Хелпикс

Главная

Контакты

Случайная статья





НАВУКОВЫ ВАНДРОЎНІК –  ГЭТА НЯ БАМЖ! 4 страница



 

Начлег у незнаёмым горадзе

Адна з праблем, якая ўзьнікае ў працэсе вандраваньня, – гэта праблема ўпіскі (начлегу). Вядома, можна загадзя знайсьці сяброў ува ўсіх гарадох на сваім шляху і спыняцца ў іх. Больш за тое, можна спэцыяльна езьдзіць толькі па тых гарадох, у якіх ёсьць дзе начаваць. Аднак такое перасоўваньне вызначаецца вялікаю скаванасьцю, залежнасьцю ад наяўнасьці знаёмых у розных гарадох і ад іхняга жаданьня (і магчымасьці) вас упісаць. Таму не зашкодзіць нам далучыцца да досьведу мудрацоў, якія знаходзяць сабе начлег у розных рэгіёнах Расеі ды сьвету.

Можна загадзя абзавесьціся намётам, які пазбавіць вас ад шмат яікх праблем, зьвязаных з начлегам. Рух з намётам хутчэйшы, бо вы не траціце часу на наведваньне гарадоў і пошук начлегу ў іх. Але намёт ня можа заўсёды замяніць сапраўднае жытло з магчыммасьцю пад’есьці, памыцца, абсохнуць і адпачнуць у доўгай дарозе. Начлег і арганізацыя адпачынку з намётам могуць быць спалучаныя зь цяжкасьцямі, асабліва калі ўвесь дзень ліў халодны дождж і вы прамоклі ды замерзьлі, а куды ісьці – не зразумела. Начлег пры дапамозе апісаных ніжэй навуковых мэтадаў дадасьць вам шмат новых знаёмстваў, сяброў, ведаў і ўражаньняў.

Па-першае, Сеціва зрабіла за апошнія гады пошук упіскі і сяброў куды прасьцейшым, чымся ў 1990-х. Цяпер ёсьць нямала сайтаў, празь якія можна знайсьці сяброў і/або прыстанак на ноч у кожным буйным горадзе сьвету. Сайт www.hospitalityclub.org зьмяшчае базу дадзеных для амаль усіх краін сьвету (для Расеі і СНД – амаль усе абласныя цэнтры й буйныя гарады). Зарэгіструйцеся на гэтым сайце, навучэцеся карыстацца ім, і бязьмежныя магчымасьці адкрыюцца перад вамі. Самі пастарайцеся прымаць як мага болей гасьцей, калі вы дома.

Другі спосаб – турклюб. Знайдзеце ягоны тэлефон загадзя празь Сеціва або даведайцеся ў гарадзкім бюро даведак або ў Адміністрацыі гораду (мястэчка) у Камітэце для турызму, сям’і, моладзі і г.д. Яшчэ часьцей у горадзе ёсьць Цэнтар дзіцяча-юнацкага турызму (ЦДЮТур), іх у Расеі каля 500. Адрас гэтае дзяржустановы таксама можна даведацца праз гарадзкую даведку. У ЦДЮТуры вы знойдзеце людзей, якія захапляюцца турызмам, пасябруйце зь імі – і ўсё ў парадку. Карыснымі могуць выявіцца і дарослы турклюб, а таксама альпклюб, вэляклюб, лыжная база… Чаму б і не паспрабаваць? Галоўнае, рабіць гэта загадзя, да 18-19 гадзін ці нават яшчэ раней, а то потым адтуль усе разьбягуцца, застанецца толькі вартаўнік або нават і яго ня будзе.

 

Трэці прыём знайсьці ўпіску досыць пашыраны. Вырушаючы ў далёкую дарогу, вы запасаецеся паперкай зь вялікай колькасьцю “ўпісак” – тэлефонных нумароў ды імёнаў няпэўнага паходжаньня.

Маючы бадзяжных знаёмых, вы лёгка атрымаеце падобны сьпіс. Але ня цешце сябе ілюзіямі – з такіх упісак звычайна спрацоўвае меней за чвэртку. Знайшоўшы тэлефон, вы выцягваеце свае нататкі і пачынаеце званіць. Ня вельмі настойвайце на знаёмстве зь нейкім Н. – звычайна чалавек на другім канцы проваду даўно забыў спадара Н. Не забудзьце папярэдзіць, што вы маеце спальнік і дыванок, а яшчэ лепей – і харч. Наяўнасьць у вас ежы зробіць вас жаданым госьцем на многіх упісках сьвету.  

Спрабуючы ўпісацца (або проста наведаць кагосьці), дакладна паведамляйце, колькі вас, адкуль вы і як надоўга. Упісваньне вялікага кантынгенту людзей – скажам, 20 чалавек – у адным месцы цяжкаватае. Групы большыя за 4-5 чалавек пры пошуку начлегу звычайна раздрабняюцца з пэрспэктываю сустрэцца назаўтра ў нейкім умоўным мейсцы. Пры аддаленьні ад месца жыхарства шанцы пераначаваць павялічваюцца, бо далёкія падарожжы выклікаюць павагу. Упісацца на адну ноч атрымваецца амаль заўсёды, тады як завісаньне на працяглы тэрмін (тыдзень, месяц, назаўсёды) выклікае непрыязнасьць.

