў Алесь, – вам трэба параіцца са мною аб нечым. Папярэджваю: размова начыстую. Толькі тады я перадам усё бацьку. І растлумачыў: Я толькі малодшы гаспадар, панове.

Жорсткі прыкус Іванавага рота змяніўся ўсмешкай: на адным краёчку вуснаў.

– Добра, – сказаў тоўсты Іван і закругленым рухам разліў па чарках крупнік. – Карты на стол.

Тодар кіславата ўсміхнуўся і дастаў з пузатага бюро аркуш паперы.

– У нас ёсць пляменніца, – густа сказаў Іван. – Сірата. Круглая. Мы апекуны. У гэтым годзе яна дасягнула паўналецця.

Алесь убачыў разгорнуты ліст натарыяльна засведчанай копіі запавету, прачытаў прозвішча паўналетняй: "Сабіна, дачка Антона з роду Марычаў, дваранка, васемнаццаці год". Убачыў суму: нешта каля ста тысяч без працэнтаў.

– Ясна, – сказаў ён. – Што залежыць ад мяне?

– Мы хочам арандаваць у пана Юрыя тую вялікую пустку, каля нас. Грошы гатоўкаю, хай не турбуецца, грэх крыўдзіць бедную сірату.

– Але?…

– Але і нам ужо досыць абрыдла апекавацца. Ёй час гаспадарыць самой. Мы купілі тыя кліны, што ля пусткі. У Браніборскага. Улічыце, за свае грошы.

– Ведаю, – сказаў Алесь. – Зямля благая. Танная.

Браты пераглянуліся. Арэшак быў больш цвёрды, чым спадзяваліся.



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.