Памятайце, што ўпісваць вас (таксама як і падвозіць па трасе аўтаспынам) ніхто не абавязаны, таму ня будзьце залішне настойлівымі. Ня варта прыніжацца і канькаць: о, я так пакутую, апошні тэлефон, есьці няма чаго, замёрз, брудны, два тыдні як з дому, грошай няма і г.д… НІКОМУ НЕ ПАТРЭБНЫЯ НЯШЧАСНЫЯ! Калі ты такі няшчасны, сядзеў бы дома. Размаўляючы па тэлефоне, думайце пра сябе так: “Ува ўсякім выпадку я заначую ў гэтым горадзе. Гэты чалавек, ці не захоча ён скласьці мне кампанію? Ён не пашкадуе пра гэта!”

(Гэтаксама і пры аўтаспыне: нікому не патрэбныя няшчасныя! “Дапамажэце, спазьняюся ў Чыту, я замёрз, няшчасны, галодны, вазьмеце мяне, о-о-о…паскуда, зноў ня ўзяў!!!” Гэта няправільна. З такімі думкамі ніколі не дасягнеце посьпеху. “Я еду ў Чыту, можаце скласьці мне кампанію!” – галасуючы з такімі думкамі, дасягнеце большага.)

Шукаць начлег лепей удзень і дамаўляцца загадзя пра час прыбыцьця, а прыходзіць начаваць – а 21-22 гадзіне, каб не напружваць народу раней часу сваёй прысутнасьцю, але нікога й не пабудзіць. Яшчэ раз паўтараю: ня варта “радаваць” гаспадароў сваім візытам а 1-2 гадзіне ночы! І не спрабуйце апраўдвацца, зваліўшы ўсю віну на марудны КАМАЗ, які даставіў вас у горад толькі пад трэцюю гадзіну ночы, а таксама на адсутнасьць у вас тэлефоннай карткі, намёта і мазгоў!

Чацьверты спосаб. Калі вы прыехалі ўночы – да вашых паслуг усякая ўстанова, дзе яшчэ гарыць сьвятло. Вартаўнікі на авіястанцыях, на будоўлях і ў калгасах, ахоўваючы свае заржавелыя мэханізмы і начыньне, пакутуюць ад нуды, ад адсутнасьці сьвежых людзей. Разьвейце іхнюю нуду – але ня п’янствуйце зь імі! П’янстваваць з малазнаёмымі людзьмі небясьпечна і шкодна!

Пяты спосаб – манастыр. Пры пільнай патрэбе можна пад’есьці, пераначаваць і нават спыніцца на некалькі дзён у хрысьціянскім манастыры – як у мужчынскім, так і ў жаночым, і ня толькі ў Расеі, але і ў іншых краінах, акрамя Этыёпіі.

Спыніцца ў манастыры можа кожны чалавек, які мае пашпарт, верыць у Бога і выконвае асноўныя правілы паводзін у манастыры. Як даведацца, ці ёсьць у горадзе манастыр? Калі ёсьць магчымасьць, дазанайцеся пра гэта загадзя, напрыклад, у кнізе “Вольная энциклопедия, том 2: Ближнее зарубежье”. Там прыведзеныя адрасы 600 дзейных манастыроў Расеі ды ўсяго былога СССР. Калі ў вас няма кнігі, зазірнеце ў Сеціва, спытайцеся мясцовых жыхароў, зайдзеце ў царкву і высьветлеце там.

Вось жа, вы апынуліся ў манастыры. Пасьля заканчэньня вячэрні (блізу 20 гадзінаў) зьвярнецеся да якога-хаця сьвятара або манаха (манашкі) і папрасецеся пераначаваць. Вам растлумачаць, да каго зьвярнуцца (у кожным манастыры ёсьць чалавек, які займаецца ўпісваньнем паломнікаў).

– Дабрыдзень! Мы з Масквы сюды прыехалі. Скажэце, можна адну ноч у вас пераначаваць?

Пры гэтым важна, як вы выглядаеце. Для мужчынаў доўгія валасы, барада, доўгія нагавіцы ўхваляюцца, а іракез, завушніца ў вуху, шорты не рэкамэндуюцца. Для жанчын хусьцінкі, доўгая вопратка ўхваляюцца, а штаны, фарботы, эратычная адзежа, татуіроўкі не рэкамэндуюцца.

Як вядома, у чужой бажніцы сьвечак не папраўляюць, таму сачэце за сваім выглядам (адзежа ды паводзіны!), глядзеце на іншых і рабеце так, як іншыя. Папрасецеся працаваць, калі вы больш чым на адну ноч. Праца можа быць такою: пілаваць і калоць дровы, капаць поле, садзіць (выкопваць) бульбу, іншыя работы на полі, мыцьцё падлогаў, посуду, работа на кухні ды інш. Якая праца нагадзілася, такую і рабеце. Паўдзельнічайце ня толькі ў работах, але і ў малітвах – гэта ж бо манастыр, а ня кемпінг.

У манастырох могуць начаваць асобы абодвух палоў.

У некаторых гарадох няма манастыра, але ёсьць царква. Тады вы можаце заначаваць у царкве, зьвярнуўшыся да бацечкі. Наяўнасьць пашпарта, вонкавы выгляд, паводзіны – усё гэтаксама, як і ў манастыры.

Манастыры і храмы карысныя ня толькі ў Расеі, але і ў многіх іншых краінах сьвету. Копцкія прасваслаўныя цэрквы і манастыры могуць прытуліць аўтаспыньніка на Блізкім Усходзе і ў краінах Афрыкі. Маюць уласьцівасьць прымаць на начлег ня толькі праваслаўныя, але й каталікі (каталіцкія місіі пашыраныя ў мностве краінаў сьвету), англікане, лютэране і разнастайныя сэктанты. Калі зварот да пастара (сьвятара) не прывёў вас да посьпеху, зьвярнецеся да ягонай паствы, якая выходзіць з царквы пасьля вячэрні. Мабыць, вам дапаможуць. У мусульманскіх краінах можна зьвярнуцца ў мячэт, у Індыі і Ўсходняй Афрыцы – у храм сыкхаў… Аднак дэталёвае вывучэньне рэлігійных супольняў, пашыраных у розных рэгіёнах, і начлегаў у іх ператворыць гэтую кнігу ў трактат на тэму “Як карыстацца рэлігіямі”, чаго б не хацелася.

 

…Часта месцамі начлегу вольных падарожнікаў выяўляюцца студэнцкія інтэрнаты. Дазнаўшыся, ці ёсьць у горадзе ВНУ і інтэрнаты, падайдзеце да іх увечары, і вы пабачыце студэнтаў, якія спаўзаюцца туды для начлегу. Некаторыя выходзяць увечары пакурыць і пагаманіць – да іх і падайдзеце. Калі студэнты бянтэжацца, спасылаючыся на злое начальства, можна зьвярнуцца наўпрост да вартаўніка, камэнданта, выкладніка або іншых афіцыйных асобаў.

Пошук начлегу ў інтэрнатах нярэдка прыводзіў нас да посьпеху ня толькі ў Расеі, але і ў краінах СНД, Азіі ды Афрыкі.

У шмат якіх раёнах, напрыклад, на Каўказе і ў краінах з разьвітаю гасьціннасьцю, ёсьць і іншы спосаб пераначаваць. Прагнучы начлегу, нязадаўга да заходу сонца выйдзеце на трасу ды едзьце аўтаспынам у абы-якім кірунку. Апошні кіровец, які вас падвазіў, прапануе вам пераначаваць у яго – так і зрабеце. Калі такіх прапаноў ня будзе, вы самі лёгка напросіцеся начаваць ува ўсякі дом у сельскай мясцовасьці, пра што асобна напісана ніжэй.

У Іране, Пакістане, Судане, Сырыі ды іншых краінах зь яшчэ больш разьвітаю гасьціннасьцю пад’есьці ды пераначаваць яшчэ прасьцей. Вы сядаеце ў абы-якім населеным пункце і чакаеце. Цікаўныя мясцовыя жыхары, пабачыўшы замежніка, будуць спрабаваць размаўляць з вамі, прапаноўваць гарбату, ежу, запрашаць на госьці і начлег. Зрэшты, падрабязны разгляд гэтага пытаньня выведзе нас далёка за рамкі гэтага разьдзелу, прысьвечанага збольшага начлегу ў нашай Айчыне.

 

Начлег у сельскай мясцовасьці

Часта, асабліва пры перасоўваньні аўтаспынам, вечар засьпявае нас у сельскай мясцовасьці, дзе няма магчымасьці пераначаваць апісанымі вышэй спосабамі, але спаць хочацца (а намёта можа й ня быць). Тут, рухаючыся трасай, можна знайсьці населены пункт – мястэчка або вёску – і стукацца там ува ўсе дамы, просячыся пераначаваць. Гэты мэтад трэба выкарыстоўваць у яшчэ сьветлы час сутак (чалавек, які будзціь усіх жыхароў вёскі а трэцяй гадзіне ночы, выклікае нэгатыўныя эмоцыі, а зусім не жаданьне пусьціць паспаць). Населены пункт мусіць быць правінцыйным – у гарадох лепей ужываць 6 спосабаў, патлумачаных вышэй.

 

* Вяртаючыся дамоў з Салавецкіх астравоў, рухаючыся трасай Архангельск – Масква, мы з Тацьцянаю Харук апынуліся пад 20 гадзіну ля вёскі Паштовае (Архангельская вобласьць, 1024 км ад Масквы). Аўтаспын амаль зьнік, хаця было яшчэ сьветла. Мы хадзілі па ўсіх дамох і прасіліся пераначаваць. У адным з дамоў (прыкладна 15-ым па ліку) нас пусьцілі і прынялі надзвычай добра, абкармілі, паклалі спаць, пранавалі застацца ў іх у Архнагельскай вобласьці яшчэ дзён зь дзесяць, а потым усё-ткі адпусьцілі пасьля нашых просьбаў, надаваўшы ў дарогу хлеба, кансэрваў і іншых харчоў.

 

Чым далей ад мэгаполісу, чым больш правінцыйны гарадок і глухая вёска, тым лягчэй падарожніку знайсьці начлег. У правінцыі людзі больш даверлівыя, ветлівыя і простыя, тут яшчэ захавалася старадаўняе хлебасольства і гасьціннасьць, адным словам, прапасьці не дадуць. Таму, калі вы, рухаючыся трасаю, захрасьлі ўвечары (але яшчэ завідна) каля нейкай вёскі, цалкам можна хадзіць і прасіцца пераначаваць, чакаючы посьпеху. “Прасеце, і будзе вам дадзена, шукайце, і знойдзеце, стукайце, і адчыняць вам”.

На Каўказе і ў Сярэдняй Азіі пускаюць пераначаваць яшчэ ахвотней, чым у Расеі.

 

* Мы з Русланам выехалі зь Ерэвану ў найбліжэйшы гарадок Масіс і, выйшаўшы з электравіка з конаўкаю грэчкі ў руках, ішлі і думалі: куды б зайсьці зварыць яе? Бачачы нас, што азіраліся з конаўкай, адзін мужчына падышоў і спытаўся нас, чаго мы шукаем. Мы сказалі, што шукаем, дзе б зварыць кашу. Мужчына павёў нас да сябе дамоў, дзе нас накармілі, разьмясьцілі спаць, а раніцой мы вярнуліся назад у Ерэван з тым самым кубкам у руках – так і ня выйшла зварыць…

 

Наадварот, начлег у Маскве, дачных сялібах, буйных гарадох, курортавых паселішчах патрабуе ад вас цярпеньня і настойлівасьці (магчыма, прыйдзецца абысьці шмат дамоў). Каб выжыць у гарадох, карысна выпрацаваць у сабе звычку правільнага выбару кватэры. Напрыклад, у бедных гарадох хадзіць з конаўкай (“зварыць кашу”) лепей па багатых кватэрах, што вызначаюцца паводле добрых дзьвярэй; у багатых гарадох будзе карысная небагатая кватэра (простыя дзьверы). Начлег і харчаваньне ў сельскай мясцовасьці таксама патрабуе назіральнасьці: адзін двор мае вялікі агарод – значыць, пара бульбін для вас знойдзецца; другі дом бедны – там прасьцей пераначаваць, але лепей прыйсьці з уласнай ежай, хаця б да гарбаты нешта прынесьці.

На ўсякі выпадак карысна вазіць з сабою спальнік, калі вырушаеш у далёкую дарогу, каб не хвалявацца пра начлег – не турбаваць гаспадароў наконт ложка, коўдры, пагатоў часам для вас такіх і не знаходзіцца.

 

Як сябе паводзіць

Некалькі слоў варта сказаць наконт паводзінаў на ўпісцы – няважна, мелі вы гэты адрас раней або вас нехта прывёў да незнаёмых людзей.

Прыйшоўшы да каго-кольвек на госьці – пагутарыць, памыцца, на гарбату – ніколі не маўчэце пра тое, як вы зьбіраецеся начаваць. Высьветлеце гэта пытаньне з гаспадаром як мага раней. Хітрасьць кшталту “Я прыйду на гарбату, а вось апоўначы тактоўна заўважу, што мэтро зачынілася, і ім анічога не застанецца, як пакінуць мяне начаваць” – шкодная!

На ўпісцы не рэкамэндуецца: 1) пытацца, дзе ложак (калі будзе вольны ложак, вам яго пакажуць, але звычайна спаць варта на падлозе); 2) расьсьцілацца, калі людзі яшчэ ня маюць настрою спаць; 3) спрабаваць спаць, калі ўсе ўжо падымаюцца; 4) званіць на міжгорад без дазволу; 5) пытацца пра наяўнасьць ежы (калі есьцімуць, прапануюць і вам, а лепей не чакаць гэтага моманту і прапанаваць сваю ежу, калі такая ёсьць); 6) мянціць языком, калі вашы прамовы нікому нецікавыя, і затрымліваць адыход да сну сваімі прамовамі (затрымліваць сон – прывілея гаспадароў, а не гасьцей); 7) прыводзіць левых людзей; 8) прыходзіць без званка; 9) выносіць з дому чужыя рэчы бяз згоды гаспадароў. Жыцьцё на ўпісцы можа вас зьдзівіць, але ў кожным разе – вонкава не зьдзіўляйцеся і спрабуйце сваімі паводзінамі і выглядам не асабліва адрозьнівацца ад іншых людзей у памяшканьні.

На ўпісцы можна высьветліць, ці можна там: 1) калі ёсьць пліта – прыгатаваць якую-небудзь ежу з наяўных расходных матэрыялаў (матэрыялы, напрыклад, крупы, карысна прынесьці з сабою, хаця б трохі; калі на ўпісцы ёсьць інш. ежа, яе вам прапануюць, калі не – ваша каша парадуе ўсіх жыхароў); 2) калі ёсьць тэлефон – пазваніць па горадзе; 3) калі ёсьць лазенка – памыцца. Не забудзьце, знаходзячыся на ўпісцы, памыць брудны посуд.

На ўпісцы карысна пазнаёміцца з усімі жыхарамі і даведвацца ў іх пра асаблівасьці маршрутаў і мэтады падарожжаў, а таксама тэлефоны і адрасы іншых упісак у розных гарадох. Пры ўпісваньні карысна паведаміць свае каардынаты для далейшых кантактаў. Інфармацыя, атрыманая ў людзей, таксама дасьведчаных у перасоўваньні, можа мець для вас вялікае значэньне.

Пасьля вашага візыту кватэра мусіць застацца ў лепшым стане, чым была да гэтага. Калі ёсьць магчымасьць, пакіньце там лішкі ежы (апрача недаедкаў, вядома). Яшчэ раз памыйце посуд, падмяцеце падлогу і ўвогуле прыбярэце за сабою сьляды свайго гасьцяваньня. Спытайцеся ў гаспадароў, ці ня трэба ім дапамагчы ў чым-небудзь. Падарэце жыхарам кнігу “Практыка вольных падарожжаў”.

Ну і нарэшце, найважнейшае. Многія, вырушаючы ў дарогу ўпершыню, пытаюцца: “А дзе мы там начавацьмем? Хто ж нас пусьціць? Дзе мы будзем мыцца, харчавацца, працца?..” і іншае. А адказ просты. Пачнеце зь сябе. Самі прымайце гасьцей. Пабачыўшы на вуліцах вашага гораду чалавека з кайстрай, даведайцеся, ці патрэбна яму сёньня мейсца начаваць. Запрасеце на госьці, накармеце, прапануйце вымыцца (папрацца, паінтэрнэціцца, патэлефанаваць…). Зарэгіструйцеся на сайце www.hospitalityclub.org і паведамляйце свой адрас іншым людзям, прымайце гасьцей. У каго няма такой магчымасьці (напрыклад, дома жывуць пужлівыя бацькі) – прывыкайце хоць патроху рабіць дабро іншым людзям, частуйце іх, ну й пры магчымасьці аддзяляйцеся і жывеце самі, прымаючы час ад часу гасьцей.

Пабачыўшы на вуліцы жыхара іншай краіны, хай ён нават ня мае патрэбы ў начлегу, – усьміхнецеся яму і ў думках пазычце яму дабра і ўдачы. Памятайце, што ўсе людзі – адна вялікая сям’я, і ўсе мы – і расейцы, і таджыкі, і арабы, і афрыканцы, і аўганцы, і кітайцы – браты й сёстры адно аднаму. Паехаўшы ў іхнія краіны, вы пераканаецеся ў гэтым, як пераканаўся я, вандруючы сьветам.

Чым часьцей вы самі робіце дабро іншым людзям, тым меней будзе ў вас сумненьня й сарамлівасьці, калі вы самі прыедзеце ў іншыя гарады і краіны сьвету і апынецеся там у якасьці госьця.

 

Кантакты

Вольнае падарожжа не абыходзіцца без кантактаў зь людзьмі. Ад таго, як вы ставіцеся да людзей, да выпадкаў жыцьця, як паводзіцеся, – бясспрэчна, залежыць посьпех вашага падарожжа. Асаблівае значэньне маюць спосабы кантактаў зь мясцовым насельніцтвам, з прадстаўнікамі ўлады і з бацькамі. Якраз іх і разьбярэм.

 

Стасункі зь мясцовым насельніцтвам

Часта прыходзіцца чуць, што ў аддаленых гарадох пражываюць гэтак званыя гопнікі, якія імкнуцца вас пабіць, адабраць грошы і каштоўныя рэчы. На гэта трэба заўважыць, што нават калі гопнікі і існуюць, ня трэба быць прынадай для іх: незвычайныя прычоскі, надзвычай падраная або, наадварот, надта кідкая адзежа, значкі і выявы розных музыкаў і сьпевакоў, палітычныя сымбалі – усё гэта можа выклікаць вялікія непрыемнасьці ў дарозе. Бярэце з сабою тыя рэчы, якіх не шкада, а лепей наагул не шкадаваць рэчаў.

Ня варта таксама весьці сябе задзірліва: гучна сьпяваць, крычэць, прыходзіць у нецьвярозы стан.

Калі ўвечары па вуліцы вам насустрач ідзе дзіўная кампанія, гатовая адчуць да вас нездаровую цікавасьць, – апярэдзьце іх і задайце пытаньне першым, напрыклад:

– Скажэце, дзе тутака дарога на Чэлябінск?

або:

– Падкажэце, дзе тутака можна пераначаваць?

або:    

– Ня ведаеце, дзе ў вашым раёне Сеціва?

Зьбіўшы гопнікаў са стандартавай, імі выпрацаванай схемы паводзін, вы станеце гаспадаром сытуацыі, прымусіце іх зьдзівіцца:

– А адкуль ты такі ўзяўся?

Мясцовыя жыхары – зразумейце гэта! – нудзяцца і хочуць пабіць вас толькі таму, што іншых спосабаў прабавіць вольны час не прадбачыцца. Зацікаўце іх сваёй пэрсонай і нясьпешна загрузеце інфой.

Калі ж вас выперадзілі і да вас прычапіліся прадстаўнікі мясцовага насельніцтва, трэба ставіцца да гэтага спакойна, ня лаяцца, не пужацца, не ўчыняць боек, а спакойна высьветліць, што ім патрэбна. Каб задаволіць матэрыяльныя прэтэнзіі, карысна мець у вонкавай кішэні невялікую суму і даваць адымаць яе, а іншыя грошы (калі яны ёсьць) хаваць. Калі гопнікі спрабуюць адабраць у вас нейкія рэчы, падарэце іх людзям гэтым.

Нагадаю адну простую мудрасьць: у кожнай сытуацыі, нават, здавалася б, непрыемнай, існуюць правільныя паводзіны і правільнае да яе стаўленьне. Калі вам не дапамаглі правільныя паводзіны, дык правільнае стаўленьне дапаможа ўва ўсякім выпадку. У якасьці прыкладу:

 

* Аднойчы я ехаў у прыгарадным цягніку Луга – Пскоў. Зьцягнуў красоўкі, пакінуў іх унізе, залез на верхнюю паліцу і заснуў. Прыехаў у Пскоў. Прачынаюся – красовак анідзе няма. Пайшоў па Пскове басанож (улетку была справа); празь некаторы час знайшоў камісіёнку і купіў сабе іншыя красоўкі. Ну, а калі б грошай не было на іншыя красоўкі??? – спытае няцямлівы чытач. Ну, скончыў бы справы ў Пскове і паехаў бы басанож у Маскву. Дарэчы, ёсьць людзі, якія ўвогуле заўсёды ходзяць басанож, напырклад, вялкі падарожнік, Грамадзянін Сьвету Ўладзімер Несін.

 

Калі вы – дзяўчына, сачэце за сваім выглядам. Тое, што часта выкарыстоўваецца, каб прыцягнуць увагу самцоў – фарботы, парфума, кароткія спадніцы, шчыгульная адзежа, – у падарожжах не карысна.

Збольшага ж мясцовае насельніцтва ўзаемадзейнічае з вандроўнікам пазытыўна. Мясцовыя людзі часта ведаюць расклад электравікоў, могуць падказаць, дзе знаходзяцца выдатныя мясьціны, вакзал, танныя страўні, шашы, манастыры і г.д. Жыхары маленькіх гарадоў і вёсак нярэдка таксама карыстаюцца аўтаспынам і іншымі мэтадамі (рухаючыся на невялікія адлегласьці) і могуць падказаць патрэбную інфармацыю. Бывае, зрэшты, дзіўная і непраўдзівая інфармацыя і парады; крытычна ўспрымайце іх.

 


Кантакты з прадстаўнікамі ўлады

Нярэдка ў дарозе і ў нашым расейскім жыцьці адбываецца кантакт зь міліцыяй, з даішнікамі, з кантралёрамі, з праваднікамі, з АМАПам. Калі ў момант кантакту вы робіце штосьці благое (напрыклад, крадзяце прадукты з крамы або перавозіце наркотыкі) – вы самі даскакаліся, і парадаў на гэты выпадак ня будзе. Але звычайнага добрапрыстойнага падарожніка затрымліваюць не за такія шкодныя, а за досыць звычайныя дзеяньні.

Перайшоў вуліцу на чырвонае сьвятло; прасіўся ў пад’езд або лякаматыў цягніка; ня меў мясцовай прапіскі (рэгістрацыі); спаў у намёце або на даху; гучна размаўляў; знаходзіўся з кайстрай у грамадзкім месцы; чымсьці нагадваў каўказца (а на Каўказе – наадварот, адрозьніваўся ад мясцовых); пытаўся дарогу на Омск… – ды мала прычынаў, здольных зачапіць за жывое ахоўніка нашага, пост-савецкага, парадку!

Першае, што зробіць ахоўнік парадку, – спытаецца вашыя дакумэнты. Пры паездках вельмі пажадана мець пашпарт! Пакажэце яго.

Далей, задаўшы колькі пытаньняў, вас звычайна пакідаюць у спакоі. На пытаньні адказвайце сумленна! Калі вы з Масквы (Піцеру, Северамуйску) – так і кажэце. Калі едзеце ў Магадан (Бэрлін, Сынгапур) – так і кажэце. Калі аўтаспынам, таксама не хавайце гэтага факту. Вы павінны памятаць пра сябе, што ваш шлях доўгі і варты таго, каб вас, у кожным разе, распыталі і накармілі.

У некаторых месцах дасюль чапляюцца з прычыны “дзе ваша рэгістрацыя?” Растлумачце, што вандруеце аўтаспынам, у дадзены горад заехалі транзытам і сёньня (або заўтра) едзеце. Нават афіцыйна тым, хто знаходзіцца на адным мейсцы да 90 дзён (грамадзянам Расеі ды Ўкраіны), рэгістрацыя не патрэбная. (У іншых краінах СНД – 3-5 дзён.)

Доўгі язык – кій падарожніка. Памятайце гэта. Няхай будзе ваш язык пры пільнай патрэбе такі самы доўгі, як і шлях, абраны вамі.

Не ўнікайце размовы. Чым больш ціквага і нечаканага ад вас яны пачуюць, тым лепей. На адно слова адказвайце двума. Вельмі добрая рэч – Дарожная грамата, афіцыйнага выгляду блянк, пажадана зь пячаткаю, які паказвае, што вы – важная экспэдыцыя, што вы ня “самі ад сябе”, а пасланыя кімсьці – пра гэта ўжо згадвалася вышэй. Яна зьменшыць жаданьне затрымваць вас на доўгі час. У якасьці ксівы прыдасца нават камандзіровачнае пасьведчаньне. Але можна абысьціся й безь яго.

Вас могуць абшукаць – не крыўдуйце. Ператрус – лішняя нагода пагаманіць.

Праўда – рухавік мудраца! Ня хлусьце нават у дробязях – гэта шкодна.

Вось жа, асноўныя кампанэнты правільных паводзін: 1) спакой; 2) дакумэнт/ксіва; 3) загруз інфармацыяй. Не ўцякайце ад міліцыянта і не супраціўляйцеся яму. І, натуральна, ня будзьце п’янымі і не перавозьце наркотыкаў. Набывайце загадзя, яшчэ дома, адміністратыўны, крымінальны і крымінальна-працэсуальны кодэксы, пачытайце іх ячшэ дома, каб міліцыянт ня мог на вас узьдзейнічаць, палохаючы няіснымі незаконнымі пакараньнямі.

 

* Вяртаючыся з Магадану, мы з А. Вінакуравым былі затрыманыя вохраўцамі (чыгуначная міліцыя) на станцыі Чара (БАМ) за спробу перагаварыць з машыністам лякаматыва. Мы ахвотна падпарадкаваліся і, расказаўшы гісторыю нашага падарожжа, атрымалі ў падарунак хлеб, сала, цыбулю, гарбату, цукар і іншыя прадукты. Потым нас пераправілі міліцыянтам. Жыцьцё скалалася так, што мы пасябравалі і зь імі, павячэралі, памыліся і пераначавалі на гасьцях у начальніка ЛУУС, пасьля чаго спэцыяльна выкліканы канвой адвёз нас у купэйным вагоне цягніка на 300 км бліжэй да Масквы – да ст. Таксіма, дзе канвой выйшаў, а мы працягнулі свой шлях у тым самым цягніку.

 

Даішнік звычайна так заняты выцягваньнем штрафаў з кіроўцаў, што да нашага пешага жыцьця ставіцца з большым спачуваньнем. Калі машын мала і заняцца яму няма чым – можа паглядзець вашыя дакумэнты (пашпарт). Зрэдчасу спрабуе аштрафаваць за пераход дарогі ў неналежным месцы або за хаджэньне трасай па няправільным баку (а згодна з правілам пешаход мусіць ісьці па левым баку – насустрач руху машын). Наяўных яму не давайце, няхай выпісвае квітанцыю.

Часам можа, па вашай просьбе, заспыніць патрэбную вам машыну, але да ягоных паслугаў зьвяртацца не рэкамэндуецца, бо даішнік і зьвязаныя зь ім людзі ўспрымаюцца кіроўцамі адмоўна. Памятайце: зварот да цёмных сілаў па дапамогу не прыводзіць да перамогі! Часам бывае магчымасьць заначаваць на посьце ДАІ (у глухой мясцовасьці).

 

Бясплатная перадача інфармацыі

Вялікае значэньне ў абмене інфармацыяй мае сувязь. Пад час падарожжа вам, напэўна, спатрэбіцца паведамляць сваім бацькам і сябрам, што засталіся дома, пра сваё перасоўваньне або даведвацца штосьці ад іх.

У папярэдніх выданьнях гэтае кнігі (1995-2002) былі прапанаваныя парады “голас у не туды”, “мэтад так-так-не-так” і іншае. Цяпер, на шчасьце, тэхнічны прагрэс пранік амаль скрозь. Вы можаце адаслаць SMS-паведамленьне са свайго мабільнага тэлефона або з тэлефона спадарожніка, знаёмага ці кіроўца, што вас падвозіць. Вы можаце пазваніць па горадзе з усякай арганізацыі або кватэры, дзе ў жыхароў знойдзецца тэлефон.

Яшчэ карысьнейшае валоданьне Інтэрнэтам. Навучэце сваіх бацькоў карыстацца электроннай поштай. Пад час падарожжа ў любым горадзе сьвету зайдзеце ў абы-якую багатую фірму, у дзяржустанову, бібліятэку або нават інтэрнэт-кавярню і, патлумачыўшы сваю вандроўніцкую сутнасьць, папрасеце дазволу адаслаць e-mail, нават бясплатна, калі вам бракуе грошай. Калі вам адмовяць, зайдзеце ў іншае месца. У Расеі, СНД і цывілізаваным сьвеце Сеціва ёсьць ужо ня толькі ў офісах, але і ў шмат якіх кватэрах. На ўпісцы спытайцеся дазволу даслаць-прачытаць электронную пошту – толькі не сядзеце за маніторам усю ноч, не станавецеся “кампутаровым наркаманам”!

Залішняя прывязанасьць да кампутара таксама не прынясе карысьці.

Стасункі з бацькамі

Для многіх людзей сама рознага веку бацькі становяцца першай перашкодай пры зборах у далёкую дарогу. На жаль, не існуе ўнівэрсальнае тэхналёгіі, якая б дазволіла прывучыць бацькоў да вольных падарожжаў сваіх нашчадкаў. Дам толькі некалькі парадаў у гэтым кірунку.

1. Інфармаванасьць. Не маскавацца! Калі я хаваю свае вандроўкі, кажучы: маўляў, паехаў да сяброўкі на лецішча гатавацца да іспытаў, – а сам вырушаю ў Мурманск, тым самым я падсьвядома прызнаю, што вандроўка – гэта дрэнна (калі гэта трэба хаваць), а лецішча, сяброўка, іспыты – добра. Калі падман раскрыецца, узьнікнуць вялікія праблемы. Лепей папярэдзіць іх і загадзя сказаць: куды, як і наколькі я зьбіраюся. Паведамляйце ім пісьмова або вусна (праз Інтэрнэт, тэлефон, SMS) пра сваё падарожжа. Яны будуць радавацца. Раскажэце ім пра іншых вольных вандроўнікаў, прывядзеце іх дамоў, каб вашы бацькі пераканаліся ў іх існаваньні. Дайце бацькам пачытаць кнігі з аўтаспыну; калі ў вас ёсьць Інтэрнэт – разам паглядзеце сайт АВП (www.avp.travel.ru).

2. Здаровы лад жыцьця! Ваш выгляд па вяртаньні мусіць быць ня горшы, чым пры ад’езьдзе, іначай бацькі падумаюць, што вы псуяце сваё здароўе, займаючыся чымсьці некарысным. Гарэлкі, травы і падобных забаў унікайце. Калі, вяртаючыся дамоў, вы адчуваеце сябе стомленым і маеце характэрны бамжоўскі пах – спынецеся на адлегласьці дня дарогі ад сваёй гістарычнай радзімы, ад’ежцеся, адмыйцеся і зьяўляйцеся да бацькоў у добрым выглядзе; а ў вольныя часіны перачытайце яшчэ раз разьдзел “Жыцьцезабесьпячэньне”.

3. Бясьпека. Шмат якія бацькі думаюць, што вандраваць (“у наш час”) надзвычай небясьпечна. Паводле гэтай гіпотэзы, хаця ў Маскве, Піцеры, вёсцы Дыркіна і любым іншым асобна ўзятым пункце Расеі адносна бясьпечна, чалавек, які наведвае гэтыя пункты пасьлядоўна, падпадае пад вялікую небясьпеку. І хаця ехаць на машыне на невялікую адлегласьць бясьпечна, паездка аўтаспынам у Краснаярск – учынак досыць рызыкоўны (паводле гэтай гіпотэзы). Але асноўных небясьпек лёгка ўнікнуць – калі вы ня схільныя рабіць глупствы, распачынаць бойкі, губляць дакумэнты, спаць уначы ў машыне, якая імчыць з хуткасьцю 140 км/гад і г.д. Памятайце, што ваша бясьпека – прадукт вашых правільных паводзін.

Небясьпекі жывуць толькі ў мазгу самаго чалавека, які баіцца іх. Ужо больш за пятнаццаць гадоў у працэсе маіх вольных падарожжаў сотні й тысячы разнастайных паважаных людзей пужаюць мяне ўсялякімі небясьпекамі, якія бытта падпільноўваць мяне ў Маскве ці на Каўказе, у Аўганістане ці Таджыкістане, у Судане, Этыёпіі, Кеніі, Анголе – і нават у Латвіі ды на Ўкраіне!..

Аднак аніводная з гэтых уяўных небясьпек, разрэклямаваных праз СМІ і паважаных людзей, не матэрыялізавалася ў маімі жыцьці. Майце свой незапалоханы погляд на свьет і ня бойцеся навакольнага сьвету! І думайце галавою!

Ну, і апошняя парада – паступовасьць. “Шокавая тэрапія” (А ты далёка сабраўся? – Ды не, на Хабараўск іду ўвечары!) не заўсёды прыводзціь да станоўчага выніку. Разьвівайце свае вандроўніцкія ўласьцівасьці паступова, і бацькі сасьпеюць разам з вамі.

Па ўсім сьвеце

Вандраваць можна ня толькі па Расеі і СНД, але і па розных краінах і кантынэнтах.

Вольны падарожнік адрозьніваецца і ад спартовага намётнага турыста, і ад гасьцінічанага “бэкпэкера”. Вольны падарожнік праводзіць большую частку часу свайго падарожжа (напрыклад, больш за 15 сутак на месяц) у кампаніі людзей, для каго гэта (стасункі з вамі) не зьяўляецца аплачванаю працай.



  

© helpiks.su При использовании или копировании материалов прямая ссылка на сайт обязательна.